«Свабодны тэатар» на Мангэтане

«Ліст для Кэці Акер: Менск 2011»

«Ліст для Кэці Акер: Менск 2011»

«Ліст для Кэці Акер: Менск 2011», на здымку Яна Русакевіч

«Гэта адна з найбольш яскравых і вынаходлівых падпольных трупаў на гэтай плянэце», — так пра беларускі «Свабодны тэатар» напісаў Бэн Брэнтлі, галоўны тэатральны крытык «The New York Times».

Ухвальны артыкул Брэнтлі ў вядучай амэрыканскай газэце зьявіўся ў сувязі са спэктаклем «Менск 2011», які «Свабодны тэатар» пакажа на сцэне Public Theater у Нью-Ёрку (425 Lafayette Street, East Village) 18, 19 і 20 студзеня.

Сярод іншага Бэн Брэнтлі адзначыў:

«Нешта містычнае — сцэна, якая выклікае і страх, і подзіў — прабіваецца пад канец «Менску 2011», прыгожага й брутальнага спэктаклю, пастаўленага беларускім «Свабодным тэатрам». Як шмат іншых уражальных эфэктаў у тэатры, і гэты дасягаецца пры дапамозе вельмі простых сродкаў: чорнага атраманту, доўгага рулёну бурай паперы й аголенай жанчыны.

Гэта гучыць як пачатак анэкдоту, праўда? Але назваць анэкдатычным тое, што адбываецца ў гэтай сцэне, мы можам толькі ў касьмічным сэнсе — часам можна пабачыць такое ў сцэнах, якія адлюстроўваюць помсту або адплату. Безумоўна, усё, што нам паказваюць, трэба ўспрымаць як мэтафару, але гэта такая мэтафара, якую адчуваеце сваім нутром, якая ўбівае свае кіпцюры ў вашае ўяўленьне й пакідае ў ім шнары…

Поўны загаловак гэтага спэктаклю, які будзе паказаны ў межах фэстывалю «Under the Radar» на сцэне Public Theater, гучыць: «Менск 2011. Ліст для Кэці Акер». Як і кніжка Кэці Акер «Нью-Ёрк 1979», спэктакаль «Менск 2011» зьяўляецца партрэтам мэтраполіі, убачаным праз прызму яе сэксуальнага жыцьця.

Сэкс, паказаны некалькі разоў у гэтым спэктаклі (які ідзе з тытрамі), не выклікае эратычнага ўзбуджэньня. Зразумела, што й згаданая мною сцэна ня мае ў сабе шмат эратычнага, хоць цэнтральнай фігурай у ёй ёсьць прыгожая голая жанчына (Яна Русакевіч).

У маналёгу, напісаным Наталяй Калядой і Мікалаем Халезіным, мастацкімі кіраўнікамі трупы, спадарыня Русакевіч апісвае эпізод з жыцьця дзяўчыны-падлетка, якую арыштавалі міліцыянты, узялі адбіткі пальцаў і пазьдзекаваліся зь яе. Калі акторка гаворыць, іншыя акторы пакрываюць яе цела атрамантам, а потым кладуць яе на доўгі аркуш паперы, разасланы на падлозе. Потым цесна абвіваюць ейнае цела гэтай паперай, робячы з жанчыны нешта накшталт кукалкі ў кокане.

Жанчына працягвае гаварыць, а ейная галава прабіваецца праз папяровы кокан. Зрок у яе пусты, выгляд — небясьпечны. У руцэ жанчыны бізун, зь якім яна пачынае люта кідацца па сцэне ўва ўсе бакі. «Паслухай, як сьвішча бізун, і зразумей, — кажа яна. — Гэта тая дзяўчына. Яна вырасла. Гэта Менск».

Гэтая адначасова паэтычная й грубая сцэна нараджэньня пачвары, пакліканай да жыцьця гвалтам і рэпрэсіямі, — мабыць, найбольш жорсткі момант ува ўсім спэктаклі, хоць жорсткасьці поўна й у іншых сцэнах. Спэктакаль, задуманы й пастаўлены Ўладзімерам Шчэрбанем, зьяўляецца шурпатай мазаікай эпізодаў, якія адлюстроўваюць сьвет, дзе гвалт вымушае маўчаць, а сэкс і прыемнасьць толькі зрэдку азначаюць адно й тое ж».

У спэктаклі, як адзначае амэрыканская газэта, акторы гавораць па-расейску й па-беларуску.

Фатаграфіі © Мікалая Халезіна

Крыніца \ svaboda.org


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology