7 лютага — выстава Ўладзімера Цэсьлера

«Сяргей Войчанка і Ўладзімер Цэсьлер»

Уладзімер Цэсьлер і Сяргей Войчанка, «Чаравічак»

У Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасьці, 47) адкрываецца выстаўны праект «Практыка рынкавага рэалізму» Ўладзімера Цэсьлерачалавека-брэнда, які зьяўляецца адной з самых яркіх асобаў беларускай мастацкай прасторы на сёньняшні дзень. 

Цэсьлер — аўтар хуліганскіх рэклямных плякатаў, якія знаходзяцца ў фондах вядомых на ўвесь сьвет музэяў, стваральнік незабыўных кічовых прадметаў ужытку й іранічных арт-аб’ектаў. Выстава прадстаўляе жывапіс, скульптуру, арт-аб’екты Цэсьлера й іншыя праявы ягонай крэатыўнасьці й схільнага да парадоксаў мысьленьня.

У экспазыцыі можна ўбачыць праграмныя праекты мастака (частка створана ў суаўтарстве): сэрыю скульптураў «Праект стагодзьдзя: Дванаццаць з ХХ» (у суаўтарстве зь Сяргеем Войчанкам), плякаты, сэрыю оп-арт-аб’ектаў «Вэктарныя тэхналёгіі», прасторавыя аб’екты, шэраг дызайн-канцэпцыяў, а таксама сэрыі «Галівудзкія весялухі», «Школьны кабінэт» і новыя працы 2012 году.

«Мы жывем у сыстэме рынкавай эканомікі, адпаведна ўсё мастацтва, як бы нам ні хацелася, але падпарадкавана грамадзкай сыстэме. Любы мастак, які гаворыць, што ён не камэрцыйны, — хлусіць, бо тым самым ён імкнецца даражэй сябе прадаць. Адпаведна, усе мы ў жыцьці гандлюемся. Хто ў меншай, хто ў большай ступені. Але гэта не перашкаджае гледачам захапляцца мастацтвам, калі мы, мастакі, робім тое, што хочам, і калі нам гэта ўдаецца…» (У. Цэсьлер)

Для Ўладзімера Цэсьлера характэрна лёгкая прыгожая іронія з нагоды пэўных жыцьцёвых сытуацыяў. Дасканаласьць выкананьня, адмысловы мінімалізм выразных сродкаў сьведчаць пра вялікую падрыхтоўчую працу пры адмежаваньні галоўнага ад другаснага. Кожная праца ня проста нясе інфармацыю пра зьявы й падзеі навакольнай рэчаіснасьці, але выліваецца ў яркую філязофскую мэтафару, увасобленую ў нестандартным дызайне.

Ці можна й ці трэба зарабляць творчасьцю? Сваёй выставай Уладзімер Цэсьлер не дае адназначнага адказу, бо любая зьява мае два бакі мэдалю. Кожны мастак жыве ў соцыюме, спадзяецца знайсьці разуменьне сярод самых патрабавальных да філязофскіх пошукаў і новых ідэяў гледачоў. Але пры гэтым зарабляе сваёю творчасьцю й такім чынам сам зьяўляецца часткай сусьветнага працэсу камэрцыялізацыі поглядаў на жыцьцё.

Выстава працягнецца да 2 сакавіка 2013 году.

Фатаграфіі © Уладзімер Цэсьлер


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology