Беларусы на 54-й Вэнэцыянскай біенале: архіў!

54-я Вэнэцыянская біенале

Павільён ЗША \ фрагмэнт

Павільён Японіі \ фрагмэнт

Павільён Вэнэсуэлы \ фрагмэнт

Павільён Італіі \ фрагмэнт

Павільён Саўдаўскай Аравіі \ фрагмэнт

Павільён Германіі, пераможца Біенале \ фрагмэнт

Павільён Беларусі. Пэрформанс Віктара Пятрова на адкрыцьці

Павільён Беларусі. Пэрформанс Віктара Пятрова на адкрыцьці

Павільён Беларусі \ фрагмэнт

Павільён Беларусі \ фрагмэнт

Павільён Беларусі. Артур Клінаў «Патаемная вячэра» \ фрагмэнт

Павільён Беларусі. Юры Алісевіч «Маё асьсяродзьдзе»

Павільён Беларусі. Дзяніс Скварцоў «BBS», відэа

Павільён Беларусі. Віктар Пятроў «Марфа і Марыя»

Павільён Беларусі. Скульптура Канстанціна Касьцючэнка «Crucifix» \ падчас пэрформансу Віктара Пятрова

Міхаіл Гулін, разам зь беларускімі мастакамі, акцыя «Карнавала ня будзе» \ 2011

Міхаіл Гулін, разам зь беларускімі мастакамі, акцыя «Карнавала ня будзе» \ 2011

Фрагмэнт плякату Студыя дызайну і рэклямы «Адліга»

«З самага пачатку я быў упэўнены, што Беларускі павільён Вэнэцыянскай біенале апроч «пераможных» рэляцыяў дзяржаўнай прэсы выкліча й шмат крытыкі з боку незалежных экспэртаў. Але хацелася б сказаць усім «пакрыўджаным»: не хвалюйцеся! Усе там будзем! Толькі давайце не затопчам гэты парастак на самым пачатку. Давайце спакойна прааналізуем, што было зроблена ня так, і пачнем рыхтавацца да наступнай біенале».

Гэтыя словы мастак і літаратар Артур Клінаў сказаў падчас інтэрвію для спэцыяльнага Вэнэцыянскага 15-га нумару «pARTisan», што выйшаў у 2011 годзе, амаль адразу пасьля таго, як Беларусь упершыню ўзяла ўдзел у найстарэйшай і найпрэстыжнейшай сусьветнай арт-падзеі — Вэнэцыянскай біенале. Тады куратар Беларускага павільёну Міхал Баразна прадставіў праект «Kodex» з працамі Юрыя Алісевіча, Артура Клінава, Канстанціна Касьцючэнкі, Віктара Пятрова й Дзяніса Скварцова.

Вынікі гэтага праекту актыўна абмяркоўваліся беларускай незалежнай арт-супольнасьцю, крытыкаваліся, арганізатарам задаваліся вострыя пытаньні. Тым ня менш было зразумела: зроблены першы важны крок да інтэграцыі беларускага сучаснага мастацтва ў глябальны кантэкст. Мастакі й куратары з аптымізмам глядзелі ў будучыню.

Але, на жаль, калі адбудзецца наступная для Беларусі біенале зараз ужо не зразумела. Дакладна вядома, што ў 2013 годзе ў Вэнэцыянскай біенале акрамя асноўных заўзятых гульцоў — краінаў Заходняй Эўропы, Кітаю, Расеі й іншых — упершыню возьмуць удзел Багамскія выспы, Бахрэйн, Кот-д’Івуар, Косава, Кувэйт, Мальдывы, Нігерыя, Парагвай і нават Ватыкан.

Карацей, шмат будзе краінаў — цэлая мапа, на якой Belarus, як звычайна, not found.

Ці то нагулялася афіцыйная беларуская культура ў Вэнэцыю, ці проста прапусьціла дэдлайн — невядома. Нам застаецца толькі ўзнавіць мінулы досьвед, успомніўшы водгукі відавочцаў, наведнікаў Беларускага павільёну, а таксама — фрагмэнты з артыкулу Паўла Вайніцкага пра Біенале ўвогуле й інтэрвію ўдзельніка беларускага праекту Артура Клінава.

 Архіў! © pARTisan #15’2011. Друкуецца фрагмэнтамі.

54-я Вэнэцыянская біенале: сухія факты з гораду на вадзе

Павал Вайніцкі

<…>

Міжнародная біенале мастацтваў у Вэнэцыі найстарэйшая й найаўтарытэтнейшая выстава сучаснага мастацтва сярод больш за сто іншых біенале, трыенале й квадрыенале — маштабных сусьветных арт-падзеяў, якія ажыўляюць месцы сваёй лякацыі, адпаведна, з двух-, трох- і чатырохгадовай цыклічнасьцю.

У міжнародным фармаце Вэнэцыянская біенале існуе з 1895 году й да цяперашняга часу захоўвае статус самай прэстыжнай сусьветнай пляцоўкі для дэманстрацыі актуальных тэндэнцыяў інтэрнацыянальнага мастацтва. Сымбіёз старажытнага падтопленага гораду й сучаснага мастацтва аказаўся настолькі ўдалым, што паступова пад агульнай маркаю Вэнэцыянскай біенале зьявіліся Архітэктурная біенале, а таксама міжнародныя форумы кіно, тэатру, сучасных музыкі й танцу.

Што да мастацкай часткі, якая нас цікавіць, то на працягу апошніх гадоў ейная схема практычна не зьмянялася. І дагэтуль выглядае так: асноўны куратарскі праект, сабраны запрошаным куратарам, — раз, нацыянальныя экспазыцыі ў павільёнах краінаў-удзельніц — два, і сетка размаітых сатэлітных выставаў — тры. Тэндэнцыя апошніх гадоў — аксэлерацыя чацьвертага біенальнага кампанэнту, камунікацыйнага, які ўлучае насычаную лекцыйную й адукацыйную праграмы.

<…>

 Меркаваньні экспэртаў, спецыяльна для «pARTisan»

1.     Вашыя ўражаньні ад Беларускага павільёну Вэнэцыянскай біенале. Зь якім настроем Вы зайшлі ў яго, што там адбывалася, і якое адчуваньне засталося пасьля наведваньня?

2.     У чым, на Вашую думку, адметнасьць, магчыма, «нечаканасьць» Беларускага павільёну ў кантэксьце ўсёй біенале?

3.     Якая галоўная праблема нашага павільёну — калі яна, вядома, ёсьць? 

Сяргей КІРУШЧАНКА (мастак):

1. Убачыўшы яшчэ здалёк скульптуру Касьцючэнкі, якая стала знакам павільёну, зайшоў з адчуваньнем, што нічога добрага чакаць ня варта. Падчас азнаямленьня з экспазыцыяй гэтае адчуваньне толькі ўмацавалася. На жаль, арганізатары зусім не выкарысталі тыя магчымасьці, што дае Біенале для прэзэнтацыі нацыянальнага актуальнага мастацтва.

2. Асноўная асаблівасьць, так бы мовіць, нашага павільёну зводзіцца да таго, што куратар і камісар абсалютна далёкія ад праблемаў беларускага актуальнага мастацтва. Яны ня ведаюць тых працэсаў, што ў ім адбываюцца. Але для мяне гэта не зьявілася нечаканасьцю.

3. Праблемы нашага павільёну пачаліся зь першых крокаў яго падрыхтоўкі. Першая праблема — гэта адсутнасьць конкурсу куратарскіх прапановаў. Другая — валявое, нічым не абгрунтаванае прызначэньне куратара й камісара Міністэрствам культуры. Трэцяя — неабвяшчэньне куратарскай пазыцыі, а таксама адсутнасьць публічнага абмеркаваньня куратарскай прапановы. Чацьвертая — непрафэсійны выбар экспазыцыйнай прасторы.

Тамара САКАЛОВА (мастачка):

1. З чым я зайшла ў беларускі павільён, з тым і выйшла.

2. Нечаканасьцю зьявілася тое, што экспанаты выглядаюць як офіснае афармленьне.

3. Галоўная праблема нашага павільёну — у тым, што яго няма.

Андрэй ДУРЭЙКА (мастак): 

1. У павільён я зайшоў са шклянкай ігрыстага, у Вэнэцыі, увогуле, на многае можна глядзець лёгка, хаваючыся ад сьвятла ў цень. Але дакладней было б сказаць — наш павільён я прайшоў, а не зайшоў туды, таму што выглядаў ён як калідор офісу ці прахадная. Уласна, гэта й ёсьць нейкае бюро, пераадолець атмасфэру якога беларусам не ўдалося. Нават плякат павільёну з падваеньнем «Kodex» — ня ведаю, навошта два разы пісаць назву, — блытаецца з разьмешчанай побач шыльдаю фірмы.

Перад будынкам усталяваная скульптура зь дзьвюма правымі рукамі. Нягледзячы на ўвесь драматычны характар разадранага «кнігай» (якая разумеецца як «kodex») цела, прыгадваюцца анэкдоты скульптараў пра Леніна зь дзьвюма кепкамі. Увогуле, сымбалічная рэч. Хіба што пэрформанс Пятрова на адкрыцьці вяртаў да лёгкасьці мастацкага й быў вельмі дарэчы ў кантэксьце іншых шматлікіх акцыяў біенале. Ня ведаю, навошта спатрэбілася паказваць ягоныя старыя карціны: прастата й маляўнічасьць элемэнтаў яго пэрформансу выразьнейшыя. Напэўна, каб нагадаць пра «фігуратыўны» характар выставы, а інакш чым растлумачыць выбар Клінаўскіх «пудзілаў».

Такое вось чытаньне «сьвятой кнігі» ад «расьпяцьця» да «апошняй вячэры» праз «партызанскае кіно» й «мастацкі побыт».

2. Галоўная «асаблівасьць» нашага павільёну — тое, што ён быў вельмі падобны да калідору офісу. Я думаю, гэта не выпадковы зьбег акалічнасьцяў, а клясычны вірус дызайну, які вельмі характэрны для Менску апошняга дзесяцігодзьдзя, і ня толькі мастацкага. Зьвернемся да ўступнага слова куратара: «За апошнія дзесяць гадоў значна пашырыўся жанрава-відавы спэктар мастацтва. Фотамастацтва, арт-дызайн, мастацтва акцыяў, кампутарная графіка й інш. сталі натуральнай часткаю мастацкіх працэсаў» . Першае, чаму вучаць у эўрапейскіх мастацкіх установах: мастацтва — не дызайн.

3. Улічваючы ўсю перадгісторыю, відавочна, асноўная праблема палягае ў намэнклятурнасьці. Але перш я ўсё ж адзначу пазытыўнасьць самога факту ўдзелу беларусаў на афіцыйным нацыянальным узроўні, легітымізацыі пазыцыі сучаснага мастацтва, пераадоленьня асабістых міталёгіяў і пазбаўленьня ад ілюзіяў. Кажучы пра намэнклятурнасьць, трэба глядзець на працэс падрыхтоўкі да мерапрыемства цалкам — з самага пачатку.

Ініцыятыва арганізатараў легендарнай выставы «Беларускі павільён 53-й Вэнэцыянскай біенале» была перахопленая Міністэрствам культуры.

Далей — клясыка: усё адбываецца бяз конкурсу й абмеркаваньняў. Міністр прызначае камісара, яна ж дырэктар Музэю сучаснага мастацтва. Куратарам «абіраецца» рэктар Акадэміі мастацтваў. Ён, у сваю чаргу, даручае выкананьне экспазыцыі загадчыку кафэдры інтэр’еру. Такім чынам — служба й сучаснае мастацтва. Ня тое што я кагосьці жадаў бы пакрыўдзіць асабіста, гэта амаль немагчыма пры сыстэме прызначэньня й падзелу роляў.

Але прэзэнтаваць актуальнае беларускаму акадэмічнаму асяродзьдзю не ўдавалася ніколі. І ўжо няважны адбор мастакоў: яны ўсё адно не прымалі ўдзел у экспанаваньні й выбары сваіх працаў. Па-за аўтарскай прэзэнтацыяй няма ніякага сэнсу — у разуменьні сучаснага мастацтва. Вэнэцыянская біенале менавіта ім і займаецца апошнія сто шаснаццаць гадоў. А мы?

Вольга АРХІПАВА (мастацтвазнаўца, навуковы супрацоўнік аддзелу сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь):

1. Уражаньні былі дваістыя. З аднаго боку, радасьць і гонар, што бачыш у Вэнэцыі да болю знаёмае й зразумелае беларускае мастацтва. З другога боку, зьдзіўленьне: чаму быў зроблены падобны выбар аўтараў для нацыянальнага павільёну? Вядома, гэта не датычыцца цэнтральнага твору — саламянай «Патаемнай вячэры» Клінава, якая, на мой погляд, ёсьць найлепшым увасабленьнем беларускай нацыянальнай ідэі. Астатняе выклікала больш пытаньняў, чым адказаў.

2. Беларускі павільён, хутчэй, нагадвае камэрную выставу пяці аўтараў зь пяці працаў. Для Біенале, як мне падалося, вельмі важнай зьяўляецца дэманстрацыя ідэяў і аўтарскіх канцэпцыяў, падпарадкаваных агульнай тэме.

3. Асноўных праблемаў, на мой погляд, некалькі. Па-першае, памяшканьне павільёну, якое ўяўляе зь сябе калідор паміж шклянымі офісамі. Па-другое, адсутнасьць «звышідэі».

Агульная канцэпцыя «Kodex» — «Codex» (старадаўні рукапіс ці складанка старадаўніх рукапісаў) увогуле не прачытваецца.

Руслан ВАШКЕВІЧ (мастак): 

1. Уражаньні? Чарговы «партызанскі буцік» замест павільёну. «Партызанскі», таму што ён нібыта ёсьць і яго быццам бы няма. З расповяду нашых знаёмцаў мы ведалі, што наш часовы павільён зьяўляецца геаграфічным працягам Арсэналу й іх падзяляе невялікі канал.

І, сапраўды, на другі дзень, калі мы прайшлі ўсе галоўныя экспазыцыі біенале, нарэшце ўбачылі на іншым беразе вялікую расьцяжку «Kodex». Ні моста, ні пераправы ў тым месцы не было. Узброіўшыся мапай Вэнэцыі, мы пачалі бадзёра абыходзіць заліў даўжынёю ў паўгораду ў патрэбным кірунку. Гэта аказалася не магчыма, таму што далей уздоўж вады пачыналіся тэрыторыі прыватных майстэрняў па рамонце катэраў, лодак і г. д. Як потым высьветлілася, адзіны спосаб патрапіць на месца — браць рачную таксоўку з цэнтру гораду.

Засумаваўшы ад немагчымасьці патрапіць на беларускую выставу сучаснага мастацтва, мы працягнулі агляд біенале: нас чакалі кітайцы, Піно, Пінчук зь яго нью-джэнэрэйшн, выдатны Джуліян Шнабэль. Таму, на жаль, я магу меркаваць пра павільён па фатаграфіях, аповядах сьведкаў і відавочным кантэксьце самога біенале.

2. Галоўная нечаканасьць беларускага павільёну — гэта тое, што ён усё ж такі адбыўся. Усё астатняе было вельмі прадказальна й сумна.

3. Мой досьвед відавочна выявіў праблему месца. Маю на ўвазе месца на гарадзкой мапе, ягоную недаступнасьць для прагляду. Неабходна загадзя дакладна інструктаваць ахвотнікаў патрапіць у павільён пра спосаб, як гэта можна зрабіць. Інакш — няма варыянтаў!

Другая праблема, вядома, — прастора экспазыцыі: маленькі шкляны калідор паміж дзьвярмі кабінэтаў, не прыстасаваны для якой-небудзь сур’ёзнай выставы. І нават у гэтым выпадку — няволя мастакоў у арганізацыі прасторавага мастацкага выказваньня.

Ну і, зразумела, асобна трэба адзначыць строгую сакрэтнасьць і чыноўніцкі патас пры падрыхтоўцы беларускага павільёну. Усё гэта абсалютна не адпавядае творчаму размаху й сонечнаму настрою Вэнэцыянскай біенале.

Вольга КАПЁНКІНА (куратарка, у тым ліку знакамітай менскай галерэі «Шостая лінія», зараз жыве ў ЗША):

1. Выйшла я з нашага павільёну, мякка кажучы, з пачуцьцём няёмкасьці. Пасьля апошніх падзеяў у Беларусі зусім не хацелася бачыць афіцыйную прэзэнтацыю беларускага мастацтва, а тым больш ад знаёмых мне мастакоў Клінава й Пятрова. Якую Беларусь яны прадстаўляюць? Такое ўражаньне, што куратар і мастакі праспалі ўсе апошнія шэсьць месяцаў сацыяльных хваляваньняў у краіне. Таму з павільёну я выйшла зь вялікім пачуцьцём сораму.

Асабліва было непрыемна бачыць ніякавата наклееныя на сьцяне біяграфіі мастакоў, як быццам арганізатары забыліся, што гэта біенале, а не камэрцыйная галерэя. Хтосьці зьвярнуў маю ўвагу яшчэ й на калючы дрот на ўваходзе (ці выхадзе) з прасторы Арсэналу, дзе знаходзіцца беларускі павільён, — нам быццам жадалі нагадаць, што мы на зоне. Вядома, можна па-рознаму інтэрпрэтаваць і саламяныя постаці Клінава (хоць куратар і запэўніваў, што саломы ня будзе), і «монстраў» Пятрова — паўтаральны матыў у ягоных карцінах яшчэ з канца 1980-х, — але ўсё гэта ўзмацняла ўражаньне недарэчнасьці й поўнай выпадковасьці беларускага павільёну ў кантэксьце міжнароднага форуму, дзе прынята паказваць актуальнае сучаснае мастацтва.

2. Галоўнымі «асаблівасьцямі» беларускага павільёну, на маю думку, зьяўляюцца адсутнасьць куратарскай працы й састарэлае ўяўленьне, што нацыянальная прэзэнтацыя на Вэнэцыянскай біенале павінна быць нейкім аглядам мастацкіх дасягненьняў — выставай графікі, скульптуры, жывапісу й відэа. Вынік — зусім выпадковы падбор мастакоў, які паказвае разрыў паміж пакаленьнямі, выяўляе няздольнасьць да рэфлексіі й складнага выказваньня ў прасторы выставы.

3. Праблемы беларускага павільёну няма, бо пакуль няма беларускага павільёну.

Ёсьць вызначаная амбіцыя й жаданьне ўдзельнічаць, а ідэяў і разуменьня, навошта й з чым, — няма. У гэтым хаваецца галоўная прычына праблемы.

Інтэрвію з Артурам КЛІНАВЫМ (фрагмэнты):

«Трэба зьмяняць партызанскую парадыгму беларускага аўтара»

— Інфармацыя пра тое, што Беларусь нарэшце возьме ўдзел у Вэнэцыянскай біенале, скалыхнула нашае культурнае асяродзьдзе. Як Вы асабіста ўспрынялі гэтую навіну?

— Відавочна, пазытыўна, бо гэта тое, што павінна было адбыцца даўно. Нашыя суседзі — Украіна, Расея, Літва — ужо шмат гадоў удзельнічаюць у Вэнэцыянскай біенале. Беларусь, вядома, краіна «ўнікальная». І тут яна таксама вырашыла быць «адметнай»: апошняй далучыцца да гэтай важнай сусьветнай культурнай падзеі.

— Важнай у якім сэнсе? Вэнэцыянская біенале лічыцца найбуйнейшым арт-кірмашом. Але, відавочна, справа ня толькі ў аглядзе дасягненьняў сучаснага мастацтва.

Вэнэцыянская біенале — не кірмаш. Фармальна, там увогуле нічога не прадаецца. Хаця чымсьці біенале сапраўды вельмі нагадвае вялізную Камароўку. Біенале, на маю думку, нават не агляд дасягненьняў у мастацтве. Хто можа вызначыць, што зьяўляецца дасягненьнем, а што не? Аб’ектыўных крытэраў не існуе. Даваць ацэнку твору — справа рэлятыўная, суб’ектывісцкая й заўсёды спрэчная.

Але Вэнэцыянская біенале застаецца найбуйнейшай сусьветнай камунікацыйнай пляцоўкай. Да апошняга часу Беларусь не існавала ў сусьветным інфармацыйным арт-полі. Вынік — беларускія мастакі ніколі ня бралі ўдзел у ніводным буйным сусьветным праекце. Мы жывем у арт-гета. Нас няма ні на «Маніфэсьце», ні ў Токіё, ні ў Стамбуле, ні ў Касэле, ні нават у Маскве. Не таму, што ў Беларусі бракуе годных аўтараў. Нас проста не заўважаюць ці ня хочуць заўважаць. Каб зьмяніць сытуацыю, мы павінны перш за ўсё прарваць інфармацыйную блякаду.

— На Вашую думку, удзел Беларусі ў Вэнэцыянскай біенале дапаможа прарваць гэтую інфармацыйную блякаду?

— Безумоўна. Але калі гэта будзе ня разавая акцыя, а рэгулярны ўдзел у наступных біенале. Зараз быў толькі першы крок. Трэба рабіць наступны, але ня мець ілюзіяў і разумець, што адразу ўсё не атрымаецца. Ніхто асабліва там нас не чакае. Сусьветны contemporary art жыве паводле жорсткіх законаў камэрцыйнага рынку. Ніхто добраахвотна сваё месца не саступіць. Нам самім давядзецца добра «папрацаваць лакцямі», каб заваяваць сваю «тэрыторыю».

Зрабіць гэта сам-адзін мастак ня можа. Каб апынуцца на гэтым «рынку», за нашым аўтарам павінны стаяць нацыянальныя карпарацыі, мэдыя, інстытуцыі культуры. Важнасьць нашага ўдзелу ў Вэнэцыянскай біенале ў гэтым годзе яшчэ й у тым, што ўпершыню нашая дзяржава, якая шмат гадоў не заўважала беларускі contemporary art, дэ-факта прызнала яго й дэкляравала гатоўнасьць яго падтрымаць.

— Тое, што Вы будзеце ўдзельнічаць у праекце, некаторых, з аднаго боку, усьцешыла, таму што Вашая «салома» мае відавочны актуальны сэнс і падтэкст. З другога боку, многія зьдзівіліся: усё ж гэта праект афіцыйнага, так бы мовіць, мастацтва Беларусі. У інтэрнэце Вас нават абвінавачвалі ў калябарацыі й заклікалі адмовіцца ад удзелу.

— Давайце ўсё ж будзем падзяляць палітычны й культурны праекты. Палітыкам заўсёды карціць навесіць палітычную шыльду на культурніцкі праект і выкарыстаць яго ў сваіх мэтах. У дадзеным выпадку я маю на ўвазе палітыкаў як з аднаго боку, так і з другога.

Аднак менавіта культурніцкі праект, на мой погляд, — гэта адзіны праект, які ў Беларусі апошнімі гадамі ўстойліва разьвіваўся й ня ведаў паразаў.

Больш за тое, менавіта культурніцкі праект сёньня я лічу важнейшым за палітычны. Бо ён фармуе нацыю, гэта нацыястваральны праект. А пакуль мы ня створым нацыю, ніводны палітычны праект ня будзе пасьпяховым. Немагчыма стварыць годную сучасную дзяржаву, калі ў галаве нейкая «каша» з постсавецкай і посткаляніяльнай мэнтальнасьці. Мне сьмешна чуць абвінавачаньні ад людзей, якія зь дзесяць гадоў таму вынесьлі свае задніцы зь Беларусі, далей ад «зьверстваў рэжыму», а сёньня вучаць нас, што й як трэба рабіць. Я магу адказаць ім: сёньня Беларусь — ня чорна-белы палітычны комікс. Тут усё нашмат больш складана й тонка. Нашыя палітыкі — лузэры, што прасіраюць дзяржаву.

І толькі культура фармуе й рэфармуе народ. Толькі яна сёньня зьяўляецца гарантам існаваньня гэтага народу ў будучыні.

Удзел Беларусі ў Вэнэцыянскай біенале, безумоўна, крок пазытыўны ў кантэксьце гэтага вялікага культурніцкага праекту. Бо мы прадстаўляем там ня сёньняшнюю ці заўтрашнюю ўладу, а Беларусь.

***

p.s. Спэцыяльны паказ экспазыцыі Беларускага павільёну адбыўся ў лістападзе 2011 года ў Музэі сучаснага мастацтва. 15 лістапада, падчас адкрыцьця выставы, Міхаіл Гулін з групай беларускіх мастакоў зьдзейсніў акцыю «Карнавала ня будзе», такім чынам выказваючы стаўленьне незалежнай арт-супольнасьці да арганізацыі першага Беларускага павільёну.  Удзельнікі акцыі, схаваўшы свае твары пад белымі карнавальнымі маскамі, расьсеяліся сярод публікі, што прыйшла на адкрыцьцё выставы.

Падрыхтавала рэдакцыя «pARTisan»

На вокладцы артыкула выкарыстаны плякат Студыя дызайну і рэклямы «Адліга».

Фатаграфіі © Андрэя Дурэйка, Міхаіла Гуліна

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Design: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology

121 queries in 0,898 seconds.