Ганна Круліца — пра сучаcны танец Польшчы

 

Цэнтар сучаснае культуры «Стары бровар» \ Fot. Tomasz Kaminski / AG

Anita Wach, танцорка, харэограф

Alex Baczyński-Jenkins «Displaced and perforated» \ Polish Dance Platform 2012

Jakub Wittchen «The Right Hemisphere», choreography by Marysia Stokłosa \ 2009

12 лютага ў межах Першага адкрытага форуму плястычных і танцавальных тэатраў Беларусі «ПлаSтформа-2013» адбылася лекцыя-прэзэнтацыя танцавальнага крытыка й куратаркі, гісторыка сучаснага танца Ганны Круліцы (Польшча) — «Польскі contemporary dance — заўтра?».

З самага пачатку сваёй прэзэнтацыі Ганна адзначыла безумоўны ўплыў на польскі сучасны танец заходнеэўрапейскіх тэндэнцыяў. З аднаго боку, гэта натуральна, бо заходняя школа танцу мае больш моцную традыцыю. Зь іншага, на  думку Ганны, польскі contemporary dance набыў бы  больш самабытнасьці, калі б танцоры абапіраліся на традыцыі тэатру Тадэвуша Кантара й Томаша Тамашэўскага.

Таксама вельмі важна, адзначыла Ганна, што да нядаўніх часоў сучасны польскі танец ня меў дакладнай інфраструктуры (фізычна групам не было дзе выступаць), ня быў інстытуцыяналізаваны (не існавала крытычнага поля), тэатры танцу не атрымоўвалі фінансавай падтрымкі.

Аднак у пачатку 1990-х гэтая сытуацыя вельмі марудна, але пачала зьмяняцца. Перадусім таму, што ў польскіх танцораў і харэографаў зьявілася магчымасьць вучыцца ў заходнеэўрапейскіх школах танцу. Узьніклі тэатры танцу ў Гданьску, Познані, Любліне. Акрамя гэтага дзейнічала некалькі невялікіх незалежных груп, якія выступалі на пляцоўках розных Дамоў культуры. Але, у адрозьненьне ад спэктакляў тэатраў танцу, пастаноўкі гэтых груп не заўважаліся ані прэсай, ані крытыкай, што не спрыяла разьвіцьцю гэтых незалежных ініцыятываў (зноў жа, падкрэсьлівае Ганна, нягледзячы на іхны высокі прафэсійны ўзровень).

Яшчэ адным пераломным момантам у разьвіцьці польскай сучаснай танцавальнай сцэны Ганна лічыць гістарычную падзею — 2004 год, калі Польшча ўвайшла ў Эўразьвяз. 

Гэта дазволіла маладым танцорам і харэографам атрымоўваць стыпэндыі на навучаньне ў заходніх танцавальных школах, таму што, зразумела, толькі адзінкі маглі дазволіць сабе аплочваць вучобу.

Такім чынам цэлая хваля маладых танцораў засвойвала балетную клясычную школу ў Польшчы, а потым ехала на Захад, у бэрлінскія, амстэрдамскія, брусэльскія й іншыя школы, дзе атрымлівала адукацыю ў розных кірунках contemporary dance. Польскія танцоры пачалі актыўна ўдзельнічаць  у розных  замежных фэстах і супольных праектах.

Усё гэта, безумоўна, спрыяла актыўнаму разьвіцьцю сучаснага танцу ўнутры краіны. Так, у Познані адкрыўся буйны цэнтар сучаснага танцу «Стары бровар», дзе акрамя спэктакляў і фэстаў была створана адукацыйная праграма для маладых танцораў, дзякуючы якой пачаткоўцы маглі атрымаць фінансавую падтрымку сваёй першай працы. Таксама паўстала праграма альтэрнатыўнай акадэміі танцу, куды выкладчыкамі запрашаліся замежныя спэцыялісты.

У Кракаве ў Вышэйшай тэатральнай вучэльні адкрылася аддзяленьне менавіта актора танцу. У 2009 годзе Міністэрства культуры Польшчы заснавала Інстытут музыкі й танцу. Таксама паўстала шмат асобных праграмаў, дзякуючы якім незалежныя танцоры й танцавальныя групы могуць знайсьці пляцоўку для выступу й сродкі дзеля яе аплаты. Узьнік буйны форум — Польская танцавальная плятформа (у 2012 годзе прайшла ў чацьверты раз). Створаная інфармацыйная база польскіх харэографаў і танцораў. Пішуцца рэцэнзіі, дасьледаваньні, кнігі.

Такім чынам, Ганна Круліца не аднаразова падкрэсьлівала, што акрамя гістарычных перадумоваў — зьнікненьне жалезнай заслоны ў 1989 годзе й членства Польшчы ў ЭЗ зь 2004 году —

менавіта ўзьнікненьне й разьвіцьцё інфраструктуры, інстытуалізацыя сучаснай харэаграфіі, у тым ліку падтрымка гэтай ініцыятывы на дзяржаўным узроўні — усё гэта паспрыяла дастаткова актыўнаму разьвіцьцю польскага сучаснага танцу.

Таленавітыя танцоры й харэографы, атрымаўшы адукацыю ў Заходняй Эўропе, вяртаюцца на радзіму, дзе для іх ствараюцца ўмовы для творчай дзейнасьці: забясьпечваюцца пляцоўкі, праграмы фінансавай падтрымкі, адкрываецца доступ да вышэйшай адукацыі.

Абмеркаваць сытуацыю з плястычным і танц-тэатрамі ў Беларусі запрашаем 16 лютага ў Галерэю «Ў», дзе адбудзецца дыскусія «Плястычны і танц-тэатар у Беларусі: асаблівасьці разьвіцьця й пэрспэктывы».

Крыніца фота \ taniecpolska.pl, poznan.gazeta.pl


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology