Персанальная выстава Міхаіла Гуліна

«І я так магу!» 

2 лістапада — 26 лістапада 2017
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»

19:00 02.12 / Адкрыццё выставы (уваход вольны)

«І я так магу!» — найбольш распаўсюджаная фраза-каментар на выставе мастацтва. На сваёй аднайменнай выставе я не стаўлю за мэту перакананне гледача ў адваротным.
Механіка і тэхналогія стварэння маіх твораў надзвычай простая. Менавіта прастата і даступнасць сталі маім матэрыялам. А адной з асноўных задач — пераўтварэнне простых жэстаў у мастацтва.

Перформанс і акцыянізм для мяне — гэта ўзурпацыя і прысваенне права на публічнае выказванне, не абмежаванае ані часавымі рамкамі, ані пажаданнямі гледача альбозаканадаўчымі артыкуламі і інстытуцыянальнымі правіламі. Акрамя таго, для мяне гэтамагчымасць кіравацца ўласнай мастацкай ідэалогіяй і тактыкай.

Дадзеная выстава ўяўляе сабой своеасаблівую рэтраспектыву зробленага цягам 12 год. У такім маштабе мае працы будуць паказаны ўпершыню. Сярод іх глядач пабачыць шмат кантэкстных праектаў, якія рабіліся толькі аднойчы і больш не паўтараліся. Акрамя кантэксту істотны катэгорыі часу ды месца. Калі працуеш на вуліцы, вельмі востра адчуваеш наймалыя палітычныя і сацыяльныя змены ў грамадстве. Час рэалізацыіістотны і для самога мастака. Напрыклад, калі ў 2008 годзе я праводзіў акцыю «Я — не гей», тэма правоў ЛГБТ-супольнасці не існавала ў выставачнай прасторы Мінска. А самое відэа з гэтай акцыі было ўпершыню паказана ў Беларусі ў 2014 годзе, то бок праз 6 год. У сучасных рэаліях гэта велізарны тэрмін: у акцыянісцкай практыцы менавіта актуальнасць і галоснасць з’яўляюцца яе найважнейшымі кампанентамі.

Доступ да інфармацыі і асвятленне мастацкай дзейнасці дасюль застаецца праблемай у нашай краіне, роўна як і прававая падтрымка актывістаў і акцыяністаў. Бадай што галоўнай асаблівасцю публічнай прасторы Беларусі з’яўляецца яе надзвычайная палітызыванасць. У сукупнасці з цэнзурай, якая пануе на большасці выставачных пляцовак, гэта пазбаўляе шматлікіх аўтараў і мяне, у прыватнасці, магчымасці паўнавартаснай прэзентацыі.

Кошт квітка на выставу: 2 р.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology