«Ганна Карэніна»: Уронскі й трошачку нэрвы

«Ганна Карэніна», рэж. Джо Райт

«Ганна Карэніна», рэж. Джо Райт

«Ганна Карэніна», рэж. Джо Райт

«Ганна Карэніна», рэж. Джо Райт

«Ганна Карэніна», рэж. Джо Райт

«Ганна Карэніна», рэж. Джо Райт

У менскі пракат выйшла стужка паводле самага «рэйкавага» твору на сьвеце. І ў нас нарэшце захацелі наладзіць прэм’еру, ня горшую за сусьветную.

У цывілізаваным сьвеце прынята гучна адзначаць выхад чарговага кінамэгашэдэўру: касьцюмаваныя імпрэзы, шампанскае, прэса й усё такое. У сталічным кінатэатры «Цэнтральны» з нагоды доўгачаканай прэм’еры «Ганны Карэнінай» брытанца Джо Райта танчылі пад палянэз Міхала Клеафаса Агінскага «Разьвітаньне з Радзімай» і сьпявалі рускія рамансы, пілі шампанскае й дапытваліся ў актораў ды іншых славутасьцяў, што ж яны думаюць пра новы фільм з Кірай Найтлі.

А перад самым пачаткам паказу фільму ў залі нават разыгралі эпізод разьвітаньня Ўронскага й Карэнінай. Прычым наша Вераніка Пляшкевіч сыграла адчайную талстоўскую гераіню нічым ня горш за Кіру Найтлі.

Наватарскі для беларускіх шыротаў падыход да кінапрэм’ер радуе. Хаця й бачна, што ўсё яшчэ неадладжана. Бачна з дробязяў: за вечар я налічыла мінімум чатыры разьбітыя кубкі, напрыклад. Зрэшты, у гэтым ёсьць свая шчырасьць і прыгажосьць. Магчыма, калі ўсё ператворыцца ў кібэрдакладныя vip-прэзэнтацыі, то іх будуць папракаць у штучнасьці й запраграмаванасьці. Запомніце гэтыя словы. Але трошкі й пра сам фільм.

Гістэрычны, нэрвовы тэмпарытм карціны й ня менш «завадны» стыль гульні актораў, відаць, зьявіўся праз уяўленьне рэжысэра пра шырыню расейскай душы. Або гэта рэшткі задумы зрабіць з «Ганны Карэнінай» вадэвіль?

Усе ў фільме самі не свае, усе граюць пародыю на саміх сябе. Карэніна-Найтлі бегае цэлы фільм зь нейкімі незразумелымі пёрамі на галаве (ах, мода-мода!), яна ня жвавая клапатушка-мілашка, а нейкая амаль ракавая жанчына ў зародкавай стадыі нэрвовага зрыву. Уронскі Аарона Тэйлара-Джонсана зь белымі анёльскімі кудзерамі — быццам адна вялікая гіпэрбала, якая засталася ад героя Талстога. Пра Канстанціна Левіна я наогул маўчу. Хаця, тут варта аддаць належнае, сцэнарыст Том Стопард у прынцыпе перастварыў клясычных пэрсанажаў на свой капыл. І хаця, умоўна кажучы, у фільме сьпяваюць «Во поле березка стояла» з ангельскім акцэнтам, мы бачым і не ангельцаў, і не расейцаў. Гэта нейкі сынтэтычны жанр. Гэтыя пэрсанажы проста ўжо не належаць самі сабе.

Кардонавасьць, дэкаратыўнасьць жыцьцёвага ладу тых часоў, празьмерная тэатральнасьць, — чаму сьведчаньнем хаця б гэтыя балі-балі-балі! Усё жыцьцё ў тыя часы адбывалася на балях! Хаця, зрэшты, чым тыя часы адрозьніваюцца ад ГЭТЫХ, у якіх тусоўкі й vip-прэзэнтацыі?! Нават дэкарацыі й адсутнасьць здымкаў у рэальных месцах дзеяньня (акрамя эпізодаў на прыродных прасторах) працуюць на задуму рэжысэра. Ён вынес жыцьцё на тэатральную пляцоўку. Масквы й Пецярбургу няма, Карэніна й Уронскі — проста… акторы. Усе мы акторы ў нейкім сэнсе.

Таму я б сказала, што ў фільме Джо Райта — падвоеная тэатральнасьць. Яна пачынаецца рэжысэрскай задумаю, а завяршаецца гульнёй актораў. Праблема, напэўна, у тым, што яны занадта ўвайшлі ў ролю.

Самыя дапытлівыя розумы — прынамсі нешта такое мне ўзгадваецца — вычыталі ў рамане амаль паміж радкоў, што Карэніна была наркаманкай, опіюм паліла, ці што. У фільме мы бачым толькі, як Уронскі падсаджвае Ганну на морфій. Але й гэтага дастаткова, каб зразумець (хаця гучыць і цынічна), адкуль узяліся гістэрычнасьць і нэрвознасьць Ганны й чаму яе кідае з агня ды ў полымя, з крайнасьці ў крайнасьць. То яна жыць ня можа без свайго сына Сярожы (хаця і ў рамане, і ў фільме відаць, што маці зь яе ніякая), то яна хоча ўсё кінуць і стаць афіцыйнай каханкай Уронскага. То яна ненавідзіць свайго мужа (ён жа й муж дзяржаўны), то вымольвае ў яго прабачэньне. Маральны выбар, асуджэньне грамадзтва — вядома, нэрвы здаюць.

І быццам усё ўлічана, і ніводная лінія з талстоўскага твору ня зьнікла (Сьціва, прывітаньне! Здароў, Кіці са сваёй духоўнай эвалюцыяй!), усё настолькі якасна й празрыста, што прасьвечваюцца мэты й задачы й нават тое, што іх магло й ня быць. Але гэта ўсё ня важна, бо пошлы паралельны мантаж і абсалютна галівудзкі патас прымушаюць не прымаць такое кіно канчаткова й беспаваротна.

Нэрвовае каханьне, жарсьць Карэнінай да Ўронскага, ейная грэшнасьць падкрэсьлена супрацьпастаўляюцца рацыянальна дабрадзейнаму жыцьцю Левіна й Кіці. Мараль зразумелая, перамагае розум. Хаця потым аўтары спахопліваюцца й вуснамі простага левінскага батрака прамаўляюць: «А жонку, барын, ты сабе таксама розумам выбіраў?» У тым і справа.

Сьціва Аблонскі (пасьля ягонага зьяўленьня на экране ўсе літаральна хорам зашапталі «міхалкоў-міхалкоў-міхалкоў») вунь наогул імкнецца ўва ўсім слухацца сэрца. Ці нечага яшчэ, што адказвае за генэрацыю юру ў чалавечым арганізьме. Нават пасьля таго як Ганна вымаліла ў жонкі Сьцівы згоду дараваць яму здраду, ён застаецца «ўсё тым жа». І хіба толькі сьмерць Карэнінай прымушае яго задумацца й нэрвова пазіраць міма камэры, мяркуючы пра сваё. І хіба толькі самагубства Карэнінай спыняе гэты нэрвовы тэмп фільму з харэаграфічнымі нумарамі, гэты спэктакаль…

Ні ў якім разе не заяўляю: ах, што вы зрабілі з клясыкай, гэта ж клясыка! Наадварот, я за розныя інтэрпрэтацыі, трактоўкі, прачытаньні. Сама ня без граху, як той казаў. Але ўсё-ткі больш за ўсё плюшчыла мяне ад штучнасьці й плоскасьці таго, што адбывалася на экране. Нават пры ўмове, што гэта ў тым ліку стылістычныя хады рэжысэра і, ціпа, усё гэта ня проста так.

Штучнасьць штучнасьцю, але калі пачынаюцца перабор, пераігрываньне, а выканальніцу галоўнай ролі хлебам не кармі, а дай надзьмуць вусны перад камэрай, — я проста ня веру. Калі пачынаецца перабольшаная, амаль гістэрычная дэкаратыўнасьць, — я ня веру.

Скажу шчыра, «Ганну Карэніну» Талстога на памяць я ня ведаю. Чытала, вядома, даўно. Усіх нюансаў, натуральна, ня памятаю. Таму (і ня толькі таму) на першакрыніцу ня надта зважаю, і тым больш дарую Райту тое, што Карэніна ў яго хударлявая й вытанчаная, а ніякая ня мілая пампушачка, як задумаў Леў Мікалаевіч.

Фільм Джо Райта — у прынцыпе, абсалютна самастойны твор. А абвінавачваючы яго ў нейкай там неадпаведнасьці вялікай клясыцы, мы паводзім сябе акурат так, як грамадзтва ў фільме й у рамане паводзіць сябе ў дачыненьні да Ганны Карэнінай… Але рэч у тым, што й як да самастойнага кінэматаграфічнага твору ў мяне асабіста да стужкі Райта ёсьць пытаньні.

Фатаграфіі © ru.cinematoria.com

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. не-ўронскі:

    Пра банкет можна было падрабязней! Вось дзе было кіно. А наконт хударлявасці, дык, Вольга, ну ўявіце сабе пухлую гераіню? усё ж канон прыгажосці тады быў іншы, што Райт і добра мадэрнізаваў. Ва ўсялякім разе, я глядзеў і пашкадаваў, што не Ўронскі.

  2. не-каренина:

    Ну тогда, нужно вообще снять Каренину с Олимпа и признать, что Толстой написал уже тогда — мыло.

  3. zritel:

    Автор рецензии, объяните, пожалуйста, кто такой «Сьціва Ленскі», упоминаемый в вашей рецензии? Складывается впечатление, что вы не просто плохо помните роман, но в принципе путаете его с каким-то другим произведением. Подскажу: Ленский — это наверное из Пушкина? А у Толстого — наверное, все же, Облонский?

  4. рэдакцыя «pARTisan»:

    Дзякуй, zritel, за заўвагу. Выпраўляем у тым ліку і свой недагляд.

  5. Евгения:

    «Але рэч у тым, што й як да самастойнага кінэматаграфічнага твору ў мяне асабіста да стужкі Райта ёсьць пытаньні».
    Мне не понятно, какое право Вы имеете предъявлять к фильму какие то вопросы и писать, что это — самостоятельное произведение, если совершенно очевидно, что Вы совершенно не знаете текста романа и не можете сравнивать фильм и книгу? Вы не то, что «нюансов не помните», Вы не понимаете и не представляете себе ключевых эпизодов и даже не потрудились хоть просмотреть роман, перед тем как писать статью. Как вы можете что-то вообще сравнивать и интерпретировать? Какая наглость! «Самыя дапытлівыя розумы — прынамсі нешта такое мне ўзгадваецца — вычыталі ў рамане амаль паміж радкоў, што Карэніна была наркаманкай, опіюм паліла, ці што». Взяли бы и посмотрели в тексте, теперь все найти — одна секунда. И, потрясающее оправдание: «не першы тэкст аўтара за дзень».

  6. аўтар:

    сябры, вельмі радая, што тэкст (як і фільм) выклікаў такое палкае абмеркаванне!)
    дзякую таму, хто заўважыў ляп з аблонскім. бывае і такое. наогул, чаго толькі не бывае!
    а вось наўздагон нейкай заўвазе проста пераходзіць на асобу лічу некарэктным. калі некаму не падабаецца мой тэкст, чытаць і перачытваць яго нікога не прымушаю. гэта мае меркаване, мой, зрэшты, стыль. стыль, як правакацыя, якая, у прынцыпе, удалася. вось і ўсе.

Leave a Reply to аўтар


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology