Выстава на Калектарнай

Афіша выставы на Калектарнай \ 1987

«pARTisan» #3’2004

Аляксей Жданаў каля будынку «Менскграмадзянпраект» \ Менск, 1987

Выстава на Калектарнай \ 1987 

Выстава на Калектарнай \ 1987 

Аляксей Жданаў, «Каляж»

Выстава на Калектарнай \ 1987 

Выстава на Калектарнай \ 1987 

Выстава на Калектарнай \ 1987 

На першым пляне карціна «Патрыярх» Віталя Ражкова

Фрагмэнт з артыкула Ф.Валодзька «Какие же идеалы у «Формы»?»

Выступ Артура Клінава

Выстава на Калектарнай \ 1987 

Выстава на Калектарнай \ 1987 

Аляксей Жданаў і Наталя Татур у Менску

«pARTisan» #3’2004

Архіў! © pARTisan #03’2004

Восень 1987-га году была ў Менску надзвычай лагодная, восень панавала й на старых менскіх вулках, якія насуперак разбуральнай сіле разьвітага сацыялізму яшчэ захоўвалі сваю гістарычную прывабнасьць. Сярод гэтых вулак была й вуліца Калектарная, на якой пакуль яшчэ трывала стаяў «Менскграмадзянпраект».

Аднойчы ў Польшчы я патрапіла ў мястэчка Мінск-Мазавецкі. У мяне ўзьнікла адчуваньне дэ-жавю. Я апынулася нібыта ў нашым беларускім Менску, і акурат у раёне Калектарнай. Выявілася, што такое архітэктурнае супадзеньне не выпадковае, бо калісьці за польскім часам беларускія гарады будаваліся паводле праектаў адных і тых жа архітэктараў. Падобнае сваяцтва яднае Парыж і Санкт-Пецярбург.

Вокны шэрага стандартнага будынку «Менскграмадзянпраекту» выходзілі на стары залаты сквэр. Гісторыя гэтага месца надзвычай драматычная — падчас вайны тут, па старых габрэйскіх могілках, праходзіла гета. Сьведка мінулага, сьціплы камень на зямлі, распавядае пра тое мінакам. Наагул, нашыя таварышы камуністы былі надзіва таўстаскурыя:

усюды, дзе пахаваныя бязьвінныя ахвяры, ці то нацызму — на Калектарнай, ці то сталінізму — у Курапатах, абавязкова насадзяць маладых дрэўцаў і пабудуюць мікрараён, 

як у Курапатах, альбо адміністрацыйны будынак, як на Калектарнай, 4, — не пасьпееш апамятацца, а ўжо шыбуе праз могілкі дзелавы народ па сваіх штодзённых справах.

У маёй бабулі, Алены Фёдараўны, камуністкі са стажам, быў другі муж. Зваўся ён Сямён. А быў ён пракурорам і ўдзельнічаў у расстрэлах грамадзянаў у Курапатах. Пра гэта забаронена было казаць. Бабуля вельмі не любіла, калі, вяртаючыся дахаты з Курапатаў пасьля расстрэлаў людзей у патыліцу, гэты Сямён піў воцатную эсэнцыю! Я й сама памятаю ў бабулі поўныя саламяныя кашы пустых бутэлечак з-пад воцату. Яго нават эсэнцыя ня брала! Неўзабаве бабуля зь ім разышлася.

Але вернемся ў «Менскграмадзянпраект». Архітэктарка Людміла Караткевіч, экстравагантная й энэргічная габрэйка, у чорным мужчынскім капелюшы, з крывавымі вуснамі й вельмі прыгожымі карымі вачыма, якія не пакідаў глыбокі ўнутраны неспакой, перамяшаны зь неспатоленай жарсьцю, завітала падступным восеньскім ранкам да камсорга «Менскграмадзянпраекту» й зрабіла яму нявінную прапанову — правесьці выставу маладых авангардных мастакоў.

— А што значыць авангардных? — наіўна запытаўся камсорг.
— Гэта тыя, хто найлепш малюе, — не міргнуўшы вокам адказала Людміла.

Сама ж Людміла Караткевіч ніколі ня бачыла ніводнага менскага авангардыста, бо такіх экзатычных зьвяроў народу не паказвалі. Праўда, яна была сяброўкай паэта й дысыдэнта Аляксея Жданава, які ў тыя далёкія часы маляваў алоўкам адмысловыя раскраскі й дарыў іх сябрам, толькі нікому ў брэжнеўскія часы не прыходзіла ў галаву, што гэта можа называцца авангардным мастацтвам.

Камсорг «Менскграмадзянпраекту» прапанову Людмілы ўхваліў. «Вернецца з адпачынку наш дырэктар Уладзімер Ільіч, а мы ўжо й мерапрыемства правялі», — радаваўся малады чалавек. (Тады яшчэ было модна ставіць галачку ў радку мерапрыемстваў. А цяпер такога слова, напэўна, ужо й не існуе.)

Вечарам я абмеркавала з Алякеем Жданавым, хто будзе ўдзельнічаць у выставе. Віталь Ражкоў — малады мастак, скончыў менскую мастацкую вучэльню. Падаваўся крыху дзікаватым, хадзіў у доўгім белым плашчы й вызначаўся скрайнім экстрэмізмам у поглядах і ўчынках. Андрэй Плясанаў — асоба шматбаковая, праявіў сябе ў розных сфэрах: граў на музычных інструмэнтах, здаецца, сьпяваў, маляваў, пісаў тэксты, калекцыянаваў карты й антыкварыят. Праўда, меў падазроную славу махляра, але асабіста мне й Жданаву ён нічога дрэннага не зрабіў — хто з пасьпяховых ня меў зайздросьнікаў. Ступень раскаванасьці Плясанава нам падыходзіла.

Тодар Копша — прафэсійны мастак, эстэт, памяркоўна нацыяналістычных поглядаў. Артур Клінаў — малады жывапісец, яркі, падобны да расейскага разначынца, ён увесь час папраўляе акуляры, якія зьяжджаюць з арлінага носу, і распавядае, як учора вярнуўся зь Піцеру. Фрызура пад Гогаля падкрэсьлівала ягонае аблічча народавольца. Аляксей Жданаў — паэт, добра вядомы ў вузкіх колах, зьнешне падобны да былога трэнэра па барацьбе, такі сабе качок, шырокі ў плячох, які, праўда, ніколі не пераступаў парогу спартовай залі й абсалютна не выносіў фізычную працу. Таксама ў акулярах і зь філязофскай (няскончанай) адукацыяй.

Аляксей усё жыцьцё маляваў ідыёцкія карцінкі зь нейкімі вар’яцкімі іншаплянэцянамі (ён называў іх марсіянамі) і клеіў каляжы. Выразаў з часопісаў фатаграфіі рэпрэсаваных за Сталіным людзей і наклейваў іх канцылярскім клеем на кардонкі. Цэнтрам гэтых абвінаваўчых актаў былі звычайна Сталін зь Леніным — ахвяры й каты наўмысна перамешваліся, — каты сядзелі на лавачках, стаялі з выцягнутымі рукамі, несьлі на галовах кепкі і г.д. Аднойчы ў Менску я пачула ад трохгадовага дзіцяці, якое пабачыла плякат «Ленін у кепцы», такую гісторыю: Жыў-быў Ленін. Потым узяў і памёр. І цяпер ідуць на працу людзі й кажуць яму: «Шчасьліва, Ленін! Падобнае ўражаньне рабілі Лёшыны каляжы. Прычым Ленін да ўсяго іншага быў на іх з нафарбаванымі вуснамі.

На сьценах актавай залі меркавалася разьвесіць мае са Жданавым вершы. Самыя, вядома, вострапалітычныя. Сама заля «Менскграмадзянпраекту» была вытрыманая ў колерах сапраўднага катушковага сацыялізму — шэрагі крэслаў, сцэна з засланым чырвоным сукном сталом і абсалютна нязьменным белым гіпсавым бюстам вечна жывога мерцьвяка. Шчасьліва, Ленін! Віталь Ражкоў прапанаваў застацца ў гэтай залі з суботы да панядзелка й выканаць сваё генэральнае рашэньне кампазыцыі выставы. Усе ўдзельнікі былі наэкзальнаваныя будучымі падзеямі. Мае дзеці які раз перасталі хадзіць у школу.

І вось нарэшце надышоў дзень адкрыцьця нашай выставы на Калектарнай. Я ахнула, пабачыўшы, што стварылі мастакі-авангардысты на чале зь Віталем Ражковым.

Актавая заля практычна ад падлогі да столі была ўклееная газэтамі. Усе крэслы былі зваленыя пасярод залі ў кучу ажно да столі, а зь яе тырчэлі голыя чалавечыя рукі й ногі. Гэты аб’ект Віталя Ражкова называўся «Перабудова». Рукі й ногі Віталь узяў на Менскім пратэзным заводзе. Зь левага боку ад уваходу Ражкоў павесіў сваю працу — гіганцкі партрэт голага Брэжнева, такога сабе старога смарчка з аграмаднымі геніталіямі. Карціна называлася «Партрэт патрыярха».

Пасьля кароткага кансыліюму геніталіі прыкрылі какетлівай хустачкай, прыбілі яе да палатна. Стала яшчэ цікавей.

З правага боку ад дзьвярэй вісеў жывапіс Плясанава — прыпраўленыя лёгкай эротыкай касьмічныя сюжэты з касманаўтамі ў скафандрах. Далей — пяшчотныя эстэтычныя абстракцыі Тодара Копшы. Бліжэй да сцэны сьцены былі ўвешаныя каляжамі Аляксея Жданава. Каб пабачыць жывапіс Артура Клінава, трэба было падняцца на сцэну, заслона была толькі крыху зацягнутая. Палотны Артура былі вельмі нечаканыя, асабліва ўражвала карціна, якая называлася «Сьмерць на вуліцы Кастрычніцкай». Пасярод крывой вулачкі ляжаў мёртвы кот, але чамусьці было ясна, што гэтая карціна распавядае пра сьмерць Саламона Міхоэлса, сапраўды задаўленага ў Менску на вуліцы Кастрычніцкай сталінскім грузавіком. Карціна зачароўвала сваім драматызмам.

Было выстаўлена даволі шмат працаў Клінава, самая вялікая мела назву «Рэвалюцыя», былі й кветкі — вельмі драпежны кактус. Адчувалася, да гледача прыйшоў моцны й яркі мастак. Самога Артура на адкрыцьці выставы не было. Ён, як заўсёды ў тыя часы, быў у Піцеры й зьявіўся празь некалькі дзён, ужо ў самы ажыятаж. Каля «Партрэту патрыярха» Віталь Ражкоў паставіў стэлажы з самымі рознымі прадметамі, якія калі й былі тэматычна зьвязаныя, дык толькі тым, што ўсе былі са сьметніцы. Асабліва непрыемна кідалася ў вочы скарыстаная жаночая пракладка. Я распачала доўгія й цяжкія перамовы, пераконваючы яго прыбраць пракладку,

таму што нельга было дапусьціць, каб выставу зачынілі, як парнаграфічную. Прыбраў.

Надыйшоў панядзелак. Зранку дзьверы «Менскграмадзянпраекту» адчыніліся, каб упусьціць сваіх рабоў. Мы ўсе знаходзіліся ўсярэдзіне актавай залі й зь нецярплівасьцю чакалі першых наведнікаў. Мае дзеці, Вера й Ягор, не пайшлі ў школу й працавалі за дзяжурных адміністратараў, у іх быў свой столік, і яны раздавалі запрашальнікі й трымалі кнігу водгукаў. Веры было чатырнаццаць, а Ягору — трынаццаць гадоў.

Нарэшце дзьверы актавай залі расчыніліся, і некалькі наведнікаў, работнікаў «Менскграмадзянпраекту», зрабілі першы крок, каб увайсьці на выставу… але завісьлі ў паветры з адной паднятай нагою, нібыта чаплі!

Яны не маглі наступаць на газэты! Газэты былі органам улады й выклікалі страх. Газэты паралізавалі людзей! І гэтымі людзьмі былі не рабочыя й не калгасьнікі, а вяршкі інтэлігенцыі — архітэктары!

Страх не дазваляў ім наступаць на газэты, дзе былі фатаграфіі сябраў Палітбюро! Гэта немагчыма забыць. Прыгадваецца жарт, што любая назва артыкулу ў газэце падыходзіць, каб так назваць полавы акт. Напрыклад — член Палітбюро X. Падыходзіць? Гэта была дурная, але вельмі сьмешная гульня з газэтамі. Бледных архітэктараў зьядаў самы сапраўдны страх, калі яны сталі на газэты й увайшлі на выставу.

Нясьмела, амаль на дыбачках, яны пачалі агляд экспанатаў. Спачатку моўчкі. Пасьля, азіраючыся па бакох, заглядвалі пад хустачку «Патрыярху» й ужо ва ўсю рагаталі. Асабліва жанчыны. Альбо, наадварот, абураліся. Меркаваньні падзяліліся на чорныя й белыя. Незадаволеныя крычалі: «Гэта беспарадак! Мы не дазволім! Мы не за гэта ваявалі!» Гэта былі, вядома, вэтэраны. Перад абедам на выставу прыйшло каля дзесяці наведнікаў. Яны неяк сьмела парушылі рэжым працы па званку. Але пасьля абеду, калі першыя наведнікі падзяліліся ўражаньнямі з калегамі — ужо немагчыма было стрымаць ахвотных паглядзець авангардную выставу.

Ужо ў калідорах «Менскграмадзянпраекту» выбухалі спрэчкі й даходзілі ледзь не да боек. «Закрыць! Забараніць! Зьнесьці!» — крычэлі вэтэраны. ¬«Цудоўная экспазыцыя, — пасьміхаліся бунтары, — добрыя мастакі. А вам, вэтэранам, толькі б вайну паказваць. Сытыя па горла!»

Так прайшоў панядзелак. У аўторак народ паваліў валам. Інстытут «Менскграмадзянпраект» ужо не працаваў. Архітэктары гулялі па калідорах і захоплена спрачаліся пра выставу. Разьляталася пагалоска. Пацягнуўся народ з гораду. Раніцай у сераду прыехалі прадстаўнікі гаркому партыі на чале з загадчыкам аддзелу культуры Івановай і сакратаром па ідэалёгіі — не памятаю ягонае імя, бо ўсе на адзін твар. Аточаная з усіх бакоў паплечнікамі Іванова падышла да каляжаў Жданава. Пабачыла Леніна з нафарбаванымі вуснамі, і ёй зблажэла. Яна страціла прытомнасьць. Паплечнікі пасьпелі яе падхапіць. Калі ачомалася, слабым голасам, плачучы сказала Жданаву:

— Вы мяне абразілі… Вы абразілі мяне як жанчыну.
— Нічым я Вас не абразіў, — з годнасьцю адказаў Жданаў. Хаця вочы ў яго зьдзекліва паблісквалі.

Сакратар па ідэалёгіі ўзяўся чытаць Жданаву палітычныя маралі.

— Кажэце гучней, — папрасіў Жданаў.
— Мне здаецца, што я дастаткова гучна кажу, — пакрыўдзіўся сакратар. — Чаму Вы мяне ня чуеце?

— Бо ў Вашым абутку хлюпае кроў ахвяраў 37-га году, — выразна адказаў Жданаў.

Больш сакратар ужо нічога не казаў. Пад рукі павялі непрытомную Іванову, хістаючыся сыйшоў ідэалягічны сакратар. Запахла смажаным. Мы ўсе адчулі, што выставу могуць прыхлопнуць. У Жданава разбалелася сэрца, і, абліваючыся халодным потам, ён папрасіўся дахаты. Лёша меў слабое здароўе й цяжка пераносіў стрэсы. Ражкоў зноў застаўся начаваць. І правільна зрабіў. Таму што ўначы ў дзьвярах актавай залі памянялі замкі. Але Ражкоў адчыніў з сярэдзіны. Зноў прыйшоў натоўп гледачоў. А ў натоўпе зьявіліся шэрыя кардыналы з КДБ. Прадстаўнікі гаркому партыі, але ўжо безь Івановай, зноўку былі з намі.

Архітэктары сьвяткавалі перамогу, ніхто не працаваў, ніхто ня слухаў званкоў. Былыя рабы не хавалі сьмеху, назіраючы з вокнаў, як у пажоўклых восеньскіх кустах соўвалася рудая галава дырэктара «Менскграмадзянпраекту» Ўладзімера Ільіча. Ён быў у адпачынку, але весткі пра падзеі дайшлі й да яго, і ён ужо ня мог уседзець дома. Аднак увайсьці ў будынак не ўваходзіў, каб ні за што не адказваць. Было абсурдна й сьмешна глядзець, як прысядаў у хмызах, назіраючы за сваім інстытутам, Уладзімер Ільіч — думаў, што яго ніхто ня бачыць. Будынак быў ужо шчыльна ачэплены чорнымі машынамі. Дзе-нідзе мільгалі міліцыянты.

Зь серады на чацьвер нам паведамілі, што выставу закрыюць. Як журналістка, я ўстала за сваю ідэю сьцяною:
— Не закрыюць. Вы тут трымайцеся, а я пайду адпраўляць тэлеграму Раісе Гарбачовай.

Чаму менавіта Раісе, — запытаецца чытач, — а не самому Гарбачову? Мой разьлік быў дакладны. Да Гарбачова ўжо ішлі хвалі лістоў, скаргаў і тэлеграмаў. Іншая справа Раіса. Яна зусім вольная, і ёй ніхто яшчэ ня піша. Яна напэўна атрымае й прачытае маю тэлеграму. Тэкст быў такі:

«Шаноўная Раіса Гарбачова! У Менску адчынілася першая выстава маладых мастакоў-авангардыстаў. Але ўлады ўжо хочуць яе зачыніць. Выратуйце нашу культурную акцыю!»

Думаю, што Раіса Гарбачова атрымала гэтую тэлеграму. Асабіста. Магчыма, мая тэлеграма наагул была першай для адукаванай і культурнай жонкі прэзыдэнта, якая толькі што заступіла на пасад. Выставу зачыніць не змаглі.

У чацьвер бледны й перапалоханы камсорг «Менскграмадзянпраекту» паклікаў мяне наверх, у кабінэт. Там ужо сабраліся пераляканыя людзі з адміністрацыі праектнага інстытуту.

— Што нам за ўсё гэта будзе? — запытаўся камсорг. Вусны ў яго задрыжэлі.
— Нічога, — адказала я. — Нічога вам ня будзе.
— Але як гэта? Нас жа павыганяюць з працы! Паглядзіце, што тут робіцца, поўная анархія, гэта ж ваенная арганізацыя! — тут ён прадаў страшэнную тайну. Пад выглядам «Менскграмадзянпраекту» дзейнічала ваенная арганізацыя, таму й рэжым працы быў як у канцлягеры. — Мы ўжо ня сьпім і не ядзім, можа, нас нават арыштуюць.
— Вам нічога ня будзе, — упэўнена пацьвердзіла я. — Хаця, — тут я зрабіла паўзу, — я думаю, вы атрымаеце павышэньне. — Пакінуўшы гэтых пэрсанажаў зь нямой сцэны «Рэвізора», я выйшла.

Выставу не зачынілі дзякуючы сьветлай памяці Раісе Гарбачовай. Але партыйныя сілы зрабілі яшчэ больш хітрадумна. Яны распачалі ў актавай залі рамонт! Гэта была кульмінацыя! У падлозе раскрылі люкі. Блішчала аўтазварка. Паставілі да столі лесьвіцы й пасыпалі гледачоў пабелкай. Разам з экспанатамі выставы й убраньнем залі атрымлівалася дэкарацыя зь пеклу. Надыйшло сьвята поўнага абсурду! Пачалася перабудова. Лёша Жданаў адзначыў: «Ведаеш, што такое перабудова? Стаіць, прыкладам, у хаце кацёл з лайном. Ён закрыты вечкам і нікому не перашкаджае.

Але нехта паставіў яго на вагонь і пачаў грэць і мяшаць. Уяўляеш, які смурод? Вось гэта й будзе перабудова».

Помста архітэктаркі Людмілы Караткевіч нялюбай арганізацыі атрымалася як мае быць! Нават праз васемнаццаць гадоў мне ня сорамна ўзгадваць тую бліскучую акцыю. На шмат гадоў у Менску здохла цэнзура выяўленчага мастацтва. Пасьля выставы на Калектарнай можна было выстаўляць што заўгодна. За што й змагаліся. За свабоду наступаць нагою на газэты. Нечаканым і цікавым падаўся мне факт, пачуты нядаўна, у сакавіку 2004 году, у Варшаве ад Артура Клінава:

падчас выставы на Калектарнай Віталь Ражкоў паклікаў яго да чырвона-суконнага стала, выцягнуў шуфляду й паказаў Артуру паржавелы авіяцыйны снарад часоў вайны.

Так са спазьненьнем я парадавалася, што арганізатары й удзельнікі выставы разам з архітэктарамі, партайгеносэ, маімі дзецьмі й звычайнымі наведнікамі не ўзьляцелі ў паветра. Вось гэта была б цана авангарду й свабоды!

Але тады, увосень 1987 году, Міхаіл Гарбачоў яшчэ не павынішчаў неацэнныя вінаграднікі, людзей у Карабаху яшчэ не пасеклі снайпэрскімі лапаткамі, і яшчэ шчодра сыпалася чыстае золата з дрэваў на старой менскай вуліцы Калектарнай, і неба над намі было глыбокае й сіняе.

Наталя Татур, Варшава, 31 сакавіка 2004.

На вокладцы — старонкі з «pARTisan» #3’2004.

Фатаграфіі © pARTisan

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. Ник:

    Вельмі падобна, што Аляксей Жданаў і Натальля Татур на Машэрава, альбо на Паркавай, каля «Рамонка». Шмат разоў тэлефанавала з гэтых аўтаматаў.

  2. pARTisan:

    Дзякуй, Нік. Напэўна, вы маеце рацыю. Фотаздымак і подпіс да яго ўзятыя з рассылкі, якую рабіў Музэй сучаснага мастацтва, калі ладзілася вечарына памяці Жданава. Але — выпраўляем недакладнасьць.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Design: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology

120 queries in 0,845 seconds.