Пра сучарт. Зь любоўю!

Антаніна Слабодчыкава «Побытавая літаратура»

Аляксей Лунёў, сэрыя «Duty free»

Жана Гладко «Прысутнасьць» \ фрагмэнт

Антаніна Слабодчыкава «9 месяцаў, 22 дні»

Жана Гладко, праект «Inciting Force»

А.Р.Ч. «Старыя»

Гэты тэкст быў напісаны для іншага выданьня, але — так сталася — не пабачыў сьвет. І я б забылася пра яго, пакінуўшы непрамоўленым тое, пра што бурліць унутры амаль кожнага дня, калі чытаю чарговы рамантычны сьпеў пра чыстае й узьнёслае мастацтва.

Але — зноў ёсьць нагода. На жаль, а магчыма, так яно й павінна быць.

Спрэчкі вакол другаснасьці сучаснага арту й ягонай каштоўнасьці, а хутчэй, ейнай адсутнасьці не сьціхалі ўсё ХХ стагодзьдзе. А сёньняшняя колькасьць лайкаў пад тэкстамі й выказваньнямі накшталт «Я не люблю сучарт» ці «Мастацтва альбо куча сьмецьця?» паказвае, што гэтае пытаньне так і засталося нявырашаным.

Асабліва ў Беларусі, дзе людзі ідуць на выставу й усё яшчэ чакаюць карціны на сьценах,

і калі раптам там — ня «плоскасьці», а «куча сьмецьця», ды яшчэ й «уныла-дэпрэсіўнага», то — вось вам і нагода для чарговага запісу ў блогу пра тое, як я не люблю сучарт.

19 сьнежня Віктар Марціновіч падчас экскурсіі па выставе «World Press Photo 2012» у Галерэі «Ў», камэнтуючы фотаздымкі Аляксандра Гронскага, падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад наведваньня Музэю сучаснага мастацтва ў Стакгольме. Яго ўразілі дзьве вялізныя залі, забітыя рознага кшталту аб’ектамі актуальнага арту, дзе — гэтага ня можа быць! — ён убачыў «Фантан» Марсэля Дзюшана, які павінен быць у Мастацкім музэі ў Філадэльфіі.

Калі Віктар падыйшоў бліжэй, прачытаў надпіс: «Элен Сьцюртэвант (Elaine Sturtevant). Фантан Марсэля Дзюшана». Потым ён убачыў трафарэты Мэрылін Манро Эндзі Ўоргала, і гэтага таксама не магло быць, бо праца павінна знаходзіцца ў Лёндане. Аказалася, гэта таксама Элен Сьцюртэвант — «Мэрылін Манро Эндзі Ўоргала». Такім чынам, дзьве вялізныя залі падробак? Ці ўсё ж мастацтва, якое ўжо нават не гуляе з цытатамі папярэднікаў, а проста робіць копію й бессаромна вялізнымі літарамі так гэта й пазначае — КОПІЯ!

Напрыканцы свайго расповяду Марціновіч узгадаў працу філёзафа Бэньяміна «Вытворчасьць мастацтва ў эпоху ягонай тэхнічнай узнаўляльнасьці», дзе ён яшчэ ў 1930-я гады прадказаў зьнікненьне аўтара й увогуле сапраўднага мастацтва, якое татальна паглыне масавае тыражаваньне (рэпрадукцыя). І «сучарт» амэрыканскай мастачкі, на думку Марціновіча, пазначыў кульмінацыйную кропку гэтага працэсу, калі з твору для масавага ягонага распаўсюду ўжо ня проста робіцца копія, але праз сэкандхэндаўскае ўжываньне гэты твор зноў становіцца арыгінальным, толькі належыць ужо іншаму аўтару.

Пасьля гэтага натуральна будзе пачуць: «Дык і я так магу!» Сапраўды, зрабіць копію дзюшанаўскіх рэдымэйдаў ці сотню ўоргалаўскіх бляшанак «Кэмпбал» можа кожны. Але, як дакладна адзначыў Марціновіч, справа тут не ў пісуары, а ва ўчынку, бо адно — гэта зрабіць, а зусім іншае — набрацца нахабства і, падпісаўшы сваім імем, выставіць такі аб’ект у галерэі.

Вось гэта ўжо сапраўдны мастацкі акт —

заявіць пра сябе як пра аўтаномную пэрсону ў эпоху бесхрыбетнага офіснага плянктону, дыктатуры напаўэўрапейскіх-напаўкітайскіх брэндаў і лайф-стайл глямурных часопісаў.

У выпадку з Элен Сьцюртэвант уражвае ня толькі ўчынак. Тыя, хто ведае гісторыю разьвіцьця мастацтва, разумеюць усе сэнсы й рэплікі, якія ўкладае ў свае працы мастачка. Гэта ёсьць натуральным працягам таго «нахабства», якім вылучыўся ў свой час Уоргал, сьвядома ці не кінуўшы выклік плачу Бэньяміна й іншых інтэлектуалаў на сьмерць аўтара.

***

Такім чынам, далучаючыся да апалягетаў сучарту, скажу:

я ЛЮБЛЮ СУЧАРТ за тое, што сярод прытарнага вою кашачых выяваў і мантравых напеваў зялёных яно вяртае мяне да рэальнасьці і, не даючы забыцца ў «матрыцы» спажывецкага камфорту, дазваляе бачыць рэчаіснасьць, як яна ёсьць.

У тым ліку з брудам, чалавечай недасканаласьцю, болем і пакутамі;

я ЛЮБЛЮ СУЧАРТ, таму што ён пра мяне, якая тут і цяпер штодня выпраўляецца на вайну з мэдыйнай прапагандай і паўсядзённым гвалтам;

я ЛЮБЛЮ СУЧАРТ, нават калі гэта спэкуляцыя й псэўдаканцэптуалізм, з чым сутыкаесься часьцей за ўсё. Бо добрыя мэнэджэры пануюць тут таксама («Выйсьце праз сувэнірную краму» Бэнксі — выдатны прыклад таго, як працуюсь сучасныя мэханізмы арт-рынку). Але я ўсё адно люблю сучарт, бо за гэтым правам — быць кожнаму мастаком — і ёсьць тая рэалізацыя ідэі дэмакратыі, калі права мае кожны, нават дрэнны мастак. І выбар мае кожны — любіць альбо лаяць.

***

Сучарт — гэта спроба асобы выйсьці з-пад таталітарнага ціску ідэі абранасьці мастака — таго, хто быццам бы пацалаваны богам. Калісьці, магчыма, так. Але бог памёр, і таму жорсткая абарона мастацкай тэрыторыі ёсьць мадэльлю дыктатуры, што хаваецца за ідэямі эпохі, якой больш няма.

Такім чынам, з’яўленьне сучарту сталася магчымым, таму што — дэмакратызацыя, фэмінізацыя, эмансыпацыя й іншыя працэсы, якія выбухнулі ў ХХ стагодзьдзі… Вынік гэтаму — розны. У тым ліку й напаўдэбільныя спрэчкі палітыкаў, падтрымка слабейшых, якая прыводзіць да эканамічнага краху, бомбы, што падаюць на галаву не тэрарыстам, а тым, хто выпадкова нарадзіўся на гэта самай зямлі.

Жудасна, і менавіта пра гэтае гаворыць сучарт, нават калі цынічна прадае за тысячы даляраў дзярмо мастака ў бляшанцы.

Сьвет зьмяніўся. У які бок? Адзнакі даваць ня буду. Што б ні адбывалася, разам з тым ён застаецца неверагодна дзіўным. І мастаку ў такім выпадку застаецца толькі адно — не ацэньваць гэты свет, а толькі яго апісваць.

Таму, калі вы бачыце ўныла-дэпрэсіўную кучу сьмецьця ў галерэі, перш за ўсё паспрабуйце вызначыць ня ШТО гэта, а ЧАМУ — так.

Тацяна Арцімовіч

Фатаграфіі © Антаніна Слабодчыкава, Жана Гладко, А.Р.Ч., Аляксей Лунёў.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкулу выкарыстаньне аўтарскага візуальнага матэрыялу забароненае.


  1. Маркс з Леніным:

    Не трэба шукаць сэнсы там, дзе іх няма. Салідарны з Дзедам — жыць трэба натуральна і з песнямі. Хаця, пра коцікаў пагаджуся.

  2. Irina Anufrieva:

    https://www.youtube.com/watch?v=gZHHH2bge8E

    стоит заметить, что Стюртевант сделала многие копии еще до того, как сам художник стал известным, за долго до того, как тот или иной из них стал «иконой» и до того, как Делез написал свой труд, ставший уже классическим в философии — Difference and Repetition (1969). Еще в самом начале кто-то спросил Уорхола, о чем его работа, и он сказал — спросите Стюртевант — она знает.
    и копии она сделала не только полотен, но также и например хореографии Ивонн Райнер, сама же и исполнила, и один критик сказал, что Ивонн Райнер была больше Ивонн Райнер в исполнении Стюртевант, чем в своем собственном.

  3. гость:

    Ирина, мне кажется, Виктор не ставил под сомнение искусство Стюртевант и, думаю, он в курсе ее награды в Венеции. Это скорее был пример. По моим ощущениям, Виктор — за, как это называет автор, сучарт. В принципе, пассаж автора в его адрес мне не понятен.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology