12 лютага — выстаўна-адукацыйны праект ARTES LIBERALES

ARTES LIBERALES 2013

ARTES LIBERALES 2013: за некалькі дзён да адкрыцьця

ARTES LIBERALES 2013: за некалькі дзён да адкрыцьця

З 12 па 28 лютага 2013 году ў Менску ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а) у другі раз пройдзе выстаўна-адукацыйны праект ARTES LIBERALES.

ARTES LIBERALES — гэта мастацкі й адукацыйны экспэрымэнт, нацэлены на асэнсаваньне «карысьці» гуманітарнай адукацыі й неабходнасьці вывучэньня свабодных мастацтваў у сучаснай сацыякультурнай і эканамічнай сытуацыі.

ARTES LIBERALES — гэта фэстываль ідэяў і арт-праектаў, створаных маладымі людзьмі, якія вывучаюць «свабодныя мастацтвы» й якія імкнуцца ў мастацкай і мэдыяльнай форме прапанаваць уласную інтэрпрэтацыю розных падзеяў і фэномэнаў навакольнай рэальнасьці.

ARTES LIBERALES — гэта цыкль адкрытых і займальных лекцыяў, майстар-клясаў, дыскусій і круглых сталоў пры ўдзеле лепшых прафэсараў і лектараў Беларусі й Эўропы; пры гэтым праграма акадэмічных мерапрыемстваў праекту ахоплівае ўсю гуманітарную прастору:

 ад тэорыі й гісторыі візуальных мастацтваў, гендэрнай праблематыкі, арт-крытыкі й мэдыятэорыі да рэлігіі, культурнай спадчыны й філязофіі.

Такім чынам, ствараючы прастору й магчымасьці для інтэлектуальных дыскусіяў і крэатыўных практык, праект дазваляе пераасэнсаваць каштоўнасьць гуманітарных навук у сучасным сьвеце.

Тэматычным фокусам праграмы гэтага году зьяўляецца праблема аўтарства, якую мы прапануем пераасэнсаваць на скрыжаваньні розных дысцыплінарных падыходаў у гуманітарных і сацыяльных навуках і з улікам тых сацыяльных і культурных зьменаў, якія прынесла з сабой «камунікатыўная рэвалюцыя» ўва ўсе сфэры нашага жыцьця.

У ПРАГРАМЕ:

• цыклі лекцыяў «Што новага ў новых мэдыя?», «Гісторыя мастацтва: суб’ектыўны ракурс»;
• прэзэнтацыя новых выданьняў у галіне сацыяльна-гуманітарнага пазнаньня, часопісаў па фатаграфіі («Volume») і дызайне («Faces»);
• круглыя сталы, дыскусіі й сэмінары — «Набор гендэрнага дэсанту», «Усяго толькі картаграфія? Зялёны Менск»,«Гісторыя дызайну на мяжы» , «Музыка й аніматограф»;
• выставы каліграфіі («Росчыркам бачнага»), скечбукаў (майстар-кляса Сяргея Сялецкага) і фатаграфіі (пачаткоўцаў і ўжо вядомых аўтараў);
• воркшопы па графіці й стрыт-арту, сучасных плынях у музыцы, мастацтве каліграфіі й анімацыі ў выкананьні вядомых беларускіх і літоўскіх мастакоў і дызайнэраў, музыкаў і мастацтвазнаўцаў;
• а таксама разнастайныя творчыя конкурсы, удзел у якіх змогуць прыняць усе ахвотныя — незалежна ад полу, узросту, статусу й настрою.

Дырэктар праекту — Альміра Ўсманава, каардынатар — Тацяна Бабіч, куратар выставы — Аксана Жгіроўская.

Адкрыцьцё праекту адбудзецца 12 лютага ў 19-00 у Галерэі «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а).

Падрабязная праграма кожнага дня фэсту на старонцы праекту.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology