Апакаліпсіс, якога не было

Наталя Залозная «Няма дзьвюх аднолькавых гор» \ 2008

Наталя Залозная «2012» \ 2012

Наталя Залозная «2012», фрагмэнт \ 2012

Наталя Залозная «Піраміда» \ 2012

Наталя Залозная «Ліст з Арля» \ 2006

Наталя Залозная «Археалёгія ўчора» \ 2010

Наталя Залозная «Археалёгія ўчора» \ 2010

Наталя Залозная «Дзэн-пэйзаж» \ 2008

Наталя Залозная «Пэйзаж» \ 1998

Наталя Залозная «Пэйзаж са сланечнікамі» \ 2002

Наталя Залозная «Ліст з Арля» \ 2002

Наталя Залозная «Ліст з Адэсы» \ 2002

Наталя Залозная «Ліст з Адэсы» \ 2002

Наталя Залозная «Элемэнты множнасьці» \ 2010

Архіў! pARTisan #14’2011

Занадта шмат скрухаў назапасілася ў нашым сьвеце, каб хоць якая зь іх магла засланіць усе астатнія. Нават калі гэта вельмі вялікая скруха…

Напэўна, у падобнай патэтычнай танальнасьці я стаў бы пісаць эсэ пра змрочны юбілей Чарнобылю, калі б мяне ў гэтай трагедыі не турбавала праблема, якая тую трагедыю нібы ставіць пад пытаньне. Не, сама трагедыя, натуральна, не скасоўваецца. Гінулі людзі, зрабіліся непрыдатнымі для жыцьця палеткі й лясы, былі ў вялікай колькасьці выселеныя з сваіх вёсак і пасёлкаў іхныя жыхары, нябачная пагроза працяла ўсю тканку нашага існаваньня, і нават многія ідэі пакрыліся чымсьці накшталт ракавых пухлінаў.

У выніку гэтага некаторы час пасьля катастрофы мы нават трохі пачуваліся піянэрамі Апакаліпсісу, якім выпаў гонар прысутнічаць пры пачатку яго зьдзяйсьненьня.

Адпаведна падзеі, пачуцьці нашыя напаўняліся страхам, збянтэжанасьцю й тугой. Асабіста для мяне пікам эмацыйнага стрэсу была чутка (колькі іх тады раілася ўсялякіх!) пра тое, што распрацоўваецца плян перамяшчэньня ўсіх 10 мільёнаў жыхароў Беларусі й кампактнага засяленьня імі Сыбіры. Тады я ўпершыню зразумеў, як моцна люблю гэтую сваю краіну, — і заплакаў…

Той напоўнены містычным жахам час і сфармаваў апакаліптычную пэрспэктыву нашае будучыні. І ў мадальнасьці гэтае пэрспэктывы пазьней будзе напісаная бясконцая колькасьць артыкулаў, кніг, навуковых і квазінавуковых працаў. Нават праз дваццаць чатыры гады, вяртаючыся ў тыя часы, вядомы беларускі пісьменьнік Барыс Пятровіч у эсэ «Нічый Чарнобыль» найперш узгадае менавіта сусьветы страх перад зданьню ў радыяцыйнай плоці:

«Жудасьць насілася ў той дзень над Гомелем, над Палесьсем, над усёю зямлёю, і я, ня ведаючы, што й дзе здарылася, не падазраючы нават, што недзе нешта здарылася, адчуваў гэта. Як, думаю, сотні й тысячы іншых людзей адчувалі ў той момант роспач, што ўзялася ніадкуль, тугу, ад якое балелі сэрца й душа, смутак па невядома чым і кім…

І хацелася ашчаперыць галаву, закрыць вушы й вочы, зашыцца ў нейкую яміну, нару, шчыліну, сьцяцца й замерці, альбо — бегчы адсюль, гэтаксама вырачыўшы вочы: бегчы, бегчы, бегчы… Але — куды бегчы, навошта?..»

Безумоўна, самым значным творам пра гэтую катастрофу ёсьць кніга Сьвятланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва», у якой сабраныя сьведчаньні ахвяраў трагедыі. Менавіта яна канчаткова ўзаконіла апакаліптычнае бачаньне гэтае падзеі:

«Я — сьведка Чарнобылю… Найгалоўнейшае падзеі дваццатага стагодзьдзя, нягледзячы на страшэнныя войны й рэвалюцыі, якімі будзе памятнае гэтае стагодзьдзе… Я гляджу на Чарнобыль як на пачатак новае гісторыі, ён ня толькі веданьне, але й прадведаньне, бо чалавек распачаў спрэчку з былымі ўяўленьнямі пра сябе й пра сьвет. Калі мы кажам пра мінулае ці пра будучыню, то ўкладаем у гэтыя словы свае ўяўленьні пра час, але Чарнобыль — гэта найперш катастрофа часу. Радыянукліды, раскіданыя па нашай зямлі, будуць жыць пяцьдзясят, сто, дзьвесьце тысячаў гадоў…»

Адзін з добра вядомых беларускіх інтэлектуалаў Юры Шаўцоў у кнізе «Злучаная нацыя. Фэномэн Беларусі» хоць і саступае Сьвятлане Алексіевіч у яскравасьці й глябальнасьці мэтафараў, але цалкам падзяляе ейны патас:

«Галоўным наступствам катастрофы, якая адбылася амаль 20 гадоў таму, можна палічыць, відавочна, зьяўленьне жывое Чарнобыльскае культуры й суцэльнага соцыюму чарнобыльцаў. Гэты соцыюм валодае ўласным патэнцыялам уплыву на эўрапейскую й глябальную культуру й уласнай суб’ектыўнасьцю. У некаторым сэнсе ўсе беларусы сталіся Чарнобыльцамі. Можна казаць пра трансфармацыю ўсяе постсавецкае беларускае культуры ў чарнобыльскую й нават пра распушчэньне беларускае культуры ў чарнобыльскай культуры».

Бадай, нават гэтых прыкладаў дастаткова, каб пераканацца, што апакаліптычны трэнд Чарнобылю безальтэрнатыўна завалодаў сымбалічнай прастораю беларускае гуманістыкі. І няма сумневу, што трагічны юбілей, які будзе адзначаны фаервэркам розных матэрыялаў СМІ, толькі замацуе гэты трэнд.

Але наўрад ці хто зьверне ўвагу, што гэта будзе ўсяго толькі фаервэрк, няхай сабе й у змрочных тонах. І, як на кожны фаервэрк, на яго назаўтра забудуцца да наступнага юбілею.

* * *

Сьвятлана Алексіевіч ахарактарызавала сваю кнігу як «хроніку будучыні». У адрозьненьне ад яе, я ня бачу Чарнобылю ў будучыні, як бы доўга ні перасьледавалі чалавека злыя радыянукліды, раскіданыя ветрам па розных краінах і кантынэнтах. Рэч у тым, што катастрофы паводле азначэньня ня маюць будучыні — яны, як і ўсялякі выбух, цалкам вычэрпваюць сябе ў сваёй непасрэднай падзейнасьці. А калі ў рэтраспэктыве Чарнобылю закранаем сучаснасьць ці будучыню, то, нягледзячы на саму рэтраспэктыву, гаворка ўжо, напэўна, ідзе пра штосьці зусім іншае, а не пра саму катастрофу.

Прамінула некалькі гадоў. Жахлівы рэактар запраторылі ў грувасткі саркафаг, паабгароджвалі папераджальнымі знакамі й патрульнымі службамі крытычна заражаную зону, так-сяк наладзілі побыт перасяленцаў зь небясьпечных для жыцьця тэрыторыяў, і на Чарнобыль мы пачалі забывацца, ды й так імкліва, што ледзьве пасьпелі ўзгадаць, а на што мы, уласна, забываемся.

Сёньня беларусы, бадай, на яго й зусім бы забыліся, калі б кожнае 26 красавіка ўсе СМІ рытуальна не вярталі б нас да 1986 году.

Урэшце, тут я, бадай, празьмерна спрасьціў сытуацыю. Усе гэтыя гады пра Чарнобыль нам пэрманэнтна нагадвалі яшчэ дзьве зьявы. Першая — гэта масавае аздараўленьне за мяжою дзяцей з заражаных тэрыторыяў, якое працягваецца да нашага часу й з прычыны сваёй масавасьці многім нагадвае пра былую трагедыю. А другая — «Чарнобыльскі шлях».

У 1989 годзе нацыянал-дэмакратычны рух арганізаваў у Менску магутную маніфэстацыю супраць камуністычнае ўлады, якая хавала ад грамадзтва рэальныя маштабы й наступствы Чарнобыльскае аварыі. З таго часу штогод 26 красавіка беларуская апазыцыя наладжвае шэсьце, якое атрымала назоў «Чарнобыльскі шлях». Але вось што цікава: хоць фармальна гэтая акцыя прысьвечаная трагедыі Чарнобылю, аднак па сутнасьці яна заўсёды была палітычная. Распачаўшыся як пратэст супраць маскоўскае камуністычнае ўлады, яна працягнулася як пратэст супраць аўтарытарызму беларускага прэзыдэнта. Бадай, менавіта «Чарнобыльскі шлях» найбольш відавочна прадэманстраваў рэальныя прыярытэты нашага грамадзтва.

Як ні актуальная й нават ні драматычная была атамная апакаліптыка напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х, але ўжо тады яна выступала толькі адным з аргумэнтаў на карысьць радыкальнае трансфармацыі камуністычнае імпэрыі й ператварэньня БССР у незалежную дзяржаву Беларусь.

Акурат пасьля аднаго з такіх вулічных шэсьцяў я ўпершыню й задаўся пытаньнем: а пры чым тут Чарнобыль? Спрабуючы асэнсаваць гэтае пытаньне, я раптам зразумеў штосьці нечаканае для сябе. А менавіта, што Чарнобыль насамрэч ні пры чым, ён не належыць да тых рэчаў, якія нас актуальна хвалююць і непакояць. Натуральна, ягоныя наступствы заставаліся праблемай для тых, каго катастрофа закранула непасрэдна. Але гэтая бяда асобных людзей ня сталася нашым нацыянальным горам.

Больш за тое, працягваючы разважаць над гэтай дзіўнай акалічнасьцю, я ўзгадаў, што за апошнія гадоў дзесяць у прыватных размовах зь сябрамі, сваякамі й прыяцелямі, якіх у мяне не зьлічыць сярод самых розных пластоў нашага грамадзтва, мы ні разу ні з кім ня гутарылі пра Чарнобыль. Гэтаксама я не магу ўзгадаць, каб хтосьці з блізкіх мне філёзафаў, літаратараў, мастакоў у гэтыя гады хоць аднойчы зьвярнуўся да чарнобыльскае праблематыкі.

Гэтае прасьвятленьне мяне неверагодна зьбянтэжыла. Як жа так! Найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва… Кожны пяты беларус жыве на заражанай зямлі… Выселеныя 485 вёсак і пасёлкаў… Зь севазвароту выведзеныя 264 тыс. гектараў зямлі…

І нікога, акрамя адмыслоўцаў і непасрэдна пацярпелых, усё гэта не хвалюе.

Тады я пачаў ліхаманкава запытваць сяброў і сваякоў, прыяцеляў і супрацоўнікаў, чаму мы ніколі (хіба што выпадкова й мімаходзь) ня гутарым пра Чарнобыль? Мы бясконца абмяркоўваем нашага прэзыдэнта, не стамляемся хвалявацца пра лёс краіны, непакоімся пра глябальныя кліматычныя зьмены, бядуем пра дэвальвацыю традыцыйных этнічных каштоўнасьцяў. Ды й пра што толькі мы ні разважаем, спрачаемся, смуткуем, але толькі не пра Чарнобыль. Ці, калі ўжо ня так катэгарычна, пра Чарнобыль ледзь не ў апошнюю чаргу.

«Чаму гэтак?» — няспынна запытваў я. Адказам мне звычайна была зьбянтэжанасьць, але яна тычылася зусім ня сутнасьці праблемы, а майго недарэчнага пытаньня. Маўляў, пра што тут казаць: людзей адсялілі, зону абгарадзілі, саркафаг зладзілі…

* * *

Гэты ня надта выразна артыкуляваны адказ наогул мусіў бы мяне задаволіць, бо я й сам, пакуль не задаўся недарэчным пытаньнем, не адчуваў унутранае неабходнасьці ўзгадваць Чарнобыль. Але рэч у тым, што, запытваючы, я хацеў пачуць не канстатацыю факту, зь якога й узьнікала маё пытаньне, а тлумачэньне нашае няўвагі да чарнобыльскае праблемы. Ад таго ж, што «адсялілі, абгарадзілі… зладзілі», ня зьніклі ні сам факт найбуйнейшае тэхнагеннае катастрофы, ні павышаная радыяактыўнасьць многіх тэрыторыяў Беларусі, ні праблемы рэкультывацыі выведзеных зь севазвароту ворыўных земляў, ні сталая пагроза здароўю кожнага беларуса… Карацей кажучы, выразнага адказу на сваё пытаньне я не пачуў і таму сам паспрабую на яго адказаць.

Найперш адзначу, што Чарнобыльская катастрофа ні па якіх парамэтрах (акрамя ўласна тэхнагенных) не была самай значнай для нашае зямлі.

Праўда, не аднойчы даводзілася чуць, што ня трэба зьмешваць катастрофы з тымі бедамі, якія прыносілі беларусам войны, акупацыі, палітычныя рэпрэсіі. У тэарэтычным пляне я згодны з гэтым сьцьверджаньнем, але што значыць для будзённае сьвядомасьці тэорыя, калі перад чалавекам паўстае рэальная пагроза жыцьцю. Таму для беларусаў Чарнобыль стаўся проста яшчэ адной вялікай бядой, нягледзячы на экзатычнасьць ейнага паходжаньня. Як і ў выпадку з войнамі й акупацыямі, трэба было гасіць пажары, кідаць свае хаты, паміраць ад невядомых інфэкцыяў і хваробаў, аплакваць палеглых, непакоіцца за лёсы дзяцей…

Колькі такіх сытуацыяў назапасіла гісторыя нашае зямлі! Узгадаем хаця б некаторыя зь іх і, бадай, пачнем з «крывавага патопу» другое паловы XVII ст., калі пасьля вайны з Маскоўскай дзяржавай на тэрыторыі Беларусі з 2 млн 900 тыс. насельніцтва засталося ўсяго толькі 1 млн 300 тысячаў.

Падчас Паўночнае вайны, якую Пётар І вёў з швэдамі, Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара: у 1700 годзе было 2 млн 247 тыс., а напрыканцы вайны засталося 1 млн 457 тыс. чалавек. Вайна Расеі з Напалеонам забрала яшчэ мільён нашых продкаў (кожнага чацьвертага).

Якая колькасьць беларусаў загінула, памерла й разыйшлася па сьвеце падчас Першае сусьветнае й наступнае Грамадзянскае войнаў (плюс вайна бальшавікоў зь «белапалякамі»), аб’ектыўна ацаніць немагчыма. Але, улічваючы, што сотні тысячаў беларусаў ваявалі ў расейскай арміі, а фронт зь немцамі два гады праходзіў па нашай зямлі, можна меркаваць, што чалавечых ахвяраў і разбурэньняў была безьліч. Яшчэ адзін уражальны факт — калі расейскае войска адступала з Заходняе Беларусі, то адміністрацыя імпэрыі арганізавала масавае перасяленьне мірных жыхароў. Толькі ў 1915 годзе 1,5 млн заходніх беларусаў мусілі пакідаць свае хаты й шукаць прыстанку ў глыбіні Расеі.

Пра тое, што падчас Другой сусьветнай вайны загінуў кожны чацьверты беларус (цяпер ужо кажуць пра кожнага трэцяга), усім добра вядома. Праілюструем гэты факт адным прыкладам. Дзесьці толькі празь пяцьдзясят гадоў Віцебская вобласьць аднавіла даваенны ўзровень насельніцтва.

Цяпер давайце паспрабуем у гэты бясконцы апакаліптычны шэраг убудаваць Чарнобыль з усімі ягонымі чалавечымі ахвярамі й матэрыяльнымі стратамі, гіпатэтычна ўлічваючы нават тое, што рыхтуе нам нашая радыяактыўная будучыня. І што мы ўбачым?

А ўбачым мы ўсяго толькі яшчэ адну бяду, і пры гэтым далёка ня самую значную з усіх тых вялікіх бедаў, якія перажыў наш народ за апошнія стагодзьдзі.

Напэўна, было б няслушна надзяляць беларусаў якімсьці выключна трагічным лёсам, але досьвед пэрманэнтнага перажываньня маштабных катастрофаў, безумоўна, паўплываў на нашую мэнтальнасьць. Гэтае адрозьненьне цяжка сфармуляваць, аднак некалькі ягоных прынцыповых характарыстыкаў паспрабуем вылучыць.

1. З тае прычыны, што падстава нашых катастрофаў была ня ў нас саміх, а прыўносілася звонку, мы навучыліся іх успрымаць як аб’ектыўную дадзенасьць. Гэта найперш азначала адсутнасьць асабістае адказнасьці за ўсё, што з намі адбывалася. З гэтага вынікала, што нашая задача зводзілася толькі да аднаго — скрайне магчымае мінімізацыі пагрозаў і выклікаў, спароджаных чарговай вялікай бядою.

2. З тае прычыны, што вонкавыя сілы, якія станавіліся падставамі нашых катастрофаў, былі заўсёды непараўнальна магутнейшыя за нас, мы неўзабаве спынілі супраціў пагрозам, а толькі спрабавалі, як маглі, ухіляцца ад іх. Устойлівая мэтафара беларусаў як «партызанскага народу», што хаваецца ад непрыяцеля ў лясах і багнах, паходзіць менавіта адсюль, а не з гераічнага супраціву ворагу. Катастрофы не перамагаюцца — у іх ці гінуць, ці выжываюць.

3. З тае прычыны, што кожная катастрофа, акрамя чарговае вялікае бяды, нічога іншага беларусам не прыносіла, нашая мэнтальнасьць выпрацавала разнастайныя мэханізмы па выдаленьні сваіх катастрофаў з жывое памяці як чагосьці бескарыснага ці, хутчэй, нават шкоднага. Умоўна кажучы, яны выносіліся за межы жывога жыцьця на «могілкі катастрофаў». І хоць такім чынам катастрофы не сьціраліся з памяці зусім, яны не прысутнічалі ў ёй як нешта, што яе арганізуе й, адпаведна, уплывае на само жыцьцё.

Мне гэты момант уяўляецца надзвычай істотным. Тое, што беларусы навучыліся забывацца (і дастаткова хутка) на свае катастрофы, шмат у чым садзейнічала таму, што, стагодзьдзямі ня маючы ўласнае дзяржавы (фундамэнтальнага інстытуту аховы), беларусы ня зьніклі як гістарычная супольнасьць, а ў рэшце рэшт нават набылі палітычны сувэрэнітэт. Хоць, зыходзячы зь лёгікі ўсіх тых жахлівых катастрофаў, якія нам прызначыў лёс, у нас на гэта не было ніякіх шанцаў.

Натуральна, само па сабе ўменьне забывацца на страшнае мінулае яшчэ не гарантавала жаданую будучыню. Але ўвесь вітальны сэнс «забываньня» быў у тым, што празь яго ўвага адцягвалася ад сьмерці й канцэнтравалася на жыцьці. Бяз гэтага немагчымае было б засваеньне навукі адаптацыі да самых непрымальных для выжываньня ўмоваў і акалічнасьцяў, што й захоўвала нас ад зьнікненьня спачатку як этнасу, а потым — як нацыі.

А ўменьне адаптацыі мы ніколі б не засвоілі ў дастатковай для выжываньня ступені, калі б спачатку не навучыліся забывацца на свае катастрофы.

* * *

Калі чалавек зь цягам часу зможа прыстасавацца да радыяцыі (няхай сабе й на самым ейным нізавым узроўні), то першым такім чалавекам будзе беларус. Пра тое, што псыхалягічны этап гэтае адаптацыі мы ўжо прайшлі, сьведчыць нашая дзёрзкая няўвага да Чарнобылю. Бадай, менавіта гэтым можна растлумачыць той факт, што «каля 50 тыс. чалавек за пэрыяд з 26 красавіка 1986 году (па 2004 год. — В. А.) прыбылі ў радыяактыўныя зоны з чыстых тэрыторыяў. Пераважна гэткімі зьяўляюцца бежанцы з зонаў лякальных канфліктаў на тэрыторыі былога СССР. У некаторых пашкоджаных радыяцыяй раёнах доля такіх бежанцаў розных нацыянальнасьцяў дасягае 10% колькасьці насельніцтва» (Ю. Шаўцоў).

Хутка забыўшыся на чарговую катастрофу, беларусы тым самым вызвалілі тэрыторыю сьмерці для новага жыцьця.

Таму Чарнобыльская зона й сталася месцам выратаваньня для многіх бежанцаў з тых месцаў, дзе чалавека забіваюць у рэальным часе, «тут і цяпер». У кнізе Сьвятланы Алексіевіч жанчына з Кіргізіі распавядае: «Мяне людзі сустракаюць… Зьдзіўляюцца… Не разумеюць… Што ты, маўляў, робіш з сваімі дзецьмі, ты іх забіваеш. Ты — самазабойца. Я не забіваю, я іх ратую. Вунь у сорак гадоў уся сівая…» Іншая гераіня Алексіевіч, мэдсястра з Таджыкістану, прызнаецца: «А мне тут ня так страшна, як там».

Але ў пэрспэктыве будучыні яшчэ больш важныя сьветапогляд і сьведчаньні тых беларусаў, якіх улада так і ня здолела выселіць з «зоны» ў небясьпечныя месцы. «Ну якая, кажу ім, тут радыяцыя, калі й матыль лётае, і чмель гудзіць. І мой Васька мышэй ловіць», — распавядае бабуля ў «Чарнобыльскай малітве». А былі й тыя, каго гвалтоўна вывезьлі, але яны неўзабаве вярнуліся ў свае хаты. «Болей нас ніхто не падмане, нікуды мы з свайго месца ня зрушымся. Крамы няма, шпіталю няма. Сьвятла няма. Сядзім пры газавай лямпе й пры лучыне. А нам добра. Мы дома».

Усе гэтыя наіўна-прастадушныя й у той жа час надзвычай трагічныя сьведчаньні можна ацэньваць з самых розных пунктаў гледжаньня. Але для мяне яны найперш азначаюць той факт, што мы, безумоўна, наладзім новае жыцьцё на тэрыторыі былое катастрофы. А тыя, хто лічыць іначай, кепска ведаюць гісторыю беларусаў. Мы так ужо рабілі, і не аднойчы.

Валянцін Акудовіч

Фатаграфіі © Наталя Залозная

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкулу выкарыстаньне аўтарскага візуальнага матэрыялу забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology