Свабода, якая выбілася з-пад кантролю

«Джанга вызвалены», рэж. К.Таранціна

«Джанга вызвалены», рэж. К.Таранціна

«Джанга вызвалены», рэж. К.Таранціна

«Джанга вызвалены», рэж. К.Таранціна

«Джанга вызвалены», рэж. К.Таранціна

У Квэнціна Таранціна кожны фільм — такая сабе сінефільская штучка.

Ён ніколі не забываецца ўключыць у сцэнар флёр Бадзі Холі або атмасфэру «Таксіста» Марціна Скарсэзэ, старую добрую кантры-музыку з сваёй уласнай калекцыі або самога сябе, у ролі якога-небудзь тыпажнага недарэкі.

Вось і ў сваёй новай стужцы «Джанга вызвалены» Таранціна не ўтрымаўся й такі зьявіўся напрыканцы фільму ўласнаю пэрсонай. Праўда, ненадоўга. Каб эфэктна ўзарваць сябе на дынаміце рукамі галоўнага героя «нігера», былога чорнага раба Джанга (Джэймі Фокс). Тут можна ўзгадаць пра «сьмерць аўтара» й правесьці ланцужок цікавых асацыяцыяў.

Але ж галоўным для спадара рэжысэра ўсё адно заўжды застаецца адно — распавесьці Гісторыю. Сваю Альтэрнатыўную Гісторыю. І не заўжды важна, пра што. Важна — як. Хаця й не заўжды.

Гэтым разам Квэнцін Таранціна адпраўляе нас ажно на поўдзень Амэрыкі ў 1858 год, калі яшчэ гандлююць рабамі й засталося 3 гады да вызваленчай Грамадзянскай вайны. Паляўнічы на галовы Шульц (Крыстаф Вальц), гаварлівы, мілы й часам невыносна дасьціпны былы дантыст, купляе, калі можна так сказаць (таму што працэс пакупкі больш падобны на жорсткі шантаж), раба па імені Джанга ў нейкіх двух братоў — гандляроў рабамі. Узамен на тое, што Джанга пакажа людзей, якіх шукае Шульц, гаспадар абяцае яму свабоду. Вядома, Джанга пагаджаецца.

І панеслася ў тэмпе ракабілі. Шульц і Джанга забіваюць тых, каго шукалі, Джанга атрымлівае свабоду й становіцца напарнікам дантыста Шульца. Тут пачынаецца самае цікавае. Аказваецца, у Джанга ёсьць свае матывы. Яму патрэбна вызваліць жонку Брумгільду (Кэры Вашынгтан). І тут, вядома, Шульц (чытай: Таранціна) не ўтрымліваецца й распавядае невуку Джанга легенду пра Брумгільду й Зыгфрыда.

Фільм набывае новыя канатацыі. Белы Шульц становіцца сябрам, дарадцам і настаўнікам былога раба Джанга. І Джанга спачатку не разумее, у чым цымус, але і ён, навучаны дантыстам, напрыканцы фільму сьцяміць, што перамагаць можна дзякуючы ня толькі моцы рук, але і сіле розуму й досьціпу.

Карацей, дрэнны той вучань, які не перасягне свайго настаўніка. І навошта тая свабода, калі ў яе ёсьць межы… Джанга (чытай: Таранціна) сьцірае ўсе межы.

І ня важна, што кожны рэжысэр усё жыцьцё здымае адзін і той жа фільм. Квэнцін Таранціна хоць і паўтарае з размахам уласныя старыя трукі, але ўсё-ткі надае ім новае аблічча. Ягоны «Джанга» — тыповы постмадэрнісцкі фільм. Наогул, Таранціна — рэжысэр Вечнага Постмадэрнізму. Хаця, зрэшты, гэты тэрмін можна замяніць якім заўгодна больш прасунутым: постпостмадэрнізм, напрыклад, або прота-што-небудзь. Ну калі ў папулярнай форме распавядаюць пра сур’ёзныя рэчы й кожны счытвае свае коды ў залежнасьці ад схільнасьцяў і культурнага багажу.

Таранціна гуляе з намі ў сэнсы й тлумачэньні, практыкуецца ў жанрах і стылях. Адным словам, бясконца цытуе.

І, у прынцыпе, робіць гэта даволі захапляльна. Так, што й у залі гучаць аплядысмэнты падчас сустрэчы Джанга з прыгажуняй Брумгільдай, якая ляскаецца аб падлогу, страчваючы прытомнасьць, а Шульц не вытрымлівае й гаворыць напарніку: «Ды ты —  проста саладкамоўны д’ябал!» І дыялёгі пэрсанажаў можна расьцягаць на цытаты, што ўжо й зрабілі заўзятары касавых фільмаў. І крытыкі задаволеныя, усё-ткі фільм Таранціна — рэмэйк спагеці-вэстэрну Сэрджа Карбучы, а тэмы свабоды, вызваленьня, настаўнікаў і вучняў, чорных і белых асабліва актуальная на фоне пераабраньня на другі тэрмін Барака Абамы…

Тут яшчэ й Зыгфрыд з Брумгільдаю, і цудоўны саўндтрэк. І намінацыяў на «Оскар» у стужкі ажно пяць. І Леанарда Ды Капрыё, які выконвае ролю рабаўладальніка Кэлвіна Кэндзі, прыемна зьдзіўляе. Высьвятляецца, ён можа яшчэ й вось так згуляць: ня стрымліваючы расісцкага гневу.

Праўда, Таранціна давялося папацець, каб пераканаць актора быць асабліва бязьлітасным. І Сэмюэл Л. Джэксан у ролі лёкая Кэлвіна Стывена выглядае нечакана. Усё ж мы прывыклі да больш самаўпэўненага вобразу актора. Хаця, зрэшты, тут прысутнічаюць свая самаўпэўненасьць — унутраная — і нават свой падтэкст: Стывен аказваецца больш кемлівым, чым ягоны гаспадар, і (як кожны «нігер» у фільме Таранціна) сьвядома або несьвядома ўсё адно тайна марыць пра ўладу й свабоду.

Раней рэжысэр толькі гуляў у жанравае кіно. Пазычаючы, напаўпарадуючы й даводзячы да абсурду прыёмчыкі з фільмаў нуар, вэстэрнаў, трылераў і нават кітайскага фэнтэзі, застаючыся прадстаўніком амэрыканскага незалежнага кінэматографу.

Цяпер Таранціна так напрактыкаваўся, што пры ўсёй нелінейнасьці аповеду «Джанга» — напэўна, больш жанравы, яшчэ больш жанравы фільм. Але ня меней амэрыканскі й незалежны.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. Евгения:

    Абсолютно поверхностый взгляд на Тарантино. Что значит, не важно о чем? Хорошо взять и спрятаться за «постмодернизм» вообще. В чем он выражается? Или — «независимый» и «американский». Вот и получается, прочитал, а — о чем?

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology