15 студзеня — фотапраект Данілы Парнюка

Даніла Парнюк, «Праздник»

Даніла Парнюк, «Праздник»

Супольны праект галерэі сучаснага мастацтва «Ў» і галерэі візуальных мастацтваў «NOVA»

15 студзеня – 5 лютага 2013, галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37А, Менск)

«У цэнтры маёй зацікаўленасьці знаходзяцца людзі. Калі я хачу з дапамогай фатаграфіі распавесьці пра краіну ці горад, я фатаграфую людзей, падобных да гэтых месцаў. За кожным чалавекам стаіць гісторыя. Калі гісторыі розных людзей складаюцца ў адзін вялізны „пазл“, прыходзіць разуменьне невыпадковасьці ўсяго, што адбываецца.

У сэрыю „Праздник“ ўвайшлі фотаздымкі, зробленыя падчас масавага народнага гуляньня на Гомельшчыне непадалёк ад сяла Новыя Юркавічы ўлетку 2011 году. У народзе гэтае сьвята называюць „Тры сястры“. На гэтым месцы ўжо 30 зь лішкам гадоў традыцыйна зьбіраюцца больш за сотню тысячаў чалавек — прадстаўнікоў трох братніх народаў Беларусі, Украіны й Расеі».

Даніла Парнюк

Фотапраект «Праздник» Данілы Парнюка ўлучае ў сябе сэрыю фотаздымкаў, зробленых у 2011 годзе на працягу аднаго дня, праведзенага на традыцыйным штогадовым сьвяце трох братніх народаў на мяжы Беларусі, Украіны й Расеі, а таксама інтэрактыўную відэаінсталяцыю. Сэрыя фотаздымкаў зьявілася хутка, як гэта зазвычай бывае ў выпадку непасрэдных і ненаўмысных здымкаў падзеі, у эпіцэнтры якой апынуўся чалавек з фотакамэрай. Аднак у выстаўны праект дакумэнтальныя па сваёй прыродзе фотаздымкі пераўтварыліся не адразу. Спатрэбіўся не адзін месяц на асэнсаваньне таго, што ўсё ж такі зафіксаваў фатограф — сваё нэўтральнае стаўленьне да дзеі ці свой староньні погляд на тое, што адбываецца вакол яго.

Уладзімер Парфянок, куратар праекту

Адкрыцьцё 15 студзеня а 19-й гадзіне. Уваход вольны.

Падрабязьней:  novagallery.by


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology