Тры дні ў пекле

Сяргей Ждановіч, праект «Tabula Rasa»

Сяргей Ждановіч, праект «Tabula Rasa»

Сяргей Ждановіч, праект «Tabula Rasa»

Сяргей Ждановіч, праект «Tabula Rasa»

Сяргей Ждановіч, праект «Tabula Rasa»

Сяргей Ждановіч, праект «Tabula Rasa»

Сяргей Ждановіч, праект «Tabula Rasa»

Сяргей Ждановіч, праект «Tabula Rasa»

Сяргей Ждановіч, праект «Tabula Rasa»

Сяргей Ждановіч, праект «Tabula Rasa»

© pARTisan #19’2012

Паўла Пражко, маладога беларускага драматурга, ужо называюць фэномэнам. Ён аўтар некалькіх дзясяткаў тэкстаў, асаблівасьцю якіх ёсьць бесьперапынны пошук новых для аўтара мастацкіх сродкаў, што дазваляюць яшчэ шырэй рассунуць межы «праўдзівага» ў тэатры, выявіць рэалізм ужо цяперашняга часу. У сваіх тэкстах ён актыўна выкарыстоўвае ненарматыўную лексыку, часам на ёй будуецца ўся п’еса (як, напрыклад, «Жыцьцё ўдалося»). Але гэта не адмысловы ход для наданьня сабе скандальнага іміджу. Гэта само сучаснае жыцьцё, якое аўтар, быццам той сэйсмограф, акуратна фіксуе на паперы — з граматычнымі й сынтаксычнымі памылкамі, зь неадрэдагаванай моваю, з героямі, якія зазвычай апынаюцца па-за межамі ўвагі мастацтва (люмпэны, гопнікі, лесьбіянкі). Такім чынам аўтару ўдаецца апісаць навакольную штодзённасьць як яна ёсьць, перадаць наратыў гэтай штодзённасьці. Пражко дакладна адчувае гэтую прастору, і тое, што іншаму драматургу, магчыма, было б не дазволена, стала ў Пражко ягоным стылем.

«pARTisan» публікуе пераклад урыўкаў з аднаго з апошніх тэкстаў Паўла Пражко «Тры дні ў пекле». Пунктуацыя, сынтаксыс, выкарыстаньне вялікіх і малых літараў — аўтарскія. 

Тры дні ў пекле (фрагмэнты)

(дзеяньне адбываецца ў лютым 2012 году ў горадзе Менску)

<…>

Субота.

Адразу на сьнезе разасланыя цэляфанавыя пакеты. На пакетах прадукты якімі гандлююць пэнсіянэры. Гэта хрэн, марынаваныя агуркі, кавалкі гарбуза сырога, сушоныя баравікі, у поліэтыленавых пакетах квашаная капуста на вагу. Жанчына ў сіняй кароткай зімовай куртцы нахілілася й кладзе мандарыны на ружовыя плястмасавыя шалі. Выкладае да кіляграму, стрэлка паказвае пакуль 800 грамаў. Рукі счырванелі ад холаду, куртка задралася, сьпіна голая. Яна выпростваецца і становіцца відаць які чырвоны зьбіты ў яе твар. Вусны нафарбаваныя, вочы вельмі чорным нафарбаваныя, яна вымае з кішэні курткі пачак цыгарэт, у пачку яшчэ ляжыць запальнічка, пачак ня поўны, яна запальвае кладзе пачак назад у кішэнь курткі. Побач зь ёй стаіць цыбаты худы п’яніца ў чорнай куртцы, з гумкаю ўнізе, маланка расшпіленая да сярэдзіны, на галаве чорная шапка, ён трымае рукі ў кішэнях, у зубах тлее цыгарэта, падносіць руку да вуснаў, зацягваецца, вымае цыгарэту, выпускае дым, апускае руку з цыгарэтай. Каля ягоных ног стаяць два драўляныя неглыбокія латкі з мандарынамі. Верхні ледзь прыкрыты такім белым капронавым пакетам. Пачынае падносіць цыгарэту да рота, у гэты момант школьнік, што выбягае зь пераходу мэтро, хлопчык, бяжыць за аднаклясьнікамі, выпадкова нагой кранае паперку, якая ляжыць на сьнезе перад шалямі. На паперцы кошт кіляграму мандарынаў: 12 тысяч рублей. Испанские, очень сладкие. Літара е ў слове сладкие паехала па паперцы ўніз, паперка крутанулася пад нагой хлопчыка, палову яе засыпала сьнегам, мужчына з заціснутай паміж пальцамі цыгарэтай нахіліўся, узяў паперку,

у гэты момант дзед, які стаіць ля самага выхаду з мэтро ў доўгім старым паліто й у валёнках, у яго на газэце пад нагамі слоік з хрэнам: менты.

І сам першы нахіліўся стаў запіхваць слоікі ў кішэні паліто, мужчына падхапіў латкі з мандарынамі, ягоная сяброўка схапіла шалі. Бабкі, дзед, усе хваляй ірванулі ўбок, убок ад пераходу. Дзіма ніяк ня мог сабраць бананы. Яго стала трэсьці, новы тэлефон выпаў, ён схапіў тэлефон, кінуў бананы, паклаў тэлефон у кішэнь, стаў запіхваць бананы ў торбу, рукі трэсьліся, схапіў торбу, бананы некалькі галінак выпалі з торбы на сьнег, засталіся на сьнезе, ён ірвануў убок, мент пасьпеў ступіць да яго, хацеў схапіць, але каўнер курткі слізгануў толькі па руцэ. Машына заехала на тратуар, коўш падхапіў сьнег, пацягнуў да шапіку саюздруку на прыпынку, людзі сталі разыходзіцца. Дзіма ўчапіўся нагой за вялікі кавалак мерзлага сьнегу, стаў завальвацца на машыну, але ўтрымаўся, захаваўшы раўнавагу, адбег убок.

<…>

Кіляграм бананаў 8 тысяч, гэта даляр. На паперцы, якая ляжыць на сьнезе напісана, што яны з эквадору. Шкура банану зялёная і яны вялікія. Прытрымліваючы падол доўгага футра, жанчына перабірае мандарыны. Ёй здаецца што яны ўсе мяккія. Они у вас все какие-то мягкие. Моршчыцца ёй не падабаюцца гэтыя мандарыны. На тонкіх, ужо з прыкметамі артрыту пальцах блішчаць залатыя пярсьцёнкі. Ля ейных ног на сьнезе ляжыць раздушаная хурма. Дзімаў брат купіў тры кіляграмы хурмы на камароўцы па 9 тысячаў за кіляграм. Ён перабіраў таксама стаяў. Так калі не выбіраць, то такая хурма каштуе 22–25 тысячаў кіляграм. «а почем бананы? А вижу». Жанчына раскрывае кашалёк з бліскучай чырвонай скуры, працягвае Дзіме пяць тысячаў і тры купюры па тысячы. Дзіма выцягвае з кішэні джынсаў грошы, яму даводзіцца трохі прыўзьняць плечы: ваша сдача. Літара ч цьвёрдая, ён прамаўляе не сдачья, а сдача. На канцы а. Сдача. Ён кажа як старэйшы брат сдача, ести, вылазиць, санцыметр. Грошы перахопленыя карычневай дзіцячай гумкай для валасоў. Зь пераходу мэтро валіць натоўп, жанчына ў футры незадаволена моршчыцца й дакранаецца да пляча мужчыны ў кароткай зімовай куртцы, ён замінае ёй. Яна сьпяшаецца да цёмна сіняй машыны, якая ўперлася бампэрам у бардзюр тратуару. Рухавік не заглушаны, стоп сыгналы міргаюць. Дзіма суне грошы ў кішэнь. Край тысячнай купюры надрываецца, джынсы шчыльна прылягаюць да нагі й пакласьці ў кішэнь грошы ня проста. Людзі разьмеркаваліся па прыпынку, у чаканьні транспарту. У Дзімы няма адмысловага месца для грошай. Ён захоўвае іх у кішэні, складаючы па прынцыпе павелічэньня. Самая вялікая купюра ўсярэдзіне складзеная напалову й перахопленая наступнай, потым наступнай потым наступнай. 100 тысячаў, 50 тысячаў, 20 тысячаў, 10 тысячаў, 5 тысячаў, 1 тысяча, 500 рублёў, 100 рублёў, 50 рублёў, 20 і 10. За 10, 20, 50, 100 рублёў нічога ня купіш. Гэта сьмецьце. Гэтыя грошы можна знайсьці ў горадзе на зямлі. Аднойчы сябар Дзімы сраў на дружнай насупраць экамэдсэрвісу на таўстога, сраў і падціраўся сторублёвымі купюрамі. Тры па сто, адна 50 і адна 10. Дзіма падымае любыя грошы калі знаходзіць. Нават 10, нават калі яны мокрыя, ён кладзе іх у кішэнь курткі, яны высыхаюць і ён разьлічваецца імі з касіркамі ў краме. Старэйшая сястра Дзімава кажа, што калі за драбкамі цягнесься значыць, усё жыцьцё будзеш падбіраць толькі дробкі. Яна 10 рублёў не падыме. Яна не падыме 100 рублёў, вось калі 500 ці тысяча. Аднойчы яе дачка страціла сотавы тэлефон, самсунг. Дачцэ 15 гадоў, на застаўцы была вялікая чырвоная ружа. Тэлефон ляжаў у сьнезе насупраць голдэн кавы на пляцы леніна. Машына чысьціла тратуар і пакінула горб сьнегу пасярэдзіне. У 22.30 з гэтага тэлефону патэлефанавалі ейнай сяброўцы Лізе. 22.30 з гатэлю Эўропа патэлефанаваў ужо іншы чалавек. На наступны дзень ля ўваходу ў ГУМ дзяўчына ў сінім паліто працягнула сястры Дзімы сотавы тэлефон ейнай дачкі. Дзімава сястра кінула дзяўчыне 10 даляраў у раскрытую сумачку. Дзяўчына незадаволена нахмурылася, яна ня дзеля грошай аддавала чужы тэлефон, Дзімава сястра адчула сябе няёмка, стала дзякаваць, штосьці сказала, нейкія словы падзякі. Яны разыйшліся, дзяўчына пайшла на прыпынак соткі,

а дзімава сястра пайшла ў мэтро, даехала да каменнай горкі, села на 52гі тралейбус, выйшла на 25й паліклініцы зайшла ў 10ты кабінэт, пераапранулася ў белы халат, узяла вядро, анучу й пайшла мыць кабінэты лекараў. У яе зарплата чыстымі 850 тысячаў.

Пакет малака 5–6 тысячаў у залежнасьці ад тлустасьці. Хлеб ад дзьвюх з паловай да 14 тысячаў. Палова раўбічаўскага 7 тысячаў. Рыс 7–9 тысячаў за 900 грамаў, грэчка 9–12 тысячаў за 900 грам. Пачак аўсянкі геркулес таннай самай які каштаваў 900 рублёў, чатыры з паловай тысячы. Мяса 100–200 тысячаў за кіляграм. Сасіскі 35–40 тысячаў. Можна і за 20 так. але за 20 ужо ня ўсе іх ядуць. Сок ад 7 да 14 тысячаў за літар. Селядзец маціяс 12 тысячаў, эканом 23 тысячы, тварог ад 5 да 12 тысячаў, сыры ад 30 тысячаў, рыба ад 30 тысячаў.І ў сухарава і ў чыжоўцы і ў шабанах, і на паўднёвым захадзе і ўва ўсіх васьмі малінаўках людзі перакананыя што ўсё робіцца ў жыцьці дзеля грошай. Усе суседзі дзімавай сястры, усе аднаклясьнікі ейнай дачкі веранікі, уся школа на чале з дырэктарам думаюць менавіта так.Праз тыдзень да яе прыехала стрыечная сястра Тоня з Оршы й падарыла хустку. Тоня сказала, прымі гэты маленькі падарунак. Хай ён не такі важны але сястрычка родная любі яго як мяне. Любі яго як мяне. Тоня прамаўляе ехо, прыми, скромны. Люби ехо как мяня. Прамаўляе мяня.

<…>

Ты выходзіш з дому, ты плаціш.

Дзяўчына ў аблямаванай штучным мехам куртцы ведае гэта вельмі добра. Спачатку ў транспарце, аўтобус ці тралейбус, праезд 1.300 рублёў, калі купляеш талён у кіроўцы 1.500 рублёў. І галасавое паведамленьне з дынаміку просьба каб купюра была ня большая за 10 тысячаў. Калі першы аўтобус у які сеў не давозіць, сядаеш на мэтро. 1.300 рублёў жэтон. На рукі ня больш за чатыры жэтоны. Чаму не зразумела. Бракуе іх, тлумачаць. Спускаесься ў мэтро, у гэтай дзяўчыны цяжкая торба, ляжыць нэтбук, кніжка, кантэйнэр з абедам, які ўзяла з дому. Цягаць яе на плячы дастае, хочацца куды-небудзь паставіць. Але пасьля тэракту ў мэтро на ўсіх станцыях прыбралі лаўкі. Старыя, жанчыны з маленькімі дзецьмі, усе змушаныя стаяць. Усе стаяць на плятформе, таму што сесьці няма куды. Амаль год людзі стаяць. Нядаўна лаўкі вярнулі. Тлумачылася гэта мерамі бясьпекі. Яна плаціць за праезд, яна плаціць за ежу, яна плаціць за ўваход у клюб, яна плаціць за ваду. Дома яна плаціць за сьвятло, за ваду, за кватэру, яна плаціць за тэлефон сотавы й хатні, яна плаціць за лічбавае тэлебачаньне, плюс плаціць за адмысловы пакет каналаў ашдзі. Яна плаціць дадаткова за чыстую ваду ў бутэльках па 20 літраў па 26 тысячаў за бутэльку, таму што тую ваду якая цячэ з крану за якую яна плаціць, немагчыма піць. Яна настолькі хляраваная, што калі гатаваць гарбату, усё адно адчуваецца. Яна ня можа мыць галаву гэтай вадой, у яе зьяўляецца перхаць. Яна плаціць за шампунь, мыла, адзежу, за інтэрнэт, за квіток у кіно. Яна плаціць падаткі з прыбыткаў 12 адсоткаў. Перад гэтым ейныя бацькі зь якімі яна жыве, заплацілі за гэтую кватэру ў спальным раёне на ўскраіне гораду 52 тысячы даляраў, каб яна лічылася іхнай уласнасьцю й каб яны маглі ў ёй плаціць за сьвятло, за ваду, за цяпло. Яны заехалі й адразу памянялі вокны, драўляныя зьмянілі на плястыкавыя, за тры акна яны заплацілі 870 даляраў. А кватэра на каменнай горцы аднапакаёвая зь відам на кальцавую дарогу каштуе 72 тысячы даляраў. Ейная сяброўка здымае кватэру аднапакаёвую за 240 даляраў на напалеона орды і гэта другі канец гораду зь відам на будаўнічы гіпэрмаркет ома. У ёй не было нічога, ні пліты, ні мэблі, ні лядоўні, яна плаціць за голыя сьцены, проста таму што будынак новы. Яна плаціць гаспадыні за кватэру й плаціць камуналку. Гаспадыня ідзе з гэтымі грашыма якія атрымала ад яе за сваю ўласную кватэру і плаціць зь іх падатак, таму што яна атрымала прыбытак. У бацькоў гэтай дзяўчыны ёсьць лецішча. Але зямля ім не належыць. У любы момант калі краіне спатрэбіцца гэтую зямлю могуць забраць.

У любы момант калі гэта спатрэбіцца кватэру любога могуць забраць, праўда будуць прапаноўваць у эквіваленце такую самую. Але ня ўлічваецца, што чалавек прызвычаіўся, пусьціў тут карані, калі краіне трэба, ты павінен аддаць.

Гэтая дзяўчына садзіцца ў 81ы аўтобус і 40 хвілінаў выбіраецца з малінаўкі. На шляху паўднёвы захад. Кірмаш, макдональдс, кінатэатар бярэсьце, сэканд хэнд, у якім сталі вельмі вялікія зараз кошты. Адзін швэдар 85–100 тысячаў. На паўднёвым захадзе дамы пабудаваныя ў форме алімпійскіх кольцаў у гонар алімпіяды 1980га году. Дзяўчына выходзіць на вуліцы маскоўскай і перасаджваецца на 100ы аўтобус. Ейная сяброўка садзіцца на канцавым побач з будаўнічым гіпэрмаркетам ома на 35ы аўтобус, даяжджае да прыпынку насупраць гіпэрмаркету вэстар, перасаджваецца на 31ы тралейбус, пад’яжджае адзін прыпынак, ідзе пешшу паўз кафэтэрый, пошту, аптэку, краму, будаўнічую краму палас, на прыпынак вуліца ўманская, садзіцца на 40ы тралейбус, выходзіць на прыпынку райвыканкам. Яна працуе сакратаркай у райвыканкаме маскоўскага раёну. Яе ўладкавалі па вялікім блаце, таму што нягледзячы на заканадаўства па якім чарга на льготнае жытло расьцягваецца на 15, 17–20 гадоў, а квадратны мэтар па льготнай чарзе каштуе пяць мільёнаў сямсот, яна працуючы ў райвыканкаме, таму што райвыканкам займаецца гэтымі пытаньнямі, атрымае двухпакаёвую, трохпакаёвую кватэру праз тры гады. Атрымае й адразу звольніцца. Тры гады кожны месяц яна будзе плаціць гаспадыні 240 даляраў, калі тая не падыме кошт. Тры гады яна будзе чакаць свайго жытла. Не 17, ня 20 гадоў, ня з 1987 20га стагодзьдзя. Тры гады толькі. За гэты час яна выплаціць гаспадыні кватэры 8.640 даляраў плюс камуналка за тры гады. Яна працягне плаціць ужо заехаўшы ў новую кватэру. Заплаціць за дзьверы, шпалеры, побытавую тэхніку, лямпы, вокны, калі захоча паставіць душавую кабіну.

Яна будзе плаціць, як і ейная сяброўка, усё жыцьцё, пакуль ня здохне. Потым заплацяць ейныя сваякі. За труну, за вянкі, за месца на могілках. Хто-небудзь з родных на пахаваньні скажа: она так любила жизнь.

<…>

Дзіма жыве асобна на ангарскай, у чатырох павярховай хрушчоўцы, разам зь сябрам здымаюць аднапакаёвую кватэру за 160 даляраў. Дык які ж ён алькаголік, кватэру здымае, купіў новы сотавы, купіў дзіцяці сотавы, купіў канцтавараў яму да школы на 160 тысячаў, купіў куртку на вясну. Калі ён забраў яго, прывёў у паліклініку 25ю, у лекара вочы на лоб павылазілі, паглядзіце кажа ў яго сып кажа, я такога сыпу сто гадоў ня бачыла, такі сып бывае калі дзіця не купалі некалькі месяцаў. Цябе мама калі купала апошні раз? Ня памятаю кажа. Ну пакажы галаву сваю. Нахілілі галаву там ціхі жах, месца жывога няма. Ён адвёў малога да маці ў інтэрнат ад футаральнага былога. Дзіцё за месяц паправілася набрало тры кіляграмы, яно ў восем гадоў у першы раз ёгурт пакаштавала. Дык які ж мой брат алькаголік?! Даведка з апошняга месца працы? вось яна. Вось даведка ад нарколяга. Вось ад цешчы зь беразіна сведчаньні, купіў сыну кампутар. Хіба алькаголік можа гэта ўсё зрабіць? Прыводы былі так. Дык вы самі ведаеце якая міліцыя. Ён можа не п’яны піва выпіў, ім усё адно. Але ён піва нават ужо паўгоду ня п’е. Абражаў участковага міліцыянта. мацюком на яго крыў. Дык а хто іх любіць. Мянтоў ня любіць ніхто акрамя іхных бацькоў і сяброў. У сетках іх траціруюць, яны сябе выдаляюць зь сетак. Амапаўцы, якія людзей разганялі, закрываюць свае старонкі. У аднаго спэцназаўца на старонцы было напісана любимое развлечение: люблю бить девушек дубинкой по голове. Гэта жарт такі. Мянты забіраюць у п’яных грошы, мабільнікі. Старых праганяюць, якія прадаюць ежу.

Але калі дзе б’юцца дык ніводны мент не палезе разбараняць. Калі гуляе п’яная кампанія, ніводны ўчастковы не паедзе разьбірацца.

<…>

Нядзеля.

<…>

У музэі тэмпэратура пры нулі градусаў на вуліцы, плюс тры, дзяўчына ў якой мама любіць сьпяваць, сядзіць у кабінэце не здымаючы курткі. Зь ёю ў кабінэце ў нядзелю сядзяць яшчэ чатыры жанчыны. Трэба плян. 5 экскурсіяў у дзень. Квіток у музэй 20 тысячаў. У музэй ходзяць, як правіла, калі ходзяць наогул, то ўдваіх. Гэта 40 тысячаў. 40 тысячаў гэта палка каўбасы. Нават ня трэба доўга думаць, хто што абярэ. Бацька прынёс дзяўчыне на працу масьляны радыятар. Яна паварочвае галаву, падпірае кулаком падбародак, і глядзіць у акно на крумкачоў. Крумкачы сядзяць на бярозе ў двары.

ЛПП гэта лячэбна працоўны прафілякторый расшыфроўваецца. Гэта 5 брызэнтавых намётаў, у ста кілямэтрах ад Менску, недалёка ад вёскі ў лесе. У намёце 10 чалавек. Гэта ўсё мужчыны сярэдняга ўзросту, п’яніцы, дармаеды, тых каго краіна саграваць не зьбіраецца. У намётах не ацяпляецца, і няма сьвятла. Пры тэмпэратуры на вуліцы мінус 10 у намёце мінус 10.

© Павал Пражко. Пераклад з расейскай мовы.

Фатаграфіі © Сяргей Ждановіч, пэрсанальны сайт

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкулу выкарыстаньне аўтарскага візуальнага матэрыялу забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology