Выйшаў юбілейны 20-ы «pARTisan»: Нам 10 гадоў!

 

«…Каб “pARTisan” застаўся партызанам, яму неабходна радыкальна зьмяняць сваю стратэгію. Магчыма, цяпер яму трэба ня столькі змагацца за сябе, за сваё месца ў Беларусі, а сканцэнтравацца на супраціве татальнай баналізацыі сьвету дзеля ратаваньня культуры як дыскурсу ўнікальных актаў тварэньня».

Валянцін Акудовіч / «Неабходна радыкальна зьмяняць сваю стратэгію»

Спэцыяльны нумар «pARTisan» прысьвечаны юбілею альманаха, якому ў 2012 годзе споўнілася 10 гадоў. Што адбылося за гэты час з партызанкаю й яе поглядам на сучасную беларускую культуру? Які шлях яна прайшла й куды крочыць далей?

У 2002 годзе першы нумар «pARTisan» адкрывала дыскусія «Мадэ ін Беларусь» з удзелам Валянціна Акудовіча, Алеся Анціпенкі, Юрася Барысевіча, Міхала Баразны, Артура Клінава, якія разважалі пра актуальнасьць сучаснага беларускага мастацтва, ягоных стратэгіяў, а таксама фармулявалі філязофію «партызана». Празь 10 гадоў на старонках юбілейнага нумару Валянцін Акудовіч, Вольга Гапеева, Артур Клінаў, Андрэй Кудзіненка, Сяргей Шабохін, Вольга Шпарага зьвяртаюцца да гэтых пытаньняў, адказы на якія часта нечаканыя й супрацьлеглыя думкам, выказаным у 2002 годзе (дыскусія «Мадэ ін Беларусь: канец “партызанскага” руху?»).

Валянцін Акудовіч у сваім інтэрвію канстатуе зьмены абставінаў барацьбы сучаснага арт-партызана й таму — неабходнасьць мяняць сваю стратэгію. Вольга Шпарага распачынае дыялёг з артыкулам Вольгі Капёнкінай «Лёгіка номасу» («pARTisan» № 1’2002) і аналізуе шлях, які прайшло сучаснае беларускае мастацтва за гэтае дзесяцігодзьдзе: ад «не нясе ніякага яснага выказваньня, нічога не абвяргае й не сьцьвярджае» да «выявіць беларускую не да канца зразумелую рэальнасьць, як вонкавую, так і асабістую» (Вольга Шпарага, «Палітычнае як асабістае: сучаснае беларускае мастацтва празь дзесяць гадоў»).

У нумары:

пра гомельскі праект «Палацавы комплекс» разважае Вольга Рыбчынская; Сяргей Дубавец дзеліцца сваім адчуваньнем жыцьця ў спыненым часе; віртуальнага «партызана» апісвае Кастусь Чарнец; Тацяна Арцімовіч адшукала тэатар будучыні на апошніх Кракаўскіх Тэатральных Рэмінісцэнцыях; Адам Глобус успамінае скульптара Кастуся Сароку.

А таксама:
інтэрвію з украінскім пісьменьнікам Юрыем Андруховічам; зь беларускімі фатографамі Галінай Маскалёвай і Ўладзімерам Шахлевічам, якія цяпер жывуць у Маскве; і — фрагмэнты з новага раману Артура Клінава «Шклатара»!

Шукайце ў краме «Ў» і кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасьці, 37а, Менск)!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology