Шах і мат Сьцешыку ад Косьці

Канстанцін Сьцешык \ Instagrams

Канстанцін Сьцешык \ Instagrams

Канстанцін Сьцешык \ Instagrams

Канстанцін Сьцешык \ Instagrams

Канстанцін Сьцешык \ Instagrams

Канстанцін Сьцешык \ Instagrams

Канстанцін Сьцешык \ Instagrams

Канстанцін Сьцешык \ Instagrams (аўтапартрэт)

…І пакуль дзяржаўныя тэатры пераконваюць публіку, што беларускае сучаснае драматургіі як фэномэну няма, «pARTisan» у Міжнародны дзень тэатру друкуе архіўнае інтэрвію зь беларускім драматургам «новай» хвалі Канстанцінам Сьцешыкам, імя якога замежныя дасьледчыкі зьвязваюць з фэномэнам беларускае п’есы, «пра якую зьвініць Усходняя Эўропа» (Павал Руднеў).

Архіў! © pARTisan #05’2007

Мне, чытач, напэўна, пашанцавала. Размова з маладым драматургам Канстанцінам Сьцешыкам адбылася падчас ягонаго Засмучаньня. Прынамсі, гэтае Засмучаньне ў рознага кшталту Людзей Мастацтва ёсьць сапраўдным набыткам для культурных спажыўцоў, то бок для нас з вамі. Бо ў выніку такога Змрочаньня можа зьявіцца новая п’еса, а можа — што яшчэ.

«Што яшчэ» са Сьцешыкам ўжо адбываецца: апошнім часам ён збочыў з пратаптанай драматычнай сьцежкі й пакрочыў у кірунку больш лірычным. На старонцы ягонага электроннага блогу пачалі зьяўляцца вершы — маўклівыя сьведкі Пакутаў і Радасьцяў. Вольны чытач, што раптоўна натрапіў на Жывы Часопіс драматурга, мабыць, уяўляе сабе Сьцешыка Канстанціна, 27 гадоў (размова адбылася ў 2007 годзе  — заў. рэд.), гэткім паэтам-нонканфармістам, што гуляе сам з сабою ў шахматы. Дарэчы, вольны чытач, ты будзеш мець рацыю.

Частка першая: Раздваеньне асобы — нармалёвая, на мой погляд, рэч.

Адразу заўважу, што Тыповага Драматурга ніколі ня бачыла, ніколі зь ім ня гутарыла.Таму папросту ня ведаю, што гэта за людзі. Даволі жывучы той стэрэатып, быццам бы драматургі альбо акторы ці нават мастакі (усе тры тэрміны зьвязвае слова, якое, дазволю сабе заўважыць, трапіла ў страшэнную дэвальвацыю й увогуле абрыдла, — слова «творчасьць») — бестактоўныя асобы, і нічога тут ня зробіш, як сказала б расейская пісьменьніца Токарава Віка — гэткая ўжо «паталогія таленавітасьці». Сьцешык, супакойваю вас, бясьпечны для навакольля — ваюе ён збольшага сам з сабою. Цёнгле, як кажуць палякі.

Канстанцін Сьцешык: Справа ў тым, што я кардынальна зьмяняюся. Гэта даволі балючы працэс. Напрыклад, нядаўна для сябе вырашыў: трэба працаваць ня менш за тры гадзіны штодзённа, і лепш ураніцу, плюс невялікі шпацыр пасьля працы…

Дзіна Зьвягіна: Спрабуеш прывучыць сябе да дысцыпліны?

К. С.: Я па сутнасьці пэдант. Да таго ж у мяне (марудзіць) раздвойваньне асобы — нармалёвая, на мой погляд, рэч, Фрэйд пра яе яшчэ пісаў. Дакладней, там былі Я, Звыш-Я й Яно. Я ў маім уяўленьні — нэўтральнае, яно назірае за апошнімі двума. Звыш-Я называю фашыстам, Яно — анархіст.

Дык вось, фашыст і анархіст ува мне заўжды б’юцца: адна частка хоча паставіць усё на паток, другая — быць вольнай. Але ж са шпацырам так нічога й не атрымалася.

Д.З.: А як ідзе праца над п’есамі? Таксама па графіку?

К. С.: Не. П’есы — рэч сумленная, я пішу іх выключна спантанна. Напрыклад, звальваецца на мяне пытаньне, у якім я не магу разабрацца, тады з дапамогай дыялогаў у п’есе спрабую знайсьці на яго адказ. Апошняя п’еса мае назву «План уцёку з космасу». Там былі тры пытаньні, таму твор складаецца з трох частак.

Па-першае, я хацеў зразумець, што ёсьць старасьць для чалавека — гэта яго моц ці слабасць. Шчыра кажучы, ня ведаю, што з гэтага атрымалася. Па-другое, я спрабаваў вызначыць для сябе самога, што такое «нормы», якія ўсталяваліся ў грамадзтве. І ці можа здарыцца гэтак, каб штосьці, што ідзе супраць нормы, у рэшце рэшт атрымала права на існаваньне.

Д.З.: Дарэчы, узгадала зараз музыку, якая суправаджае твае запісы ў Жывым Часопісе. Часты госьць у тым тваім play-list’е — Ягор Летаў, са сваім яскравым сацыяльным пратэстам. У вас, напэўна, адбываецца нейкая карэляцыя думак наконт вайны, разбурэньняў…

К. С.: Я не разумею, навошта людзі адзін аднаму галаву адрываюць, то бок не разумею вайну ў клясічным, грамадзкім уяўленьні. Напэўна, матывацыя такая: свайго стала бракаваць, а калі ў суседа ёсьць — трэба адабраць, а яшчэ лепш гэта ўсё хораша абсталяваць — зь імем Божым на вуснах. Недахоп чаго-небудзь робіць людзей ворагамі.

***

Частка другая: Займаю зараз абараняльную пазыцыю.

Д.З.: Што трэба зрабіць, каб стаць тваім ворагам?

К. С.: Ведаеш, раней я мог бы адказаць, што маю ворагаў. Быццам гэта тыя, зь якімі я ў даволі жорсткай канфрантацыі. Сёньня ж я намагаюся да гэтага не давесьці альбо пайсьці іншым якім бокам, бо вынік разбуральны перш за ўсё для самога сябе. Які б ты ні быў моцны, калі маеш ворагаў, ведай: трэба быць гатовым да таго, што дзеяньне абарочваецца процідзеяньнем, то бок, калі б’еш сьцяну кулаком, будзь гатовы да болю.

Упэўнены, што дрэнных і добрых людзей няма — ёсьць тыя, хто часьцей памыляецца. Прынасмі, у дзяцінстве хацелася забіць Майкла Джэксана й Кіркорава.

Д.З.: Ну, гэта не вайна.

К. С.: А ты ўяві, калі б мары дзяцей пачалі зьдзяйсьняцца, то купамі паміралі б усялякія таварышы. Зараз я сьвядома займаю абараняльную пазыцыю і між тым вяду лякальную вайну. Мала хто здагадваецца аб тым, колькі сутыкненьняў адбываецца ў маёй галаве штодня. Хай яно гэтак і застаецца.

Д.З.: А што наконт п’есаў і ўзнагародаў?

К. С.: Я атрымаў прыз — другое месца на фэстывалі «Эўразія» за п’есу «Мужчына — жанчына — пісталет», якую сёньня ўжо ненавіджу, бо зусім не лічу яе лепшым сваім творам. «Выратавальныя работы на беразе ўяўнага акіяну» — больш якасная рэч. Там я зрабіў паспрабаваў высьветліць, што ёсьць зносіны чалавека й чалавека.

Зрабіў выснову, што каханьня насамрэч няма — ёсьць сяброўства як найвышэйшае пачуцьцё. З каханьня зрабілі ідал, на які моляцца. Не люблю ўвогуле гэтае слова.

***

Частка трэцяя: Калі я буду пісаць песьні для гледача, то парву сябе на кавалкі.

Д.З.: Зь якой прычыны ты адышоў ад драматургіі?

К. С.: Ня тое, каб адышоў, я запас свой вычарпаў і не магу зноўку вярнуцца на гэтую сьцежку. Трэба штось пераасэнсаваць. Я зараз музыкай займаюся (для сябе збольшага), пішу вершы пачкамі, рэцэнзіі, эсэ, каб не згубіць пісьменьніцкую звычку. Мабыць, рыхтую сябе да нечага сур’ёзнага. Бо нічога занадта файнага, чым сапраўды можна было б ганарыцца, я шчэ не напісаў.

Да таго ж апошнім часам ніякага захапленьня драматургія не выклікала. Нядаўна адкрыў эпас пра Гільгамэша — геніяльны твор, прынамсі, пра сапраўднае сяброўства.

Д.З.: Для каго ты ў першую чаргу пісаў п’есы — для сябе ці гледача?

К. С.: Для сябе. Па-першае, я эгацэнтрыст. А па-другое, пісаць для сябе больш сумленна. Калі я буду пісаць для гледача, то парву сябе на кавалкі — будзе, ведаю, спроба дагадзіць усім, стаць зразумелым. Шмат хто перакананы, што чытацкая аўдыторыя збольшага — дура, і трэба максымальна зьменшыць нагрузку.

А я кажу, што творчы чалавек не павінен займацца удыганнем. Калі пачынаеш нагінацца, то й зламацца можна.

П.: Ці ёсьць тэатар, дзе б ты хацеў працаваць?

Д.З.: Я рады, што супрацоўнічаю са «Свабодным тэатрам», вельмі правільныя людзі. Яны вядуць барацьбу са стэрэатыпамі, бяруць на ўзбраеньне правакацыйныя мэтады, чаго нельга сказаць пра афіцыйны беларускі тэатар, які падтрымлівае гэтак званыя «традыцыі». Шчыра кажучы, не люблю паняцьце «тэатар». Мая мара — гэта бадзяжны тэатар Сярэднявечча, які не залежыць ані ад пляцаў, ані ад прадзюсэраў, які вольна перасоўваецца па сьвеце. Бо тое, што маем мы зараз, усялякія сыстэмы тэатру — вельмі закасьцянелыя.

П.: Ты бачыў пастаноўкі сваіх п’есаў? Што можаш распавесьці пра іх увасабленьне?

Д.З.: Была чытка одной маёй работы, якую вельмі добра паставіла маскоўскі рэжысэр Ганна Патапава. Першае ўяўленьне аб тым, як рэжысэр можа расшыфраваць на сцэне твой тэкст, было станоўчым. Мне здаецца, я й сам змог бы ставіць свае творы, нават уяўляю, як гэта можна зрабіць. Гэта насамрэч поўны дылетантызм, бо ніколі я не вучыўся рэжысэрскаму мастацтву, але я за дылетантызм.

Калі чалавек ня можа граць на скрыпцы, ня можа пісаць, то апошняя справа — сядзець у кутку і ліць ваду. Ня ўмееш пісаць — пішы.

П.: Вельмі аптымістычны заклік.

Д.З.: Я абсалютны аптыміст, хаця гэтага й ня бачна па паводзінах і па тэкстах, а прынамсі я нават не фаталіст! Бо калі б ім быў, я ўвогуле нічога б не рабіў.

Замест эпілёгу: апрацоўваючы нашую размову, я адправіла Сьцешыку ў ICQ (там ён пад адыёзным нікам nihil) пытаньне, якое, на маю думку, павінна падвесьці нейкую канчатковую рысу. З часу нашае размовы прайшло больш за тры тыдні. Што ж стаецца з чалавекам за гэты час? І што там чутна пра Вялікае Засмучаньне Канстанціна Сьцешыка? Кім ён адчувае сябе зараз? І вось адказ:

nihil (17:01:47 14/02/2007)
ты ведаеш
я сябе на дадзены момант увогуле нікім не адчуваю
я хачу стаць дзіцячым пісьменьнікам
але пакуль не адчуваю сябе ім
зараз у пустоце нейкай
па-за усялякімі вызначэньнямі

Гутарыла Дзіна Зьвягіна

Біяграфічная даведка:

Сьцешык Канстанцін Леанідавіч (08.04.1979)

Месца нараджэньня — Салігорск. У сталіцу пераехаў у 2000 годзе.
Пісаць вершы пачаў у 15 гадоў.
Мае публікацыі ў часопісе «Першацвет» і альманасе «Сучасная драматургія».
2005 — лаўрэат Міжнароднай прэміі «Эўразіі-2005», другое месца ў намінацыі «П’еса на вольны тэмат» з творам «Мужчына — жанчына — пісталет» (публікацыя ў альманасе «СД»).
Атрымаў спэцузнагароду на міжнародным конкурсе Свабоднага Тэатру з п’есай «Чырвоны Капялюш». Частка работы «Сябар (Сястра для мерцьвяка)» стала эпізодам спэктаклю В. Шчэрбаня «Мы. Самаідэнтыфікацыя».
2006 — удзельнічаў у складзе СТ у Міжнародным тэатральным фэстывалі «Новыя п’есы з Эўропы» (Вісбадэн, Нямеччына).
Працаваў у лябараторыі рэжысуры й драматургіі на Яснай Паляне, а таксама ўдзельнічаў у фэстывалі маладой драматургіі «Любімаўка-2006» з п’есай «Выратавальныя работы на беразе ўяўнага акіяну».
Напрыканцы 2012 году ў Свабодным тэатры адбылася прэм’ера спэктаклю «Родныя й блізкія» паводле тэкстаў Сьцешыка (рэж. Уладзімер Шчэрбань). Спэктакаль уключаны ў асноўны рэпэртуар тэатру.
У 2013 годзе п’еса Сьцешыка «Кароткачасовая» ўвайшла ў праграму «Першай чыткі» фэстывалю імя Валодзіна «Пяць вечароў»-2013, які адбыўся ў лютым у Санкт-Пецярбурзе.

Падрабязьней пра драматурга, а таксама ягоныя п’есы можна прачытаць на асабістым сайце.

Фатаграфіі © пэрсанальная старонка Канстанціна Сьцешыка на ФБ.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкулу выкарыстаньне аўтарскага візуальнага матэрыялу забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology