Стартуе цыкл семінараў у Вільні «Мастацтва і куратарства ў дыгітальным свеце»

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт распачынае цыкл семінараў у Вільні «Мастацтва і куратарства ў дыгітальным свеце». Першая сустрэча адбудзецца 18 кастрычніка з мастаком Максімам Тымінько, яго выступ носіць назву «Аб чатырохмерным мастацтве і вірусах».

Імклівае развіццё тэхналогіі паскорыла працэсы, якія на працягу доўгага часу спелі ўнутры візуальнага мастацтва. Мастакі, чыя сфера дзейнасці традыцыйна не выходзіла за рамкі трохмернай прасторы, атрымалі яшчэ адно вымярэнне — час. Выяўленчае мастацтва раптам ператварылася ў тое, што фізікі называюць прасторава-часавым кантынуумам, у якім прастора і час раўнапраўныя і непарыўныя. Твор мастацтва з трохмернага аб’екта ператварыўся ў чатырохмерную падзею, а на змену непахіснасці артэфакта прыйшоў эфемерны і зменлівы вопыт. Добра адладжаныя механізмы вытворчасці, распаўсюджвання, захоўвання традыцыйнага арт-аб’екта больш не працуюць у новых умовах, якія радыкальна змяніліся.

На сустрэчы размова пойдзе аб новых мадэлях ўзаемадзеяння паміж удзельнікамі мастацкага працэсу (мастакамі, куратарамі, арт-дылерамі, калекцыянерамі, гледачамі), пра сваяцтва новага чатырохмернага мастацтва з музыкай, і пра стратэгіі выжывання вірусаў.

У цэнтры ўвагі цыкла семінараў «Мастацтва і куратарства ў дыгітальным свеце» трапляе шырокае кола пытанняў аб сучасным мастацтве і куратарстве. Як змяняецца прырода мастацтва ў сучасных тэхнасацыяльных умовах? Якія формы набываюць яго экспанаванне і рэпрэзентацыя на лічбавых пляцоўках? Як змяняюцца метады выкладання гісторыі і тэорыі мастацтва? Якія адносіны ўзнікаюць паміж мастаком, куратарам і праграмістам ва ўмовах лічбавага пашырэння мастацтва? Як змяняецца рэцэпцыя мастацтва па меры яго дыгіталізацыі і якія кампетэнцыі ад мастака і гледача патрабуюцца на гэтым этапе?

Мы маем намер звярнуцца да даследавання і абмеркавання такіх з’яў як мастацтва дадзеных; праблематызацыі алгарытму ў якасці арт-аб’екта; зрошчванні мастацтва і сучасных тэхналогій; фармаванню кіберінфраструктуры сучаснага мастацтва, праблемах размеркаванага аўтарства і калабарацыі. У якасці дакладчыкаў, арганізатараў майстар-класаў выступяць мастакі і куратары, якія скончылі ЕГУ або ўносяць значны ўзнёсак у фарміраванне артыстычнага ландшафту нашага рэгіёну.

Першы семінар адбудзецца 18 кастрычніка ў 18-00.
Месца правядзення — навучальны корпус ЕГУ, Вільня, Валакупю, 5, 301 аўдыторыя.
Дакладчык — Максім Тымінько.
Тэма выступу: «Аб четырехмерном мастацтве і вірусах»

Максім Тымінько (1972, Чарнігаў, Украіна), мастак, які ад ранніх эксперыментаў з жывапісам і фільмам перайшоў да працы з відэа, відэа-інсталяцыяй і перформансам. У сваёй мастацкай практыцы Максім інтэнсіўна выкарыстоўвае праграмаванне, у апошнія гады займаецца генератыўным і вэб-артам. Асноўныя праекты мастака: «Bolek & Lolek Cosmos Constructor Manifesto» (2006) і оперы-лекцыі «Праектар» (2016). Яго оперны праект Beguiling Orpheus (2006 г., разам з Глебам Шутавым і Маяй Ільіч) атрымаў прэмію «Nam June Paik Promotion Award» Фонду мастацтваў NRW, Германія. Ён таксама курыраваў шэраг выстаў, сярод якіх: «-o-l-o-g-y» (2012, Галерэя Amstel 41 у Амстэрдаме) і мультымедыйны рэтраспектыўны праект «Збор. Рух беларускага мастацтва» (2016, Фонд Ізаляцыя, Кіеў, Украіна). Максім Тымінько таксама з’яўляецца сузаснавальнікам арт-груп Revision / YourFavorites (2005) і Bolek & Lolek (1997).

Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы: Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Swedish development assistance, the European Union.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology