Пра тэатральную адукацыю: Акадэмія ў руінах (mp3)

Сяргей Шабохін, сэрыя «І не застанецца нічога» \ 2009

Сяргей Шабохін, сэрыя «І не застанецца нічога» \ 2009

Сяргей Шабохін, сэрыя «І не застанецца нічога» \ 2009

Сяргей Шабохін, сэрыя «І не застанецца нічога» \ 2009

23 студзеня ў Галерэі «Ў» адбылася дыскусія «Акторская школа: прафэсійная адукацыя й сучасны тэатар», якую зладзіў партал пра сучасны беларускі тэатар «Art Aktivist / Theatre».  

У дыскусіі прынялі ўдзел: Віталь Катавіцкі (рэжысэр, дацэнт катэдры рэжысуры БДАМ); Яўген Карняг (рэжысэр, мастацкі кіраўнік «KorniagTHEATRE», выкладчык катэдры майстэрства актора БДАМ); Кацярына Аверкава (рэжысэрка); Вольга Скварцова (акторка, харэограф, мастацкі кіраўнік тэатру танцу «Skvo’s Dance Company»); Вячаслаў Сашчэка (дацэнт катэдры тэатральнай творчасьці БДУКіМ); Андрэй Саўчанка (галоўны рэжысэр тэатру «Кампанія», выкладчык акторскага майстэрства). Мадэратар — Сьвятлана Ўланоўская. Таксама адбыўся паказ дакумэнтальнага фільму Тані Сяцко «Ня веру», у якім студэнты й ужо выпускнікі тэатральнага факультэту распавялі пра свае ўражаньні ад навучаньня ў Акадэміі.

Амаль усе прысутныя пагадзіліся з тым, пра што гаварылі героі фільму Тані Сяцко, якія сярод асноўных праблемаў тэатральнае адукацыі назвалі адсутнасьць пэўнай мэтодыкі (школы), некампэтэнтнасьць выкладчыкаў, незапатрабаванасьць выпускнікоў у тэатрах, зьневажальна нізкія заробкі, якія вымушаюць мяняць прафэсію. Але галоўнае, што неаднаразова адзначылі ўсе выступоўцы, — абсалютная састарэласьць той мэтодыкі, па якой да гэтай пары выкладаюць у Акадэміі (узгадвалі 1950-я, 1930-я гады, нават канец ХІХ стагодзьдзя), а таксама дэфіцыт прафэсійных выкладчыкаў амаль на ўсіх катэдрах.

Нягледзячы на шчырасьць і зацікаўленасьць усіх прысутных у тым, каб нейкім чынам мяняць сытуацыю ў тэатральнай адукацыі Беларусі, на жаль, дыскусія не змагла стаць той пляцоўкаю, на якой праблемы былі б ня толькі вызначаныя, хаця й гэта вельмі важна, бо, магчыма, ўпершыню так адкрыта прагучалі пэўныя факты.

Але — ня ўзьнікла пэрспэктывы вырашэньня гэтых праблемаў, не былі знойдзеныя ці хаця б сфармуляваныя (акрамя «бегчы адсюль!») магчымыя варыянты пераадоленьня хібаў тэатральнае адукацыі.

Дарэчы, менавіта за апошнім, як падаецца, і прыйшла большая частка моладзі, магчыма, цяперашнія студэнты ці абітурыенты. Таму абсалютна натуральна напрыканцы прагучала іх разгубленае пытаньне: «Дык і што рабіць?», якое так і засталося без адказу. Прагучала думка аб стварэньні альтэрнатыўнай тэатральнай супольнасьці, але, відавочна, для вырашэньня праблемы тэатральнае адукацыі ў Беларусі гэтага недастаткова.

Магчыма, гэтая сустрэча — толькі пачатак працы над дадзенаю праблемай. Зразумела, акрамя салідарных павінны прысутнічаць і тыя, хто павінен адказваць на прэтэнзіі, а таксама ў стане прымаць пэўныя рашэньні.

Таксама было б добра, каб у гэткіх сустрэчах бралі ўдзел адмыслоўцы з іншых сацыягуманітарных сфэраў. Магчыма, іхная прысутнасьць, а таксама погляд з боку дазволілі б па-іншаму паглядзець на праблему й зрабіць абмеркаваньне больш канструктыўным.

Фрагмэнты дыскусіі. Выступаюць Віталь Катавіцкі, Вячаслаў Сашчэка, Яўген Карняг, Кацярына Аверкава, Вольга Скварцова.

Фатаграфіі © Сяргей Шабохін, пэрсанальная старонка мастака. 


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology