Жанна Гладко: быць як «я»

Жанна Гладко, «Inciting Force»

Жанна Гладко, «Inciting Force»

Жанна Гладко, «Inciting Force»

Жанна Гладко, «Inciting Force»

Жанна Гладко, «Inciting Force»

Жанна Гладко, «Inciting Force»

Жанна Гладко, «Inciting Force»

Жанна Гладко, «Inciting Force»

Жанна Гладко, «Inciting Force»

Жанна Гладко, «Inciting Force»

Тарашкевіца

Жанна Гладко, пэрсанальны праект «Inciting Force» \ Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», 16.11-05.12.2012

Жанна Гладко заявіла пра сябе ў 2010 годзе выставай «Амбівалентнае» (праект «Старт» Галерэі сучаснага мастацтва «Ў»). Пасьля працы мастачкі выстаўляліся ў межах розных калектыўных праектаў, у прыватнасьці, «Visual Arts. New Practices» (2010), «Карціна алеем» (2010), «Яна ня можа сказаць Неба» (2011). І вось цяпер першая паўнавартасная пэрсанальная выстава — «Inciting Force» (куратар Сяргей Шабохін), якою Жанна канчаткова зацьвердзіла сваю прысутнасьць у прасторы беларускага сучаснага арту. Гэтая выстава ня толькі канстатавала выразнае й адначасова пэрсанальнае разуменьне мастачкай працэсаў, што адбываюцца ў сучасным мастацтве, засваеньне розных формаў (мэдыя, інсталяцыя, рэды-мэйд) і валоданьне лёгікай мастацкага выказваньня, якое выяўляецца ў тым, як экспазыцыя пабудаваная.

Жанна як быццам паставіла кропку, завяршаючы пэрыяд свайго станаўленьня мастачкай, дзеля таго каб адкрыць ужо новую старонку сваёй творчай біяграфіі.

Выстава, з аднаго боку, уяўляе сабою інтымнае выказваньне на тэму ўзаемадачыненьняў мастачкі з бацькам. Пра гэта гаворыцца ў суправаджальных тэкстах, і менавіта гэты сэнс лёгка счытваецца з кожнай працы мастачкі. Сама Жанна Гладко так акрэсьлівае кола тых пытаньняў, што цікавілі яе: тэма выбару, фармаваньне спосабаў існаваньня чалавека ў розных сыстэмах (сям’я, мастацтва), а таксама амбівалентнасьць. Дзеля таго каб быць максымальна шчырай у сваіх пошуках, яна зьвярнулася не да вонкавага асяродзьдзя, а сканцэнтравалася на асабістым досьведзе. Але чым больш углядаесься ў кожны аб’ект экспазыцыі, супастаўляючы пэрсанальную гісторыю Жанны са сваёй асабістай гісторыяй, тым глыбей разумееш, што постаць бацькі — усяго толькі падстава.

Так, галоўнай тэмай экспазыцыі становіцца ўсьведамленьне асобаю сваёй самасьці. І, натуральна, матэрыялам для гэтага дасьледаваньня становіцца той, побач з кім «я» ўпершыню пачало адчуваць сябе Іншым, з кім адбылася сустрэча двух цялесна існых суб’ектаў (Вольга Шпарага [1]). Ролю гэтага Іншага выконвае бацька. Прычынай звароту менавіта да гэтага прыкладу, хутчэй за ўсё, сталася глыбокая сувязь паміж бацькам і дачкой, якія да нейкага моманту былі адзіным цэлым.

Але калі Жанна на адно канцавосьсе свайго дасьледаваньня ставіць сваё жаночае вымярэньне як найважнейшы складнік ейнай самасьці, усьведамленьне якога сталася першым крокам да сьцьверджаньня сваёй інакшасьці, то амбівалентным паняткам у дадзенай сыстэме каардынатаў, натуральна, павінна быць мужчынскае.

Таму зьяўляецца бацька — «ён» — як першы досьвед сутыкненьня са сваёй супрацьлегласьцю, яе Сябар і, як яна для сябе вызначыць пасьля, яе Вораг адначасова (Вольга Шпарага), дыялёг і барацьба зь якім стануць пляцоўкай для сьцьверджаньня ўнікальнай цялеснасьці мастачкі.

Такім чынам, матэрыялам для гэтага дасьледаваньня маглі стаць брат, дзядзька, палюбоўнік, муж — любы, узаемадачыненьні з кім альбо былі першым глыбокім сутыкненьнем з мужчынскім, альбо глыбока траўмавалі, г. зн. сталіся тым досьведам, дзякуючы якому жаночае «я» ўсьвядоміла сваю самасьць. Маці або любая іншая жанчына, якія ў іншых акалічнасьцях таксама могуць быць крыніцаю прымусу, у прынцыпе, не маглі б апынуцца ў гэтай прасторы. Таму адсылка да Бацькі як да дамінантнай тэмы праекту, на мой погляд, усяго толькі адзін з сэнсаў «Inciting Force», што ляжыць на паверхні, але ня ёсьць асноўным.

ШЛЯХАМ INCITING FORCE

Пачынаецца выстава зь некалькіх аб’ектаў (кожны аб’ект — прадмет з асабістага архіву): кепкі з надпісам «Inciting Force» і шэрагу здымкаў, два зь якіх гэта дзіцячыя фатаграфіі — бацькі й побач прыкладна ў тым жа ўзросьце самой мастачкі. Супастаўляючы гэтыя здымкі, Жанна пазначае тую кропку, у якой яны з бацькам яшчэ ня розьніліся: дзе хлопчык (ейны бацька), а дзе дзяўчынка (мастачка) — не зразумела, ды й ня важна. Далей — адрэз шэрага палатна, на якім Жанна зашывае дзеясловы на друкаванай на тканіне інструкцыі пра карыстаньне кампутарам, якую калісьці пакінуў ёй бацька. Паводле словаў Жанны, менавіта з гэтай працы й распачаўся праект. Яшчэ падчас навучаньня ў Акадэміі яна даведалася пра адно дасьледаваньне, паводле якога існуе панятак мужчынскага й жаночага пісьма: мужчыны ў сваіх тэкстах ужываюць больш дзеясловаў, а жанчыны — прыметнікаў і прыслоўяў.

З аднаго боку, багацьце дзеясловаў, тым больш — у інструкцыі, кажа пра тое, што Іншы ёй не давярае, спрабуе яе кантраляваць (такі сэнс лёгка суадносіцца з назваю праекту). «Ён быў вельмі дысцыплінаваны, рацыянальны, а я, наадварот, эмацыйнай, хаатычнай істотай, — кажа Жанна. — Таму ён спрабаваў мяне неяк упарадкаваць. А цяпер я бяру гэтую інструкцыю й пазбаўляю гэты тэкст функцыі прымусу». Але, зь іншага боку, гэтую інструкцыю таксама можна ўспрыняць і як адну з формаў камунікацыі, дзе дамінаваньне дзеясловаў паказвае не на спробу кантролю, але на спосаб, якім «ён» праяўляе свой клопат пра дачку.

Багацьце дзеясловаў у дадзеным выпадку — форма, празь якую гэты Іншы ўспрымае й апісвае сьвет і якая аказваецца незразумелай, чужой, а значыць, пужае мастачку.

У інсталяцыі з аўдыёкасэтай Жанна разьвівае тэму сутыкненьня рацыянальнага й эмацыйнага. На запіс чарговай інструкцыі (гэтым разам — як вадзіць машыну) выпадкова наклаўся запіс Жанніных практыкаваньняў на фартэпіяна. У гэтым запісе няма галоўнай партыі: аднолькава гучаць як дзеясловы-кантралёры, так і няўпэўненыя музычныя пасажы юнай Жанны. Дзесьці яны зьліваюцца, дзесьці ўступаюць у спрэчку, але ў цэлым — гэта адзіная мэлёдыя, якая знаходзіць сваю каштоўнасьць, таму што гучыць на два аўтаномныя галасы. Інсталяцыяй з папяровымі дыскамі тахографу (бацька Жанны быў дальнабойнікам) адказвае мастачка Іншаму на прымус зь ягонага боку: у іншай сыстэме каардынатаў ён таксама апынаецца пад кантролем. Відэаінсталяцыя — юная Жанна вядзе машыну (здымае бацька, які сядзіць побач), — а таксама накладзеная па-над экранам копія кіроўчых правоў працягваюць тэму камунікацыі.

Для мастачкі тое, што ён вучыў яе вадзіць машыну, а таксама страляць са стрэльбы на паляваньні (некалькі наступных аб’ектаў экспазыцыі), прыклад яшчэ аднаго прымусу — быць, як я, слухацца мяне. Але гэта таксама можна інтэрпрэтаваць як падставу быць разам. Прымус у дадзеным выпадку палягае ў тым, што ён жадае размаўляць зь ёю на адзінай знаёмай яму мове, якую яна павінна засвоіць дзеля таго, каб яны разумелі адно аднаго.

З аднаго боку, праблема для яе — у тым, што Іншы не імкнуўся зразумець ейную мову. Зь іншага, а яна сама дапускала яго ў прастору сваіх прыметнікаў і прыслоўяў? Ці проста прымала правілы ягонай мовы, якім усё больш супрацівілася, усьведамляючы сваю інакшасьць?

Яшчэ адзін аб’ект — сэрыя фатаграфіяў, на якіх стрыжаная пад хлопчыка маленькая «яна» сталее, ператвараючыся ў жанчыну. Завяршае гэтую сэрыю здымак мастачкі з аголенымі грудзямі ў патранташы на поясе. Зараз «яна» ўжо сьвядома ўступае ў прастору паляваньня, якое набывае ўжо іншае значэньне: не сумеснага баўленьня часу, але — барацьбы. Гэта канчатковае разуменьне й сьцьверджаньне сябе як Іншага, прыняцьце сваёй сэксуальнасьці, якая праводзіць канчатковую мяжу паміж дзьвюма цялеснымі істотамі. «Ён не жадаў прыняць мяне такой», — кажа Жанна. Не жадаў — ці ня ведаў, як далей будаваць дыялёг зь ёю, якая зараз ужо жанчына? І галоўнае — баяўся прызнаць сваё няведаньне, робячы немагчымым узьнікненьне камунікацыі на ўжо новым узроўні. Усьведамленьне сваёй унікальнай цялеснасьці ёсьць сілаю. Разам з тым, разуменьне таго, што так, як было, ніколі больш не паўторыцца, прыносіць боль. Дзіцячая фатаграфія становіцца мішэньню, якую мастачка расстрэльвае, канстатуючы сьмерць той стрыжанай пад хлопчыка дзяўчынкі.

Ставіць кропку мастачка фатаграфічным натурмортам — патранташам з рассыпанымі й растрыбушанымі патронамі. Такім чынам, яна як быццам адмаўляецца ад прымусу быць як я, адначасова канстатуючы бессэнсоўнасьць усялякага «паляваньня» ў прынцыпе. Таму што прымус, у тым ліку, ёсьць адным са спосабаў, якім Іншы, усьведамляючы прорву, што расьце паміж намі, спрабуе мяне прысвоіць \ зразумець (Вольга Шпарага).

Выказваньне будуецца такім чынам, што ціск увесь час зыходзіць ад Іншага. У той жа час архіўныя рэчы бацькі ўзяты ў экспазыцыю без дазволу іхнага ўладальніка. «Бацька не дазволіў бы, мне здаецца», — кажа Жанна. Але адкуль такая ўпэўненасьць у тым, як Іншы ўспрыме гэты ўчынак? А нават калі й так, гэта ягонае права, зь якім яна ня лічыцца, прымушаючы яго стацца часткай экспазыцыі. Такім чынам, прымус у дадзеным праекце таксама становіцца амбівалентным паняткам. Як і тое, што адчужэньне было ініцыятывай менавіта Іншага, але не яе самой.

У гэтым і ўнікальнасьць «Inciting Force»: задаючыся пытаньнямі, мастачка штораз аспрэчвае магчымасьць любога канчатковага адказу, прапануючы мноства розных інтэрпрэтацыяў, якія шмат у чым залежаць ад асабістага досьведу кожнага.

Мастачка становіцца пасярэдніцай паміж гледачом і ягоным пэрсанальным Іншым. Гэта добры прыклад скрайняй аўтарскай шчырасьці . А таксама — дыстанцыяваньня, якое й робіць гэты праект унівэрсальным — ня актам псыхааналізу, але мастацкім выказваньнем.

Жанна Гладко выкарыстоўвае візуальную мову, якая дазваляе ёй стварыць прастору, дзе камунікацыя становіцца магчымай. Ня толькі паміж ёю й гледачом, але — і Іншым. Мастачка, фіксуючы й сутыкаючы супрацьлегласьці, адначасова мірыць іх як неабходныя элемэнты для існаваньня сьвету й сябе ў ім.

Таня Арцімовіч

[1] Шпарага О. Телесный субъект: Я как «моя боль» и как «моя любовь» // Топос. – 2002. – № 2. – C. 76–89.

Фатаграфіі © Усяслаў, «Новая Эўропа»

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology