Пабачыў свет пяцітомны збор выбраных твораў Уладзіміра Арлова

Напярэдадні Калядаў пабачыў свет пяцітомны збор выбраных твораў аднаго з найулюбёных пісьменнікаў сучаснай Беларусі — Уладзіміра Арлова.

Тут усё, што даспадобы сённяшняму беларускаму чытачу. Кніга выбранай эсэістыкі пачынаецца з легендарнага эсэ «Незалежнасць — гэта…», перакладзенага на 20 моваў свету. Томік арлоўскай паэзіі — гэта выбраныя творы з пяці паэтычных кніг, уключаючы «Паром праз Ла-манш» за якую аўтар атрымаў міжнародную прэмію «Еўрапейскі паэт свабоды». Чытачу прапануецца і фірмовая гістарычная проза Арлова — аповесці «Сны імператара» і «Час чумы», апавяданні «Тры мужы спадарыні Дамінікі», «Рандэву на манёўрах», «Каханак яе вялікасці»… У збор твораў увайшлі містычная гісторыя кахання «Краявід з ментолавым пахам», антытаталітарны «Ордэн Белай мышы», антыкаланіяльная «Сібірская аповесць». Не забытая ў пяцікніжжы і проза апошніх гадоў — найноўшыя аповесці «Танцы над горадам» і «Дом з дамавікамі». Збор твораў Уладзіміра Арлова выйшаў у выдавецтве «Логвінаў».

«Гэта самы цудоўны падарунак, які я калі-небудзь атрымліваў на Каляды, — кажа Уладзімір Арлоў, — Буду сустракаць святы ў атачэнні маіх кніг і маіх герояў. Могуць абраць гэтую кампанію і чытачы. Абяцаю, што будзе і цікава, і смешна, і страшна. Але толькі не сумна».

Падпісаць новыя кнігі можна будзе на каляднай аўтограф-сесіі Уладзіміра Арлова ў сераду 20 снежня ў «Акадэмкнізе» (пр.Незалежнасці, 72) з 18 да 20 гадзін.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology