Пад знакам літаратуры \ Выбух камунікацыяў \ Сайт «pARTisan»

АРТУР КЛІНАЎ, мастак, літаратар, рэдактар часопісу «pARTisan»

Прэзэнтацыя альбому «Беларускі авангард 1980-х»

Уручэньне прэміі Гедройца 2011

Міхаіл Гулін, «Рысь» \ «Палацавы комплекс», Гомель, 2012

Для мяне гэты год прайшоў пад знакам літаратуры, таму пачну менавіта зь яе. Галоўнай падзеяй гэтага літаратурнага году лічу зьяўленьне прэміі Гедройца. Бо беларускай літаратуры, відавочна, нестае рухавікоў, якія б штурхалі літаратурны працэс наперад. А гэтая прэмія якраз сталася адным з такіх мэханізмаў.

Для мяне асабіста гэты год быў вельмі прадуктыўным. Я падрыхтаваў да выданьня расейскія вэрсіі раманаў «Шалом» і «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца», якія зьявяцца ў маскоўскім выдавецтве «Ad Marginem» на пачатку наступнага году.

І галоўнае — я скончыў свой новы раман «Шклатара», які, спадзяюся, стане літаратурнай падзеяй будучага году.

Што тычыцца візуальнага мастацтва, тут я ня буду арыгінальным і адзначу праекты «Радыюс нуля» (завод «Гарызонт», Менск, сакавік)  і «Палацавы комплекс» (Палац Румянцавых і Паскевічаў, Гомель, травень — чэрвень). А таксама выбух камунікацыяў у беларускім арт-асяродку, які адбываўся на працягу году: такой колькасьці дыскусіяў, выступаў, лекцыяў па сучасным мастацтве ў Беларусі ніколі яшчэ не было. Таксама запомнілася прэзэнтацыя альбому «Беларускі авангард  1980-х», якая адбылася ў фармаце паці ў стылі 80-х у Галерэі «Ў» на пачатку году.

У тэатры хэдлайнэрам навінаў застаўся Свабодны тэатар. Але я б адзначыў таксама фэстываль «ТЭАРТ», які сапраўды становіцца своеасаблівым дысантам у Беларусь лепшых узораў сучаснага эўрапейскага тэатру.

У музыцы  адзначыў бы замежныя канцэрты «Ляпісаў». Але, шчыра кажучы, сытуацыя ў гэтай сфэры найбольш драматычная. Напрыклад, нядаўна даведаўся, што «Срэбнае вясельле» ня можа трапіць на беларускія фм-станцыі — маўляў, не фармат.

Але, калі фармат нашых станцыяў палягае ў адсутнасьці густу, зразумела, чаму часам, слухаючы ў машыне якую-небудзь фм-хвалю, хочацца адчыніць фортку й блевануць проста на дарогу.

У кіно я б адзначыў тэндэнцыю высьпяваньня альтэрнатывы. Прарыву ў гэтым годзе яшчэ не адбылося, але ў часы, калі тэхнічныя магчымасьці кінапрацэсу татальна дэмакратызуюцца, можна чакаць у пэрспэктыве зьяўленьня ў Беларусі цікавага малабюджэтнага аўтарскага кіно.

І яшчэ адной важнай для мяне — і спадзяюся, ня толькі — падзеяй сталася, вядома, зьяўленьне сайту partisanmag.by, які мусіць стаць адной з асноўных камунікацыйный пляцовак у беларускай сучаснай культуры. У свой час друкаваны «pARTisan» зьявіўся менавіта дзеля таго, каб закласьці той фундамэнт для камунікацыі ў сфэры культуры. І мне падаецца, шмат з таго, што мы маем сёньня (маю на ўвазе тыя ж дыскусіі й абмеркаваньні), — у тым ліку й заслуга «pARTisan’а», кожны нумар якога заўсёды адкрывала дыскусія на актуальную тэму. Так, зараз мы выйшлі ўжо ў публічную прастору, наш культурны асяродак перастае быць такім закрытым, як 10 гадоў таму. Мастакі, тэатралы, музыкі, літаратары пачынаюць ня толькі ведаць адзін аднаго, але рабіць сумесныя праекты. Гэта добры знак, і, я спадзяюся, для нашага культурнага поля толькі пачатак.

 Асноўная мэта сайту, у якога, вядома, больш магчымасьцяў для камунікацыі, які больш мабільны й зручны ў сёньняшнім айцішным сьвеце, — ня толькі рэагаваць на падзеі, інфармаваць пра іх. Але — даць магчымасьць выказвацца розным асобам, правакаваць дыскусіі, быць правадніком розных думак.

Таму — заставайцеся з «pARTisan’ам» і заставайцеся партызанамі. Сьвет і ягоныя ўмовы зьмяніліся, партызанская форма існаваньня зьмянілася таксама. Але сутнасьць партызанкі як спосабу захаваць сваю ўласную культурную аўтаномію засталася. Ідэальнага дасягнуць немагчыма, да яго можна толькі імкнуцца.

Фатаграфіі © budzma.org, Сяргей Ждановіч


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology