Штогадоваму шоу «Калядны фэст» спаўняецца 10 гадоў!

У юбілейным канцэрце возьмуць удзел гурты «Стары Ольса», Gods Tower, «Палац», «Адарвірог», «Яварына», Pawa і Trollwald.

«Калядны фэст» святкуе сёлета сваё дзесяцігоддзе! За час свайго існавання мерапрыемства стала чаканай падзеяй для ўсіх аматараў беларускай фальклорнай музыкі, якая, у сваю чаргу, была і застаецца візітнай карткай нашай музычнай культуры.

«Калядны фэст» — мерапрыемства з асаблівай святочнай атмасферай, якое злучае гісторыю і сучаснасць. Гэта вяртанне традыцый аднаго з самых светлых традыцыйных беларускіх святаў.

Першы «Калядны Фэст» адбыўся ў 2007 годзе ў клубе «Стэп». Адметна, што і сваё 10-годдзе ён адсвяткуе на тым самым месцы, але ўжо ў клубе Re:public (вул. Прытыцкага, 62,).

«Наш фэст з’яўляецца спробай беларускіх музыкаў паказаць сувязь сучаснасці з мінулым, — распавялі арганізатары мерапрыемства. — Канцэптуальна юбілейны фестываль не будзе асабліва адрознівацца ад папярэдніх — як заўсёды, мы збіраем найбольш цікавыя гурты сярэднявечнай і фолк-музыкі. Але ўпершыню за 10 гадоў выступіць адзін з лепшых фолк-метал-гуртоў GODS TOWER. Нас даўно прасілі іх запрасіць, і вось, наша агульная мара здзейсніцца. Прыемна радаваць і цікавымі адкрыццямі — такімі, як малады гурт „Адарвірог“. Таксама сыграе „Яварына“ — удзельнік першага „Каляднага фэсту“. І, натуральна, да нас далучацца нашы сябры і пастаянныя ўдзельнікі, а як жа без іх — „ПАЛАЦ“ „СТАРЫ ОЛЬСА“, PAWA, TROLLWALD. Вядучым фэсту будзе вядомы музыка і дудар Зміцер Сасноўскі. І, вядома, будуць танцы, конкурсы, святочныя падарункі і шмат іншых цікавостак!»

Юбілейны «Калядны фэст» пройдзе 25 снежня ў клубе Re:Public.
Пачатак — 17:30,
Кошт квіткоў — 15-25 руб. (танцпол), 30 руб (месца за столікам).
Удзельнікі: «Стары Ольса», Gods Tower, «Палац», «Адарвірог», «Яварына», Pawa, Trollwald.
Інфалінія: 29 8517706, 44 5517706.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology