30 красавіка — «pARTisan» святкуе сваё 10-годдзе!

30 красавіка, 19-00
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а)

«Мы спазняемся, увесь час спазняемся», — сказаў Адам Глобус падчас відэавіншавання альманаха «pARTisan». Не ведаем, як «мы», але «pARTisan» са святкаваннем свайго юбілею — напэўна! Але позна не бывае ніколі.

Паўстаўшы ў 2002 годзе пад гукі мантры сучаснага беларускага арта «нічога няма», год за годам «pARTisan» на чале з Артурам Клінавым упэўнена руйнаваў гэты міф, прэзентуючы легендарных і ствараючы новых герояў беларускай незалежнай культуры.

Першым пад «удар» патрапіў сам партызан, якога, паводле словаў Андрэя Лянкевіча, каманда «pARTisan» зняла з савецкага п’едэстала і зрабіла з яго артыста!

На працягу дзесяцігоддзя, і гэта сапраўдны гонар «pARTisan’а», з намі былі найлепшыя асобы нашага часу: Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Адам Глобус, Сяргей Дубавец, Юрась Барысевіч, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў, Вольга Шпарага, Сяргей Харэўскі, Андрэй Кудзіненка, Максім Жбанкоў, — спіс падаецца бясконцым. А потым паўстала новая генерацыя: Марыя Мартысевіч, Павал Свярдлоў, Сяргей Шабохін, Аксана Жгіроўская, Маргарыта Аляшкевіч, Воля Чайкоўская і інш.

Такім чынам, 30 красавіка, у аўторак, паспрабуем адзначыць гэты рубеж і падвесці прамежкавыя вынікі, бо 10 гадоў — узрост, вядома, сур’ёзны, але, падаецца, усё самае цікавае толькі пачынаецца.

У афіцыйнай частцы вечарыны возьмуць удзел:

заснавальнік альманаха і нязменны ягоны рэдактар Артур Клінаў, філосафы Валянцін Акудовіч і Вольга Шпарага, пісьменнік і мастак Адам Глобус. Пасля з невялікім імправізаваным акустычным канцэртам выступіць Лявон Вольскі. Спадзяемся, іншыя нашыя аўтары і прыхільнікі «pARTisan’а» таксама скажуць пару словаў.

Напрыканцы афіцыйнай часткі з музычным перформансам выступяць Pavel Ambiont & Solar Olga [Foundamental Network, Force Carriers] — Ambient, Dubtech (live audio/video set).

Да святкавання будзе падрыхтавана спецыяльная выстава аднаго дня, прысвечаная гісторыі Альманаха, а таксама адбудзецца прэзентацыя юбілейнага 20-га нумара «pARTisan»!

Запрашаем нашых аўтараў, сяброў, прыхільнікаў далучыцца да гэтай падзеі!

Пачатак імпрэзы а 19-й гадзіне. Але выставу можна будзе наведаць напрацягу ўсяго дня.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology