«БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫЯ. СУЧАСНАЕ БЕЛАРУСКАЕ МАСТАЦТВА» Ў ТОРУНІ

У прыгожым будынку торуньскага Цэнтра сучаснага мастацтва «Знакі часу» нядаўна завяршылася вялікая выстава беларускіх творцаў, з пункту гледжання экспазіцыі — яркая, відовішчная. Прэзентацыя для польскага гледача атрымалася, у мяне — засталіся пытанні.

Андрэй Дурэйка. Weissrussland. Насценны роспіс 198×29 cм, чорная пігментная фарба.«Усe па месцах». Насценны роспіс 220×220 cм, чорная глянцавая лакавая фарба. «Union Color». Насценны роспіс 270×270 cм, чорная акрылавая фарба.

Увесь верхні ўзровень выставачнай прасторы Цэнтра — некалькі вялікіх залаў. Здаецца, з 2010-га, калі літоўскі куратар задаў нам пытанне: «Дзверы адчыняюцца?», зладзіўшы падобны паказ у Вільні, адбыліся даволі адчувальныя змены, і вонкавы погляд на нас крыху змяніўся. Па-першае, мы шмат што зрабілі для самапрэзентацыі па-за межамі краіны — з супрацьлеглых бакоў. На афіцыйным узроўні — нацыянальным удзелам у біенале, галоўным чынам — Венецыянскім. На неафіцыйным — на платформе «KALEKTAR» вядзецца дакументацыя сучаснага беларускага мастацтва, у выніку год таму адбылася выстава «Збор. Cтварэнне архіва» ў беластоцкай галерэі «Арсенал», на якой была паказана дакументацыя найбольш важных мастацкіх выказванняў сучаснага беларускага мастацтва 1991–2015 гадоў. Калі Кястуціса Куйзінаса (да яго мы яшчэ вернемся) у 2010-м запыталіся, якім чынам ён падбіраў мастакоў для сваёй экспазіцыі, ён шчыра прызнаўся, што на выставах з найноўшым беларускім артам пазнаёміцца немагчыма, таму ён фіксаваў імёны па прынцыпу ланцуговай рэакцыі: у кожнай майстэрні распавядалі пра калегаў. Сёння такі спосаб ужо падаецца нам крыху дзікаватым.

Па-другое, такі прыгожы і заманлівы канцэпт «the last dictationship of Europe» — у выніку нечаканых зрухаў у геапалітычнай канфігурацыі вакол краіны зведаў пэўныя змены. Сёння мы, можа, і dictationship, але ўжо дакладна не the last, і зараз невядома як «запакаваць» увесь гэты матэрыял. Аднак заўсёды выручыць матыў «Terra incognita», і, здаецца, наступны адмысловец, які вырашыў папрацаваць з беларускім артам, яго выкарыстаў напоўніцу. Аўтар вялікай рэпрэзентатыўнай выставы ў Торуні «Бел-чырвона-белыя. Сучаснае беларускае мастацтва» дзейнічаў няспешна: ад яго каталога беларускіх аўтараў ў 2012-м да падрыхтоўкі выставы ў Торуні прайшоў даволі значны тэрмін. Назва экспазіцыі нібы ўказвае на тое, што ўдзельнікі яе — мастакі, напрыклад, суполкі «Пагоня», хто ж яшчэ будзе акцэнтаваць увагу на колерах нацыянальнага сцяга? Дык вось і не.

Паказ найноўшага беларускага мастацтва быў здзейснены вольным жэстам польскага куратара Кшыштафа Станіслаўскага, для якога гэты прыметнік множнага ліку зусім не пазначае палітычны кантэнт твораў, а ўсяго толькі — крытэрый адбору: аўтары, якія трапілі спачатку на старонкі яго кнігі «Сучаснае беларускае мастацтва — наноў», пасля ў залы торуньскага Цэнтра сучаснага мастацтва, — незалежныя. Некаторыя — ад афіцыйных беларускіх інстытуцый фактам свайго пражывання на тэрыторыі іншых краін, некаторыя тым, што не дапасоўваюць свае мастакоўскія выказванні да пануючага палітычнага мэйнстрыму, а некаторыя — проста рэдка выстаўляюцца па розных прычынах.

Перформанс Аляксея Лунёва, сумесна з Жаннай Гладко. Відэа. 

Ідэя такой выставы ўзнікла даволі даўно, але рэалізаваць яе атрымалася толькі цяпер. «У 2012 годзе, — тлумачыць куратар, — я атрымаў грант Міністэрства замежных справаў і паехаў у Беларусь, каб зрабіць кніжку пад назвай „Сучаснае беларускае мастацтва — наноў“. Гэта альбом у 250 старонак з вялікай колькасцю ілюстрацый. Ён стаў першай польскамоўнай публікацыяй на гэтую тэму. У кніжцы было таксама тлумачэнне на ангельскую мову. Расцэнваю выданне як першую частку праекта. Праз год я планаваў арганізаваць выставу, для якой кніжка была б каталогам. На жаль, МЗС спыніла польска-беларускую праграму. У выніку я пачаў шукаць іншага партнёра. На гэта спатрэбілася некалькі гадоў. І вось з дапамогай Цэнтра сучаснага мастацтва „Знакі часу“ ідэю ўдалося рэалізаваць. Дырэктар Вацлаў Кучма прыняў маю прапанову і, галоўнае, прафінансаваў праект».

Сем год таму у Вільні адбылася вялікая прэзентацыя беларускага найноўшага арту, падрыхтаванага для літоўскай публікі: у віленскім Цэнтры сучаснага мастацтва адчынілася выстава «Дзверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёння». Падобны фармат, такія ж мэты, і беларускія ўдзельнікі запрошаны з усяго свету. Сімптаматычна, што ў сваім каталогу Кшыштаф вельмі востра крытыкуе экспазіцыю літоўскага куратара: «Прэзентацыя Кястуціса Куйзінаса была падрыхтавана паводле сцэнара, у значнай ступені палітычнага: у зняволеным краі важным з’яўляецца толькі мастацтва, што выступае супраць рэжыму, палітычна адназаначнае, ці мастацтва змушаных выгнанцаў, таксама адназначнае. Мы пабачылі куратарскую „агітку“, маніфестуючую супраць палітычнай сітуацыі, але не надта адпаведную для прэзентацыі мастацтва. Паводле майго меркавання, Куйзінас зрабіў нудную прэзентацыю для сябе, не для мастакоў, якім патрэбна прамоцыя, бо яны жывуць у зняволенай краіне. Патрэбна не толькі таму, што займаюцца палітычным мастацтвам, але таму, што яны выдатныя».

Фактычна, выданнем кнігі Кшыштаф Станіслаўскі спрабаваў абвергнуць пануючы на той час стан рэчаў, калі інфармацыя пра Беларусь з’яўлялася ў замежных краінах толькі ў кантэксце палітычнай сітуацыі. У анатацыі да торуньскай выставы аўтар вяртаецца да гэтай думкі. Аднак: што яднала экспазіцыю Кшыштафа Станіслаўскага, калі не палітычны кантэкст? Агульнай тэмы па-за палітыкай не знайшлося. Крытэрый яго адбору — якасць і разнастайнасць прац, мэта — стварэнне панарамы; творы сабраны паводле знешніх прыкмет — візуальнай выразнасці і зразумеласці мастацкай мовы для замежнай публікі. Урэшце, выстава ладзілася ў тым ліку і для ілюстрацыі параграфаў яго кнігі. Атрымалася прыгожая групавая экспазіцыя з удзелам моцных і самадастатковых аўтараў. Строгія, вывераныя, рэпрэзентатыўныя выказванні для прасунутай публікі. (Цікавы атрымаўся кантраст з экспазіцыяй Дэвіда Лінча паверхам ніжэй: знакаміты рэжысёр, у якога ў анамнезе аказалася мастацкая адукацыя, адрываецца па поўнай, напрыклад, прыклейвае (неахайна!) галінкі дрэваў да алейнага палатна, уяўляеце?!)

Сяргей Шабохін. Практыкі падначалення. 2010–2014.

У сваёй кнізе Кшыштаф Станіслаўскі падкрэслівае яшчэ адну праблему: «Магчыма, нейтральная мастацкая прамоцыя патрэбна і беларусам з Беларусі, як таксама беларусам з Германіі, Польшчы, Бельгіі і Галандыі. Бо мастацтва Беларусі ёсць адзіным. Ведаю, што шмат чаго трэба змяніць, каб у беларускім павільёне ў Венецыі паказалі працы творцаў, што працуюць па-за межамі краіны, але магу іх прынамсі размясціць у супольным альбоме». Яшчэ адна састарэлая інфармацыя: у беларускім павільёне на апошнім біенале зладзіў праект мастак, які жыве за межамі краіны — Раман Заслонаў, не абдзелены ўвагай і нашых вялікіх інстытуцый. Яго працы экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі, аднак — не ўпісаліся ў спіс Станіслаўскага, на што прычынай розныя культурныя арыентацыі беларускага музея і польскага куратара.

Чытаючы радкі Кшыштафа Станіслаўскага, я згадала, як рабіла інтэрв’ю з кіраўніком Нацыянальнай мастацкай галерэі Літвы Лалітай Ябласкене пра літоўскае найноўшае мастацтва. Па выніках спатрэбіліся ілюстрацыі, і я звязалася з дзясяткам вядучых аўтараў па е-мэйлу. Па-першае, мовай нашых камунікацый была англійская, пра што мяне адразу папярэдзілі, па-другое, ніводны з іх, па словах Ябласкене, не пражываў на той час у краіне. Зразумела, іх сітуацыя зусім іншая, але ў нашай размове выраз «межаў няма» прагучаў з яе боку некалькі разоў з такім асаблівым націскам, што тут любы зразумее: «Вось жа самае галоўнае!»

Віктар Пятроў. Перформанс на фоне жывапіснай работы «Апакаліпсіс». Алей. 1997

На выставе ў Торуньскім цэнтры было відавочна, чаму для вялікіх прэзентацый патрэбны творцы, якія рэалізуюцца ў Германіі, Польшчы, Бельгіі і Галандыі. Іншыя грошы — іншыя магчымасці. Нашы мастакі ў дасканаласці засвоілі майстэрства пераадолення супраціўлення матэрыялу. Замежныя проста шукаюць грант.

Алеся Белявец

Подпісы пад ілюстрацыямі:
Віктар Пятроў. Перформанс на фоне жывапіснай работы «Апакаліпсіс». Алей. 1997.

Кшыштаф Станіслаўскі ў кнізе «Сучаснае беларускае мастацтва нанова» згадвае апошні на 2012 год беларускі павільён Венецыянскага біенале, праект «Кодэкс» куратарства Міхала Баразны як удалую форму міжнароднай прэзентацыі. Віктар Пятроў на адкрыцці выставы ў Торуні праводзіць свой перформанс на фоне карціны, якая выстаўлялася ў павільёне. Паводле аўтара, твор «Апакаліпсіс», «выкананы ў чырвоным колеры, з’яўляецца пэўным знакам — папярэджаннем чалавецтву. На маю думку, сёння людзі падзяліліся на два палярныя сегменты: ёсць тыя, хто ідзе за Хрыстом, за Бібліяй, і тыя, хто не робіць гэтага. Магчыма, для кагосьці ўзнятае пытанне і не падаецца актуальным, але для мяне выказацца ў падобным ключы — справа прынцыповая. Занадта шмат у нашым мастацтве „лёгкіх“ тэм, а творца мусіць падштурхоўваць грамадства да размовы на такім узроўні» (з інтэрв’ю газеце «Культура»).

Артур Клінаў. Апошняя вячэра. Інсталяцыя, салома, уласная тэхніка. 2011.

Гэты праект быў паказаны на Венецыянскім біенале, у інтэрв’ю газеце «Культура» аўтар расказвае: «У новай версіі работы лепш прапрацаваны фігуры, але яе сутнасць — „даслоўная“ копія вядомага твора „Таемная вячэра“ Леанарда да Вінчы — засталася…. Чаму я абраў менавіта салому? Яна падаецца мне вельмі філасофскім матэрыялам: з аднаго боку, увасабляе хараство, раскошу цывілізацыі, манументальнасць, а з іншага — кожны прадмет, зроблены з саломы, у маёй інтэрпрэтацыі ўяўляе з сябе гэткі ўзор распаду матэрыі. І вось падобнае спалучэнне золата, пышнасці і распаду — мяне прываблівае, цікавіць. У „Таемнай вячэры“ гэты канфлікт, на маю думку, яшчэ больш узмацняецца. Што сёння ёсць вера? Хрысціянства? Ці дзейнічаюць у наш час, увогуле, маральныя каноны? Або ўсё гэта толькі фікцыя? Відавочна, што, у пэўным сэнсе, свет знаходзіцца ў маральным тупіку. І калі не зрабіць гэты выбар — куды ўсё пакоціцца?»

Ігар Саўчанка. 20 пазытыўных фотаадбіткаў «Зіма 2008–2009»

Падчас працы над праектам аўтара хвалявала праблема існавання выявы на аркушы фотапаперы, дакладней — праблема адбітка, які з’яўляецца другасным носьбітам. Выява пераносіцца з носьбіта першаснага — негатыва на носьбіт другасны — паперу. У выніку мы маем прадукт, сувязь якога з актам здымкі цалкам разарвана. У выніку Ігар Саўчанка пачынае здымаць буйнафарматнай камерай непасрэдна на фотапаперу — так атрымліваецца пазітыўны адбітак. Атрыманая — унікальная — выява з’яўляецца такім жа дакументам факту здымкі, як негатыў.

Аляксей Лунёў. «Зааморфныя аб’екты». Інсталяцыя.

Інсталяцыя складаецца з зааморфных аб’ектаў — мультыпляў, якія аўтар змяшчае ў шэраг. Яны выкананыя з пап’е-машэ, абгорнутыя тканінаю і нагадваюць схематычных антрапаморфных зайцоў. Для аўтара феномэн паслядоўнасьці ідэнтычны працэсу перажываньня часу.

Уладзімір Парфянок. Дзень Незалежнасці. Прамая трансляцыя. 2009.

Звычайна ўсе ўрачыстыя падзеі, у якіх удзельнічае беларускі прэзідэнт, вельмі афіцыйныя і заарганізаванасці настолькі, што звычайныя людзі проста не маюць магчымасці выказаць свае пачуцці/эмоцыі. Тое ж самае з журналістамі і фатографамі, якія павінны заставацца ў асаблівай зоне для прэсы, каб рабіць рэпартаж. На шчасце, самыя галоўныя дзяржаўныя святы заўсёды маюць прамую трансляцыю па дзяржаўных каналах тэлебачання. Гэта дае магчымасць бачыць самыя розныя месцы, дзе разгортваецца падзея і рабіць фатаграфіі з тэлевізійнага экрана любых мізансцэн з усімі іх удзельнікамі. Рэдактары прамога эфіру, як правіла, фізічна не паспяваюць кантраляваць усе дэталі ўнутры кадра, таму ў вас заўсёды ёсць магчымасць бачыць больш-менш рэальную карцінку з жыцця «вялікіх людзей». Усе дзіўныя дэталі, сцэны і персанажы звычайна выразаюцца рэдактарамі пазней для фінальных тэлерэпартажаў.

Група REVISION (Максім Вакульчык, Жанна Грак, Андрэй Дурэйка, Андрэй Логінаў, Максім Тымінько). Your Favorites.

У праекце ўвасоблена ўяўленне пра мастацтва як пра адну вялікую іерархічную структуру, у якой мастак займае асаблівае становішча, у адпаведнасці са сваім узроўнем вучонага дзікунства. У адрозненні ад традыцыйнага меркавання пра мастакоў як пра «дзікіх» мы акрэсліваем іх «валасатымі»… Наша формула: дзікунства+вучонасць=валасатасць.
Працы падзеленыя на тры групы, у аснове якіх ляжаць тры мадэлі прасторы: паралельная, цэнтральная і персептыўная праекцыі. Разам з самімі партрэтамі, неад’емнай часткай праекта з’яўляецца распрацаваная схема, на якой можна прасачыць сістэму пабудовы узаемасувязяў паміж працамі, а так жа вывучыць вынікі апытання па кожным з «Your Favorites»«.

Жанна Грак. Форма ў форме (дрэва, кераміка, пігменты, лак. 2012). Дыяметрычная ізаметыя (дрэва, пігменты, лак. 2017). Куб (дрэва, пігменты, лак. 2017). Форма ў форме (дрэва, кераміка, пігменты, лак. 2011).

Мэта маёй працы складаецца ў тым, каб дазволіць рабоце практычна змяніць сваю форму і прывесці яе да пастаяннага ўнутранага руху. Я спрабую дамагчыся гэтага шляхам прасторавых аптычных ілюзій, геаметрычнага аналізу і супастаўлення колераў. Выставачная сцяна — для мяне не плоскасць, а прастора, у якой знаходзяцца аб’ёмныя формы.

Экспазіцыя Максіма Вакульчыка.

Працы Максіма Wakultschik ў вялікай ступені матэматычна дакладныя і дакладныя канструкцыі, якія ўтвараюць фармальны парадак з хаосу адасобленых і разрозненых элементаў. Яго складаныя і шматслойныя аб’екты — прадукт узаемадзеяння паміж святлом і ценем, якія ствараюць маляўнічую і глыбокую ілюзію рэальнасці. Яго творы актыўна ўзаемадзенічаюць з гледачом: мяняюць свой стан ў залежнасці ад пункту гледжання, такім чынам правакуюць назіральніка перасоўвацца і ўспрымаць твор у якасці кінэтычнага аб’екта.

Мксім Тымінько
Forms Derived From A Cube (after Sol LeWitt). Відэаінсталяцыя. 2016.

Праца зроблена паводле серыі Сола ЛеВіта. Праз трансфармацыю прац Сола ЛеВіта аўтар надае ім дадатковае чацьвёртае вымярэнне і падкрэслівае паняцце інтэрпрэтацыі ў візуальных мастацтвах.

939 Picture Elements. Відэаінсталяцыя. 2014–2016.

У значнай ступені гэтая праца мае дачэненне з паняццямі утопіі і абсурду. Гэта спроба даследаваць структурныя заканамернасці, якія мы выкарыстоўваем, каб зразумець свет вакол нас.

Міхаіл Гулін. «100% Masculine». Акрыл. 2014–2017. Мастацтва павінна… Інсталяцыя. 2014.

Серыя 100 % Masculine — гэта не пазбаўленае іроніі даследванне мужчынскай ідэнтычнасці. Інсталяцыя — маніфест і спроба разабрацца, каму і што павінна мастацтва і ў чым яно вінаватае.

Андрей Логвінаў. Прататып. Светлавы бокс, 3D-фатаграфія. 2016.


Гэтыя працы спалучаюць у сабе скульптуру і фатаграфію, ствараючы новае вымярэнне фотагенетычнай скульптуры, якая зрушвае памеры матэрыялу, руху і пачуццёвасці.

Андрэй Дурэйка.
Weissrussland. Насценны роспіс 198×29 cм, чорная пігментная фарба.

«Weissrussland» — даслоўны пераклад з нямецкага — «белая руская зямля». І для разуменьня ўсёй культурнай сітуацыі гэтае слова робіцца сімвалічным, як, скажам, адна культура, нямецкая, можа пазычаць у іншай, рускай культуры, думку пра трэцюю культуру, беларускую. Уласна, паўстае пытанне, што ж у ёй самой застаецца аўтэнтычнага? У нямецкім напісанні свядома зроблена збіўка ў бок падваення падвойнага «s», што некалькі парушае сучаснае напісанне і адкідае нас да змрочнай гісторыі. Якая, ў сваю чаргу, сёння працягвае праектавацца на нашу рэальнасць.

«Усe па месцах». Насценны роспіс 220×220 cм, чорная глянцавая лакавая фарба.

Зададзеная нявызначанасць. Моўная каманда да дзеяння: Усе па месцах. Сведчанне аб напоўненасці парадку. Пэўная няяснасць месца патрабуючага ўдакладнення. Канструкцыя выступаючая ў ролі інструментарыя навігацыі. Стабільная, гнуткая і адкрытая. Бліскучая. Знак як паказальнік. Фальшывая інтэрпрэтацыя як кратаў — турма свядомасці.

«Union Color». Насценны роспіс 270×270 cм, чорная акрылавая фарба.

Прадстаўленая ў Торуні праца з’яўляецца жывапіснай варыяцыяй манументальнай інсталяцыі «Union Color» выкананай у Любліне ў 2011 годзе. Тут працягваецца тэма парадаксальнага механізму сутыкнення мастацтва і палітыкі, агучаная пытаннем Джона Кейджа «Гэта сцяг, ці гэта жывапіс?» (Johna Cage «Is it a flag, or is it a painting?»). Гэтая праца адсылка да іканаграфіі ўтапічнага мадэрнізму, жывапісу які дайшоў да радыкальнай мяжы, які робіцца палітычнай тэмай. Пры гэтым сама нацыянальна-палітычная сімволіка заўсёды імкнецца да абсалютна абстрактных маляўнічых форм. У гэтым архаічным змешванні настальгіі і мары, аб чыстай форме і адзінстве колеру, аб палітычных саюзах і уніях ідэальных грамадстваў, праступае змрочная глыбіня размытасці межаў часу і прасторы, ды і самога чалавека.

Сяргей Шабохін. Практыкі падначалення. 2010–2014.

У рамаках праекта аўтар збіраў і аналізаваў візуальныя артэфакты ўзаеадносін улады і грамадзян, увасабляючы базісны разрыў паміж дзяржаваў, якая імкнецца да манапалізацыі, і грамадзянінам, што патрабуе дыялогу і супраціўляецца ідэалогіі і догмам улады.

Аляксандр Некрашэвіч. З серыі «Багі і героі».

Аўтар даследуе, як масавая свядомасць пераўтварае класічную міфалогію ў сучасную, і як класічныя багі трансфармуюцца ў сучасных медыйных персанажаў. У праекце адбываецца сінтэз класічнага мастацтва з сучаснай міфалогіяй, складзенай з кінастужак, коміксаў.

Экспазіцыя Сяргея Кірушчанкі.

У сваім праекце аўтар у супрацы са стрыт-артыстам Андрэем Буслом перанёс свае рашоткі (матыў, які развівае ў жывапісных працах з пачатку 2000-х) на макеты сталінскіх будынкаў Мінска, ператвараючы іх такім чынам у гарадскія дэкарацыі.

Антаніна Слабодчыкава. Відэа.

Прадстаўленае відэа — частка праекта «Яно тут» увасабляе рытуал спалення сваіх траўм — досведу гранічных станаў — якія ўсё роўна застаюцца тут.

Праект быў зроблены ў супрацы з галерэяй «Ў» і беларускім мастаком, які жыве і працуе ў Дзюсельдорфе, Андрэем Дурэйкам. Партнер паказу — Польскі інстытут у Мінску.

На вокладцы: перформанс Аляксея Лунёва, сумесна з Жаннай Гладко. Відэа. 

Фота Андрэя Дурэйкі

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology