У Гомлі адбылася лекцыя пра вулічнае мастацтва

Настольная гульня ад «Партызанінг»

Праца вулічнага мастака Спай

Як паведамляе інфармацыйная кампанія БелаПАН, 17 студзеня ў Гомлі прайшла адкрытая лекцыя «Партызанінг: тактыкі стрыт-арту для паляпшэньня гораду». Мерапрыемства арганізавалі беларуская супольнасьць SIGNAL пры падтрымцы ініцыятывы «Гомельскі дэмакратычны форум» і маладзёвага клюбу «Цывілізацыя» (Гомель).

Вядомы расейскі вулічны мастак і лідэр руху «Партызанінг» Ігар Паносаў прадставіў свой праект як «пераасэнсаваньне вулічнага мастацтва», якое «заўсёды знаходзіць новыя сэнсы», кропкі ўзаемадзеяньня з грамадзянамі й уладамі для паляпшэньня гарадзкога асяродзьдзя.

Рух «Партызанінг» узьнік каля году таму ў Маскве. Ягонаю мэтаю ёсьць зьмяненьне гарадзкога асяродзьдзя пры дапамозе тактык вулічнага мастацтва. Ігар Паносаў распавёў гамяльчанам пра маскоўскі акцыянізм і пэрформансы 1990-х гадоў, сучасныя стрыт-арт-тактыкі, манстрацыі. «Усе гэтыя прыклады — адзін са шляхоў ня толькі мастацкага самавыяўленьня, але і абазначэньня вострых тэмаў у соцыюме», — заўважыў мастак.

Рух, паводле ягоных словаў, мае тры аспэкты: камунікацыйная творчасьць (максымальнае ўцягваньне людзей не як гледачоў, а як паўнавартасных удзельнікаў), прыручэньне вуліцаў (асабістая прастора людзей не абмяжоўваецца кватэрай), самавольны рамонт («Ня трэба ныць — вазьмі й зрабі!» ).

Актывісты «Партызанінгу» заклікаюць ставіцца да гораду як да свайго дому, самавольна рамантаваць і адамашніваць гарадзкія аб’екты. Мэтай партызанінгу ёсьць не вырашэньне ўсіх праблемаў гораду, а выяўленьне іх і прапанова рашэньняў.

На лекцыі прысутнічала каля 50 гамяльчан. Іх цікавіла, ці мелі «маскоўскія партызаны» праблемы з уладамі ў выніку сваіх акцыяў, ці натхніў Гомель вулічнага мастака на нейкія праекты, ці можна зарабляць стрыт-артам.

Фатаграфіі © partizaning.org

Крыніца \ naviny.by.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology