Іншы звонку й Іншы ўнутры: «Старасьць»

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке

«Любоў», рэж. Міхаэль Ханэке, падчас рэпэтыцыі

Міхаэль Ханэке

Трыюмфальнаму шэсьцю стужкі Міхаэля Ханэке «Любоў» па ўсіх значных міжнародных кінафэстах — ад інтэлектуальных Канаў да мэйнстрымавага Оскара — прысьвячаецца. Фрагмэнты з артыкулу Лінды Фішар, напісанага на падставе дакладу аўтаркі на канфэрэнцыі Ўнівэрсытэту Вены ў 2008 годзе, прысьвечанай 100-годзьдзю Сымоны дэ Бавуар, — «Age / Aging: on Simone de Beauvoir’s The Coming of Age».

«Іншы звонку й Іншы ўнутры: іншасьць старэньня й пажылы чалавек у працы Бавуар «Старасьць»

Мы чэрпаем большую частку нашых уяўленьняў пра старасьць зь мітаў, няслушных уражаньняў і містыфікацыяў. У зьвязку з гэтым характэрна, што Сымона дэ Бавуар пачынае сваю працу «Старасьць» («LaVieillesse». Paris: Gallimard, 1970) з прыпавесьці.

Калі Сідхартха, які стаў пасьля Будай, быў малады, ён вёў жыцьцё пустэльніка, бавячы шмат часу ў адзіноце. Аднойчы, апынуўшыся за межамі свайго палацу, ён сустрэў старога, якога Бавуар апісвае як «маршчыністага, бяззубага, сівога, сагнутага чалавека, што ледзь цягнуў ногі, увесь час мармытаў сабе пад нос нешта няўцямнае й дрыжэў усім целам, абапіраючыся на кульбу» [3]. Сідхартха быў узрушаны гэтай сустрэчай і спытаў возьніка сваёй калясьніцы, што такое старасьць.

«Жудасна, — усклікнуў Сідхартха, — што слабыя й недасьведчаныя людзі, ап’янёныя марнасьцю юнацтва, ня хочуць заўважаць старасьці!» Пасьля гэтага ён пажадаў вярнуцца ў палац, разважаючы над пытаньнем: «Дзеля чаго ўсе задавальненьні й радасьці жыцьця, калі я сам — усяго толькі жытло, у якім наканавана пасяліцца старасьці?» [4].

Адказ на гэтае пытаньне заключаны ў працягу прыпавесьці, якую распавядае Бавуар: Сідхартха ўбачыў у тым старым уласны лёс, бо, згодна зь ягоным прызначэньнем («ён быў народжаны, каб выратаваць чалавецтва»), Буда адважыўся выпрабаваць усе нягоды чалавечай долі. Гэта адрозьнівае яго ад астатніх людзей, якія пазьбягаюць усяго, што выклікае пакуты. І, дадае Бавуар, больш за ўсё людзі хацелі б пазьбегнуць старасьці.

Але старасьці ня толькі баяцца й пазьбягаюць, яе робяць прадметам замоўчваньня. Яна ўяўляе сабой табуяваную зьяву, да якой грамадзтва ставіцца як да «своеасаблівага ганебнага сакрэту» [5], ахутанага «таемнай змовай маўчаньня» [6].

Менавіта гэтае маўчаньне Бавуар і мела намер парушыць сваёю працай «Старасьць». Паводле ейнай дакладнай заўвагі, табуяванасьць старасьці найперш служыць перашкодай адкрытай і непрадузятай дыскусіі пра сацыяльны статус, безнадзейныя й зьневажальныя ўмовы жыцьця пажылых людзей. Такое становішча справаў Бавуар лічыць ганебным, калі не злачынным. Пажылых людзей ігнаруюць, аб’ектывуюць, да іх ставяцца як да ізгояў, яны «асуджаныя на беднасьць, нямогласьць, нікчэмнасьць і безвыходнасьць» [7] і наўрад ці прызнаюцца паўнавартаснымі чалавечымі істотамі.

<…>

Умовай канстытуяваньня Іншага ёсьць рэальная альбо меркаваная наяўнасьць адрозьненьняў, якія, уласна, складаюць і апраўдваюць аснову канструяванай інакшасьці. З гэтым цесна зьвязаная глыбінная трывога ў дачыненьні да ўсяго, што адрозьніваецца (і ўсяго, што гэтыя адрозьненьні прадукуе), а можа, і нешта больш фундамэнтальнае — трывога ў дачыненьні да адрозьненьня як такога.

Зазвычай сама наяўнасьць альбо адчуваньне адрозьненьня, незалежна ад таго, у чым гэтае адрозьненьне, уласна, палягае й што яно цягне, ёсьць дастатковай умовай для таго, каб справакаваць страх, падазрэньне ці нянавісьць, трансфармуецца гэтае адрозьненьне ў іншасьць, а іншасьць, у сваю чаргу, пераўтвараецца ў прыніжэньне. І асноўны ўдар прыпадае менавіта на пажылых людзей, хаця гаворка тут ідзе хутчэй не пра канкрэтных людзей, а пра старасьць як такую.

Як адзначае Бавуар, у той час як некаторыя людзі пагаджаюцца са старасьцю, а хтосьці нават пачуваецца даволі камфортна ў гэтым стане, для большасьці пэрспэктыва старэньня зьвязаная з пачуцьцямі жаху й агіды. Таму ў «Старасьці» й некаторых іншых працах Бавуар ставіцца да імкненьня ўсімі сіламі засьцерагчы сябе ад праблемы старасьці нэгатыўна, калі не сказаць гнеўна [13].

Але нежаданьне людзей мірыцца з пэрспэктывай сустрэць канец жыцьця ў беднасьці, самоце й нудзе, нават калі іхная трывога абгрунтаваная, не зьяўляецца вычарпальным тлумачэньнем гэтак ярка выяўленага нэгатыўнага стаўленьня да старасьці.

Магчыма, людзі баяцца старасьці, бо яна ўяўляе сабой своеасаблівы «пачатак канца»: «трэці акт жыцьця», набліжэньне непазьбежнай сьмерці. Але ж чалавек ня проста сьмяротны, а выпадкова сьмяротны: забраць жыцьцё могуць і хваробы, і няшчасныя выпадкі. Аднак, у адрозьненьне ад небясьпечных для жыцьця хваробаў, сьмерць сапраўды няўхільная толькі ў старасьці. Незалежна ад таго, наколькі чалавек шчасьлівы ці здаровы, ён ня можа жыць вечна. У рэшце рэшт, усе мы сьмяротныя.

Такім чынам, за страхам старэньня й старасьці хаваецца страх сьмерці? Бавуар ставіць пад сумнеў гэтае сьцьверджаньне, заўважаючы, што да старасьці людзі адчуваюць нават большую непрыязнасьць, чым да сьмерці [14] .

Бясспрэчна, многія людзі адчуваюць моцную агіду да старасьці, але ці пераважвае яна страх сьмерці? [15] Безумоўна, нашае стаўленьне да старасьці й сьмерці ў значнай ступені залежыць ад нашага ўзросту й стану здароўя: у дваццаць гадоў хтосьці можа больш баяцца старасьці, чым сьмерці, у той час як для чалавека васьмідзесяці гадоў хутчэй будзе справядліва адваротнае, і Бавуар гэта дапускае.

І тым ня менш старасьць выклікае ў людзей агіду, з прычыны чаго яны спрабуюць тым ці іншым спосабам яе пазьбегнуць, трымацца ад яе далей, мінімізаваць ейныя эфэкты, прыглушыць альбо замаскаваць, адным словам, яе не прыняць. Такім чынам, нецярпімасьць у дачыненьні да пажылых людзей зьяўляецца толькі верхавінай айсбэргу адрыньваньня старасьці як такой. І, прарабіўшы лягічнае кола, мы вяртаемся да тэзы пра тое, што непрыманьне старасьці часьцей за ўсё прыводзіць да канструяваньня пажылога чалавека ці самой старасьці як Іншага.

<…>

Паколькі любая зьява можа быць разгледжаная звонку й знутры, у некаторых выпадках гэтыя дзьве пазыцыі могуць суіснаваць у адным суб’екце, могуць апынуцца ў чымсьці сумежнымі, супадаць альбо ўтвараць адзінае цэлае, а могуць, як мы бачым на прыкладзе фэномэну старэньня, супярэчыць адна адной. Паколькі пазыцыя іншага назіральніка зь неабходнасьцю павінна канстытуяваць пажылога чалавека як Іншага, то ў выпадку, калі старасьць разглядаецца, зыходзячы з унутранага суб’ектыўнага досьведу старэньня, іншасьць пажылых людзей непазьбежна прадукуецца й знутры. Гэта й ёсьць, як адзначае Бавуар, прычына астракізму ў дачыненьні да старасьці, які мы, старэючы, зьвяртаем супраць саміх сябе.

Пажылыя людзі — гэта ня проста «хтосьці іншы», альбо «нейкія іншыя», а мы самі. Кожны з нас патэнцыйна ці рэальна ёсьць пажылым чалавекам, ці, дакладней, паколькі кожны з нас стане старым ці старой, мы ўжо зьяўляемся імі, утрымліваючы ў сабе гэтую непазьбежнасьць у лятэнтнай форме.

І, такім чынам, вельмі стары Іншы — гэта я сам, Іншы ўнутры мяне, Я сам — Іншы.

Суровая праўда палягае ў тым, што для старэньня не існуе межаў, яно ня робіць адрозьненьняў паміж прадстаўнікамі розных сацыяльных груп і ня ведае выключэньняў, зьяўляючыся фундамэнтальным элемэнтам экзыстэнцыяльнага досьведу, падзеленага ўсімі людзьмі, элемэнтам, што спэцыфікуецца й індывідуалізуецца ў кожным з нас. Усе мы няўхільна старэем, захопленыя ў закладнікі тленнасьцю нашых уласных целаў.

У рэшце рэшт, з тых ці іншых прычынаў мы можам і не дасягнуць старасьці — да таго ж у розных культурах узрост старасьці вызначаецца па-рознаму, — і тым ня менш кожны з нас ужо ў нейкай ступені зьяўляецца старым (што добра разумеў Буда), бо ўжо зараз мы ўяўляем сабой апірышча будучай старасьці. Іншымі словамі, нават да таго, як мы фактычна пастарэем, мы ўжо старыя, у нашым быцьці-да-сьмерці мы ўвесь час паступова паміраем. Яшчэ ня будучы старымі, мы ўжо становімся рэзэрвуарам для іншасьці ў дачыненьні да старасьці, мы ўжо зьяўляемся Іншымі для нас саміх.

<…>

Той факт, што многія людзі марнуюць шмат часу, сіл і грошай на адмаўленьне рэальнасьці старэньня й старасьці, хоць усе мы добра ведаем, што яна няўхільная (і, больш за тое, яна няўхільная й для нас саміх), тлумачыць агрэсіўную ахоўную рэакцыю на працы Бавуар , прысьвечаныя старасьці й старэньню. Бавуар таксама згадвае ўсім даўно вядомыя тактыкі ўхіленьня ад праблемы старэньня, напрыклад стандартнае самазаклінаньне, якое абвяшчае, што, пакуль ты пачуваесься маладым, ты такім і зьяўляесься, а таксама адмаўленьне існаваньня старасьці як такой.

… Веды й уяўленьні могуць здавацца вельмі пераканаўчымі, асабліва ў выпадку, калі самападман працуе на поўную катушку, таму Бавуар настойвае на тым, што мы павінны перастаць хлусіць самім сабе.

Нам неабходна прыняць сябе як старых людзей ня толькі дзеля таго, каб адмовіцца ад ілюзіяў, але і дзеля дасягненьня крытычнай сацыяльнай мэты:

адмаўляючыся «ледзь трымацца на заходзе свайго жыцьця», мы ўжо ня зможам заставацца абыякавымі да праблемаў пажылых людзей.

<…>

Старэньне ўяўляе сабой цялеснае ўвасабленьне тэмпаральнасьці, у двух сэнсах «уцялесьнены час»: час, які «схоплены», захаваны, адліты ў пэўную форму, ачалавечаны і, як нашае ўвасабленьне, дадзены ня ў статыцы, а як працэс, што разгортваецца ў часе. Але праблема палягае не ў самім гэтым цялесным увасабленьні часу, бо жыцьцёвы досьвед у цэлым тэмпаральны, і наўрад ці храналёгія як такая і факт знаходжаньня ў пэўным узросьце самі па сабе зьяўляюцца праблемай.

Гаворка ідзе пра нешта большае: тэмпаральнасьць пакідае выразны й глыбокі сьлед у нашым абліччы. Незаўважнасьць, зь якой разгортваецца працэс адлюстраваньня часу ў целе, яго няпэўнасьць, зьвязаныя з разьвіцьцём і зьменай. Гэтыя сьляды часу прымаюць форму кантынуальнага станаўленьня Іншым, бясконцай мэтамарфозы. І, як адзначае Бавуар, мэтамарфоза заўсёды нясе ў сабе нешта, што палохае [29], што выклікае шокавы эфэкт трансфармацыі, які не пакідае каменя на камені ад ілюзіі, што існаваньне майго Я стабільнае, гарманічнае й бесьперапыннае ў часе.

<…>

Бавуар сьцьвярджае, што «старасьць палохае нас тым, што адхіленьне ад нормы ў старасьці становіцца нормай» [31], і прыводзіць у якасьці ілюстрацыі наступнае выказваньне: «Што нармальна для старога чалавека, у дачыненьні да таго ж чалавека ў ягоныя маладыя гады было б расцэненае як дэфэкт» [32].

Такі мэдычны падыход, які лічыць здароўе зыходным станам, што ў старасьці зьмяняецца на «ненармальны стан, якія становіцца нормай», канструюе першапачатковы стан у якасьці нарматыўнага, узмацняе панятак пра існаваньне па змаўчаньні «маладога Я», якое валодае выдатным здароўем, дзеяздольным целам і спраўным розумам. Такой пазыцыі сугучная ідэя пра тое, што пэрспэктыва сьмерці менш палохае, чым старасьць, бо, калі сьмерць надыходзіць — нас ужо няма, у той час як калі надыходзіць старасьць, нас становіцца менш. У гэтым сэнсе менш — горш, чым нічога, а поўнае зьнікненьне лепшае за зьнікненьне ў нас таго, кім мы былі раней.

У зьвязку з гэтым Бавуар піша: «Варта было б супрацьпастаўляць жыцьцю ня сьмерць, а старасьць. Старасьць — пародыя на жыцьцё » [33].

<…>

І тым ня менш адмаўленьне старасьці, несумненна, ёсьць унікальным прыкладам стаўленьня да іншасьці. Са старасьцю справа ідзе інакш, чым у выпадках, калі сканструяваны Іншы ўспрымаецца як нейкая пэўная й асобная інстанцыя, вынесеная вонкі дамінантнай групы. Мы непазьбежна ў рэшце рэшт далучымся да мноства пажылых людзей, самі станем уласным Іншым.

<…>

Пераклад з расейскай pARTisan. На расейскую мову пераклала Лідзія Міхеева («Топас», № 3’2010).

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Цалкам электронную вэрсію артыкулу па-расейску можна прачытаць ТУТ.

[4] Beauvoir, op. cit., p. 1.
[5] Ibid.
[6] Ibid., p. 2.
[7] Ibid.
[13] Бавуар крытычна выказваецца пра гэтую тэндэнцыю ў працы «Старасьць», а таксама ў шэрагу сваіх інтэрвію.
[14] Beauvoir, op. cit., p. 593.
[15] Часам падаецца, што саму Бавуар старасьць палохала болей за сьмерць.
[29] Ibid., p. 5.
[31] Beauvoir, op. cit., p. 285.
[32] Ibid., p. 286.
[33] Ibid., p. 593.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology