Горад Багоў

Будаўніцтва гатэлю «Kempinski», сакавік 2013

Будаўніцтва гатэлю «Kempinski», сакавік 2013

Будаўніцтва гатэлю «Kempinski», сакавік 2013

Будаўніцтва гатэлю «Kempinski», сакавік 2013

Будаўніцтва гатэлю «Kempinski», сакавік 2013

Будаўніцтва гатэлю «Kempinski», сакавік 2013

Будаўніцтва гатэлю «Kempinski», сакавік 2013

Будаўніцтва гатэлю «Kempinski», сакавік 2013

Будаўніцтва гатэлю «Kempinski», сакавік 2013

Архіў! © pARTisan #9’2009 

«У нашым горадзе ўсё зьмянялася вельмі хутка. Калі на пустыры стаяў дом і трэба было збудаваць яшчэ адзін, то яго ня ўзводзілі побач, а руйнавалі стары, а на яго месцы будавалі новы».
А. Клінаў «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца»

Тэрыторыя Зьменск

Таварышы вучоныя, дасьледчыкі й простыя грамадзяне! Калі вы яшчэ канчаткова ня вынайшлі, скуль паходзіць назва нашага гораду, ды працягваеце весьці марныя дэбаты з гэтай нагоды, спыніце бессэнсоўныя спрэчкі. Забудзьцеся на волата Менеска, не спасылайцеся на вірлівую раку Менку, прыміце бяз доказаў факт: назва гораду паходзіць ад дзеяслова «зьмяняцца».

Няма ў цэлай Эўропе месца больш зьменлівага, падманлівага, няўстойлівага, каварнага ды здрадлівага ў дачыненьні да свайго жыхара, чым Менск.

Уявіце, нарадзіўся тут нехта на пачатку ХІХ стагодзьдзя, хай у невялікім, але выкшталцоным горадзе на ўсходніх абшарах былой Рэчы Паспалітай. Шпацыраваў па ўтульных вулачках, любаваўся прыгожымі барочнымі касьцёламі, а на схіле гадоў апынуўся ў заштатным правінцыйным гарадку з п’янымі шынкамі, брудам на вуліцах ды папоўскімі цыбулінамі на вежах касьцёлаў.

Іншы вырас тут жа ў габрэйскім мястэчку, хадзіў у школу міма сынагогі й рыбнай крамы старога Якава, ад якой заўсёды настойліва пахла селядцамі, чуў наўкол родны ідыш, а сканаў у панэльнай хрушчоўцы непадалёк ад тартара3трахтарнага заводу. Як у насьмешку, у дзень ягонага пахаваньня брама тартару адчынілася, і зь яе на вуліцу выехала 25 трактароў з маленькімі чырвонымі сьцяжкамі ды надпісам «Беларусь» на жалезных ваўчыных рылах.

А яшчэ нехта праз колькі гадоў нарадзіўся ў Менску, у Горадзе Сонца. Рос сярод паркаў, дзе стаялі вытанчаныя бабы зь вёсламі ды антычныя вазы, назіраў за дзіўнымі гіпсавымі багамі, што прытуліліся на франтоне мясцовага Парфэнону — Палацу прафэсіянальных саюзаў, шпацыраваў па вуліцах, упрыгожаных клясычнымі карынфскімі ды іянійскімі ордэрамі. Ды не пасьпеў ён яшчэ пасівець, як даведаўся, што яго любы Горад Сонца зьнясуць. Можа, ня цалкам, але часткова.

Па горадзе папаўзьлі чуткі, што яго выкупаюць марсіяне, якія чамусьці называюць сябе ас-сырыйцамі. Яны зьбіраюцца на месцы выкупленых палацаў збудаваць 35-павярховыя тэлескапічныя шкляныя вежы ў выглядзе велізарных фалясаў.

Гэтыя вежы яны назавуць гатэлямі, і жыць у іх будуць, мабыць, таксама ас-сырыйцы-марсіяне, бо вядома, што ў Горад Сонца ўжо даўно ніхто іншы апроч іх не прыяжджае.

Кажуць яшчэ, што на кончыкі фалясаў-гатэляў будуць прызямляцца касьмічныя аssы, ці па-простаму — лятучыя талеркі, што ў гэтым і ёсьць патаемная задума ас-сырыйцаў — зрабіць тут касмадром для сваёй арміі, каб потым захапіць усю тэрыторыю.

Тэрыторыя Вайны 

На Тэрыторыі Вайны няма гарадоў. Яны часам зьяўляюцца, але не пасьпяваюць вырасьці — іх зьнішчаюць. На Тэрыторыі Вайны няма культуры. Культура не расьце ў акопах на лініі фронту.

На Тэрыторыі Вайны няма жыхароў. Тут не жывуць. Тут выжываюць.

На Тэрыторыі Вайны няма каштоўнасьцяў. Галоўная каштоўнасьць тут — тое, што дазваляе выжыць сёньня, ацалець, дацягнуць да сьвітанку. На Тэрыторыі Вайны нямамузэяў, тэатраў, галерэй. Тут здаюць нэрвы нават у атамных станцый — яны выбухаюць вялізнымі грыбамі, гэтак жа як і бібліятэкі. На Тэрыторыі Вайны няма помнікаў, тут стаяць руіны, крыжы ды брацкія надмагільлі.

Ужо пяцьсот гадоў мы жывем на Тэрыторыі Вайны. Упершыню вайна прыйшла да нас з усходу. Зьнішчыла гарады, палову насельніцтва, пакінула руіны й зьнікла на нейкі час.

Але потым зьявілася зноў, потым зноў, затым — яшчэ й яшчэ. Яна прыходзіла ўжо ня толькі з усходу, а і з захаду, поўначы, поўдня й кожны раз рабіла тое ж самае: нішчыла гарады, забірала жыхароў. І нікуды ўжо больш не сыходзіла — гэта сталася ейнай тэрыторыяй.

Зь цягам часу мы гэтак звыкліся зь ёю, што перасталі заўважаць, сталіся бездомнымі дзецьмі вайны, ейнымі качавымі плямёнамі. Самая вядомая беларуская мантра: «Абы не было вайны», — страціла сэнс. Бо вайна ўжо ў нашай крыві. Мы самі сталіся ордамі варвараў, беспрытульнымі нашчадкамі вайны. Нам ужо не патрэбныя захопнікі з усходу ці захаду. Мы зробім за іх чарнавую працу: затопчам кволыя парасткі гарадоў — недабітых і тых, што пасьпелі прарасьці за апошнюю палову стагодзьдзя. Бо мы качавыя плямёны, а горад не пагрузіш на падводу, не забярэш з сабою на тайную схованку ў лес ці дрыгву.

Ды й навошта нам горад? Мы ж тут не жывем. Наша мэта — дацягнуць да сьвітаньня. 

Гібель Багоў 

Прысуд вынесены. Горад Багоў падзе. Празь дзесяць гадоў мы зноў прачнемся ў іншым Зьменску. Здарылася тое, што рана ці позна мусіла здарыцца. Орды барбараў, што доўга стаялі на дальніх подступах да Гораду Сонца і з прадчуваньнем добрай спажывы ўглядаліся ў ягонае антычнае хараство, скалыхнулі цішыню навакольляў баявым поклічам і рушылі на штурм.

За колькі гадоў да гэтага яны захапілі пляцдарм — галоўны вакзал — і быццам замёрлі ў цішыні перад брамаю гораду. Аднак цішыня аказалася падманлівай. Аднойчы раніцай вартавыя на вежах убачылі велізарнага каня. На ім было напісана салодкае слова: «Інвэстар». Вартавыя адчынілі браму й увезьлі Інвэстара ў горад. Той, хто знаёмы з антычнай гісторыяй, ведае, што здарыцца далей.

Гісторыя паўтарыцца. Яны ўжо тут. Ці ёсьць шанец уратаваць Горад Сонца? Ёсьць. Аднак качэўнікі ня будуць ратаваць горад ад барбараў. Яны ня будуць весьці зацяжныя баі за кожны дом, кожную вуліцу.

Уратаваць горад могуць толькі ягоныя жыхары.

Але на Тэрыторыі Вайны іх амаль не засталося. Канечне, знойдуцца донкіхоты, што кінуць выклік вялізарным ветракам і пазмагаюцца са шклянымі тэлескапічнымі вежамі.

Знойдзецца купка ацалелых жыхароў, якія паспрабуюць уратаваць асобны будынак, напрыклад, сымбаль Тэрыторыі — Музэй Вайны. Аднак гэтага мала, каб уратаваць увесь горад.

Зьменск зьменіцца зноў. Таму, шаноўны чытач, не зьдзіўляйся, калі напрыканцы жыцьця ты, выглянуўшы ў акенца сваёй кватэры, убачыш перад сабой зялёную пысу зь дзьвюма антэнкамі на макушцы й выпуклымі касавокімі вачыма, што зь цікаўнасьцю пазіраюць на цябе.

Так, гэта будуць марсіяне — сапраўдныя гаспадары гэтага гораду. А ты ўсяго толькі прыжывалка па мянушцы Тутэйшы.

Ды ўсё, што ты зможаш зрабіць, каб пазьбегнуць калючага позірку,— зашмаргнуць фіранку й са словамі: «Сьвят, сьвят, сьвят, чартаўшчына какая та!» — уключыць тэлевізар.

Горад Сонца 

Горад Сонца ўнутры нас! Вайна — у нашых мазгох! Барбары — гэта мы!

Час абвесьціць мір, Тэрыторыю вайны — Тэрыторыяй Міру. Трэба спыніцца. Час абжываць гэту зямлю! Зьлезьці з каня, згрузіць з падводаў сьціплыя лахманы і збудаваць дом. Свой дом. Але не на месцы таго, што ўжо стаіць, а побач. І пачаць жыць у гэтым доме, паміраць у гэтым доме.

І каб дзеці нараджаліся ў гэтым доме, і дзеці дзяцей — таксама ў тым жа доме. І каб побач стаяў іншы дом, за ім наступны, за ім яшчэ, яшчэ й яшчэ. І каб разам яны ўтваралі горад. Наш горад.

І калі прыйдуць варвары, ас-сырыйцы, марсіяне-інвэстары, каб зьнесьці яго, — будзьма бараніць свой дом, бараніць свой горад!

Горад Сонца ўнутры нас! Горад Сонца — гэта мы!

Артур Клінаў, 2009

Гэты тэкст быў напісаны, калі будаўніцтва гатэлю «Kempinski» ў Менску толькі плянавалася. Месцам для гатэлю на той момант была абраная тэрыторыя на Кастрычніцкай плошчы. Ад таго пляну замоўцы адмовіліся, але — не ад самога праекту. На беразе Сьвіслачы ўжо вырас гмах, такім чынам цалкам пахаваўшы ідэю зялёнай пэрспэктывы менскага праспэкту.

Марсіяне ўжо ў горадзе?

Інтэрвію з Артурам Клінавым пра праект «Горад Сонца-2» можна прачытаць ТУТ.

Фатаграфіі © pARTisan

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology