22 студзеня — выстава Аляксея Жданава

Аляксей Жданаў, «Змрочная раніца», 1989

Аляксей Жданаў, «Землятрус», 1992

22 студзеня  а 19-й гадзіне ў Музэі сучаснага мастацтва (пр. Незалежнасьці, 47, Менск) адкрываецца выстава беларускага мастака Аляксея Жданава (1948–1993) «З жыцьця мутантаў, альбо Ўспаміны пра будучыню…» (з калекцыі сям’і й прыватных збораў). Выстава прысьвечаная 65-годзьдзю з дня нараджэньня мастака.

Аляксей Жданаў — мастак знакавы для свайго часу. Ягоная творчасьць ёсьць часткаю таго неафіцыйнага мастацтва пераломнага пэрыяду 1980–1990-х гг., якое сёньня ўсё часьцей называюць «беларускім авангардам».

«І тут я зноў чамусьці ўспомніў пахаваньне, цяпер ужо Жданава. Народу тады ў ягонай кватэры сабралося шмат: сябры, яго сяброўкі, прыхільнікі. Усе былі шакаваныя нават не самой ягонай сьмерцю: ён шмат піў, маючы слабое сэрца, таму яна была чаканай. Шакавала іншае — ейная недарэчнасьць. Аляксей піў з раніцы ў нейкім шалмане ў тым жа бараку, дзе жыў Кім. Потым ён заснуў за сталом. Побач стаяла выварка з кіслай капустай. Ён прыхінуўся да яе галавой, прыціснуў краем шыю й задыхнуўся ў сьне. 

Я памятаю, як у ягоную кватэру прыходзілі ўсё новыя людзі. Яны падыходзілі да труны, ля якой, не адрываючы вачэй, сядзела ў чорным яго раздушаная горам маці, потым выходзілі на кухню, выпівалі гарэлкі й ішлі моўчкі паліць у пад’езд. На наступны дзень пасьля пахаваньня ўсе зноў сабраліся ў ягонай кватэры на памінкі. Спачатку ціха сядзелі й пілі. Але раптам, пасьля нейкай чаркі, усіх апанавала вар’яцкая весялосьць: разам загаманілі, пачуўся сьмех, яго станавілася ўсё болей. Праз гадзіну-паўтары ўсе разьехаліся весяліцца ў іншыя месцы, нібы нічога не было, а калі й было, то лепш хутчэй забыцца». 

З раману Артура Клінава «Шклатара»

29 студзеня а 17-й гадзіне ў межах выставы адбудзецца вечарына памяці Аляксея Жданава.

Выстава працуе да 2 лютага.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology