Выстава Андрэя Лянкевіча «Бывай, Радзіма» у Мінску

14 верасня — 30 верасня 2017
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»

Андрэй Лянкевіч «Бывай, Радзіма»
У межах Месяцу Фатаграфіі ў Мінску

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» пры падтрымцы Амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь прадстаўляюць фотапраект Андрэя Лянкевіча «Бывай, Радзіма»

Фотапраект Андрэя Лянкевіча «Бывай, Радзіма» — пра вайну. Пра асабістыя гісторыі, сямейныя ўспаміны і дзяржаўную культуру, што трымае манаполію на памяць. Пра эмацыйную супярэчлівасць уласнага стаўлення і адназначную непахіснасць афіцыйнай трактоўкі. Пра стрыманыя індывідуальныя спробы справіцца з вопытам вайны і масавыя фармалізаваныя рытуалы ўшанавання герояў. Пра сучасную дзіснэйлэндызацыю памяці на Беларусі — з яе парадамі, «кабінетамі васковых фігур» у Музеі Вялікай Айчыннай вайны, інтэрактыўнымі памінальнымі свечкамі на экранах манітораў і рэканструкцыямі бітваў перад натоўпам разявак на «Лініі Сталіна».

Ці не спустошваюць гэтыя гульні ў вайну сутнасць памяці, ці не робяць магчымым касамозгае захапленне ваеннай атрыбутыкай разнастайных сучасных «клубаў па інтэрэсах»?

«Бывай, Радзіма» — асабісты код памяці савецкага чалавека. Словы надпіса, зробленага ў Брэсцкай крэпасці 20 ліпеня 1941 года «Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма» — невядомыя на захадзе нават сярод гісторыкаў другой сусветнай вайны, яны не сталі lingua franca па-за межамі Беларусі. І наўрад ці беларускія падлеткі трэцяга пакалення, якое нарадзілася пасля вайны, ужо здольныя адразу счытаць гэты код. Фатаграфіі Андрэя Лянкевіча адчыняюць перспектывы сваяму ўласнаму ўяўленню і даюць магчымасць супаставіць мінулае са сваім уласным вопытам. Так, у досведзе рэфлексіі мы не даведаемся даскладна, як было, але ён агаляе спасылку мінулага на сучаснасць і на дзеянні сучаснікаў. Нас з вамі.

Адкрыццё праекта адбудзецца 14 верасня у 7 гадзін вечара, уваход вольны!

Кошт квітка на выставу: 2 р.

Асабістая падзяка за дапамогу ў арганізацыі выставы Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі у Рэспубліцы Беларусь.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology