Вэрсія культуры

Андрэй Логінаў, Валеры Савульчык \ З сэрыі «Таямніца дзясятай плянэты», 2006

Андрэй Логінаў, Валеры Савульчык \ З сэрыі «Таямніца дзясятай плянэты», 2006

Андрэй Логінаў, Валеры Савульчык \ З сэрыі «Таямніца дзясятай плянэты», 2006

Андрэй Логінаў, Валеры Савульчык \ З сэрыі «Таямніца дзясятай плянэты», 2006

Андрэй Логінаў, Валеры Савульчык \ З сэрыі «Таямніца дзясятай плянэты», 2006

Архіў! © pARTisan #2’2004

Культура — гэта вэрсія. Балота й неба, Стоўнхэндж і калійная соль, тапінамбур і фінік, інкі й дакі, белсацрэалізм і панк, трансвэстыты й япі — усё існае мае сваю вэрсію. Незьлічоныя культуры-вэрсіі ўключаюць у сябе структуру й тэмпэратуру, лад і быт, традыцыю й ідэалёгію, эмоцыі й рацыі, у тым ліку й самое жыцьцё. Гэта ўсё — толькі часткі розных культураў-вэрсіяў. Кожны чалавек і кожны народ маюць сваю вэрсію ці нават некалькі вэрсіяў, што могуць спалучацца, а могуць і канфліктаваць між сабою. Да прыкладу, беларусы маюць некалькі вэрсіяў сябе — некалькі культураў рознага ўзроўню разьвітасьці й гармоніі.

Мая культура існуе датуль, дакуль я ствараю вэрсію майго існаваньня. І твая культура не прападзе, пакуль ты ствараеш вэрсію свайго існаваньня. Але мая культура ня зьнікне нават і тады, калі я перастану ствараць вэрсію майго жыцьця, але ты — будзеш ствараць вэрсію майго жыцьця. У гэтым сэнсе культура можа быць свая й чужая. Вэрсіі ўзьнікаюць, ствараюцца, падтрымваюцца, разьвіваюцца і зьнікаюць — альбо разам з жыцьцём, альбо выцесьненыя іншымі вэрсіямі. Нярэдка ўсчынаецца вайна вэрсіяў.

Дэмакратыя, дыктатура, спажывецтва могуць нейкім чынам уплываць на мастацтва, якое імкнецца пераказаць вэрсію ў фіксаваных мэтафарах, вобразах ці візіях. Але яны не ўплываюць на культуру. Можна прадаць на рынку вядро тапінамбуру альбо рассыпаць на дарозе кодаб фінікаў, перад тым забіўшы кіроўцу грузавіка. Але ад гэтага не перастануць існаваць культуры тапінамбуру й фініку. І нават вэрсія кіроўцы застанецца ў паліцэйскім пратаколе.

Вэрсіі існаваньня — жывыя, зьменлівыя, няспынныя. Яны спыняюцца толькі ў сваіх зьлепках — наскальным малюнку, першай мадэлі «Ford T» ці «Кароткім курсе гісторыі ВКПб». Вэрсіі — уяўляюцца, і таму яны ніколі не перастаюць множыцца, узаемапранікаць і змагацца. Прычым вынік непрадказальны. Нацыянальным спортам у самай хутарской нацыі Эўропы становіцца баскетбол, а нацыянальнай паэзіяй у самай бульбянай нацыі — бататныя хайку. Да таго ж кожная нацыя складаецца з сумы індывідаў, кожны зь якіх мае сваю вэрсію. А складзеная зь мільярдаў вэрсіяў Культура нашмат апярэджвае жыцьцё, бо яна — уяўленьне, якому няма межаў ані ў часе, ані ў прасторы.

Ці пагражае нам заняпад культуры або зьмяншэньне ейнае ролі? Гэта пытаньне заняпаду ці страты вэрсіі, а значыць, і сэнсу нашага існаваньня. Мы павінны ўсе разам цалкам страціць розум, але і ў гэтым выпадку няма гарантыі, што мы ня станем аб’ектам вэрсіі сябе, якую складуць нейкія пабочныя назіральнікі. Мы можам усе разам спыніць сваё існаваньне, але й тады з нашых сьлядоў ці нават толькі ўспаміну пра нас, ці наогул — з прыдумляньня нас — усё адно нехта складзе нашую сваю вэрсію. Таму культура практычна невынішчальная. І чалавецтва ня здольнае даць ёй рады гэтаксама, як дагэтуль няздольнае адказаць на больш простыя пытаньні — што такое розум і што такое жыцьцё?

Жыцьцё — толькі невялікая частка культуры, прычым ня самая важная. Разам з эвалюцыяй мы імкнемся разьвіваць і нашыя вэрсіі — дагэтуль надзвычай кволыя перад намі, як і мы перад імі. Мы схіляем галовы перад цудам узьдзеяньня на нас вэрсіяў Моцарта альбо Ван Гога. Мы ня ведаем мэханізму ўсьвядомленага тварэньня такіх цудаў, і мы ня ведаем, ці добра яны ўзьдзейнічаюць на нас, ці кепска.

У гэтым сэнсе мы — усё яшчэ першабытныя людзі. Нашыя вэрсіі — першабытныя. Нашая культура знаходзіцца толькі ў самым пачатку эвалюцыі — так мала яна чаго ведае і ўмее.

Прыходзіць час, і вэрсія перастае задавальняць нас. Але гэта ня значыць, што адпала патрэба ў вэрсіі. Наадварот, гэта магутны стымулятар для стварэньня новае вэрсіі, якая падалася б нам цікавай. Трэба сказаць, што заняпад культуры часта памылкова зьвязваюць з заняпадам мастацтва. Але й тут гаворка ідзе выключна пра форму — пра спосабы фіксацыі. Нас можа не задавальняць дызайн імбрыка, але гэта зусім ня значыць, што мы адмаўляемся піць гарбату. У такіх выпадках гаворка ідзе пра інфраструктуру, якая, нібы рыштаваньні, заўсёды часовая й патрабуе абнаўленьня. Што да зьместу, да вэрсіі, дык яна сама прамаўляе праз нас, і знайсьці ёй патрэбную візію — наш клопат, незалежна ад таго, ці працуем мы на бэтонамяшалцы, ці лепім скульптуры, сядзім у турме ці складаем замак зь піўных бляшанкаў, прыдумляем музыку ці ставім ногі на шырыню плеч. Наколькі мы цікавыя сьвету і самым сабе ў любой сваёй іпастасі, настолькі цікавая наша вэрсія існаваньня. Урэшце мы і прыходзім да такога ўнівэрсальнага разуменьня культуры як вэрсіі, якую прачытваем у самых розных фіксацыях.

Зусім неабавязкова быць мастаком, ці кампазытарам, ці пісьменьнікам, каб ствараць вэрсіі існаваньня. Прынамсі, ня больш абавязкова, чым прадаваць селядцы на рынку, альбо плаваць на байдарцы, альбо проста быць чалавекам з барадой. Сказаць, што выкананьне абрадавай песьні са сцэны — гэта культура — тое самае, што разглядаць жывую прыроду ў заапарку. Культ фіксаваных візіяў спакваля прывёў нас да прафанаваньня вэрсіяў.

Гэта праўда, што так званы прафэсійны творца становіцца закладнікам свайго прафэсіяналізму. Бо прыходзіць той час, калі козы на праспэкце Машэрава пачынаюць больш цешыць вока, чым вэрнісаж заслужанага жывапісца. Зрабіўшы турнэ па алімпах, мастацтва вернецца да свайго функцыянальнага пачатку — у сьвет бясконцых магчымасьцяў для стварэньня вэрсіяў існаваньня. Што да прафэсійнае прыналежнасьці мастака або літаратара, дык яна ня зьнікне, але непазьбежна стане ў адзін роўны шэраг з функцыямі цырульніка або стаматоляга, з характарыстыкамі тапінамбуру або фінікаў, зь візіяй неба альбо балота — усяго, што мае сваю вэрсію, гэта значыць — культуру.

Cяргей Дубавец

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкула выкарыстоўваньне аўтарскага візуальнага матэрыяла забароненае.


  1. Антон:

    Логинов и Вакульчик — супер!!!

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology