…КАНТАКТ, ЯКІ ЯНЫ ЎЖО НЕ МОГУЦЬ ІГНАРАВАЦЬ

“Сарайныя” выставы мастачкі і куратаркі Вольгі Маслоўскай для беларускай культурнай прасторы — з’ява ўнікальная. Руйнуючы стэрэатыпы і дэцэнтралізуючы мастацкае поле, вельмі хутка Вольга змагла прыцягнуць увагу культурных дзеячаў брэсцкіх, мінскіх і не толькі. Акрамя таго, што ўнутры “сарайнай” прасторы нараджаліся ўнікальныя мастацкія праекты, феномен Сарая ўпісваецца ў глабальныя заходнія дыскусіі, прысвечаныя крытыцы арт-інстытуцый, страце творцамі аўтаноміі ўнутры гэтага поля і ў прынцыпе ролі мастака і мастачкі ў кантэксце неаліберальнай эканомікі, для якой прэкарнасць і рыначныя ўзаемаадносіны сталі нормай. 

Вольга Маслоўская. Дома2, перформанс. Арганiчная праца, выстава. Брэст, 2019. Фота: К. Бганцаў

 ПЕРШ ЧЫМ УВАЙСЦІ, ПАСТАЎЦЕ, КАЛІ ЛАСКА, ТУТ СВОЙ ПОДПІС, ШТО АЗНАЧАЕ, ШТО ВЫ ЗГОДНЫЯ ЎЗЯЦЬ НА СЯБЕ ГЭТУЮ АДКАЗНАСЦЬ

Сарай як выставачная прастора пачаў функцыянаваць у 2017 годзе. З аднаго боку, гэта было даволі спантаннае рашэнне. Але з іншага — яго абумовілі мае папярэднія інтарэсы і прыярытэты ў мастацтве ды іншых сферах.

Як мастачку і куратарку мяне заўсёды цікавілі тэмы самааналізу, межаў, выключэнняў, маргінальнасці. Для мяне было вельмі важным узаемадзеянне з месцам і кантэкстам, максімальнае ўключэнне ўсіх навакольных элементаў, скрыжаванне з рознымі абласцямі ведаў. Вялікая частка майго мастацкага досведу на працягу амаль 20 гадоў была звязана з групай “Бергамот”, якую мы з Раманам Трацюком стварылі ў 1998-м. Мы займаемся перформансам, відэа, аб’ектамі, куратарскай дзейнасцю. У нашай самай доўгай серыі “Арганічнае жыццё” нас цікавяць тэмы камунікацыі, гвалту, гендарныя адносіны. Серыя “Біяфілія” прысвечана ўзаемадзеянню з прыродай, мімікрыі пад прыродныя працэсы, у тым ліку сэксуальнасць як частка прыроды чалавека. У самым апошнім цыкле “Арганічная праца”, які мы пачалі ў 2009 годзе, мы разважаем над зменай статусаў — куратара / выканаўцы / мастака / аўтара і гледача. Так мы аб’явілі адкрыты конкурс на ідэю альбо сцэнар перформансу для групы “Бергамот”.

“…Незалежна ад прапанаваных тэм, усе канкурсанты як публіка атрымліваюць ролю мастака, які выступае ў ролі выканаўцы; а аўтары конкурсу, якія браліся за ролю выканаўцы, як стваральнікі аказваюцца ў ролі публікі. Такія трансфармацыі персоны нікога не турбуюць, бо мы не бачым у іх пагрозы для аўтаномнасці і цэласнасці „я“. У некаторай ступені мы падрыхтаваныя да іх прысутнасці ў мастацтве, паколькі ў штодзённасці прымаем пластычнасць сваёй сутнасці і дапускаем няспыннае перасоўванне межаў як уласных, так і чужых. „Бергамот„ толькі скарыстаўся нашым экзістэнцыяльным досведам… Пасля… мяжа паміж перформерамі і гледачамі, мастацтвам і жыццём стала размывацца, практычна знікла…”

Эва Харноўска, “Бергамот. Гульня з персонай: мяжа”

Таня Кілімбет. Памяці памяці, праект. Арганiчная праца, выстава. Брэст, 2019. Фота: С. Багдзевiч

Нашы куратарскія і сакуратарскія праекты ў асноўным былі прэзентацыяй сучаснага беларускага мастацтва, напрыклад I Беларуска-польскі фестываль сучаснага мастацтва, “Апісанне аднаго месца”, “Inner Spaces”, “Alien Art”, “Рэальнасць гульні”, “Border line”. Практычна ўсё гэта адбывалася не ў Беларусі [1]. У нейкі момант мне падалося, што мне надакучыла ўвесь час кудысьці ездзіць, каб паказваць сваё мастацтва і глядзець замежнае. Таксама змяніліся абставіны майго жыцця. Мне сталі цікавыя працэсы дэцэнтралізацыі ў многіх галінах, у тым ліку ў мастацтве. Захацелася паспрабаваць выкарыстоўваць рэсурсы, якія маю. Адным з іх стаў сарай у маім двары.

Ён нагружаны шматлікімі лакальнымі культурнымі і сацыяльнымі сэнсамі, валодае многімі фізічнымі і канцэптуальнымі рэсурсамі. Размешчаны ў самай цэнтральнай гістарычнай частцы горада, ва ўнікальным зацішным месцы, акружаны гістарычна і архітэктурна значнай забудовай канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя (у Брэсце гэта адзін з самых старых захаваных будынкаў, таму што горад цалкам быў перанесены з тэрыторыі цяперашняй крэпасці ў другой палове XVIII стагоддзя). На жаль, сітуацыя з захаваннем гістарычнай спадчыны і рэстаўрацыяй архітэктурных помнікаў у Беларусі жахлівая. Таму стварэнне культу з аб’екта, які аб’ектыўна не мае каштоўнасці, у такім кантэксце мне бачыцца цалкам магчымым. Як удзельніцу мастацкіх працэсаў мяне цікавяць усе складнікі, уся інфраструктура мастацтва. І выкарыстанне свайго сарая як эксперыментальнай пляцоўкі для прэзентацыі якаснага сучаснага мастацтва — таксама выказванне на гэтую тэму.

У больш шырокім кантэксце індустрыі мастацтва гэта абсалютна незалежная ад афіцыйных альбо неафіцыйных структур прастора, па-за ўсялякімі схемамі функцыянавання мастацтва і культуры ў цэлым, калі фінансаванне дыктуе актыўнасць. У выпадку Сарая не дыктуе аніяк.

Сарай знаходзіцца ў агароджаным прыватным дворыку і з’яўляецца натуральным працягам месца, у якім я жыву. Працэс арганізацыі і падрыхтоўкі мерапрыемстваў — гэта цалкам натуральная частка майго побыту і кола зносін. Увогуле гэтая дзейнасць не патрабуе нейкіх значных дадатковых рэсурсаў, адпаведна не накладае абавязацельстваў і не ўтварае залежнасці. Гэтае месца прыцягвае, людзям тут падабаецца. Часта праводзіць тут мерапрыемствы немагчыма, таму што гэта жылая забудова. Але тых некалькіх падзей на год, якія тут адбываюцца, здаецца, цалкам дастаткова для ўласнага задавальнення і для папаўнення дэфіцыту культурнага жыцця ў горадзе менавіта ў вузкай нішы сучаснага мастацтва.

Качагар Бганцаў. Пейзаж зiмнi, iнтэрактыўны аб’ект. Арганiчная праца, выстава. Брэст, 2019. Фота: К. Бганцаў

“…Прыватны дом і двор знаходзяцца паміж гарадскімі будынкамі, там, дзе вы і поглядам не зачапіліся б. Калі сканцэнтравацца, то можна адчуць сябе не тое што госцем двара, а госцем цэнтра горада. Нязвыкла ўваходзіць на чыюсьці тэрыторыю без дамафоннага званка. Фармат выставы здымае налёт галерэйнасці, дазваляе ўзаемадзейнічаць і назіраць сучаснае мастацтва без шкла і рамак. Аўтару можна задаваць пытанні і не пагаджацца, глядзець у твар і выпіваць з ім. Аўтар вас таксама бачыць: музейнай ананімнасці тут няма…”

Ксенія Пятровіч, з рэпартажу “Калі б мой сын такой х*нёй займаўся, я б яму рукі паатрубал”: сучаснае мастацтва на выставе ў брэсцкім двары, “Бінокль”, гарадскі часопіс Брэста.

Выставы ў сараі можна назваць хутчэй маім мастацкім, чым куратарскім праектам. Апошнім часам я думала пра ступень “аголенасці” мастака; якая яна патрэбная для яснасці і пераканаўчасці выказвання. Мне здаецца, заўсёды прыходзіцца зрабіць публічным штосьці асабістае, дазволіць людзям увайсці ў  нечаканую для іх зону.

Такім чынам увайсці ў кантакт, які яны ўжо не могуць ігнараваць.

У сарайных праектах я  пазбягаю функцыі паўнавартаснага куратара з некалькіх прычын: для ўласнага камфорту (я займаюся гэтым у вольны ад маіх асноўных заняткаў час, якога няшмат) і для стварэння атмасферы лабараторыі, якая шмат у чым больш камфортная для мастакоў. Мне падабаецца раўнапраўнае супрацоўніцтва паміж удзельнікамі — гарызантальная схема. Гэта добры фармат, каб апрабаваць новыя прыёмы, на якія складана вырашыцца ў больш афіцыёзных месцах. Хоць у пэўныя моманты ўсё роўна даводзіцца браць на сябе адказнасць за рашэнні і камунікацыю. Мяне заўсёды вельмі цешыла, што ва ўсіх выставах удзельнічалі брэсцкія мастакі, імёны якіх мала вядомыя з прычыны іх не ўцягнутасці ў мастацтва, занятасці іншымі рэчамі ці сціпласці. Але яны рабілі абсалютна пераканаўчыя і канкурэнтаздольныя працы.

Так, Святлана Гусакова ўзяла матэрыял для свайго праекта з навін мясцовай прэсы: напрыклад, Брэсцкі мясакамбінат плануе выпускаць пельмені новай унікальнай формы і разлічвае на камерцыйны поспех альбо шматпавярхоўкі ў спальных раёнах будуць размалёўваць новым спосабам, каб кампенсаваць дэфекты мясцовага клімату. На аснове гэтых і падобных навін яна распрацавала прынты, надрукавала іх на тканіне, з якой вырабіла курткі па актуальным у гэтым сезоне кроі. Такім чынам ператварыўшы банальную малацікавую штодзённасць у твор мастацтва.

Качагар Бганцаў. Пра аб’ект. Арганiчная праца, выстава. Брэст, 2019. Фота: С. Багдзевiч

Качагар Бганцаў паказаў аб’ект “Пра аб’ект” на аснове аднаго здымка з яго ранейшай фатаграфічнай ню-серыі. Гэтую серыю ён ніколі не паказваў у Брэсце, таму што амаль усе яго мадэлі і музы для ню — брастаўчанкі, якія з розных прычын не хочуць гэтага. Гэта значыць, акрамя ўнутранага сюжэта здымкаў, праявіў сябе яшчэ знешні кантэкст — цэнзура, табу, сорам, ціск. Бганцаў стварыў механізм са шторкай, якая хавала фотаздымак, і, каб усё ж паглядзець яго, трэба было падняць і апусціць 24-кілаграмовую гіру. Для многіх гэта аказалася непераадольнай умовай. Такім чынам, выявіліся яшчэ гендарныя і сэксісцкія матывы.

Таня Кілімбет займаецца фатаграфіяй, працуе ў абласной бібліятэцы, і работа “Памяці памяці” была абумоўлена гэтымі дзвюма яе дзейнасцямі. Праект складаўся з дэманстрацыі чужых сямейных фотаздымкаў. Аднойчы яна выявіла, што ў інтэрнэце можна набыць колькі заўгодна чужых фотастужак рознага часу. Па-за кантэкстам асабістай гісторыі і памяці яны губляюць сваю першапачатковую функцыю, але набываюць іншыя абстрактныя якасці. Са сваёй калекцыі, якая суправаджаецца перапіскай з прадаўцамі, Таня паказала невялікую частку.

Вася Бурзін даўно не займаецца мастацтвам з розных асабістых прычын, але раптам паказаў аб’ект “Апячатванне адбіткам” на аснове свайго старога эстампа – тэхнікі, якой ён віртуозна валодае. Гравюра тут стала не творам, а толькі матэрыялам: да канца вечара з удзелам гледачоў яна была запланавана знішчаная. Валянціна Шахалевіч з Кобрына і Санкт-Пецярбурга прывезла на выставу аб’ект “Рай”. Мастачка, мастацтвазнаўца, паэтка, актрыса паралельнага кіно (здымалася ў “Ассе”) — свой стыль яна вызначае як “дамарослы ленінградска-кобрынскі авангард”. Група “Бергамот” пасля працяглага перапынку і ўпершыню ў сваёй гісторыі зрабіла відэапрацу на аснове мясцовага матэрыялу.

Мы пайшлі ў музей паравозаў пад адкрытым небам у Брэсце і перацалавалі ўсе паравозы.

Карэн Карнак. Абiсiнiя, асемiчная паэма. Перформанс. Арганiчная праца, выстава. Брэст, 2019. Фота: К. Бганцаў

Падчас адной з сарайных выстаў адбыўся мой асабісты дэбют як перформеркі. Знаёмыя і незнаёмыя наведвальнікі, не здымаючы абутак, уваходзілі ў маю спальню, дзе я стаяла ў ніжняй бялізне. Яны разглядалі ўвесь мой гардэроб, ад бялізны да верхняга адзення, выбіралі адну любую рэч і апраналі яе на мяне. Акрамя “апублічанасці асабістага” мне хацелася матэрыялізаваць знешнія ўздзеянні пры судакранні з соцыумам; непазбежнасць ціску ва ўзаемадзеянні; дыскамфорт і траўматызм камунікацыі. Стаяла вельмі гарачае надвор’е, што ўскладняла маё існаванне ў гэтым перформансе. Элементы гвалту былі ўзаемнымі: некаторых наведвальнікаў давялося прымусіць прытрымлівацца сцэнару. Пасля выставы, калі я здымала з сябе рэчы, палічыла колькасць наведвальнікаў — атрымалася каля сотні.

Таксама мне бачыцца вельмі каштоўным, што для ўдзелу ў выставах прыязджалі мастакі з Мінска, і за свой кошт. Раман Аксёнаў паказаў упершыню ў Беларусі “…відэа, змантаванае з матэрыялаў і дакументацыі праекта „Непасрэдныя„, у якім [мастак] адмаўляўся выстаўляцца ў галерэі на карысць усіх жадаючых людзей з вуліцы…“ Карэн Карнак зрабіў перформанс „Асемічная паэма „Абісініі“, знішчыўшы ўсе магчымасці і сляды; але пасля яго ў сараі і да гэтага часу існуе аб’ект. Некаторыя мастакі, як Юрый Урсо, удзельнічалі ў рэжыме анлайн. Ён зрабіў акцыю „Памяці Жака Рыга і Сашы Наважэнавай“: пра смерць, імкненні да яе і жаху перад ёй.

Тэхнічныя характарыстыкі Сарая: агульная плошча каля 21 м2, падзеленая на тры боксы. Адна сцяна цагляная, астатнія драўляныя; дах з шыферу, працякае. Святло для мерапрыемстваў мабільнае. Пры падрыхтоўцы экспазіцыі з памяшканнем можна рабіць любыя тэхнічна магчымыя трансфармацыі. Дапамагаю з асвятленнем, матэрыяламі для мантажу, рыхтую фуршэт, калі трэба — начлег. Боксы не зачыняюцца, таму захаванасць экспанатаў гарантую на адзін вечар падчас вернісажу. Потым каштоўныя экспанаты прыбіраюцца ў сховішча. Менш каштоўныя прадметы могуць знаходзіцца доўга.

Першай выставай у Сараі ў 2017 годзе была „Нельзязя“ Сямёна Маталянца. Сямён нарадзіўся ў Брэсце, даўно жыве ў Пецярбургу. У яго там добра складваецца кар’ера. Ён вельмі актыўны і знаходзіцца ў пастаянным працэсе фармулявання, вытворчасці і прэзентацыі мастацтва.

Сямён Маталянец. Нельзязя. Выстава. Брэст, 2017. Фота: К. Бганцаў

“Выстава ў неабавязковым фармаце заўсёды прыемная, у фармаце адпачынку і летніх вакацыяў. У павільёнах галерэі былі тры коўдры, коўдры як інструменты для сну, а сон як барацьба з рэальнасцю. Скрынка гаспадарчага мыла 65% тлустасці, загорнутага ў гравюры. Спроба брэндавання „нязручнай„ прадукцыі гомельскага тлушчавага камбіната. Мыла аказалася незвычайна насычана сэнсамі. Гэта матэрыял арганічны, жывы: тлушч, каровы, сабакі, косці, воўна. Тут і ахвяра, і чысціня, і хрысціянская тэматыка. Ну і іронія тут важная. Кожны змагаецца за свой матэрыял: руберойд, зямлю ці нешта яшчэ. З мылам ніхто не працаваў. Гэта была вакантная пазіцыя. Выява прамаці капіталізму ў выпальванні па дэрматыне і разьбе па дрэве — гэта спроба адказаць на пытанне, як бы выглядалі багі капіталізму, калі б капіталізм быў рэлігіяй у агульнапрынятым сэнсе, з культам і рытуаламі.

І нават тэкст па-летняму пісаць лянота…

Вядома, так праекты рабіць нельга, я б сказаў нават больш — нельзязя”.

Выстава “1 перформанс, 1 фільм, 7 куртак, 14 малюнкаў, 19 вершаў, 23 фота”, 2018. За вельмі кароткі час падрыхтоўкі выставы мы так і не сфармулявалі канцэпцыю і не прыдумалі, што менавіта нас аб’ядноўвае. Таму анонсам было наступнае: Раман Аксёнаў, Света Гусакова, Уладзімір Глазаў, Качагар Бганцаў, Сямён Маталянец, Вольга Маслоўская — пра гісторыю, страхі, табу, маніпуляцыі, сорам, абрубкі, стрэс, лакальнасці, радасці, сэксізм, адказнасці, свежасці, галечы, падмены, мэтазгоднасці, вытокі, межы, узаемадзеянні, партызанаў, выключэнні, непазбежнасці, Муратаву, забавы, постпраўду, мастацтва, геаграфію, гарышчы, легітымнасці, хімеры, камунітарнасці і віктымнасць.

Света Гусакова. 7 куртак, 1 перформанс, 1 фiльм, 7 куртак, 14 малюнкаў, 19 вершаў, 23 фота. Выстава, Брэст, 2018. Фота: С. Багдзевiч

Выстава “Арганічная праца”, 2019. Таня Кілімбет, Света Гусакова, Валянціна Шахалевіч, Вася Бурдзін, Качагар Бганцаў, Раман Аксёнаў, Карэн Карнак, Вольга Маслоўская, Юрый Урсо, Сямён Маталянец, група “Бергамот”.

 “Тэрмін Арганічная праца — з традыцыі польскага пазітывізму, які пазначае вонкава непрыкметную, старанную дэталёвую працу аб’яднанымі намаганнямі супраць поўнага знікнення нематэрыяльнай ідэі.   У кантэксце старога занядбанага сарая ў Брэсце, які з’яўляецца месцам спарадычнай калектыўнай мастацкай актыўнасці, гэты метад выкарыстоўваецца і як метад разважання, камунікацыі альбо працы з арганічным, матэрыяльным альбо нематэрыяльным аспектамі энтрапіі, дэструкцыі, хаосу, заняпаду, забыцця як у літаральным, лакальным, асабістым, так і ў больш шырокіх сэнсах…” З майго тэксту да выставы.

Ідэю выставы прапанаваў Раман Аксёнаў, у яго акурат атрымліваўся праект “Несостоявшееся”, для якога Сарай быў ідэальным месцам.

“Музей твораў, якія не адбыліся. Які ён магчымы? Вядома ж, гэта ўстанова без фінансавання, і, хутчэй за ўсё, не музей, а склад. Усе вучэбныя і непачатыя карціны асядаюць у бацькоўскіх бакоўках і гаражах. Аўтар не знайшоў прычын для твора, жаданне страцілася ў жыццёвых клопатах, але падахвочванні адчуваў відавочна. І падахвочванні гэтыя ўсё тыя ж складаныя і таямнічыя, што і ў аўтараў наскальных малюнкаў або ў дзяцей. …Дык чаму б старой адрыне не стаць музеем гэтых памкненняў, уражанняў, амбіцый юнацтва, наіўных інфантыльных мараў, а снегу, дажджу і ветру не стаць аўтарамі? Адсутнасць часта падкрэслівае і адцяняе існаванне. Энтрапія на першым этапе расквітае мудрагелістай формай, як малако ў гарбаце да поўнага растварэння, як водбліск або міраж мінулага „залатога стагоддзя„, свята формаў, колеру і гармоніі”. Раман Аксёнаў.

Раман Аксёнаў. Непосредственные, film. 7 куртак, 1 перформанс, 1 фiльм, 7 куртак, 14 малюнкаў, 19 вершаў, 23 фота. Выстава, Брэст, 2018. Фота: С. Багдзевiч

Рэфлексія Ромы Аксёнава пасля гэтай выставы: “У асабістай прасторы ёсць па меншай меры ілюзія волі. Можна не адпавядаць, не гнацца. Так на першы погляд здаецца і ўяўляецца. Але ці так гэта? З іншага боку — ці трэба адказваць на гэтае пытанне? Усё істотнае ў выніку прасочваецца скрозь пальцы. Памяць пастаянна падкідвае сюрпрызы, ад некаторых хочацца пазбавіцца; аказваецца, іх можна нават прадаць (Таня Кілімбет). Магчымасць дакументацыі чаго-небудзь як надзея незразумела на што. Тэкст рассыпаецца сам у сабе на незразумелыя знакі, спальваючы ўсе магчымыя сэнсы, для якіх існаваў (Карэн Карнак). Правілы старой вялікай гульні не працуюць, яна распадаецца на асобныя вобразы, якія „спажываюцца„ самым простым спосабам (Святлана Гусакова), як бы ні былі зацалаваныя ўсе прыўкрасныя стварэнні мінулага (“Бергамот”). Намаганні, ускладзеныя на працу, разумовую і фізічную, вяртаюцца ў тую ж зыходную пазіцыю, адкрываюць зноўку тое, што ўжо адкрыта і ў чым мы даўно і так жывём (Качагар Бганцаў, Вася Бурдзін). Хочацца рэвалюцыі, вядома, але органы пачуццяў і вусны блакаваныя асабістымі звычкамі і страхам (Сямён Маталянец), застаецца толькі пакутлівая, доўгая і нерашучая спроба зрабіць нешта гераічнае, якую абломвае той жа самы страх (Юрый Урсо). Госці прыходзяць, глядзяць на нас, ацэньваюць. Пакідаюць кожны свае сляды, на першы погляд знакі любові і ўдзячнасці, але і гэтыя знакі потым пачынаюць нагадваць скурную высыпку, пакуль не праходзяць канчаткова (Воля Маслоўская). Падзеі праходзяць, сыходзяць госці, але працягваецца час у гэтым балотцы, які часам нагадвае рай (Валянціна Шахалевіч), запісваючы пылам і вільгаццю на пакінутых безгаспадарных прадметах свой бег — інфармацыю, якая нікому не патрэбная (Рома Аксёнов)”.

У 2019 годзе “сарайные” выставы ўвайшлі ў агляд часопіса Blok Magazine The Best and Worst of Art in Central Europe in 2019.

Цяпер Сарай знаходзіцца ў дрэнным стане. Яшчэ перад выставай “Арганічная праца” я надрукавала папярэджанне для гасцей: “Калі вы жадаеце ўвайсці ў Сарай, каб паглядзець творы, якія знаходзяцца ўнутры, гэта ваша асабістае рашэнне. Перш чым увайсці, пастаўце, калі ласка, тут свой подпіс, што азначае, што вы згодныя ўзяць на сябе гэтую адказнасць”. Ці будзе ён функцыянаваць далей як выставачная прастора, не ведаю. Ён павольна хіліцца і падае.

Калі спыняць яго падзенне ці неяк мадыфікаваць яго канструкцыю, трэба спачатку, калі ўдасца, надаць яму нейкі дакументальны статус, на цяперашні момант гэта тыповы “самазахоп”. І гэта не вельмі простая задача.

У любым выпадку, у бліжэйшы час гэтае збудаванне зменіць сваю форму, як мне падабаецца думаць пра памерлых.

[1] I Беларуска-польскі фестываль сучаснага мастацтва і фестываль “Border line” адбыліся ў Брэсце, “Апісанне аднаго месца”, “Inner Spaces” і “Alien Art” у Познані, фестываль “Рэальнасць гульні” быў запланаваны ў Бяла Падляску, але ў выніку з-за ціску беларускіх уладаў прайшоў анлайн. – Заў. рэд.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology