Лісты зь Лёндану

Улад Лапо, выстава «КРОК У ЗМРОК» \ красавік 2013

Улад Лапо, выстава «КРОК У ЗМРОК» \ красавік 2013

Улад Лапо, выстава «КРОК У ЗМРОК» \ красавік 2013

Улад Лапо, выстава «КРОК У ЗМРОК» \ красавік 2013

Улад Лапо, выстава «КРОК У ЗМРОК» \ красавік 2013

Улад Лапо, выстава «КРОК У ЗМРОК» \ красавік 2013

Улад Лапо, выстава «КРОК У ЗМРОК» \ красавік 2013

Улад Лапо, выстава «КРОК У ЗМРОК» \ красавік 2013

Улад Лапо, выстава «КРОК У ЗМРОК» \ красавік 2013

Улад Лапо, выстава «КРОК У ЗМРОК» \ красавік 2013

Архіў! © pARTisan #15’2011

ДАРОГА ЯК ШНАР

Тлусты байкер па мянушцы Жаба ехаў на сваім матацыкле проста праветрыцца. Сьвяціла сонца, на небе ніводнага воблачка. Цудоўны летні дзянёк, прахалодны вецер дзьмуў у твар. Лагода года.

Насустрач Жабе рухалася домагаспадыня з двума дзецьмі на сваім фольксвагене-кампэры. На павароце яны сустрэліся. Яна занадта вытыркнулася на сустрэчную паласу, і Жаба, рэзка затармазіўшы, заваліўся на бок і патрапіў якраз пад ейны кампэр. Яна гэтага не заўважыла й цягнула яго мэтраў дзьвесьце. Мэтал скрыгатаў аб мэтал і аб асфальт. Паміж усім гэтым скрыгатаў Жаба.

Урэшце ўвесь агрэгат пачало закліньваць, і жанчына спынілася паглядзець, што замінае руху. Калі яна зірнула пад днішча, то ўбачыла там скурочанага Жабу й ягонага жалезнага каня. Руль матацыклу прабіў Жабу наскрозь, усё было заліта крывёю, і крывавы сьлед цягнуўся за кампэрам. Зь дзіравага боку цурчэў бэнзын. Вершнік і ягоны конь сталіся адным скарабачаным цэлым.

Прыехалі хуткая дапамога й брыгада пажарнікаў. Пакуль пажарнікі выразалі Жабу, мэдыкі пампавалі ў яго кроў. Амаль усе косьці былі зламаныя, а ўсе ўнутраныя органы пашкоджаныя. Так ці інакш, Жаба быў у коме трое сутак, на штучнай вэнтыляцыі. Апэравалі яго часткамі, па пяць гадзінаў, пяць разоў. Шнар ад анусу да адамава яблыка. Пра ўсё гэта Жаба распавядаў манатонна й індыфэрэнтна.

Толькі адзін раз ягоны голас здрыгануўся, і зьявіліся сьлязьлівыя ноткі. Гэта калі ён сказаў: «Мой дзік стаў карацейшы на адзін дзюйм».

СУДНЫ ДЗЕНЬ

Добра закепскаваўся. Нічога, з чаго можна было б зрабіць нешта, не цкавала й не цікавіла. Хвароблівае казытаньне інстынктаў, дробязнае нагрувашчваньне аскепачнай велічы непамернай і шматграннай аднабокасьці здавалася зьдзекам са зьдзеку, да твару хіба што бязглуздым і нязграбным калекам.

Хлюпала носам, шчыра, шчодра й з гаротнымі падвывамі неўтаймаванага адчаю залівалася горкімі, пякучымі й салёнымі сьлязьмі каханка-парыжанка. Моцна расчаравалася разбурэньнем замку ў нябёсах, дзе марная мара схмарнела дарма. Жадала пашлюбіцца, дзяцей завесьці.

— Не, навошта табе інвалід? — спытаў-адказаў.

Заскуголіла, выпаліла апошні кавалачак амброзіва. Заставалася некалькі гадзін да ўсходу сонца. Мы знаходзіліся ў сквоце на Бэцьці-роўд, на самым верхнім паверсе, на трэцім, у маленькім лялечным пакойчыку, у якім толькі й было — матрац на падлозе ды штора на вакенцы. Яна ляжала на матрацы, а я стаяў на мыліцах.

— У цябе коўдра хоць ёсьць? — скрозь сьлёзы спытала.

Моўчкі садраў штору з вакна й кінуў пакутніцы. Урэшце, усё радзей і радзей шморгаючы носам, яна спачатку заціхла, а потым магутна захрапла. Сквот спаў. Джэй-Пі, француз і ягоная каханка з Тунісу, Ян — новазэляндзец, Джон — ангелец з Хук-Нортану, што пад Оксфардам, Джон — баск зь Більбао й дзьве кошкі: стракатая й зь непрадказальным норавам Бадзьдзі й рудая, заўсёды ў трансе Тофу.

Вазьмі шэрага Ваўка, дзіцё Сатурна… і кінь яму цела Караля. Калі ён праглыне яго, пабудуй вялікі агонь і кінь Ваўка ў яго так, каб ён згарэў, і тады Кароль будзе вызвалены зноў. Кінуў мыліцы й лёг на падлогу. Мулкасьць не адчувалася. Правая нага была па кублы ў вапне, а звонку, з абодвух бакоў яе палягалі ўздоўж жалезныя рэйкі з шарнірамі на калене. Кавалак кубляной косткі стаўся кавалкам калена, і ўсё было добра замацавана сталёвымі пласьцінамі на шурупах.

Неўзабаве пачало днець. Падняўся, падцягнуўся на мыліцах і стаў каля вакна. Вакол вуліцы былі скрозь забудаваныя ланцугамі аднолькавых дамкоў часоў індустрыяльнай рэвалюцыі, шэраг дамкоў, шэраг садкоў, дахі зыгзагамі. Налічыў сем розных адценьняў рознага часу цэглы. Зьнішчанае «Дудаль-жукамі» [1] падчас вайны было адбудавана зноў, як і было, а не як атрымалася.

Вазьмі яго аніму й вярні яму назад, бо карупцыя й дэструкцыя адной рэчы ёсьць народзінамі другой. Гэта значыць: рабуй яго дэструктыўную вільгаць і зьмяшай яе зь ягонай прыроднаю вільгацьцю, якая й будзе заканчэньнем яго жыцьця.

Пасьля некалькіх месяцаў на мыліцах цела біфуркавалася. Ніжняя частка аслабела й высахла, а ўся моц пайшла ў верхнюю, што пухірылася кожным мускулам. Праскакаць цвыркуном адну-дзьве мілі на мыліцах на амаль адным дыханьні не было немагчымым — «Армстронг», жалезны конь, згодна з назовам зрабіў рукі моцнымі. Міля — Мільле Артыфэкс… да суду, што знаходзіўся на вуліцы Лука, якраз насупраць Каралеўскай опэры, было ня менш за пятнаццаць міляў.

У гэтым сьвеце каханьне й злосьць унутры адно аднаго, ува ўсіх істотах, і чалавек мае абодва цэнтры ў сабе.

Раптам у вакне дамка насупраць заўважыў дзяўчыну ў станіку, і ў той жа момант яна заўважыла й мяне. Некалькі сэкундаў мы тапырыліся адно адному ў вочы, затым яна рэзка зашмаргнула фіранку. Прыродныя страх і сарамлівасьць перашкодзілі ёй зьняць станік і памахаць ім інваліду… у гэтым сьвеце, а не на тым.

У суд можна было б даехаць і на аўтобусе, калі б на грамадзкім транспарце не ляжала табу.

Адзіным дасягальным сродкам незалежнага руху зьяўляўся ржавы дзіцячы ровар «Дваццаць-Дваццаць», што належаў сквоту. Назва яго сьведчыла пра дыямэтар колаў — дваццаць дзюймаў, ні больш, ні менш.

Унізе Джон-баск зьбіраўся на працу, кур’ерам. Матацыкл яго быў зусім пабіты, і ён перасеў на ровар, але ў офіс кампаніі заходзіў з шаломам, нібыта, як і раней, развозіў пошту маторам, бо раварыстам плацілі менш.

«Дваццаць-Дваццаць» эманаваў магільны спакой. Зношаны ланцуг мог здрадзіць у кожны момант, напалову напампаваныя колы — зусім спусьціцца, а пярэднія тармазы (заднія не працавалі) — сапсавацца, не несучы ніякай за тое адказнасьці. Нягледзячы на ранішні час, жнівеньскае паветра пульсавала сьпякотай. Чорныя скуры кур’ера, вопратка выбару Хобсана, што ня меў выбару, абяцалі пекла пакут. Адну калашыну давялося адрэзаць, бо інакш нага ў вапне ніяк у яе ня ўлазіла. Мыліцы прымацаваў ззаду ровару й рушыў, круцячы пэдалі левай нагой, а правую падвесіўшы да руля пятлёю з жаночай панчохі.

Азырыс спадцішка забіты Тайфонам, які пасьля раскідае яго канечнасьці, аднак Азырыс зьбірае іх і складае разам, каб зрабіць цела. Але чэлес адваліўся, згублены ў вадзе. Так сера гіне й так нараджаецца.

Зусім побач праносіліся машыны. Любая найдрабнейшая неспадзева магла канчаткова дабіць, дэвульваваць выцёкам ультыматыўнай мэнстры. Наперадзе, на паўшляху да суду, каля станцыі Анёл палягаў горб пахілку, што крута абрынаўся да падножжа вакзалу Каралеўскага Крыжа. Там і крыж, і канец падарожжа, калі тармазы не стрымаюць. Едкі пот заліваў вочы, і без таго асьлепленыя сонцам, а цесная скуранка, апранутая на голае цела, прыклеілася да скуры й пачала трашчэць і рвацца ў швах. На гарбе пахілку ўжо чакалі, бачныя толькі ўнутранаму воку, адзінокі анёл-захавальнік з аднаго боку й зграя музаў пандор, скаваных ланцужкамі, усыпанымі каштоўнымі камянямі, — з другога. Усе яны былі карліцамі-лесьбіянкамі й чымсьці ўзрушаныя, паводзілі сябе непрыстойна й правакацыйна, кратаючы сябе й паглядаючы пагардліва злоснымі вочкамі.

Толькі агаломшаная Анэстэзія, ці проста Стэзя, пэрлавокая здань у прапаленай цыгарэтамі сукенцы, ледзь стаяла, абапершыся на Ідыёту Кульгавую, абвешаную бліскучымі імплянтатамі й апранутую пад мэдсястру-манашку. Анёл-ахоўнік, гіграскапічна гамагенны плазмоід Вітрыолю ў аэрамоцнай дэпартаванай мэмбране рэвальвэрнага тыпу левітаваў на варце, рамбоідна апалесцыруючы неапрацаваным дыямантам цёпла-ружовага колеру. Унізе пахілку дарога рэзка збочвала налева, а потым направа. Кон на скон. Тармазіць пачаў адразу, бо інакш калодкі магло вырваць. Кіроўцы машын не абганялі й трымалі адлегласьць.

Быць было мацней за ня быць, цудам, пад віск і скрыгатаньне калодак, пранесла.

Каля будынку суда сядзеў з гадзіну на прыступках мармуровага фантану, чакаў пачатку імпрэзы. Душыла смага. Судзіць мусілі за адсутнасьць страхоўкі кур’ера, сьмяротніка, паглядзеўшы назад на ўзровень рызыкі такога працаўладкаваньня. Быў месяц Люты, Ірляндзкая Вызваленчая Армія ўзрывала бомбы, вуліцы скрозь забітыя коркамі, і злыя копы паўсюль. Шчаміўся сярод машын, роў маторам без глушыцелю, сам ужо амаль глухі. Верагодны канец такога пачатку быў відавочны нават сьляпому…

У зале суда сядзелі некалькі панурых падсудных. Зайшлі судзьдзя, яго памочнік і бягун-пабягушнік. Судзьдзя, сухі злосны дзядок у тўідзе, адразу гаркнуў: «Чаму вэнтылятары не працуюць?!» — на што бягун з выбачэньнямі замітусіўся. Памочнік, апрануты пад Байрана, зь вялікім чорным бантам на шыі й даўгімі курлявымі валасамі, але блазан усё адно, убачыўшы мяне, пачаў крывіцца ад рогату. Дзядок у паўвуха слухаў падсудных і заўзята грукаў малатком, забіваючы цьвікі пакараньняў. Паэт-блазан так і ня здолеў пасур’ёзьнець.

Нарэшце дайшла чарга, хістка й марудна ўзьняўся на мыліцы. Напярэдадні знаёмая, што працавала ў Залах Юстыцыі, напісала даволі доўгі ліст апраўданьняў, на ўсялякі выпадак. Пакуль даставаў гэты ліст з унутранай кішэні скуранкі, з грукатам звалілася мыліца. Зь вялікімі цяжкасьцямі, выкручваючы завапненую нагу, нібыта ў балеце Франкенштайна, падняў. Калі разгарнуў ліст, аказалася — дагары нагамі, перакруціў, пачаў у яго ўзірацца. Дзядок сядзеў як на голках, усё чакаў, а паэт апусьціў галаву й торгаўся ў канторцыях.

— Дарагі Сэр! — нарэшце пачаў, але судзьдзю ўжо ліхаманіла.

— Ці ня можаш ты сказаць сваімі словамі?! — забрахаў ён.

Сваімі словамі, сваімі словамі, волавам слоў — рукі ўгору! — і зноў далоў.

«Дваццаць-Дваццаць» ня быў патрэбны нікому. Аднойчы пафарбаваў, задзьмуў яго цалкам залатой фарбай, і той жа ноччу яго скралі.

BIG BOY

Дзьмуў моцны халодны восеньскі вецер. Гнаў апалае лісьце. Глыбокая ноч абязьлюдзіла горад. Я ішоў па Старой Бромбтанскай дарозе. Ісьці было яшчэ доўга й далёка. Хадзіў па трыццаць-сорак кілямэтраў, грамадзкім транспартам не карыстаўся. Навошта? Час быў бясконцы.

Ішоў дадому. Анікога навокал. Недзе ззаду пачуўся крык: «Вялікі хлапец! Вялікі хлапец!» Азірнуўся. На адлегласьці сотні крокаў, хістаючыся, прасоўвалася п’яная вялікая баба. Наперадзе пачуўся зьвярыны рык, і з падваротні выйшаў карузьлік. Вельмі злосны й шырокі ў плячах, амаль квадратны ў канфігурацыі, апрануты ў падбітую матацыклетную куртку.

Уздоўж дарогі ў драўляных бочках былі пасаджаныя дрэўцы. «Вялікі хлапец!» — зноў пачулася ззаду, на большае ў вялікай бабы ўжо не хапала сілаў. Сьпераду рык — і пасыпалася шкло тэлефоннай будкі, паляцела на дарогу бочка з дрэўцам.

Мільёны крокаў дадому. Час спаць, але яшчэ доўга ісьці. Даўжыня вымяралася шырынёю пачуцьцяў. Пачуцьці вымяраліся вышынёй, а яна, вышыня, — глыбінёю.

Яшчэ зь дзясятак крокаў. «Вялікі хлапец!» — усё клікала баба, пакрысе адстаючы. Рык — і паляцела яшчэ адно дрэўца, гэтым разам вырванае з коранем, пасыпалася шкло чарговай будкі. «Вялікі хлапец!» — чулася ўсё больш прыглушана. Рык! Праходзячы каля новага бліскучага порша, карузьлік, ня гледзячы, локцем, зграбна, кароткім ударам высадзіў бакавое шкло. Порш залямантаваў сырэнай.

Вялікай бабы было ўжо не чуваць, а карузьлік зьнік у завулку. Ізноў — толькі вецер і шоргат лісьця.

Фараон Жыжаль (Уладзімер Лапо)


[1] Так званымі ФАУ-1.

Да 13 красавіка ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасьці, 47) праходзіць пэрсанальная выстава Ўладзімера Лапо «КРОК У ЗМРОК». Фота з адкрыцьця выставы можна паглядзець у нашай галерэі.

Фатаграфіі © Музэй сучаснага выяўленчага мастацтва, pARTisan

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкулу выкарыстаньне аўтарскага візуальнага матэрыялу забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology