Game is NOT over!

«…Пасьля», рэж. В.Іназемцаў

«…Пасьля», рэж. В.Іназемцаў

«…Пасьля», рэж. В.Іназемцаў

«…Пасьля», рэж. В.Іназемцаў

«…Пасьля», рэж. В.Іназемцаў

«…Пасьля», рэж. В.Іназемцаў

«…Пасьля», рэж. В.Іназемцаў

«…Пасьля», рэж. В.Іназемцаў

«…Пасьля», рэж. В.Іназемцаў

«…Пасьля», рэж. В.Іназемцаў

© pARTisan #13’2011

«…Пасьля» (рэальнае шоў для тэатра ў адной дзеі)
Аўтар і рэжысэр — Вячаслаў Іназемцаў.
Аўтар музыкі — Віталь Артыст (гурт «beZ bileta»).
Відэаарт — Мацьвей Сабураў.
Ролі выконваюць: Сьвятлана Белавусава, Сьвятлана Касенка, Дзьмітры Скачкоў, Міхаіл Умпіровіч, Вячаслаў Іназемцаў, Сяргей Масько, Кацярына Дземчанка, а таксама студыйцы тэатру.
Прэм’ера адбылася 30 красавіка 2006 года.


Запоўненая клубамі дыму пустэльная прастора. Самотная містычная постаць у балахоне застыла ў малітоўнай цішыні. З поліэтыленавай жывой масы аддзяляецца «немаўля», яго быццам бы выпхнулі вонкі. Аголенае й безабароннае, яно асьцярожна выпроствае сваё зморшчанае цела. Ягоныя ступні нясьмела мацаюць паверхню. «Немаўля» запальвае паходню — водбліскі полымя сьлізгаюць па халодных сьценах «пячоры»… Што здарылася? Дзе я? Хто я?.. Полымя «выбухае». Стоп! Апускаецца пажарная заслона. «Немаўля» разгублена топчацца на месцы. Паміж ім і гледачом узьнікае глухая жалезная сьцяна. Яно застаецца там, мы апынаемся тут.

Асоба й сыстэма — асоба, якая супрацьстаіць ці падпарадкоўваецца сыстэме, сыстэма, што стварае ці пажырае сваіх дзяцей, — гэта тэма, якая ў розных варыяцыях узьнікае амаль у кожным спэктаклі плястычнага тэатру «ІнЖэст». Гэта натуральна, таму што «ІнЖэст» (ці раней «Жэст») паўстаў на пачатку 1980-х як форма непаслушэнства, пратэсту супраць тагачаснай сыстэмы. Гульня й карнавал як спосабы ажыўленьнямёртвых «рытуалаў» сталі асноўнымі арыентырамі для гэтай тэатральнай трупы.

«…Мне ніколі не падабаліся пафас і афіцыёз савецкай рэчаіснасьці, проста да нейкага фізычнага непрыйманьня, да зубнога болю. «Рытуальная» форма камуністычных зьездаў, сама лексыка — зразумела, гэта быў «вялікі» стыль, — але мяне ўсё гэта прыводзіла ў жах. Мы вырасьлі на гэтым непрыйманьні. Выходзіш са школы, чырвоны гальштук у кішэнь — і становісься звычайным падлеткам». З інтэрвію з Вячаславам Іназемцавым.

Гэты «супраціў» працягваецца й дасюль. Ня толькі таму што сыстэма, прыстасаваўшыся да новага жыцьця, пасьпяхова працягвае сваё існаваньне. «Немаўля» пасталела й заўважыла, што сыстэма ў прынцыпе ляжыць у аснове матэрыяльнага быцьця. Быць у ёй — галоўнае правіла «гульні». Сыстэма можа быць відавочнай, у такім выпадку яе лёгка апазнаць і нават пераадолець (форма ўлады як сыстэма, грамадзтва як сыстэма і г. д.).

Але аднойчы заўважаеш іншую, нябачную ейную форму. Цялеснасьць чалавека таксама ёсьць сыстэмай. Цела абмяжоўвае свабоду асобы, дыктуе жаданьні й кіруе воляй. У такім разе што я й дзеля чаго я? Дзеля цішыні, якая будзе далей? З шэрагу бясконцых пытаньняў — палітычных, сацыяльных, філязофскіх, рэлігійных — «вытканы» спэктакаль «…Пасьля». Нягледзячы на ўсю сур’ёзнасьць гісторыі, гледача чакае ня драма — спэктакаль заяўлены як «рэальнае шоў».

Пажарная заслона жорстка спыняе бяскрыўднае «дзейства» нараджэньня «немаўляці». Сцэнічная прастора застаецца «па той бок» жалезнай сьцяны. Публіка не разумее: сапраўды пажар (паўза зацягнулася, ідзе дым) ці заплянаваная частка шоў? Чуюцца нараканьні й сьмешкі. Абураныя гледачы ўстаюць са сваіх месцаў і зьбіраюцца пакінуць залю. Але — дарэмна: дзьверы аказваюцца замкнёнымі.

Людзі стукаюцца ў іх, шалёна мітусяцца ад адных дзьвярэй да іншых. Паніка нарастае. На жалезнай заслоне зьяўляецца дзіўнае мігценьне. «Бунтары» асьцярожна падымаюцца на прасцэніюм: сьцяна прыцягвае іх, як магніт. Яны дакранаюцца да яе й раптам прыліпаюць, цалкам трапляючы да яе ў палон. «Разьмеркаваньне» роляў ажыцьцявілася: гэтыя людзі — «Абраныя», удзельнікі таго шоў, што мае зараз адбыцца.

Зьнішчэньне мяжы паміж сцэнай і глядзельнай заляй — адзін з улюбёных прыёмаў Вячаслава Іназемцава. Гэта ня проста даніна тэатральным традыцыям, але мэтад дасьледаваньня мяжы паміж жыцьцём і гульнёю, спроба пераадолець абмежаванасьць магчымасьцяў тэатру. Зараз гэтаму спрыяе пажарная заслона, якая паступова з дэкарацыі пераўтвараецца ў паўнавартаснага героя спэктаклю. Яна замыкае актораў і гледачоў у адзіны бункер; узьнікае адчуваньне абсалютнай жыцьцёвасьці таго, што адбываецца.

Зразумела, гэта шоў, але такая непасрэдная блізкасьць робіць гледача цалкам безабаронным: «Пакуль у мяне ёсьць квіток, я ведаю, што ў тэатры. Пакуль у тэатры». Пакінуўшы залю, глядач патрапіць у «бункер» іншага рэальнага шоў, дзе разьмеркаваньне роляў ужо не такое відавочнае, быццам бы няма сьценаў і замкнёных дзьвярэй, але… Зараз глядач сьмела назірае за тым, што адбываецца. Сам-насам задае сабе пытаньне: «Якая мая роля ўва ўсім гэтым? Я пасіўны выведнік ці непасрэдны ўдзельнік «мерапрыемства»? Хто зараз на сцэне — іншыя, а можа, я? «Абраным» мог бы стаць і я, калі б больш сьмела выявіў сваё абурэньне й вырашыў пакінуць глядзельную залю…»

«Распрануцца!» — загадвае нябачнымэханічны голас. Каму ён належыць? «Абраныя» спрабуюць ігнараваць загад: няёмка й сорамна на вачах у гледачоў аказацца голымі. Але непаслушэнства караецца: нябачныя сілы зьбіваюць «Абраных». «Гатовы, заўсёды гатовы!» — яны пакорліва сьцягваюць зь сябе цывільнае адзеньне й аказваюцца ў аднолькавых шэрых брудных робах.

Толькі Нябачнаму гэтага мала. Трэба канчаткова прыручыць, задушыць волю й жаданьні. «Рукі на сьцяну, ногі расставіць!» — празь людзей прапускаюць разрад току. «Стаць на калені, адкінуць галаву назад!» — ток. «Зьняць порткі, нахіліцца наперад!» — ток.

Спачатку «Абраныя» супраціўляюцца. Але, ашалелыя ад болю, поўныя жывёльнага страху, яны забываюць пра гонар. Зьняважаныя й зламаныя, яны пакорліва займаюць вылучаныя для іх ячэйкі на пажарнай заслоне (быццам бачыш сцэну з раману Замяціна ці Оруэла). Прыручэньне пасьпяхова адбылося.

Іназемцаў не спрабуе дагадзіць прысутнаму ў залі гледачу, які чакае ад спэктаклю звыклай тэатральнай дынамікі. Падзеі «…Пасьля» разьвіваюцца дакумэнтальна: спакойна, марудліва, як у жыцьці. Пэрыядычна ўзьнікаюць паўзы, напоўненыя чаканьнем: што далей? Але цішыні ня будзе. Сьвядомасьць чалавека яшчэ жывая: пакуль «сыстэма» адпачывала, «Абраныя» паспрабавалі зьбегчы. Іх ізноў чакае пакараньне. «Рукі на сьцяну, ногі расставіць!.. Стаць на калені, адкінуць галаву назад!.. Зьняць порткі, нахіліцца наперад!» — гэтым разам «Абраныя» нават не спрабуюць супраціўляцца: не паслухацца больш нельга…

Але гэта ня драма. Цені сур’ёзнага й трагічнага, што пэрыядычна зьяўляюцца ў спэктаклі, руйнуюцца іроніяй і жартамі. Нам увесь час нагадваюць, што гэта толькі шоў. Камічныя постаці «Змрочнага старога» (ці то бомж, ці «маргінальны» Дзед Мароз) і юнай піянэркі з васковым тварам разбураюць драматызм таго, што адбываецца. Нягледзячы на адмоўныя функцыі, якія яны ажыцьцяўляюць (напрыклад, піянэрка зьяўляецца «будзільнікам» для Нябачнага), глядач сьмяецца. Такім чынам ён перамагае страх.

Нарэшце, пад вясёлую музыку, азораны шматлікімі каляровымі пражэктарамі, зьяўляецца галоўны «комік» гэтага відовішча. У белым грыме й залатым пінжаку, пацешны й вельмі мілы, ён падымаецца ў ячэйку да кожнага «Абранага», паважна вітаецца з мужчынамі й галянтна цалуе рукі дзяўчынам.

Шоў працягваецца! «Шчасьлівыя» людзі ў ячэйках — яны патрапілі на ТБ! — усьміхаюцца й танчаць. «Вядучы» зьбірае аплядысмэнты. Увага! Гіт праграмы: «Абраныя» становяцца ўдзельнікамі кампутарнай гульні. Яны блукаюць па віртуальных тунэлях (праекцыя на заслону), шукаюць скарбы, бягуць ад злавесных чэрапаў, зьмешваюцца са сваімі віртуальнымі двайнікамі.

Але… you lost, ты заўсёды lost. Game is over.

У кульмінацыйны момант дзеяньня, калі надзеі на выратаваньне ўжо не засталося, як і мае быць у казцы, зьяўляецца «Герой» у рыцарскіх дасьпехах. Ён прыйшоў, каб зьдзейсьніць сваю місію: вызваліць прыгнечаных і зьняволеных. Гіганцкімі крокамі «Герой» накіроўваецца да сцэны й ударам велізарнага мяча зьнішчае коміка-злыдня. Са сьцяны ляцяць іскры: нарэшце, усё? Але злыдзень не загінуў, ён… заснуў?

«Герой» ня ведае, што рабіць: такое разьвіцьцё падзеяў не прадугледжанае ягонай «праграмай». Акуратна, з пачуцьцём уласнай годнасьці, «Герой» сыходзіць. «Абраныя» спрабуюць бегчы. Але піянэрка-«будзільнік» ня сьпіць. Таму, будзьце ласкавыя: «Рукі на сьцяну, ногі расставіць!.. Стаць на калені, адкінуць галаву назад!..» Паўза. Няўжо пашкадуе? «Зьняць порткі, нахіліцца наперад!» — літасьці ня будзе. Зараз нават не ў ячэйкі: голас загадвае караскацца пад столь і прыкаваць сябе ланцугамі да сьцяны.

Пад ціхі аксамітны голас Фёдара Шаляпіна галоўны «комік» пачынае сваё пераможнае ўзыходжаньне па сьцяне. «Абраныя», быццам тая масоўка, боўтаюцца побач.

Раптам яны адштурхоўваюцца, і ланцугі становяцца іхнымі крыламі. Пераадолеўшы сілу гравітацыі, закутыя й зьнявечаныя, людзі лунаюць у паветры.

Тытры — шоў скончылася. Але чалавек… Ці скончыўся ён? Марудна ўздымаецца жалезная заслона. Маўклівая двухаблічная постаць кліча «Абраных» на «той бок». Яны пераходзяць «мяжу» й апынаюцца зноў у пустэльнай прасторы. Павольна паўзуць угару іх агеньчыкі-лёсы, ляціць попел. Цяпер наступае цішыня. This is the end?

Навошта ўвогуле гэта ўсё пачалося й адбылося, калі мы зноў вярнуліся ў гэтае нішто? Які сэнс, і ці ёсьць ён, калі няма «злога», як няма й «добрага»? Чалавек устае. Адказу няма, але месца журбоце няма таксама, ува ўсякім разе ня тут і не цяпер.

Акторы пачынаюць павольна рухацца, паступова іх нясе ў віры дзікага танцу, што з глядзельнай залі выходзіць у фае, а затым на вуліцу. Людзі танчаць, выганяючы нячысьцікаў прэч. Барабан адстуквае рытм, выбіваючы зь іх «сарамлівасьць» і «пакорлівасьць», вяртаючы «немаўлятаў» да першабытнай вольнай стыхіі.

Паглядзець спэктакаль можна 11 лютага ў панядзелак, 20-00 (Палац культуры чыгуначнікаў, Чкалава, 7) — у межах першага форум плястычных і танцавальных тэатраў Беларусі «ПлаSтформа-Менск-2013»

Фатаграфіі © another.by

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology