«Сольнік» Аляксандра Саладухі ў Палацы спорту

 

ПАВАЛ СЬВЯРДЛОЎ, журналіст

8 сакавіка, Палац спорту — другая па памеры канцэртная пляцоўка ў Менску. На трыбунах больш за 5 тысяч чалавек, сабраных татальным абзвонам сталічных прадпрыемстваў. Тэлефанаваў асабіста Аляксандар Саладуха. Не, я ня з тых, хто на халяву атрымаў квіток праз прафсаюз. Не, мяне не катавалі, каб я туды пайшоў. Я нават паважаю Аляксандра Антонавіча — ён чалавек бясконцай энэргіі, такія сярод беларусаў трапляюцца вельмі й вельмі рэдка. І мне было цікава, што на гэты раз артыст прапануе публіцы. Гэта было нешта сярэдняе паміж ранішнікам, клясычным савецкім вясельлем і творчым бэнэфісам у калгасным клюбе. Саладуха пад «мінус» сьпявае свае песьні-блізьняткі, запрашае на сцэну то старэйшых дзяцей (рэп-гурт «Элемэнт»), то малодшую Варвару (зараз ёй два годзікі) разам з жонкай. Жонка паведамляе гледачам, што жыве з каралём беларускай поп-музыкі, і дарыць каралю… майку.

Публіка ў экстазе. Кумір раз-пораз сьціпла просіць людзей узьняцца зь месцаў і патанчыць. Але падняць сракі з крэслаў удзячныя гледачы лянуюцца. А за тры песьні да заканчэньня й увогуле дружнымі шэрагамі рушаць у гардэроб, каб раней забраць футры й не стаяць у чарзе. Празь 10 хвілінаў, сыходзячы са сцэны, Аляксандар Саладуха прыгаворвае, быццам бы на кірмашы: «Да сустрэчы! Да сустрэчы! Да сустрэчы! Фае, фае. Кампакты, DVD, касэтачкі, фатаграфіі! Кампакты, DVD, касэтачкі, фатаграфіі».

Брыдка было, вельмі брыдка. Гэты канцэрт я не забуду ніколі.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology