WORLD PRESS PHOTO 2017 У МІНСКУ

З 4 да 24 траўня ў Мінску пройдзе міжнародная выстава World Press Photo 2017, на якой можна будзе пабачыць найлепшыя сусветныя прэс-фатаграфіі 2016 года. Экспазіцыя будзе адкрытая для наведвання з 12:00 да 21:00 у прасторы ЦЭХ, Кастрычніцкая 16.

Пэтэр Баўца. Палац Капакабана. Эдуарда з сямю братамі ды сёстрамі жыве ў кватэры закінутага шматпавярховіку ў квартале Джамбалая ў Кампа-Грандэ, Рыа-дэ-Жанэйра, Бразілія.

Фотаконкурс World Press Photo 2017, вынікі якога паказвае выстава, сабраў 5034 фатографаў са 126 краінаў, якія заявілі на конкурс 80 408 выяваў. У васьмі намінацыях («Пільныя навіны», «Агульныя навіны», «Актуальныя тэмы», «Штодзённасць», «Людзі», «Прырода», «Спорт», «Працяглыя праекты») журы, у склад якога ўвайшлі 20 аўтарытэтных фатографаў, фотарэдактараў і куратараў фотавыставаў з усяго свету, узнагародзіла 45 фатографаў з 25 краінаў: Аўстраліі, Бразіліі, Канады, Чылі, Кітаю, Чэхіі, Фінляндыі, Францыі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Індыі, Ірану, Італіі, Пакістану, Філіпінаў, Румыніі, Расіі, Паўднёвай Афрыкі, Іспаніі, Швецыі, Сірыі, Новай Зеландыі, Турцыі, Вялікай Брытаніі ды ЗША.

Тытул «Сусветнае прэс-фота года» атрымала праца Бурхана Эзбіліджы. Гэты турэцкі фатограф зрабіў для The Associated Press серыю здымкаў забойства расійскага амбасадара Андрэя Карлава ў мастацкай галерэі ў Анкары.

Бурхан Эзбіліджы, The Associated Press. Забойства ў Турцыі. Мэўлют Мэрт Алтынаш крычыць пасля таго, як застрэліў расійскага амбасадара Андрэя Карлава ў мастацкай галерэі ў Анкары.

У красавіку 2017 года фатографаў-пераможцаў запрасілі ў Амстэрдам, дзе ўручылі ўзнагароду «Залатое вока» падчас арганізаванага World Press Photo Foundation Фестывалю візуальнай журналістыкі. Фотаздымкі, якія перамаглі ў конкурсе World Press Photo, як і ў папярэднія гады, утварылі выставу, якая экспануецца ў 45 краінах і збірае штогод больш за 4 мільёны наведнікаў. У 2017 годзе выставу World Press Photo ужо другі раз прымае Беларусь.

 

Культурна-адукацыйны цэнтр ЦЭХ мае гонар прымаць выставу пераможцаў World Press Photo на сваёй пляцоўцы. Гэта вельмі важная падзея для нас. Мы ўпэўненыя, што фатаграфія адыгрывае адну з галоўных роляў у медыйным полі Беларусі, і што яе падтрымка, як і падтрымка незалежнай журналістыкі, — адна з галоўных задачаў у фармаванні грамадзянскай супольнасці. І тэматычная разнастайнасць і прафесіяналізм фотапрацаў, рэпрэзентаваных у межах World Press Photo, несумненна спрыяюць дасягненню пастаўленых мэтаў.

Крыніца: прэс-рэліз ЦЭХ


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology