Самае важнае адбывалася на вуліцах

МАРЫНА НАПРУШКІНА, мастачка

«На захадзе ад усходу», фрагмэнт экспазыцыі

Сёлета, мабыць, самае важнае адбывалася на вуліцах, за сьценамі галерэй і музэяў. Таму мне былі цікавыя тыя выставы й праекты, якія ўздымалі лякальныя палітычныя праблемы й дасьледавалі, якім чынам мастацкія й актывісцкія практыкі могуць узаемадзейнічаць, уплываць на навакольную рэчаіснасьць, як яны могуць ня толькі супрацьстаяць сацыяльным і палітычным несправядлівасьцям, але і ствараць новае палітычнае поле. Такіх ініцыятываў сёлета было нямала. У некаторых зь іх мне пашчасьціла паўдзельнічаць.

Так, год пачаўся з адкрыцьця выставы ў Нью-Ёрку «Гук цішыні: мастацтва падчас дыктатуры» (сьнежань-сакавік), якую курыравала Вольга Капёнкіна. Самай вялікай падзеяй сталася для мяне 7-я Бэрлінская біенале (красавік-ліпень). Вельмі цікавы быў фармат фэсту-марафону «Steirischer Herbst» у Аўстрыі, дзе для абмену досьведам пад адным дахам сабраліся актывісты, мастакі, тэарэтыкі й філёзафы. Адзначу таксама выставу «Newtopia: The State of Human Rights» у Бэльгіі (куратар Катарына Грэгас) і праект «How much Fascism?», які прайшоў у Галяндыі (куратары — харвацкі калектыў WHW).

Гэтак жа важнаю для мяне была праца над праектам «Інстытут Будучыні» (сакавік-сьнежань, Менск). Дзякуючы гэтай праграме ў Менску правялі адукацыйныя лекцыі й воркшопы калектыў «ФНО» (Чапля й Глюкля), актывісты плятформы «Наркафобія» Аня Саранг і Аляксандар Дэльфінаў, чальцы групы «Верхатура й сябры», «Affinity art group», Тамара Злобіна, бішкекская каманда плятформы ШТАБ, Тацяна Мураўская, Стэфан Русу й іншыя.

Выстава «На захадзе ад усходу» (Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», Менск, верасень), праект «Going public» (Клайпеда — Менск, чэрвень-кастрычнік) пад куратарствам Лены Прэнц паслужылі добрай плятформай для падтрымкі й сувязей нашага нешматлікага, але вельмі рознабаковага мастацкага асяродку. Гэтак жа важнымі былі крытычныя абмеркаваньні, якія сталіся рэакцыяй на правядзеньне прадзяржаўнай Трыенале сучаснага мастацтва ў Менску. Паўстала таксама ініцыятыва «Новы рух».

Фатграфія © Alexander Delphinov


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology