Названыя намінанты на «Оскар»-2012

 

«Oscar Academy Awards»

Наомі Ўотс, намінацыя «Лепшая актрыса»

10 студзеня ў Лос-Анджэласе былі абвешчаныя намінанты на кінапрэмію «Оскар». Больш за ўсё згадак — 12 — атрымаў фільм Стывэна Сьпілбэрга «Лінкальн»; на другім месцы па колькасьці намінацыяў (11) апынулася «Жыцьцё Пі» Энга Лі.

У намінацыі «Лепшы фільм» прадстаўленыя, апроч дзьвюх названых стужак, «Каханьне» Міхаэля Ханэке, «Апэрацыя Арго» Бэна Афлека, «Адрынутыя» Тома Хупэра, «Джанга вызвалены» Квэнціна Таранціна, «Мой хлопец — псых» Дэвіда О. Расэла, «Мэта нумар адзін» Кэтрын Бігелоў і «Зьвяры дзікага поўдню» Бэна Зайтліна. У рэжысэрскай намінацыі прадстаўленыя Ханэке, Зайтлін, Лі, Сьпілбэрг і Расэл.

Узнагароду за лепшую жаночую ролю могуць атрымаць Джэсіка Чэстэйн («Мэта нумар адзін»), Квэнжанэ Ўоліс («Зьвяры дзікага поўдню»), Наомі Ўотс («Немагчымае»), Джэніфэр Лоўрэнс («Мой хлопец — псых») і Эмануэль Рыва («Каханьне»). Уоліс сталася самай юнай акторкай, намінаванай за галоўную ролю, за ўсю оскараўскую гісторыю: ёй 9 гадоў.

У аналягічнай мужчынскай намінацыі прадстаўленыя Брэдлі Купэр («Мой хлопец — псых»), Дэніэл Дэй-Люіс («Лінкальн»), Х’ю Джэкман («Адрынутыя»), Хаакін Фэнікс («Майстар») і Дэнзэл Вашынгтан («Экіпаж»).

За лепшую мужчынскую ролю другога пляну намінаваныя Крыстаф Вальц («Джанга вызвалены»), Робэрт дэ Ніра («Мой хлопец — псых»), Алан Аркін («Апэрацыя Арго»), Томі Лі Джонс («Лінкальн») і Філіп Сэймур Хофман («Майстар»). За жаночую — Салі Філд («Лінкальн»), Эн Хэтэўэй («Адрынутыя»), Хэлен Хант («Сурагат»), Джэкі Ўівэр («Мой хлопец — псых») і Эмі Адамс («Майстар»).

У катэгорыі поўнамэтражных мультфільмаў прадстаўленыя «Адважная сэрцам» (рэжысэры Марк Эндрус і Брэнда Чэпман), «Франкенвіні» (Тым Бёртан), «Паранарман, альбо Як прыручыць зомбі» (Сэм Фэл і Крыс Батлер), «Піраты! Банда няўдачнікаў» (Пітэр Лорд) і «Ральф» (Рыч Мур). «Белы тыгар» Карэна Шахназарава, які высоўвалі на «Оскар» ад Расеі, у шорт-ліст не патрапіў.

85-я цырымонія ўручэньня прэміяў Амэрыканскай кінаакадэміі пройдзе 24 лютага ў Лос-Анджэласе.

Крыніца \\ lenta.ru

Фатаграфіі © oscar.go.com


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology