Ёзаф Бойс і браты Чэпмэны

 

ДЗЬМІТРЫ СТРОЦАЎ, паэт

Так атрымалася, што я трапіў на выставу «Ёзаф Бойс: Заклік да альтэрнатывы» (Дзяржаўны музэй сучаснага мастацтва, Масква, верасень-лістапад). Творчасьць Бойса я ведаю даўно, але ўжывую ягоныя працы ўбачыў упершыню, і гэта вельмі моцна паўплывала на мяне, пацьвердзіла тое, што я адчуваў і разумеў дагэтуль. Я ўбачыў тую мэтафізычнасьць, якая для мяне вельмі важная й якой мне часта нестае ў сучасным мастацтве. Ці яна вельмі глыбока схавана, ці ўвогуле ігнаруецца. А ў Бойса ўсё гэта прысутнічае.

А потым я наведаў выставу «Джэйк і Дынас Чэпмэны. Канец весялосьці» (Эрмітаж, Санкт-Пецярбург, кастрычнік-сьнежань). З аднаго боку, я быў уражаны матэрыялам. Справа ў тым, што ў дзяцінстве мы з маім старэйшым братам Міхаілам з плястыліну ляпілі розных чалавечкаў, з фанэры фармавалі такія выспы са скаламі, на якіх будавалі замкі. А тут я ўбачыў, што гэты прыём выкарыстоўваецца як мова высокага мастацтва. Да самога паведамленьня ў мяне стаўленьне не адназначнае. Напрыклад, графічныя лісты Чэпмэнаў — на іх яны апрацавалі сэрыю Гоі «Бедства вайны»: апранулі маскі  на твары герояў працаў Гоі. Такім чынам зрабілі абсалютна наадварот таму, што я раблю ў сваёй творчасьці, — яны абезасобілі ахвяраў. Мне падаецца, сучаснае мастацтва мае іншую магчымасьць: якраз вяртаць твар гарматнаму мясу. А Чэпмэны зрабілі акцэнт на тым, што перш, чым ахвяра будзе прынесеная, трэба ў грамадзкай сьвядомасьці яе абезасобіць. Прынамсі, мне такі падыход да праблемы дапамог сфармуляваць ідэю.

Фатаграфія © Станіслаў Львоўскі, паэт, Масква


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology