БАНКЕР — ГЕНІЯЛЬНЫ АЎТСАЙДЭР НАШАЙ ЭПОХІ

6 кастрычніка ў 18-00 у Музеі Заіра Азгура адбудзецца адкрыццё выставы графікі Вовы Банько «Далікатэсы», прэзентацыя кнігі Ярылы Пшанічнага «Атамная лучына» і выступы тых музыкантаў і літаратараў, з якімі найбольш супрацоўнічаў і сябраваў Вова. Імпрэза прысвечана памяці Вовы Банько. pARTisan публікуе артыкул Улада Бубна, які быў надрукаваны ў 31 нумары альманаха «pARTisan».

Бессыстэмныя ўспаміны пра творцу, сябра й чалавека, якога з намі ўжо няма…

Згадкі пра Вову Банько ў мяне пачынаюцца зь ягонага цудоўнага вобразу: добры, глыбокія блакітныя вочы й крыху саркастычная ўсьмешка. Вось ён ужо ўсьміхаецца й зараз нешта прамовіць ціхім, спакойным голасам… Ён мог нават крычаць неяк нягучна, але настолькі значна, што ўсе зьвярталі на гэта ўвагу.

Вова Банько. Акцыя Гётэ Інстытута ў Мінску «(+/-)», 2006 альбо 2008 год. Аўтар фота Віктар Жук.

Калі ж я зь ім пазнаёміўся? Гэта было настолькі даўно, што я не магу ўзгадаць канкрэтны момант, калі я падаў яму руку й нехта прадставіў: «Гэта Вова Банкер, паэт і музыкант». У памяці ўсплывае вобраз зь дзевяностых. П’яная, наскрозь прасякнутая начной сырасьцю й тытунёвым дымам атмасфэра клюбу «Рэзэрвацыя». Мы з «Fat not Dead» ужо выступілі. Цяпер на сцэне дзіўны калектыў пад назвай «Flowerville». Процьма людзей спрабуе стварыць шум і пэрформанс, падобныя да творчасьці «Самаразбуральных новабудоўляў». На сцэне й у галаве ўсё зьмяшалася: гітарысты; апрануты ў парваную, выпацканую фарбай прасьціну Ільля Сін, які скуголіць высокім голасам, амаль як у немаўляці; Мітрыч, што трымае ў руках жалезную скрыню з-пад малочных бутэлек з далучанымі да яе правадамі:

— Бачыш, Улад, вырашыў мадэрнізаваць інструмэнт — будзе лепш чуваць. Цяпер у нас на электрадрылі Валодзя грае, — і паказвае на апранутага ў доўгі шэры швэдар Валодзю Банкера, які сярод гэтай пярэстай кампаніі выглядае як студэнт-выдатнік.

— Мы ў склепе рэпэтуем. Там у нас рэпэтыцыйная база, — з гонарам прамаўляе Сін.

— Ты б, Ільля, за выпіўкай зьбегаў, — прапаную я й без таго добра падпітаму сябру.

— Зараз пойдзем, — згаджаецца ён і, не здымаючы свайго сцэнічнага касьцюму, накіроўваецца ў кругласутачнае аддзяленьне ўнівэрсаму «Рыга».

Седзячы на прыступках у грымёрцы, мы з Вовам размаўляем пра выступ, пра музыку, пра яго гурт «Барадаты Грынвіч» (дарэчы, частка ягоных удзельнікаў сваволіць у хаатычным і блюзьнерскім «Flowerville»).

— Нешта Сіна доўга няма. Відаць, яго ахова з бухлом не прапусьціла.

— Вось дык моладзь: элемэнтарнага ня могуць — алькаголь у клюб пранесьці, — бянтэжыцца панк-музыкант па мянушцы Злыдзень.

Мы ідзём уніз. Нашыя меркаваньні аказваюцца слушнымі: разгублены, напаўсонны Сін сядзіць ля ўваходу ў клюб, загорнуты ў сваю белую з бруднымі плямамі апранаху, нібы выгнаны з супольнасьці ценяў прывід.

Расьпіваем на лавачках у сквэрыку каля клюбу. Тут жа зьяўляецца дзіўны, апрануты ў афіцыйны касьцюм чалавек, паголены налыса: Вася Шугалей прыехаў з Масквы й вырашыў наведаць альтэрнатыўную пляцоўку. Значыцца, алькагольная ноч працягнецца.

Сталым месцам працы Валодзі працяглы час была аптовая крама аўдыё- й відэазапісаў, разьмешчаная ў бомбасховішчы за некалькі крокаў ад плошчы Перамогі. Гэтае андэрграўнднае ў поўным сэнсе памяшканьне лічылася запаветным кутком, бадай што, усіх вядомых мэляманаў гораду. Крама ня проста прадавала тысячы асобнікаў расейскага шансону ды заходняй папсы — Валодзя заўсёды выбіраў у асартымэнт што-небудзь асаблівае й цікавае, што прыцягвала сапраўдных знаўцаў музыкі. Многія карысталіся дабрынёй Вовы й маглі атрымаць нейкія дыскі для перазапісу на халяву. У нас стасункі былі прыяцельскія, але я не злоўжываў гэтым дзеля бясплатнага атрыманьня запісаў.

Вова Банько. Акцыя Гётэ Інстытута ў Мінску «(+/-)», 2006 альбо 2008 год. Аўтар фота Віктар Жук.

Неяк я сустрэў Вову ў кампаніі старога таварыша — паэта й культурнага правакатара Зьмітра Вішнёва, які па сумяшчальніцтве займаўся арганізацыяй розных мерапрыемстваў, што часта заканчваліся скандальна.

— Глядзі, — сказаў Вова, — выйшаў першы нумар часопісу «Nihil». Нашыя творы там таксама ёсьць.

Выданьне мела шыкоўны, прэзэнтабэльны выгляд і сваім чорным глянцам адрозьнівалася ад тыповай do-it-yourself прадукцыі таго часу. Часопіс зьмяшчаў фатаграфіі, малюнкі, а таксама літаратурныя творы адразу некалькіх маіх таварышаў. Асабліва кідаліся ў вочы расейскамоўныя вершы Валодзі Банкера. Яны рабілі ўражаньне чагосьці сярэдняга паміж мастацкай творчасьцю й паэзіяй.

Прыгадваюцца таксама й пэрформансы. Маладосьць, здароўе й творчая апантанасьць зрабілі іх яскравымі й запамінальнымі. Тут Валодзя быў заўсёды на перадавой. Ці тое быў перанос труны зь целам Вішнёва, ці то разгрызаньне зь ім жа сырой рыбы — нішто з гэтага не пакідала абыякавымі публіку й адміністрацыю ўстановы, у якой адбывалася дзея. Прадстаўнікі праваабарончых органаў, якія прыяжджалі на месца дзеяньня, часта не маглі зразумець, навошта прыстойным студэнтам, моладзі з добрых сем’яў займацца такога кшталту бязглузьдзіцай. Таму яны часта зьяжджалі, так канчаткова й не ўсьвядоміўшы прычыну іх выкліку.

Што да пэрформансу, то тут Вішнёўская брыгада афрыканскіх братоў супернічала ў экстравагантнасьці й зь Сінаўскім тэатрам псыхічнай неўраўнаважанасьці. У пэрформансах Валодзя ўдзельнічаў аддана, часта нават зь небясьпекай для ўласнага здароўя. Прыгадваецца, як у вялікім, без ацяпленьня памяшканьні клюбу па халоднай падлозе, аблітай кетчупам, поўзаюць пэрформэры. Банкер быў заўсёды гатовы прыйсьці на дапамогу. Прычым гэта не было фармальным «Чым магу дапамагчы?». Гэта заўсёды было ад душы, па-сапраўднаму, на поўную моц.

Гэтак жа аддана да яго ставіліся й некаторыя сябры. Чаго вартыя, напрыклад, амаль гераічныя высілкі Зьмітра Пляна, накіраваныя на выданьне першай аўтарскай кнігі Валодзі «Пішчавыя лішкі». На жаль, шлях да публікацыі гэтай кнігі быў доўгім і нялёгкім. Аднак, прайшоўшы праз усе рагаткі цэнзуры й фінансавыя падводныя камяні, кніга ўсё ж такі пабачыла сьвет і нават пры даволі сьціплай прамоцыі выклікала жывую цікавасьць публікі.

У Валодзі заўсёды адчуваліся нейкі ўнутраны надрыў, глыбокае перажываньне. Магчыма, гэта было зьвязана з раньняй трагічнай сьмерцю маці.

Прыгадваецца мне й несумненна шчасьлівы Валодзя, якога я сустрэў, шпацыруючы па праспэкце, зь ягонай будучай жонкай Агніяй. Яны ішлі, узяўшыся за рукі, ейныя цудоўныя валасы разьвіваліся, а Валодзя выглядаў упэўненым і радасным.

Вова Банько. Акцыя Гётэ Інстытута ў Мінску «(+/-)», 2006 альбо 2008 год. Аўтар фота Віктар Жук.

Банкер запісваў музыку, мне здаецца, заўсёды. Ён удзельнічаў у мностве разнастайных праектаў, сярод якіх асабліва можна вылучыць даволі няблага для дзевяностых запісаны «Барадаты Грынвіч». Таксама Валодзя з пачатку дзевяностых запісваў і экспэрымэнтальную шумавую музыку. Зьвярнуць сур’ёзную ўвагу на гэтую частку ягонай гукавой творчасьці мяне прымусіў выпадак. Адзін раз на чарговым электра-індастрыял-готык-фэстывалі мы прызначылі яго граць у чылаўце. Падчас мерапрыемства, вырваўшыся з душнай, ап’яняльнай хвалі вечарынкі, я зайшоў у памяшканьне невялікага бару, дзе мы разьмесьцілі чылаўт. Прысеўшы ў кутку й прыслухаўшыся да выступу Валодзі, я ўлавіў неверагодна глыбокі, філігранна зроблены трэк. Пасьля я падыйшоў да Валодзі й сказаў некалькі добрых словаў пра ягоную музыку. Я стаў вельмі сур’ёзна ставіцца да ягонай сольнай творчасьці, кожны раз знаходзячы ў ёй нешта новае й цікавае для сябе.

Валодзя заўсёды быў адкрыты для розных калябарацыяў. Перад самай сьмерцю ён актыўна супрацоўнічаў з «Князем Мышкіным». Іхныя спакойныя й глыбокія імправізацыі, напоўненыя драбнюткімі дэталямі, заўсёды слухаліся сьвежа й цікава. Таксама Валодзя ўдала выступаў у складзе электроннага калектыву «Generation Skweee».

Банкер заўсёды з задавальненьнем падтрымліваў новыя літаратурныя пачынаньні, выступаючы ня толькі як літаратар, але й як цудоўны мастак. Ягоная неверагодна тонкая, складаная графіка, поўная нечаканых дэталяў, яшчэ запатрабуе асобнай ацэнкі мастацтвазнаўцаў. Банкер быў пастаянным аўтарам культавай газэты «Навінкі», інтэрнэт-выданьняў «Мірны атам», «Skweee.By», «Радыё Рыба» й іншых, падтрымліваў унікальны беларускі лэйбл «Haze» і выдаваўся на ім. Валодзя быў гатовы паўсюль прыкласьці свае ідэі й талент, і гэта часта несумленна выкарыстоўвалі некаторыя функцыянэры незалежных партыяў і СМІ.

Безумоўна, асаблівым дасягненьнем Валодзі быў вобраз Ярылы Пшанічнага, па-сапраўднаму народнага героя — вобраз, які фактычна стаўся часткай асобы самога аўтара. Цудоўныя, напоўненыя яскравым гумарам вершы, што, як здавалася, ужо сталіся часткай беларускага фальклёру, лёгка запаміналі ўсе, хто хаця б раз іх пачуў. Унікальнасьць Ярылы палягала ў тонкім балянсаваньні паміж дзьвюма крайнасьцямі — бяздарнасьцю й шэрасьцю ўлады ды пыхлівай дурасьцю апазыцыі. Становішча Ярылы Пшанічнага, здавалася, было адзінай альтэрнатывай існаваньню ў грамадзтве, няздольным да самаіроніі й сур’ёзных зьменаў.

На вялікі жаль, творчасьць Валодзі (як і ён сам) не атрымала пры ягоным жыцьці нават дзясятай часткі грамадзкага прызнаньня й увагі, якіх яна заслугоўвае. Але, як кажуць, ніколі не бывае позна. Самае галоўнае — зусім на гэта не забыцца.

Уладзіслаў Бубен — заснавальнік шэрагу музычных плыняў, стваральнік ТБ-шоў для Беларускага MTV і некалькіх радыёпраектаў, прысьвечаных электроннай музыцы. Творы Бубна выдаваліся на 58 лэйблах па ўсім сьвеце, жывыя выступы адбыліся ў Нямеччыне, Галяндыі, Швэцыі, Бэльгіі, Польшчы, Расеі, Вугоршчыне, Аўстрыі й іншых краінах. Вядомы таксама як альтэрнатыўны івэнт-прадусар, Улад працуе ў шырокім дыяпазоне жанраў — ад дыска й тэхна да брэйк-кору й індастрыялу.

Фільм пра творчасьць Валодзі Банкера «Касьмічны Пшанічны», створаны Ўладзіславам Бубнам, можна пабачыць тут: https://www.youtube.com/watch?v=QNpjhrxnJqE

Фатаграфіі з архіва Улада Бубна.

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology