Сваё сярод чужых. Чужое сярод сваіх

Праект «Яна ня можа сказаць НЕБА» \ Вільня 2011

Жана Гладко «Прысутнасьць»

Сяргей Шабохін «Практыкi падпарадкаваньня» (фрагмэнт)

Уладзімер Лапо, сэрыя «Тэкафрагмы»

Аляксей Лунёў «Асабiстыя абразы»

Аляксей Лунёў «Малюнкі дзядулі» \ «Матчына сукенка»

А.Р.Ч. «Старая» (2003) \ «Сям’я» (2004)

Міхаіл Гулін «Гаструляцыя» (фрагмэнт)

Антаніна Слабодчыкава «9 месяцаў, 22 дні»

Выгляд экспазыцыі

Архіў! © pARTisan #18’2011

Праект «Яна ня можа сказаць НЕБА», падрыхтаваны Галерэяю «Ў» для кірмашу сучаснага мастацтва ARTVILNIUS’11 (13.07.2011 — 17.07.2011), стаў ляўрэатам у намінацыі «Лепшая экспазыцыя замежнае галерэі». 28 ліпеня 2011 году ён быў запрапанаваны менскай публіцы й адразу ж выклікаў бурлівую грамадзскую рэакцыю.

Што ёсьць падставаю посьпеху й чаму менавіта гэты праект прыцягнуў увагу міжнароднае арт-супольнасьці?

Посьпех праекту «Яна ня можа сказаць НЕБА» на ARTVILNIUS’11, дзе ён ня толькі стаў ляўрэатам, але і прыцягнуў увагу прэзыдэнта Літвы, здаецца цалкам заканамерным.

Куратары — Аляксей Лунёў, Валянціна Кісялёва й Сяргей Шабохін (мастакі-ўдзельнікі: АРЧ, Руслан Вашкевіч, Жана Гладко, Аляксей Губараў, Міхаіл Гулін, Уладзімер Лапо, Гаспар дэ Ло, Аляксей Лунёў, Тамара Сакалова, Ігар Саўчанка, Антаніна Слабодчыкава, Сяргей Шабохін) прывезьлі на кірмаш мастацтваў не калекцыю працаў «на продаж», але выставу з дакладна выяўленаю канцэпцыяй, такім чынам апрыёры адасобіўшы яе ад большасьці праектаў на ARTVILNIUS’11.

Цэнтральную тэму праекту куратары вызначылі як унутраны эскапізм мастака «ва ўмовах варожае акупацыі» [1] ў Беларусі. Арганізатары перагледзелі ў межах беларускае рэчаіснасьці тэзыс пра тое, што сапраўдны творца мусіць добраахвотна зачыніцца ў вежы з слановае косьці.

Паводле іхнага меркаваньня, у Беларусі адбываецца зусім ня добраахвотнае выгнаньне мастакоў з жыцьця грамадзтва.

«Стратэгіі творчага выжываньня» ў гэтай сытуацыі й сталіся аб’ектамі экспанаваньня. У вачох журы канцэпцыя праекту выглядала бяспройгрышна. Дзякуючы звароту да праблематыкі Беларусі (пра гэта наўпрост дэкляруецца ў анатацыі) выстава набыла пэўную прывабнасьць для замежнага гледача. Прычына гэтае прынаднасьці хаваецца ў тым, што мы (беларусы) і нашая краіна (Беларусь) не такія, як іншыя народы й краіны.

Праз пэўныя гістарычныя акалічнасьці мы сапраўды іншыя. Насуперак пашыраным меркаваньням, мы карэнным чынам адрозьніваемся нават ад найбліжэйшых сяброў-ворагаў. Таму ўсё, так ці іначай зьвязанае зь Беларусьсю, за ейнымі межамі мае прыцягальнасьць інакшасьці (нездарма ж у галівудзкіх фільмах прыгажуні заўсёды захапляюцца дзіўнымі хлопцамі). Не падзяляючы скептыцызму Максіма Жбанкова на гэты конт, не магу не прывесьці ягоную трапную думку, што

Беларусь для замежнікаў выглядае як «загадкавы запаведнік культурных мутацыяў» [2].

Пытаньне пра тое, кепска гэта альбо ўсё-такі тут ёсьць пэўны гістарычны шанец для нас, застаецца адкрытае [3].

Пасьля трыюмфу на ARTVILNIUS’11 праект «Яна ня можа сказаць НЕБА» экспанаваўся ў галерэі «Ў». Рэакцыя менскае публікі аказалася халаднейшая, зьявіліся нават заклікі «спаліць выставу й галерэю» [4]. Такая сытуацыя ёсьць вельмі тыповаю для менскага арт-асяродку.

Заўзятыя крытыкі экспазыцыі ўзялі на ўзбраеньне свае звычайныя самарухальныя аргумэнты накшталт: «Гэта кепскае мастацтва, бо гэта не мастацтва», альбо «Гэта дрэннае мастацтва, таму што яно пра дрэннае».

Пры гэтым «добрае» ў іхным разуменьні мастацтва дзіўным чынам супадае з тым, што ў заходняй культурнай традыцыі называецца дызайнам альбо ілюстрацыяй.

Гэтыя крытыкі пачуваюцца абсалютна камфортна ў сваёй дарэфлексіўнай непрыязнасьці да мастацтва, якое не ўкладаецца ў іхныя крытэры.

На супрацьлеглым полюсе грамадзкай думкі сканцэнтравалася кола людзей, якія ўскосна ці апасродкавана маюць дачыненьне да галерэі «Ў» і да гэтага праекту. Паміж процілеглымі берагамі распасьцерлася неабсяжнае мора Маўклівае Беларускае Большасьці, якая маўчыць пра ўсё, у тым ліку й пра мастацтва.

Маўклівая большасьць і ёсьць тыя самыя «ЯНЫ»,

якія зьяўляюцца ў адной з цэнтральных працаў выставы — «Практыкi падпарадкаваньня» Сяргея Шабохіна. Гермэтычнасьць эскапісцкае пазыцыі выразна выяўляецца праз дэманізацыю вобразу «іх» у суправаджальных тэкстах. На чорна-белых фатаграфіях невялікага фармату выступаюць сьляды «іхнае» прысутнасьці, застылыя ў паўсядзённых рэчах: савецкія зоркі, сьвірнавыя замкі, пустыя гнёзды для сьвяточных чырвона-зялёных сьцягоў і інш.

Акрамя фатаграфіяў і тэкстаў Шабохін уводзіць у экспазыцыйную прастору й рэальныя элемэнты беларускае матэрыяльнае рэчаіснасьці, што дасталіся ў спадчыну ад сацыялістычнага мінулага: трубы, якія тырчаць зь сьценаў, успучаныя швы, забітыя зьліўныя сьцёкі. Гэта здаецца асабліва ўдалаю знаходкай.

Іншаю працай, якая відавочным чынам аб’ектывізуе матэрыяльнасьць і нашую гісторыю, зьяўляецца рэды-мэйд Аляксея Лунёва «Матчына сукенка». Гэты просты й тыповы прадмет, утылітарны й пазбаўлены таварнага фэтышызму (узгадайце, як спакусьліва выглядаюць дарагія тэлефоны ці аўтамабілі), выразна характарызуе свой час. Для нас, звыклых да агрэсіўнае сэксуальнасьці ў рэкляме й візуальным вобразе ў прынцыпе, падаецца парадаксальнаю яе адсутнасьць у жаночай сукенцы (сэксуальная прывабнасьць — гэта ж адзіна магчымы модус такое рэчы).

Усьведамленьне таго дазваляе ўбачыць у рэды-мэйдзе Лунёва ня толькі матэрыяльнасьць гэтай рэчы, але празь яе й ідэі эпохі. І гэта становіцца магчымым дзякуючы працы куратараў, якія надалі прадмету побыту статус мастацкага твору, зьмясьціўшы яго ў выстаўную прастору й даўшы магчымасьць гледачам ідэйна асэнсаваць яго.

Экспазыцыя цалкам натуральна й лягічна пераходзіць ад рэвізіі (працы Шабохіна й Лунёва) да ейнае процілегласьці — рэлігійнае сьвядомасьці. У творы «Прысутнасьць» Жана Гладко арганізуе фатаграфіі рэлігійных атрыбутаў і сымбаляў, раздрукаваныя на тканіне, у шматслойную інсталяцыю, дзе яны накладаюцца адна на адну й інтэрфэруюць, утвараючы мудрагелістыя візуальныя камбінацыі. Тыя фатаграфіі, якія знаходзяцца на ніжнім слоі, застаюцца схаваныя ад гледача, і гэта падштурхоўвае да думкі пра тое, што менавіта яны ёсьць найбольш асабістымі вобразамі рэлігійных уяўленьняў мастачкі.

«Прысутнасьць» можна разглядаць як мэтафару рэлігійнае сьвядомасьці ХХІ стагодзьдзя, якая ўжо пазбавілася дагматызму. І таму сталася магчымаю мастацкая апрапрыяцыя рэлігійных вобразаў. Разглядаючы, паглыбляючыся й пераходзячы на ніжэйшыя слаі інсталяцыі, глядач аднаўляе гэтую рэлігійную рэфлексію мастачкі (рэфлексія ж і ёсьць паглыбленьнем у сябе ў пазытыўным сэнсе).

Перагукаецца з ідэяю пэрсанальных вобразаў праца Аляксея Лунёва «Асабiстыя абразы» («абразы» тут могуць трактавацца ў двух сэнсах). Твор складаецца з сэрыі ананімных фатаграфіяў, вырваных з газэтнага кантэксту, якія зьяўляюцца для мастака адначасова й асабістаю абразай, і крыніцаю натхненьня. Іншаю крыніцай натхненьня для ізаляванага суб’екту становіцца ён сам. У аўтапартрэтах Гаспара дэ Ло й Аляксея Губарава прасочваецца гэты бок ізаляцыі.

Дзьве працы мастака А.Р.Ч. і сэрыя «Тэкафрагмы» Ўладзімера Лапо рэпрэзэнтавалі маргінальнае вымярэньне эскапізму. Уцякаючы, гэтыя аўтары пераадольваюць пэўныя прымальныя для грамадзтва межы (позьнелац. marginalis — які знаходзіцца на мяжы) і апынаюцца ў тых сфэрах, куды не ступала нага ні мастака, ні гледача.

Можна сказаць, што маргінальнае мастацтва заўсёды ёсьць радыкальна эскапісцкім, яно ж адзінае сапраўды ўцякае ад рэальнасьці.

Сэрыя «Тэкафрагмы» Ўладзімера Лапо, напрыклад, улучае пасьмяротныя зьлепкі інсэктаў і пацука, адлітыя ў бронзе. Падобную манумэнталізацыю штодзённае й натуральнае сьмерці можна разглядаць як ідэальную антытэзу бронзавым мерцьвякам на цэнтральных плошчах Менску (мерцьвякам ня толькі ў літаральным сэнсе, але і ў ідэйным і сымбалічным).

Хоць праект выклікаў станоўчыя ўражаньні, у ім прысутнічала пэўная «калейдаскапічнасьць». Праз тое, што ўдзельнікі заявілі сапраўды шырокі дыяпазон разнастайных мастацкіх стратэгіяў, некаторыя працы было складана асэнсаваць у межах праблемы аўтарскага эскапізму. Узьнікала ўражаньне, што з такім самым посьпехам гэтую працу можна экспанаваць на ўсялякай іншай выставе з усялякаю іншаю канцэпцыяй. А гэта вельмі небясьпечнае адчуваньне для сучаснага мастацтва.

Рэзюмуючы, адзначу, што «Яна ня можа сказаць НЕБА» — сапраўды добрая выстава з актуальнаю канцэпцыяй, якая была агучаная ня толькі ў анатацыі, але і пры дапамозе мовы сучаснага мастацтва. На жаль, большасьць беларускіх наведвальнікаў усё яшчэ чакаюць ад экспазыцыяў прыгожага шоў, пазытыўнага спэктаклю, перастрэлкаў і пагоняў. Менавіта таму яны не змаглі паддацца мэлянхалічнаму зачараваньню гэтае выставы.

Сучаснае мастацтва для большасьці застаецца незразумелым, непрыгожым і заснаваным на спэкуляцыях на палітычных і сацыяльных праблемах.

У гэтым і ёсьць падстава парадаксальнае сытуацыі, калі беларускае мастацтва знаходзіць прызнаньне за мяжою, але ня дома [5].

Паміж сучаснаю культурай і беларускім гледачом узьнікла сьцяна адчужэньня. На шчасьце, у гісторыі ёсьць мноства станоўчых прыкладаў, якія даюць падставы для надзеі, што гэтае адчужэньне будзе пераадоленае. Вальтэру, напрыклад, давялося ня меней за шэсьць разоў уцякаць з роднае Францыі, дзеля таго каб у 84 гады вярнуцца канчаткова й з трыюмфам.

Вадзім Дабравольскі

Фатаграфіі © artaktivist.org

 


[1] З анатацыі да выставы «Яна ня можа сказаць НЕБА».

[2] Верагодна, ня толькі выглядае гэткім чынам, але й зьяўляецца такім запаведнікам. Тых, хто ня згодны з дадзеным сьцьверджаньнем, адсылаю да фатаграфіяў з фэстывалю «Дажынкі-2011». Беларускія «вэнэры ў салямі» пэўна стаяць дзесьці ўбаку ад сусьветных культурных трэндаў.

[3] Прыкладам пазытыўнага погляду на нашую інакшасьць зьяўляецца канцэпцыя Валянціна Акудовіча «Беларусь як постмадэрнісцкі праект».

[4] З гэтым і іншымі падобнымі меркаваньнямі можна пазнаёміцца ў рэпартажы Эўрарадыё «Лепшую замежную выставу трэба спалiць. Цi адправiць у Вэнэцыю» (http://euroradio.fm/report/lepshuyu-zamezhnuyu-vystavu-treba-spalits-tsi-adpravits-u-venetsyyu-41659).

[5] Можна ўзгадаць яшчэ адну нядаўнюю выставу «Opening the Door? Belarusian Art Today», якая атрымала выдатныя водгукі ў заходняй прэсе й процьму гнеўнае крытыкі ў нас.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Design: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology

112 queries in 0,996 seconds.