Мне ня вельмі ёмка вылучаць «Радыюс нуля» (завод «Гарызонт», Менск, сакавік), таму што я была адным зь ягоных арганізатараў, але падаецца, гэта сталася знакавай падзеяй ня толькі для беларускага арт-асяродку. Для Менску важна, што гэта адбылося ў гарадзкой прасторы й што гэта быў дасьледчы праект, якіх у нас дэфіцыт. Таксама гэты год запомніцца рознага кшталту адукацыйнымі праектамі — Школы фатаграфіі й Галерэі «Nova», Галерэі «Ў», праектамі «Арт-крытыка?», «Эўрапейскае кафэ».
У глябальным кантэксьце я б вылучыла выставу «Documenta» (Касэль, Нямеччына, чэрвень — верасень). Гэта такі зрэз таго, што адбываецца ў сьвеце: арабскія рэвалюцыі, памяць пра Другую сусьветную вайну, тэма культурнага аднаўленьня — што такое культура, і як з гэтым мастацтва можа працаваць.
Адзначу таксама падзеі вакол расейскай арт-групы «Pussy Riot», акцыя якіх выявіла тую кропку, дзе перасякаюцца мастацтва, соцыюм, палітыка. Узгадаю праект «Going public» (Клайпеда — Менск, чэрвень-кастрычнік), і можна нават сказаць, што якраз акцыя Міхаіла Гуліна аказалася самай удалай, таму што выявіла цяжкасьці публічнага выказваньня. Увогуле дзякуючы Лене Прэнц беларусы ў гэтым годзе ўдзельнічалі ў двух міжнародных праектах — «Going public» і «Europe (to the power of) n» («На Захадзе ад Усходу», Галерэя «Ў», Менск, верасень).