!OUT: памёр пачынальнік арт-року ў Беларусі

 

Уладзімер Сьпірыдовіч

Уладзімер Сьпірыдовіч і Ўладзімер Кандрусевіч на гіпі-летніку

Уладзімер Сьпірыдовіч і «Альгарытмы»

30 студзеня ў Менску пасьля працяглай хваробы памёр музыка Ўладзімер Сьпірыдовіч. На зломе 60—70-х яго гурт «Арганаўты» дзівіў усіх сваёй музыкай і дужа пастаўленымі галасамі.

Сам Сьпірыдовіч тлумачыў гэтую ўласьцівасьць тым, што яны пілі «чарнілы» ды сьпявалі па пяць гадзінаў штодзень, а рэпэтыцыі праводзілі, седзячы на дрэвах у цяперашнім Купалаўскім сквэры, зьбіраючы вакол сябе масу народу.

Яшчэ школьнікам Уладзімер Сьпірыдовіч удзельнічаў у Першым фэстывалі біт-ансамбляў у 1968 годзе. Гурт зь яго ўдзелам Funny Foxes, сабраны з дваровых сяброў, стаў адной зь першых рок-н-рольных фармацыяў у Менску і спэцыялізаваўся пераважна на амэрыканскай ды брытанскай музыцы — TheMonkeysThe AnimalsThe HolliesThe Rolling Stones і, канечне, The Beatles. Паводле ўласных словаў, у юнацтве Сьпірыдовіч сур’ёзна захапляўся футболам. Да тае пары пакуль не пачуў «бітлоўскую» саракапятку «Girl / A Hard Day’s Night». Сваім настаўнікам у авалодваньні гітарай ён лічыў Яўгена Канавалава. На першым біт-фэсьце «Вясёлые лісы» ён з паплечнікамі зьдзівіў журы сваім зьнешнім выглядам. Хлопцы апрануліся ў чырвоныя камзолы з жоўтымі манжэтамі, армейскімі гузікамі ды мэталічнымі ланцужкамі праз грудзі і нагадвалі ня інакш як лордаў ангельскага парлямэнту. 

Затое на Другім біт-фэстывалі ў 1971 годзе гурт Уладзімера Сьпірыдовіча «Арганаўты» настолькі ўразіў журы на чале зь Міхалам Фінбэргам менавіта сваёй аўтарскай музыкай, што атрымаў ганаровае першае месца. Прытым, што другога месца не далі нікому. Заля пляскала пераможцам стоячы. Сваю ролю ў перамозе сыграла струнная сэкцыя — дзяўчаты з музвучэльні. Ніхто нават у межах Саюзу на той момант не праводзіў такіх арт-рокавых экспэрымэнтаў. Акром таго, візытоўкай студэнтаў-фізыкаў сталі надзвычай моцныя галасы — «пастаўленыя», як казалі спэцыялісты з кансэрваторыі. Аднак Сьпірыдовіч тлумачыў гэтую ўласьцівасьць тым, што яны пілі «чарнілы» ды сьпявалі па пяць гадзінаў штодзень, а рэпэтыцыі праводзілі, седзячы на дрэвах у цяперашнім Купалаўскім сквэры, зьбіраючы вакол сябе масу народу.

Паколькі другі біт-фэстываль завяршыўся скандалам — публіка пачала ў захапленьні ламаць крэслы — «Арганаўтам» болей выступаць не давалі, а Сьпірыдовіча пастаянна цягалі ў парткам БДУ на прафіляктычныя размовы.

На «Арганаўтаў» пасыпаліся абвінавачваньні ў дэпрэсіўных настроях. Уладам не падабаліся іх тэксты, даўгія валасы і тое, што вакол ансамблю гуртуюцца гіпі. Выключэньнем у пытаньні канцэртаў стала толькі сьвяткаваньне 50-годзьдзя БДУ ў Маскве. Таксама гурт пасьпеў запісацца ў студыі Белрадыё, але ад той гукасэсіі нічога не захавалася. У тым жа 71-м годзе «Арганаўты» спынілі дзейнасьць. Пасьля сам Мулявін запрашаў Сьпірыдовіча на праслухоўваньне ў «Песьняры». Таксама была прапанова паўдзельнічаць ва Ўсесаюзным конкурсе «Алё, мы шукаем таленты». Але Ўладзімеру не дазволілі бацькі, бо вучоба — перш за ўсё. Ды і сам ён прызнаваўся, што любіў фізыку ня менш за музыку.

Да 1980 году былы «арганаўт» пераключыўся на танцы, што ладзіліся ў пэрыфэрыйных клюбах. Граў разам зь сябрамі проста на вуліцы, на лаўках. Удзельнічаў у гіпоўскіх летніках на Нарачы. Потым Уладзімер палічыў, што «ўсё узяў» і болей не выступаў, за рэдкім выключэньнем. Пабраўся шлюбам зь вядомай цяпер тэлевядучай. У паўзах між выкладаньнем фізыкі, Сьпірыдовіч займаўся хатнім гуказапісам — пісаў новыя ды рэканструяваў старыя песьні. Далучаў да працы экс-«песьняроў» Віктара Маўчанава і Барыса Бэрнштэйна. У сукупнасьці музыка напісаў амаль дзьве сотні песень, у выглядзе самвыдату выпусьціў каля дзясятку альбомаў.

Апошні альбом Ўладзімера, запісаны ў 2008 годзе, стаў прысьвячэньнем загінуламу сыну Аляксандру Сьпірыдовічу («Сьпірту» з рэп-суполкі «Пульс асфальту»). Апошні выхад на сцэну адбыўся падчас сьвяткаваньня 40-годзьдзя першага біт-фэсту. А апошняе інтэрвію музыка даў, ужо знаходзячыся ў кепскім стане, тэлепраекту «Адваротны адлік» (АНТ). Выхад гэтай праграмы плянуецца ўвесну.

Крыніца \  Віктар Сямашка, «Тузін Гітоў»


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology