Бурапенны год

СЯРГЕЙ ХАРЭЎСКІ, мастацтвазнаўца

Выстава «Мастак і Горад»

Мае асабістыя дасягненьні — атрымаў ад Адама Глобуса «Залатую літару» за сваю леташнюю кнігу пра мастакоў «Сто твораў ХХ стагодзьдзя», а пасярод лета сябры выдалі маю новую кнігу «ПраЧутае», таксама пра мастацтва й аб усім патроху. Наўрад ці я ўжо калі ўзаб’юся на такую вышыню. Папяровыя кнігі сталі ў наш час неактуальнымі.

Нечакана актуальным у гэтым годзе аказаўся найноўшы трэнд — мастацтва выйшла на вуліцы! У афіцыёзных і недзяржаўных мэдыях пачалі бурную дыскусію пра стрыт-арт, нефармальнае мастацтва, што спакваля заваявала сабе прастору на платах і мурах нашых гарадоў. Майстры стрыт-арту заявілі пра сябе ў 2012 годзе гучна й годна выхадам альманаху «SIGNAL».

125-годзьдзе з дня нараджэньня Марка Шагала прыцягнула да сябе, як мух на мёд, масу чынавенства й дзялкоў з розных сфэраў. Разам з тым, беларусы змаглі ўбачыць ягоныя графічныя творы на выставе «Марк Шагал: жыцьцё й каханьне», што былі прадстаўленыя Музэем Ізраілю ( Нацыянальны мастацкі музэй, Менск, лістапад-студзень). Таксама ў 2012 годзе ў Беларусь у музэйную калекцыю патрапіў першы арыгінальны, нетыражны твор Марка Шагала, які й быў прадстаўлены на цудоўнай выставе «Мастакі Парыскае школы»  ( Нацыянальны мастацкі музэй, Менск, лістапад-студзень). Ну й яшчэ больш гучна адбылася выстава рэпрадукцыяў карцінаў Марка Шагала «Мастак і Горад» ( плошча Якуба Коласа, Менск, чэрвень-ліпень). Неспадзяванкай году сталася шыкоўная выстава «Каралеўскія скарбы: эўрапейскія шэдэўры» зь лёнданскага Музэю Вікторыі й Альбэрта, што экспанавалася ўвадначасьсе ў Менску й Нясьвіжы (жнівень-лістапад).

З кіно мяне моцна ўзрушыла прэм’ера фільму рэжысэраў Вячаслава Ракіцкага й Андрэя Куцілы «Даволі! Да Волі…», які распавядае пра падзеі, што разгарнуліся ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, пра масавыя маніфэстацыі ды рэпрэсіі супраць іх удзельнікаў. А з тэатру — паказ спэктаклю «Міранда» літоўскага рэжысэра Оскараса Каршуноваса паводле Шэксьпіравае «Буры» на Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» (Менск, кастрычнік). Што тое кіно, што той спэктакаль — творы няпростыя й невясёлыя, мо таму мне іх цяжка забыць.

Як і ўвесь гэты бурапенны год.

Фатаграфіі © Алесь Матафонаў, з архіву Сяргея Харэўскага; Аляксандр Ждановіч, budzma.org


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology