Памёр Мірка Зэневальд, актывіст і сябра беларускай незалежнай культуры

Трагічная навіна з Дрэздэна: 12 лістапада на сорак трэцім годзе жыцця памёр сябра «pARTisan» і гарачы прыхільнік незалежнай беларускай культуры Мірка Зэневальд.

Photo: Tina Wuenschmann

Складана ўявіць сабе без яго непаўторнай усмешкі дрэздэнскі Нойштадт, для якога Мірка шмат зрабіў як грамадскі актывіст. Складана ўявіць сабе, што ні на канцэртах беларускіх музыкаў, ні на чытаннях беларускіх аўтараў ужо ніколі не з’явіцца знаёмая постаць у чорнай адзежы з даўгімі валасамі, нязменна перацягнутымі павязкай.

На працягу шматлікіх гадоў Мірка быў сэрцам і асноўным рухавіком дрэздэнскага аб’яднання «КультурАктыў» і арганізаваў, апроч іншага, незлічоную колькасць беларуска-нямецкіх праектаў, у якіх узялі ўдзел сотні прадстаўнікоў незалежнай беларускай культуры.

Адзін з яго самых запамінальных праектаў ‒ «Цягнік Свабоды», які ў 2009 годзе з нагоды 20-й гадавіны падзення Берлінскага мура праехаў па гістарычным маршруце 1989 года, калі тысячы ўцекачоў з ГДР, якія ўкрываліся ў нямецкай амбасадзе ў Празе, атрымалі магчымасць спецыяльным цягніком адправіцца ў баварскі горад Хофф. У 2009 пасажырамі адмысловага цягніка сталі музыкі, паэты, артысты, мастакі з розных краін Еўропы. Той цягнік поўніўся дыялогамі і адкрыццямі ‒ стыхіяй Мірка.

Пасіянарый і аптыміст, ён гатовы быў словам і справай падтрымаць любую ідэю, накіраваную на дыялог і адкрыццё новага. Невядомае, нечаканае, невідавочнае прыцягвала яго ўвагу. Як праўдзівы партызан, ён сам дзейнічаў на непратораных сцежках і падстаўляў плячо іншым. Пры гэтым шмат гадоў Мірка супрацьстаяў і ўласнаму целу, якое пагражала здрадзіць. Затое яму, здаецца, ніколі не здраджвалі яго адметнае пачуццё гумару і цікаўнасць.

Дарагі Мірка, ты вучыў нас верыць у моц разнастайнасці, у энергію чалавечых стасункаў, у тое, што нашы культурныя прасторы звязаныя між сабою куды шчыльней, чым можа падацца на першы погляд. Мы будзем памятаць пра цябе!

Пахаванне адбудзецца 20 лістапада а 13 гадзіне на могілках Маркусфрыдхоф.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology