Прэм’ера Свабоднага тэатра — пра трэці пол

«Merry Christmas, Ms. Meadows», рэж. Уладзімір Шчэрбань

«Merry Christmas, Ms. Meadows», , рэж. Уладзімір Шчэрбань

15 красавіка ў Дартынгтане (Англія) адбыўся прэм’ерны паказ спектакля «Merry Christmas, Ms. Meadows» (рабочая назва «Трэці пол») Беларускага свабоднага тэатра.

Ідэя зрабіць спектакль пра тых, хто не адносіць сябе ні да жанчын, ні да мужчын, з’явілася ў Наталлі Каляды яшчэ пару гадоў таму. У мінулым годзе, здзяйсняючы экспедыцыю ў Гану, Малайзію і Тайланд для збору матэрыялу па смяротным пакаранні, трупа Свабоднага тэатра спрабавала таксама прасканаваць і гэтую праблему. Але, па словах Уладзіміра Шчэрбаня, было вельмі складана «прысвоіць» гэтую тэму: занадта яна здавалася далёкай і экзатычнай.

«Паглыбіцца і прысвоіць — гэта, мабыць, і быў асноўны выклік для творчай групы і самы складаны момант у стварэнні спектакля», — гаворыць рэжысёр спектакля Уладзімір Шчэрбань.

У гэтым годзе, дзякуючы фінансавай падтрымцы галандскага фонду прынца Клаўса і Тома Стопарда, Свабоднаму тэатру ўдалося патрапіць у творчую рэзідэнцыю ў Дартынгтане. Разам з асноўным складам СТ тут працавалі і ўсе студэнты студыі «Fortinbrass». Спектакль ствараўся на працягу чатырох тыдняў амаль што кругласутачна, была апрацаваная вялікая колькасць інфармацыі, падрыхтаваны сотні эцюдаў.

Літаратурную аснову спектакля склалі тэксты Авідзія і Платона, інтэрв’ю-вербацімы, цытаты з Мішэля Фуко, статыстыка, навукова-медыцынскія даследаванні, артыкулы з жоўтай газеты «Дэйлі мэйл». Значную ролю адыграла знаёмства трупы з Марыяй Падзярэй, якая стала не толькі кансультантам, але, па словах Шчэрбаня, «душой спектакля».

Спектакль «Merry Christmas, Ms. Meadows» плануецца таксама паказаць на іншых міжнародных тэатральных пляцоўках.

Фатаграфіі © Свабодны тэатр


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology