Прага зразумелай праўды

«World Press Photo 2012», Галерэя «Ў»

«World Press Photo 2012», Галерэя «Ў»

«World Press Photo 2012», Галерэя «Ў»

«World Press Photo 2012», Галерэя «Ў»

«World Press Photo 2012», Галерэя «Ў»

«World Press Photo 2012», Галерэя «Ў»

«World Press Photo 2012», Галерэя «Ў»

«World Press Photo 2012», Галерэя «Ў»

«World Press Photo 2012», Галерэя «Ў»

«World Press Photo 2012», Галерэя «Ў»

З кнігі водгукаў

«World Press Photo 2012», Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», Менск 10–24.12.2012

Не пасьпела выстава «World Press Photo 2012» адкрыцца, як у блогах ужо пачалі ўзьнікаць рознага кшталту пытаньні, адно зь якіх — а ці можна суаднесьці экспазыцыю выставы з мастацтвам дакумэнтальнай фатаграфіі, і калі раптам не, — то чаму такая выстава экспануецца ў галерэі сучаснага мастацтва?

Першая частка пытаньня — мастацкая вартасьць выставы — падаецца рэччу суб’ектыўнай. А калі ўзгадаць асноўныя крытэры дакумэнтальнай фатаграфіі — рэальнасьць зафіксаванай падзеі й функцыя дакумэнту, — увогуле вырашаецца сама сабой.

Тое, што ў дадзеным выпадку выклікае цікавасьць, — гэта вызначэньне дакумэнтальнай фатаграфіі ў розных моўных прасторах. Так, напрыклад, у расейскай Вікіпэдыі ставяцца акцэнты на ангажаванасьці сучаснай дакумэнтальнай фатаграфіі, ейнай суб’ектыўнасьці й на тым, што яна часта ёсьць «идеологическим или социально-критическим свидетельством описываемых явлений». Гэты сказ цалкам адсутнічае ў ангельскім артыкуле, што гаворыць, па-першае, пра тое, што ў глябальным асяродку сучаснае мастацтва ў прынцыпе з асьцярогай карыстаецца паняткам аб’ектыўнасьці (як гэта магчыма, калі ў любым выпадку ёсьць аўтар?). Па-другое, няма такой боязі перад сацыяльнай крытычнасьцю, бо менавіта гэты крытэр, падаецца, ёсьць галоўнай характарыстыкаю contemporary art, які такім чынам спрабуе адмежавацца ад масавага мастацтва.

Цікава таксама, што на постсавецкай прасторы ня толькі засяроджваюцца на ангажаванасьці (напрыклад, варта згадаць спрэчкі, якія разгарнуліся на photographer.ru пасьля «World Press Photo 2008», але і папракаюць сучасную прэс-фатаграфію ў «некой эстетской кровожадности».

Справа ня ў тым, што факт ангажаванасьці ці выкарыстаньня дакумэнтальнай фатаграфіі палітычнымі сіламі й СМІ як пэўнага інструмэнту прапаганды не абмяркоўваецца ў ЗША ці ў Заходняй Эўропе, напрыклад. Падаецца, што там гэта добра разумеюць. Але таксама разумеюць і тое, што супраціўляцца гэтаму працэсу, адмаўляючыся, напрыклад, ад прэс-фатаграфіі, бессэнсоўна.

Адказнасьць у дадзеным выпадку павінна ляжаць на саміх аўтарах і выданьнях, што з пэўнымі мэтамі друкуюць здымкі, якія вылучаюцца «эстетской кровожадностью».

Што тычыцца другой часткі пытаньня — адпаведнасьці галерэйнай прасторы такога кшталту выставам, як «World Press Photo», — яно, як аказалася, актуальнае й для міжнароднай арт-супольнасьці. Менавіта гэтай праблеме быў прысьвечаны «New York Photo Festival» у Брукліне, што адбыўся ў траўні гэтага году.

Сара Коўлмэн, амэрыканская рэдактарка й арт-журналістка, разважаючы пра бруклінскую выставу, у сваім артыкуле «Is it art? Documentary photography at the New York Photo Festival» закранула некалькі аспэктаў дакумэнтальнай фатаграфіі: пытаньне прасторы (калі здымак рабіўся дзеля інфармацыйных мэтаў, то як яго можна разьмяшчаць у галерэі, якая ня мае гэтага кантэксту?), напрыклад, ці выкарыстаньне сацыяльнай фатаграфіяй прыёмаў выяўленчага мастацтва, а таксама кантраст паміж беласьнежнымі сьценамі галерэі й жорсткім зьместам здымкаў і інш.

Не прыйшоўшы да пэўных высноваў, Сара Коўлмэн тым ня менш прызнае, што экспазыцыя «New York Photo Festival» выклікала асабіста ў яе шмат моцных перажываньняў. Арт-журналістка таксама прыводзіць словы Глена Руга, аднаго з куратараў, які адзначае вялікую цікавасьць з боку гледачоў менавіта да дакумэнтальнай часткі праекту.

Бясконцы шэраг наведвальнікаў характэрны й для выставы «World Press Photo 2012» у Галерэі «Ў». Увогуле за ўсе гады існаваньня галерэі цяжка ўзгадаць такую колькасьць людзей у залі. Такі попыт можна растлумачыць добрай рэклямай ці наогул папулярнасьцю фатаграфіі як жанру. Але, падаецца, гэта была б вельмі спрошчаная інтэрпрэтацыя, асабліва калі ўбачыць, як уважліва людзі разглядаюць кожны фотаздымак і колькі часу праводзяць на выставе.

Глен Руга, напрыклад, тлумачыць запатрабаванасьць сацыяльнай фатаграфіі тым, што ейная мова больш даступная для шырокай аўдыторыі, а мэсэдж ляжыць на паверхні, — у адрозьненьне ад канцэптуальнага мастацтва, дзе да сэнсу працы трэба прабірацца празь зьнешні слой.

Але, акрамя зразумеласьці мовы й зьместу, такую цікавасьць, а таксама тое натхненьне, якое зьяўляецца на тварах беларускіх гледачоў, асабліва моладзі, можна патлумачыць яшчэ й тым, што сёньня, калі адчуваецца вялізарны дэфіцыт ідэі зь вялікай літары з ідэаламі зь вялікай літары, натхняе й выклікае буру пачуцьцяў менавіта той акт (мастацтва), аўтар якога выпраўляецца ў самы гушчар самых страшных падзеяў, туды, дзе яшчэ ўсё зразумела (жыцьцё, сьмерць, справядлівасьць, гвалт і г. д.), дзе ён сам становіцца салдатам на вайне чалавечых пакутаў.

І, мажліва, менавіта гэта — магчымасьць спрычыніцца да найвялікшага канцэпту: паказваць людзям праўду, — так вабіць згаладнелых па простых рэчах людзей.

Мастацтва перастала быць вялікім. Эпоха, калі яно мела права гуляць у паралельныя мастацкія сфэры, напэўна, адыйшла назаўжды. Працам, якія ўяўляюць сабою гульню канцэптаў ці якія нарадзіліся ва ўтульных майстэрнях, перастаеш верыць. Сапраўдным мастацтвам бачыцца тое, дзе аўтар непасрэдна празь сябе прапускае боль і пакуты. Ён сам становіцца тым матэрыялам, хлебам, які потым будзе надкусваць глядач.

Гэтыя крывавыя, балючыя, жорсткія здымкі патрэбныя ня тым, хто на здымках, і нават не часопісам, каб павялічыць свой наклад (хаця, як адзначаюць куратары, знайсьці мэдыя для такіх працаў сёньня складана: які бізнэсовец захоча бачыць свой тавар сярод мерцьвякоў?).  Гэта патрэбна, у першую чаргу, тым, хто глядзіць на гэтыя працы й адчувае, як пад тоўстым слоем тлушчу варушыцца жыцьцё. Усё яшчэ варушыцца.

З інтэрвію з Андрэем Лянкевічам, беларускім каардынатарам «World Press Photo 2012»

Андрэй, як увогуле так здарылася, што «World Press Photo» нарэшце вырашылі прыехаць у Беларусь?

Андрэй Лянкевіч: Я не магу выступаць прадстаўніком «World Press Photo». Але ведаю, што на працягу апошніх пяці гадоў яны атрымоўвалі прапановы ад розных маладых людзей зь Беларусі, якія хацелі прывезьці сюды выставу. Гэта вельмі дорага, і зразумела, што ўнутры краіны такіх грошай няма. Такія выставы звычайна прывозяць вялізарныя інстытуцыі. «World Press Photo» ніколі не пагаджаюцца працаваць зь фізычнымі асобамі, гэта павінны быць ці дзяржаўныя інстытуцыі, ці буйная НДА. Наколькі мне вядома, паўгоду таму, пасьля нашых парлямэнцкіх выбараў, яны ўсё ж знайшлі рэсурсы й вырашылі прыехаць у Беларусь. Але, калі я пачаў займацца ўжо непасрэдна каардынацыяй праекту, упэўненасьці не было да апошняга моманту. Нарэшце выстава тут, яна працуе, дзякуючы ў тым ліку вялізарнай камандзе — групе валянтэраў, што разгружалі й вешалі фотаздымкі, нашаму дызайнэру. З плякатам выйшлі складанасьці, бо ў «World Press Photo» ўся друкаваная прадукцыя павінна быць вытрыманая ў адзіным стылі, а для кірыліцы патрэбнага шрыфту няма. Таму дызайнэрка падбірала некалькі варыянтаў, гэта ўсё афіцыйна зацьвярджалася «World Press Photo».

Ці былі нейкія праблемы на мытні? У гэтым пляне ў Беларусі таксама могуць быць нейкія неспадзяванкі.

А. Л.: Усё прайшло спакойна. Трэба ведаць, канешне, што такія працэдуры займаюць тры дні, і таму мы трохі хваляваліся. Але ўсе здымкі папярэдне былі раздрукаваныя, кожны можна было разгледзець.

Але якраз напярэдадні адбыліся гэтыя падзеі з кніжкамі «Беларускае прэс-фота», некалькі асобнікаў якіх затрымалі на мытні й спалілі.

А. Л.: На маю думку, тут вельмі вузка расказаная ўся гісторыя. Так, гэтыя 40 асобнікаў спалілі, але мы ведаем, што раней наклад гэтых каталёгаў — 500 ці 1000 асобнікаў — спакойна ўехаў у Беларусь, праз гэтую ж мяжу, з усімі паперамі. Прайшоў мытню й зараз спакойна прадаецца ў крамах гораду. Іншая гісторыя з гэтымі асобнікамі, якія арганізатары «Беларускага прэс-фота», вяртаючыся з фэстывалю ў Літве, везьлі з сабой. Я так разумею, што быў нейкі начальнік, які хацеў бачыць сытуацыю на крок наперад, яму падалося, што гэтыя кніжкі нясуць пагрозу, і ён вырашыў іх канфіскаваць. Але былі прэзэнтацыі, выстава, каталёг афіцыйна прадаецца — гэта таксама трэба ўзгадваць. Мне падаецца, прафэсіяналізм журналістаў у тым і палягае, каб распавядаць усю гісторыю.

У чым, на тваю думку, прычына такой цікавасьці беларусаў да выставы?

А. Л.: Я, вядома, магу сказаць, што была прафэсійна зроблена рэклямная кампанія: паўсюль у горадзе віселі афішы, на буйных беларускіх парталах былі зьмешчаныя анонсы й г. д. Але тут таксама ёсьць яшчэ адзін адказ: у людзей існуе вялізарны ўнутраны голад, яны прагнуць яскравай падзеі, эстэтыкі, прыгажосьці. Важна, вядома, таксама, што пра выставу зрабілі матэрыялы ўсе чатыры дзяржаўныя каналы, — і гэта дзіўна. Дзякуй журналістам, якія нэўтральна й аб’ектыўна распавялі пра праект, ніхто не зрабіў нейкіх акцэнтаў, спакойна разважалі й пра «арабскую вясну».

Вось дзе, на мой погляд, адказ на пытаньне, што такое Беларусь. Ты не заўсёды дакладна ведаеш, як будуць разьвівацца падзеі. Здавалася б, выстава можа ўспрымацца як небясьпека, бо там распавядаецца пра падзеі, зьвязаныя з рэвалюцыямі. Тым ня менш зацікаўленасьць выявілі ўсе дзяржаўныя мэдыя. Праўда, нідзе не гучыць назва Галерэі «Ў», таму людзям даводзіцца шукаць.

Ты адзначыў адну з прычынаў — прагу прыгажосьці. Але ў выпадку з «World Press Photo» — спэцыфічнай прыгажосьці. Бо ўсё ж на большасьці здымкаў паказваюцца боль і пакуты.

А. Л.: Калі я кажу пра прыгажосьць, у дадзеным выпадку маю на ўвазе, як зробленая экспазыцыя, як разьвешаныя працы, арганізаваныя падзеі вакол выставы й г. д. Што тычыцца зьместу здымкаў, — так, гэта не заўсёды прыемна бачыць.

Я разумею, чаму менавіта такі фокус абіраюць сучасныя дакумэнталісты. Сапраўды, калі ў мэдыя, інтэрнэце пануе зусім іншае: кветкі, коцікі, глямурныя жанчыны й мужчыны, — нейкім чынам патрэбна вярнуць чалавека да рэальнасьці. Але падаецца, што тыя, умоўна кажучы, супраць каго ці чаго скіраваная гэтая выстава, на яе ня прыйдуць: навошта ім страчваць свой унутраны камфорт?

А. Л.: Зноў высновы — але адкуль мы ведаем? Мы ж не пытаемся ў наведвальнікаў, зь якою мэтай яны прыходзяць. Я бачу вялікую колькасьць людзей рознага ўзросту. Прыходзяць у тым ліку мае знаёмыя са сваімі жонкамі, якія жывуць у сваім сьвеце й езьдзяць, напрыклад, у Вільню толькі на шопінг, ніколі не заяжджаючы ў гістарычны цэнтар. І гэтых розных людзей выстава натхняе, зьдзіўляе, выклікае эмоцыі. Яна не скіраваная супраць кагосьці, каб зламаць нейкія канструкты. Выстава ў тым выглядзе, у якім ёсьць, — гэта факт.

Сьвет, у якім мы жывем, збольшага такі, якім ён прадстаўлены на выставе, а ня ў стужцы нашых фрэндаў на facebook. Гэта тое, чым сёньня жывуць сусьветныя мэдыя, — у адрозьненьне ад беларускіх. Гэта такое акенца ў сьвет, зрэз найважнейшых падзеяў. Ці можам мы зьмяніць праз выставу сьвет, зьмяніць пэўны канструкт? Не, але мы можам паўплываць на некаторых людзей.

Таму прыходзьце на выставу, пакідайце свае водгукі. Цікава, што людзі пішуць абсалютна розныя рэчы. Нават адзін 6-гадовы хлопчык напісаў. Ёсьць у нас, вядома, абмежаваньні па ўзросьце, але, напэўна, ён быў з бацькамі й напісаў, што яму спадабалася, нават намаляваў тую выяву, якая кранула яго больш за ўсё.

Гутарыла Тацяна Арцімовіч

Фатаграфіі ©  pARTisan

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. Алесь:

    Выстава — супер. І Лянкевіч — суперадэкватны чувак.

  2. Юрась:

    выбачайце, канешне, але аргументы аўтаркі не пераконваюць. быў, паглядзеў, ну і? схадзіў і на экскурсію Марціновіча, ну і? так і не зразумеў сувязі фотаздымка з японкай і гісторыяй пра гейшу. вось дзе — пакажы што заўгодна, галоўнае — раскажы «фішку». а гэтыя натоўпы дакладна добры піар і ўсё. людзям цікава вось і ідуць. схадзілі, паглядзелі, а потым і сушы пад’елі.

  3. Ирина А.:

    Юрась, по поводу поесть суши я с вами согласна. Но об этом очень правильно, по-мойму, написал Андрей: не надо делать выводы. Поэтому, возможно, вас не тронуло, вам — мимо. А для кого-то жизнь перевернулась. Спасибо, Андрей. И за повод для дискуссий.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology