«One Short Film Fest» на службе ў кароткага мэтру

«Я і сьвет», рэж. Арсені Хачатуран

«Анарэксія», рэж. Ксенія Чартовіч

«Вандроўнік ня вернецца», рэж. Алесь Лапо

«Afield», рэж. Валеры Рабаў

«Добрай раніцы, зорны сьвет», рэж. Фёдар Немцаў

«HDVintage», рэж. Аляксей Кужко

«Irrelative», рэж. Аляксей дэ Бронхэ

«Сапраўднае», рэж. Дзьмітры Бялінскі

«Шлях дамоў», рэж. Дзьмітры Дзядок

«Рэфлексія», рэж. Наталя Ліпатава

АД КОЖНАГА ПА ЗДОЛЬНАСЬЦЯХ, КОЖНАМУ ПА КАМ’ЮНІЦІ
(Нататкі з элемэнтамі рэпартажу за сталом кіназалі)

Усё больш і больш модным становіцца ў нас праводзіць разнастайныя кінафэстывалі. І наогул — у сувязі з даступнасьцю лічбавай тэхнікі зрабіць фільм (асабліва кароткамэтражны), кінафэстываль або кінасайт становіцца з кожным днём усё прасьцей і прасьцей.

Часам здаецца, што неўзабаве ў кожнага будзе па сваім сайце на якую-небудзь культурную ці калякультурную тэму. І па кінафэстывалі таксама. Але, напэўна, у гэтым няма нічога дрэннага. Гэта такі сабе прагрэсіўны шлях да дэмакратызацыі культурнай прасторы ў сьвеце, дзе ўсё падзелена на кам’юніці й галоўная мэта — «знайсьці сваіх і супакоіцца» (с).

Праўда, ці атрымалася ў ІІІ фэстывалю кароткамэтражных фільмаў «One Short Film Fest» знайсьці сваіх, — я так і не зразумела. Але зразумела, што супакойвацца арганізатары Вольга Давыдзік, Антаніна Серакова й Юлія Калнагорава пакуль не зьбіраюцца. Прынамсі, у менскай кавярні «Loft Cafe» цяпер на ганаровым месцы вісіць адмысловы дыплём — падзяка за дапамогу ў правядзеньні фэсту. Вось ужо ня першы год запар там праходзяць паказы «One Short Film Fest». І, мяркуючы па ўсім, будуць праходзіць і надалей.

Абмеркаваньне як панацэя

Сьціплы па фармаце й тэрмінах кінафэстываль і ня ставіць перад сабой глябальных задач. Сёлета гэта — два вечары кінапаказаў (20–21 лютага), падчас якіх можна было паглядзець некалькі конкурсных і пазаконкурсных фільмаў, паслухаць меркаваньне журы пасьля прагляду кожнай стужкі й нават выказацца самому. Менавіта абмеркаваньне й здаровая дыскусія — па сутнасьці, тое, дзеля чаго кінафэст ладзіцца. Не хаваючыся за шырмы тайнага галасаваньня, журы грунтоўна й падрабязна расказала пра недахопы мантажу й драматургіі, плюсы музычнага аздабленьня й выбару тэмы.

— Здаецца, у нашым кіно ўсё вельмі дрэнна, — заяўляе адзін зь сябраў журы Аляксандар Сарна й хуценька выпраўляецца: — Дакладней, у кіно ў нас якраз усё вельмі добра. Я маю на ўвазе дэпрэсіўнасьць тэмаў, якія выбіраюць рэжысэры.

Паглядзеўшы стужкі «Анарэксія» (рэжысэр — студэнтка БДАМ Ксенія Чартовіч), «Сны» (рэж. Кацярына Булацецкая, Сяргей Гараеўскі) пра паміраньне вёскі й вясковага ладу жыцьця ды «Ў траве сядзеў конік» (рэж. Алена Аляксане) пра сьмяротнае пакараньне, якога мы ня бачым, але яно ёсьць, беларускі мэдыяаналітык зрабіў такую выснову.

Але мне так і карцела зь ім не пагадзіцца: дзе ж яно — тое «добра»?..

— Ну вы ведаеце, творцы заўжды вельмі чуйна ставяцца да рэчаіснасьці й схільныя ўспрымаць усё драматычна, — мяркуе незалежны кінакрытык Ала Бабкова, яшчэ адзін сябра сёлетняга журы. Таму яны й абіраюць тэмы невясёлыя. Аўтар заўжды хоча задаць пытаньне, узьняць праблему. Асабліва калі гаворка ідзе пра дакумэнтальнае кіно.

На «One Short Film Fest» быў падзел на ігравое й дакумэнтальнае кіно. Конкурсныя стужкі рознага кірунку нават паказвалі ў розныя дні. У выніку найлепшым фільмам другога дакумэнтальнага дня назвалі фільм Алеся Лапо «Вандроўнік ня вернецца». Стужка ідзе ўсяго 14 хвілінаў. Магчыма, праз хронамэтраж, а можа, празь нешта яшчэ яна падаецца нейкай трошку недапрацаванай і наіўнай. Як небясталентнае відэа пра аднаго зь цікавых сяброў рэжысэра.

І бачна, што кінэматограф тут — не мастацтва (прынамсі, пакуль), а проста спосаб камунікацыі.

Алесь Лапо зацікавіўся кінэматографам зусім нядаўна, а «Вандроўнік ня вернецца» — ягоная дэбютная стужка. Зрэшты, ёсьць і плюсы ў гэтай стужкі. З усяго сьпісу кінафэсту, які налічваў 13 фільмаў, «Вандроўнік…» быў адзіным беларускамоўным. Ды яшчэ распавядаў пра падарожніка Кірыла Краўцова, які аб’ехаў краіны Паўднёвай і Паўночнай Амэрыкі, але вырашыў, у адрозьненьне ад многіх і многіх, вярнуцца ў Беларусь, пераехаць на вёску й перайсьці на беларускую мову, та-да-да-дам!

Калі б фільм быў ігравы, а не дакумэнтальны, такі паварот падзеяў падаўся б надзвычайна патасным. Але паколькі стужка, з пэўнай доляй пастановачнасьці, усё-ткі распавядае пра рэальныя падзеі, то й успрымаецца ўсё крыху інакш. Хаця й нельга сказаць, што занадта станоўчы характар героя не выклікае ніякіх драматургічных пытаньняў, а выключна давер і захапленьне.

Усё-ткі фільм ёсьць мастацкім творам, хоць бы й заснаваным на рэальных фактах.

Зьдзівіла тое, што падчас агульнадаступнага абмеркаваньня ў «Лофце» выказвалася пераважна журы. У атмасфэры сталічнай багемнай туманнасьці публікі было хоць і ня мала, але яна была: а) пераважна захопленая сабой, б) выпадковая.

Юныя німфы й маладыя крэатыўнага выгляду юнакі ўпярэмешку зь вечна маладымі беларускімі мастакамі розных кірункаў дэманстратыўна прагульваліся па доўгіх лофтаўскіх калідорах і гучна наладжвалі прафэсійныя сувязі. Ды яшчэ размаўлялі пра адсутнасьць культуры ў Беларусі й на розныя іншыя ня менш экзыстэнцыйныя тэмы.

Я тады падумала: як дзіўна, што калі ты сам удзельнічаеш у такіх размовах, то ўсё здаецца такім значным і цікавым. А калі слухаеш нешта падобнае збоку, то ўсё гэта надта патыхае пазёрствам ды глупствам…

Публіка падключылася толькі калі глядзелі «Анарэксію» — сацыяльны ролік у стылі кліпу. Заштампавана густоўны, ляканічны й «смачненькі» міні-фільм зрабіў антыпрапаганду дыетам і гастранамічным зьдзекам зь сябе, спрабуючы за хвіліну з гакам даказаць, што адмаўленьне ад ежы непазьбежна вядзе да сьмерці. І што дапамагаць людзям, хворым на анарэксію, трэба ў першую чаргу псыхалягічна. Фільм прадстаўляла Ксенія Чартовіч — студэнтка Акадэміі мастацтваў (дык вось чым яны там займаюцца!), што таксама немалаважна, бо дэманструе, хоць і вельмі агульна, узровень кіношнай адукацыі ў Беларусі.

У выніку менавіта гэтая стужка выклікала найбольшую неабыякавасьць. Дзяўчаты з усіх канцоў залі навыперадкі пабеглі да мікрафону. Знайшлася нават адна студэнтка мэдычнай ВНУ, якая пачала распавядаць, што анарэксія — сапраўды вельмі цяжкае й распаўсюджанае захворваньне й што якраз нядаўна ў менскіх шпіталях пачалі стварацца адмысловыя аддзяленьні, дзе ляжаць менавіта людзі, якіх лечаць ад анарэксіі. Яно, можа, і так, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, бо ў такія тонкія філязофскія развагі маладая рэжысэрка пакуль не паглыблялася.

Наогул, я вось яшчэ што падумала пра атмасфэру. Тое, што кавярня «Лофт» абсалютна бясплатна аддала сваё памяшканьне для паказаў «One Short Film Fest», выклікае толькі станоўчыя эмоцыі (апусьцім, што фэст прыцягнуў туды дадатковых патэнцыйных кліентаў, — думаю, кавярня й без таго няблага спраўляецца). Але атмасфэра там, калі казаць проста, зусім не спрыяла творчаму асэнсаваньню кінэматографа. Мастацтва было не дамінантай, а фонам для прыемнага баўленьня часу.

І гэта, дарэчы, вельмі характэрная рыса сучаснасьці. Асэнсаваньне як частка «лаўнджу» — справа для сучасных людзей звыклая. Яны зьбіраюцца ў суполкі, каб паглядзець кіно, але насамрэч — каб паказаць сябе. У выніку кіно глядзяць пераважна тыя, на кім ёсьць нейкая адказнасьць за прагледжанае. Напрыклад, журы.

Кінашкола-прыклад

Сёлетні «One Short Film Fest» адрозьніваўся ад папярэдняга. Чым? Разважае адзін з арганізатараў Вольга Давыдзік:

— Калі казаць пра адрозьненьні, — яны відавочныя ў праграме. Сёлета праграма атрымалася больш сьціслая па колькасьці, але адметная па якасьці й тэматыцы. Асабіста для мяне такая адметнасьць палягае ў канцэнтраванай вострасацыяльнай праблематыцы работ нашых маладых рэжысэраў. На фэсьце ўпершыню была ўзьнятая праблема пэнітэнцыярнай сыстэмы (сьмяротнага пакараньня). Адметна, што аўтарка стужкі «Ў траве сядзеў конік» Алена Аляксане (адна зь пераможцаў) ня мае кіношнай адукацыі. Гэта таксама адрозьнівае трэці фэст, бо раней перамагалі людзі з рэжысэрскай адукацыяй. Як на мой густ, дык сёлетняя праграма была больш моцная. Маю на ўвазе тое, што работ было ня шмат (7 конкурсных прац), але яны ўсе былі досыць моцныя.

Пацьверджаньне гэтай думкі я пачула й у камэнтарах нашых паважаных экспэртаў. Ну а традыцыйнымі для фэстывалю сталіся стужкі на беларускай мове (бывае, нам задаюць пытаньне пра тое, ці здымаюць маладыя рэжысэры на роднай мове і як часта) і тэма вёскі. Але гэтым разам гледачы й экспэрты былі прыемна зьдзіўленыя небанальным спосабам адлюстраваньня й перадачы гэтай тэмы.

Якраз на стужцы Алены Аляксане хацелася б спыніцца падрабязьней. І ня толькі таму, што гэтая стужка сталася пераможцай першага конкурснага дня й абыйшла «Пранікненьне» Аляксандра Касьпяровіча пра тое, што, адчыняючы чужыя дзьверы, вы можаце знайсьці ўласны шкілет у шафе, і «Адным чароўным ранкам» Юліі Дублеўскай з Паўлам Харланчуком і Юліяй Палубінскай у галоўных ролях.

Фільм Алены Аляксане пры ўсіх недахопах стужкі, якую зрабіла дзяўчына зь юрыдычнай адукацыяй, вельмі актуальны. І асабліва адметна, што ён зьявіўся ў Беларусі менавіта цяпер, калі над пытаньнем прысутнасьці сьмяротнага пакараньня ў айчыннай судовай сыстэме задумваўся, бадай, кожны беларус.

І малады рэжысэр зь юрыдычнай адукацыяй па сутнасьці сьцьвярджае, што сьмяротнае пакараньне негуманнае ня толькі для таго, каго караюць, але і для таго, хто выконвае такі прысуд.

Цікава, што гэты фільм Алена Аляксане зрабіла падчас навучаньня ў Маладзёвай кінашколе, якую на выйграны грант (каля 22 тысячаў даляраў) арганізавала малады рэжысэр Любоў Кудзелка. Летась навучэнцы школы мелі магчымасьць слухаць лекцыі вядомых кінэматаграфістаў: Марыны Разьбежкінай, Аляксандра Сакурава (які прыехаў выкладаць у менскую кінашколу абсалютна бясплатна, проста па просьбе Любы Кудзелкі, якую тая адправіла яму звычайным папяровым лістом), Паўла Фіна, Элы Мілавай, Алы Бабковай, Ігара Суманава, Алега Сільвановіча, Аляксандра Качана, Андрэя Курэйчыка, Валерыя Рыбарава, Эвы Перваловіч, Піпы Чадорава.

А пасьля, карыстаючыся тэарэтычнымі парадамі знаўцаў, — здымаць сваё уласнае кіно. На ўсё пра ўсё было адведзена каля паўгода. Заявак на кінашколу першапачаткова было пададзена каля 500. Потым паступова людзі адсейваліся. Абралі спачатку 50 чалавек, потым 25. У выніку толькі пяць наймацнейшых сцэнароў зацьвердзілі для ўвасабленьня. Фільм «У траве сядзеў конік» — адзін зь іх.

Калі пасьля заканчэньня кінафэсту мы з мастацтвазнаўцай Наталяй Агафонавай вярталіся дахаты, то, зразумела, абмяркоўвалі пабачанае. Тады спадарыня Наталя адзначыла, а я вырашыла ўзяць гэта на ўзбраеньне, што досьвед такога кшталту кінашкол — вельмі эфэктыўная рэч. Бо, напрыклад, стужка пра сьмяротнае пакараньне ўзяла ўжо не адзін прыз.

— Яны вельмі добра спрацавалі, — мяркуе Наталя Агафонава, — бо на такіх кінашколах зьбіраюцца людзі зацікаўленыя як з аднаго, так і з другога боку. Прафэсіяналы дапамагаюць маладым канкрэтнымі парадамі для канкрэтных сцэнароў і ў выніку атрымліваецца канкрэтны фільм. Відавочна, што яны ўсе не шэдэўры. Але затое ёсьць з чым працаваць далей.

Сапраўды, чым больш будзе такіх прыватных ініцыятываў, тым больш будзе стужак вытворчасьці маладых беларускіх рэжысэраў. Адпаведна, значна ўзбагаціцца кантэнт кінафэстываляў кшталту «One Short Film Fest».

Таму што сёлета было нямала проста нейкага аматарскага псэўдафілязофскага відэа. Што праўда — шчырага, але гэта не асабліва дадавала яму вартасьці.

Навучыць азам творчай прафэсіі за паўгода — значна больш эканомны й прагрэсіўны шлях для падрыхтоўкі будучых кінарэжысэраў, чымся займацца марнатраўствам ажно 5 гадоў вучобы ў ВНУ, дзе ўласны фільм студэнты пачынаюць рабіць ледзь не на пятым курсе. А вынік, часта нават па незалежных ад аўтараў прычынах, атрымліваецца такі, што ў іх і жаданьня няма нікому гэты фільм паказваць.

А тым больш — адпраўляць на кінафэстывалі.

Воля Чайкоўская

Фатаграфіі © старонка фэсту на ФБ


  1. Алена:

    Усё ж да канца не зразумела: «Усё-ткі фільм ёсьць мастацкім творам». Цікава, як аўтар бачыць мастацкую стужку пра анарэксію? Рэжысёр убачыла праблему, паказала яе — што яшчэ?

  2. zombie:

    ага, еще нужно добавить про фильмы-малютки. понятно, что короткий метр. только когда появится кино хотя бы на 20 минут? а так все клипы, ролики и т.д. Зато появился Нонг с его 45 мин., и давай его все дружно не любить. Может пора уже сменить шортики хотя бы на штанишки?

  3. Воля:

    абсолютно непонятны предыдущие комменты. короткий метр — отдельный жанр, самостоятельный. это не репетиция, это состоявшаяся работа, к нему нельзя относиться, как к ученическому высказыванию. потому как если вы рассматриваете короткий метр как репетицию, то это только вскрывает вашу культурную необразованность, больше ничего

  4. zombie:

    я не против короткого метра. только вопрос: почему только один короткий метр? понятно, что проще. и так из года в год. вот и вопрос — почему?

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology