Культурніцкія войны як фабрыка ахвяраў

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

Уладзімер Цэсьлер, сэрыя «Лубок»

 Архіў! pARTisan #05’2007

ФРОНТ БЯЗЬ ЛІНІІ ФРОНТУ

Дзіўная вайна… На гэтай вайне даўжыня спадніцы — стратэгічная апэрацыя, выступ рок-музыкі — артылерыйскі абстрэл, а кулінарныя смакоцьці — зброя масавага зьнішчэньня. Арміі тут зьяўляюцца зь ніадкуль, вораг не падазрае пра абвешчаную вайну, а ўдарныя тылавыя атрады — школьныя настаўніцы й нянькі зь дзіцячых садкоў. Показка, анэкдот, казка — як паветраная авіяцыя; памада, дзявочая валізка, кветачкі на спатканьні — танкавая атака ў адгазьніках.

Лазьня, ашыйнікі для коцікаў і сабачак, нагавіцы, прычоскі, форма мясцовае прыбіральні, капелюшы, інтэлектуальныя часопісы, скрыпкі, модныя акуляры, газоны, Дом культуры чыгуначнікаў, гадзіньнікі, шпрыцы, калыскі для немаўлятаў, цырымонія разьвітаньня з сантэхнікамі — гэта ўсё зброя татальнай, няўзьвіднай вайны.

На гэтай вайне забіваюць зрэдку. Найчасьцей — паляць кнігі й затыкаюць рот. Выганяюць за межы, купляюць і завярбоўваюць. Мэта — прымусіць ворага спакусіцца чужой мовай, зьмяніць звычкі, засьпяваць невядомыя песьні (якія ён прагне пачуць). На гэтай вайне няма франтоў — і франты паўсюль. Кожны — ад шарагоўца да генэрала — зьяўляецца агентам адразу некалькіх выведак, але нікому гэта не замінае. Ад часоў першых плямёнаў ідзе гэтая вайна, якая сьціхаць не зьбіраецца — адылі й набірае моц.

Гэтая вайна — культурніцкая. Паміж сабой б’юцца каштоўнасьці дый формы розных тэрыторый, часоў і сацыяльных груповак.

ПЛАХА Ў САДЗЕ

Паводле Жана-Жака Русо, культура — гэта плаха ў садзе, замаскаваная маргарыткамі. Культура — як ракавая пухліна, якой вучаць, якую шануюць і якую пераймаюць. Але шматлікія цырымоніі, старыя веды й правілы патрабуюць грунтоўнае адукацыі, каштуюць сур’ёзных высілкаў і адбіраюць час. Кітайскі чыноўнік амаль да старасьці здаваў іспыты, каб адпавядаць суворай канфуцыянскай маралі. Апанэнты Канфуцыя, даосы, разглядалі цырымоніі як штосьці вонкавае й аддавалі перавагу прыродзе — але іхнія алхімічныя практыкі самі станавіліся «ведамі», мэтадамі й «тэхнікамі».

Калі ведаў, традыцый і звычак было зашмат, то чалавек адчужаўся ад нечаканага, замуроўваўся ў руінах старое культуры. Бізантыйскія мастакі наконадні скону імпэрыі захапляліся былымі стылямі, але самі ўжо не маглі стварыць нічога, раздушаныя мінулай веліччу.

Рэжысэры, літаратары, навукоўцы почасту станавіліся ахвярамі сваіх звычак і аднойчы ўдалых прыёмаў — але сёньняшні дзень глядзеў на іхнія высілкі з абыякавасьцю. Унутраная скасьцянеласьць, ганарлівасьць усёзнайства, «адукаванства» халоднымі ведамі спараджае бунт і ўцёкі.

ПАД АПТЫЧНЫМ ПРЫЦЭЛАМ

Лучше виден этот город, если сесть в бомбардировщик. Ёсіф Бродзкі

Калі ёсьць вайна, то ёсьць і ахвяры. Хто станецца ахвяраю, залежыць ад вайсковае оптыкі, празь якую глядзяць адзін на аднаго ворагі. Бяз оптыкі й наводкі няма вайны, няма абстрэлу варожых акопаў, няма зацятасьці змагароў — і партызанскіх рэйдаў у тылах. Але й самі акопы, і самі арміі ствараюцца аптычным прыцэлам.

Да Карла Маркса пралетарыят не здагадваўся, што ягоны вораг — буржуазія, дый самога пралетарыяту — са сваім лёсам, місіяй і ўзбраеньнем — не існавала. Да «Стаўнвільскага паўстаньня» 60-х, калі сэксуальныя «дысыдэнты» пачалі біцца з паліцыяй за мясцовую карчму, не было лесьбіек і геяў (хаця самі аднаполыя сувязі практыкаваліся заўжды). А да судовага працэсу над Флябэрам ніхто ня ведаў пра «рэалізм».

Аптычны прыцэл на культурніцкай вайне — гэта тэорыя, зборны тэрмін альбо імя, якое стварае дый называе групу, адасабляе яе ад іншых, увідавочнівае стан канфлікту, які ўтойвалі — ці пра які й не падазравалі.

У вайсковы рыштунак сусьветных армій уваходзяць некалькі падставовых аптычных прыцэлаў.

АКУПАНТ ЯК АХВЯРА

Акупанты й тубыльскае насельніцтва — найдаўнейшы падзел, які не патрабуе складаных тэрмінаў і філязофскага малімоньня. Усё навідавоку: розныя звычкі, паводзіны, мова, розная ежа, выгляд, мундзіры — і рулі аўтаматаў для непаслухмяных. Почасту акупант спрабуе замаскаваць адрознасьць, і менавіта яму патрэбныя тэорыі, каб апраўдаць захоп.

«Мы адной веры… Ачышчаем Новую Эўропу ад бальшавікоў… Вызваляем вас з польскае акупацыі…» Але на прыбышоў заўжды глядзяць зь недаверам. «Яны — акупанты, мы — тутэйшыя!» З гэтага моманту пачынаецца адлік ахвяраў. Вайсковы захоп нейкае тэрыторыі зусім не азначае культурніцкага панаваньня над ёй. Почасту здараецца наадварот. Рымляне акупавалі Грэцыю — але самі былі калянізаваныя высокай грэцкай культурай. Маньчжурскія захопнікі, якія сталіся кітайскімі імпэратарамі, былі падчыстую «зьедзеныя» цырымоннай культурай месьцічаў.

Акупант ператвараецца ў ахвяру. Зачараваны выкшталцонасьцю й пекнатой новаадкрытага сьвету дзікун, які вучыць чужую мову — і забывае свае нехлямяжныя звычкі.

Захопленая культура — сама акупант для разгубленых прыбышоў. Калі акупант зьбіраецца несьці сваю культуру на падначаленыя тэрыторыі, то й тут не пазьбегнуць ахвяраў зь ягонага боку. Сваю культуру трэба перакласьці на тубыльскую мову. Трэба вывучыць мясцовыя нормы й правілы. Пакрысе культура акупанта прысабечвае экзатычныя звычкі, дзіўныя формы, слоўцы — і сэксуальныя практыкі. «Памяркоўная» акупацыя вядзе да трыюмфу пэрыфэрыі, чаго самі акупанты й не жадаюць. Але найбольшыя ахвяры нясе акупант, які вырашае зьнішчыць чужую культуру — і на крыві насадзіць сваю. Мураўёў-вешальнік, які падавіў паўстаньне Кастуся Каліноўскага, быў ня толькі вайскоўцам, але і (скарыстаемся прызнаньнем Якава Трашчанка) культурніцкім «дзеячом». «Што не даробіць рускі штык — даробіць руская школа!» — насаджэньне суседзкай мовы, чыноўнікі й сьвятары з расейскіх губэрняў, бруд на магілах паўстанцаў — гэта акупацыя на зьнішчэньне, на выдаленьне й патаптаньне беларускай культуры.

Але на акупаваных землях культурніцкі зьнішчальнік — кат, рэдкія хваласьпевы яму гучаць адыёзна-натужна — дый тое з кола набліжаных падхалімаў. Пакута акупанта-зьішчальніка — у ізаляцыі, у ягонай непатрэбнасьці — анікому.

АДВЕЧНАЯ ПАРТЫЗАНКА

— Бабка, немцы ў вёсцы ёсьць? — Якія немцы? Вайна даўно скончылася! — А я цягнікі дасюль пад адхон пускаю… Анэкдот

Барадаты дзед Талаш, які падкладае міны пад чыгуначныя рэйкі, — узброены адказ на акупацыю. Беларуская культура перанасычаная партызанскімі мітамі, вобразамі падпольшчыкаў і народных мсьціўцаў. «Беларусьфільм» працягвае штампаваць карціны пра партызанскія подзьвігі, а на айчынным тэлеканале робяць рэмэйк песьні пра падарванага гаўляйтэра (выбуховая стужка «Гадзіньнік спыніўся апоўначы»).

Але партызаны й падпольшчыкі ёсьць ахвярамі, калі яны ня здольныя выйсьці зь лесу й працягваюць абстрэльваць чыгунку. Стужка «Падпольле» Эміра Кустурыцы паказвае менавіта такі стан: былыя партызаны хаваюцца, па начох робяць налёты — і вераць, што вайна не сканчалася.

Для беларускага грамадзтва ніяк ня скончыцца «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу» — а мы ўсе застаемся яе ахвярамі (і спажывальнікамі).

Культурны партызан — ахвяра: піша падпольныя кнігі, якія мала хто прачытае, малюе плякаты, якія заўтра будуць забытыя. Бамбаваны ворагамі, ён паўсюль ставіць змагарныя спасылкі на варажнечу (хаця можна было б абысьціся й бяз гэтага). Падпольшчык, прызвычаены да кансьпіратыўных масак, ня ведае, што рабіць, калі маскі ўжо не патрэбныя. Але найбольшая ахвяра, калі зацяты падпольшчык, культурны партызан (ідэйны ці вымушаны) дарываецца да ўлады. Ахвяраю становіцца ўсё грамадзтва. Бальшавіцкі генацыд і цараваньне саўгаснага «бацькі» (якога ў прыстойнай кампаніі пагналі б у каршэнь) — паказальныя прыклады ўладарнае партызанкі.

ЗДРАДЖАНЫ ЗДРАДНІК

Іншы адказ на акупацыю — калябарацыя. Пайсьці на супрацоўніцтва з ворагам, «зрабіць хоць нешта» — ці, прынамсі, выратаваць уласную скуру. Здраднік — самая ганебная, але й самая паказальная ахвяра акупацыйнай вайны. Яго дзяўбуць і партызаны, і акупанты, а ён спрабуе выкруціцца. «Заходнярускія» культурнікі — тыповыя калябаранты. Для іх Беларусь — толькі частка Расеі, але са сваімі адметнасьцямі. Пайсьці ва ўслужэньне рэжыму, хваліць яго й знайсьці ўяўную тэрыторыю для сваіх вершаў — хісткая й пакутлівая пазыцыя.

«Адметнасьці», падкрэсьленыя гісторыкам Міхаілам Каяловічам, раздражнялі пецярбурскіх імпэрцаў, а для нацыянальна-вызвольнага руху Каяловіч заставаўся (і застаецца) ворагам. Калябарант можа стацца катам — і канчаткова згубіць аблічча, а можа й натхніць падпольле (і нат сам пра гэта не падазраваць). «Заходнярус» Яўхім Карскі выдаў таўшчэзную кнігу пра беларусаў, якая была паднятая на штандар адраджэнцамі й гэтак спрычынілася да незалежнасьці Беларусі. (Сам Карскі, здаецца, быў у шоку.)

Калі калябаранта не забіваюць, ня ганяць і не замоўчваюць ягонага існаваньня, то ў самім сабе ён атрымлівае раздвоенасьць і пакараньне. Пры любых выніках акупацыі ён ахвяра.

ПАКРЫЎДЖАНЫЯ ЛЁКАІ

Лёкай Сьмярдзякоў з «Братоў Карамазавых» засіліўся. Польскіх падпанкаў партызаны вешалі. І гэта звычайны лёс войтаў і лёкаяў падчас культурніцкай грамадзянскай вайны. Але стан лёкаяў — беларуская доля, лёс і наканаваньне. «Дзьве душы» паніча, які спачувае народу, але чужы для яго; пакуты Беларусі, якая вагаецца «паміж Усходам і Захадам» — паводле Канчэўскага — і ня здольная зрабіць выбар.

«Сена на асфальце» — як лірычнае лёкайства. Вяскоўцы паўцякалі ў гарады, але так і ня сталіся гараджанамі; свая культура забытая, а новая не засвоеная. Масавае лёкайства — трасянка. Невынішчальны беларускі акцэнт, слоўцы й выразы — і ўпэўненасьць трасянкоўца, што ён размаўляе на высокай — рускай — мове. Лёкаі — няшчасныя здраднікі адвечнае акупацыі, як (калі выкарыстоўваць клясавы падыход) дробныя буржуа — рэвалюцыйныя да манаполій і рэакцыйныя для пралетароў.

Лёкайства — калыска фашызму, прытулак гарадзкога выцьця па страчанай вёсцы. У ліміце — разрыў паміж прыродаю й культурай.

Інтэлігент — настаўнік канібалізму Падобна да «здраджанага здрадніка» й «пакрыўджанага лёкая», інтэлігент — пасярэднік і ключавая ахвяра «прыродна-культурнае» канфрантацыі. Ён дастаткова адукаваны, каб убачыць натуральнага дзікуна — і апісаць, якім гэты дзікун мусіць быць згодна зь ягонай дзікунскасьцю (момант прымусовай адукацыі абавязковы). Але, з другога боку, інтэлігент, які ўголас рыдае за дзікуна, выкарыстоўвае таго як таран. Зьнішчыць культуру, скасаваць тэхніку, выпусьціць на падмосткі «даярак» з бязгрэшна-рэфэрэндумнай дэмакратыяй (і няважна, што «даярак» прычасалі пад «народную натуральнасьць»).

Інтэлігент вучыць туземца быць канібалам (хаця абарыгены даўно кінулі такі звычай), вучыць вяртацца «да прыроды» й каранёў. У выніку такога «вяртаньня» інтэлігента зьядаюць першым. Але такі ўжо лёс ахвяры.

ПАД КОЛАМ «ГЕНДЭРНАГА» ГЕНАЦЫДУ

«Усе мужыкі — казлы!» «Усе бабы — дуры!» Народная мудрасьць

Варыянт «прыродна-культурнай» вайны — гендэрны генацыд. А прасьцей — лютая бойка паміж бабай і мужыком. І гэта ня проста бойка. З XV па XVII стагодзьдзе ў Эўропе палявалі на ведзьмаў. Загінула ад дзесяці да сотні тысячаў чалавек. Палілі амаль заўжды жанчынаў (і толькі зрэдку даставалася мужчынам). У гэтай палымянай (ува ўсіх сэнсах) вайне бачаць барацьбу мужчынаў супраць жаночай эмансыпацыі.

У ХХ стагодзьдзі жанчыны ўзялі рэванш. Ахвярамі вайны сталіся ўсе: ня толькі прадстаўнікі мужчынскага, але й жаночага роду. Легалізаванае права на аборт дазваляе забіваць усіх і кожнага — у самым зародку. Прыціснутыя мужчынамі-эксплюататарамі не маглі гэтым не скарыстацца. На тле гэткай вайны суцэльнай дробязьзю выглядаюць судовыя позвы супраць мужчынаў, якія падаюць паліто жанчыне (адчыняюць ёй дзьверы, саступаюць месца ў аўтобусе…), што ёсьць недапушчальнай сэксуальнай абразай.

І зусім не зьдзіўляе гераіня вайны — партрэт у профіль і анфас — Ларэта Бабэт. Адрэзала ў мужа чэляс — і выкінула на вуліцу. Але хто ведае, ці была наша Рагнеда лепшаю? Сёньня дасьледчыцы з марксісцкім гранатамётам (на грудзях) і лімонкай псыхааналізу (замест сэрца) даводзяць, што «гендэр — сацыяльна сканструяваная розьніца паміж мужчынамі й жанчынамі… першы ўзровень улады».

За ўладу б’юцца ўсімі часткамі цела — а гендэрны рыштунак заходзіць вельмі далёка й вельмі глыбока.

Так, гендэрную жаўнерыху Моніку Вітыг нахабныя студэнты спыталі: «Скажыце, цётачка, а п… ў вас ёсьць?» «Няма!» — рыкнула пані Моніка. З пазыцый татальнай вайны ўсё менавіта так.

АГЕНТЫ ІНТЭРЗОНЫ

«А ты ўпэўнены, што Джаан увогуле чалавек?» Жамяра-назіральнік — наркаману-пісьменьніку («Аголены сьняданак», кінавэрсія Д. Кронэнбэрга) Усе на гомасэксуальную інтыфаду! Брус ЛяБрус («Малінавы рэйх»)

У гендэрнай вайне ўдарнымі атрадамі зьяўляюцца агенты Інтэрзоны: геі, трансы, лесьбійкі-садамазахісткі. Менавіта яны гінуць першымі — і першымі кладуцца на аўтар Перамогі.

Яны ламаюць мужчынска-жаночы сьвет, становяцца партызанамі сэксу.

У порна-тэрарыстычным маніфэсьце Бруса ЛяБруса «Малінавы рэйх» прыхільнікі «Чырвоных брыгадаў» пад кіраўніцтвам німфаманкі Гудрун вядуць «гомасэксуальную інтыфаду», цытуюць Маркузэ й Маркса — і выкрываюць контррэвалюцыйнасьць кукурузных шматкоў. Лявацкая зброя — проста аголеная, а бадзёрая садамія тоесная тэрарызму. Але і ў ролі порна-партызанаў, і ў якасьці жабракоў, і на пасадзе лёкаяў ці здраджаных здраднікаў — стракатым агентам наканаваны статус ахвяраў культурніцкае вайны.

БЕЗ АХВЯРАЎ

Каб ня стацца ахвярай, людзі ўцякаюць на нэўтральную тэрыторыю, дзе не грымяць выбухі й не страляюць адзін у аднаго. Але «апалітычнага» музыку, які сьпявае пра каханьне й зоркі, абавязкова мабілізуюць. Рэжысэра прымусяць выказацца на тэму «постмадэрнізму» ці «рэалізму». А літаратара, які надрукаваўся ў тоўстым часопісе, ня возьмуць у тонкі.

Культурніцкая вайна не абміне нікога — і кожнаму будзе прапанавана стаць па той ці іншы бок барыкады. Але, калі немагчыма пазьбегнуць вайны, то варта хаця б мінімізаваць ахвяры.

Для гэтага трэба зламаць вайсковую оптыку, павыкідаць на сьметнік тэорыі татальнай вайны — у першую чаргу марксісцкую й псыхааналітычную — ці, прынамсі, стачыць ім атрутныя зубы, пазбавіць уладных інстытуцый.

З пазьбіванай наводкай, ува ўмовах шматкультурнае гаманіны культурніцкая вайна будзе прыносіць плён. А не даваць штогадовы ўраджай ахвяраў.

Андрэй Расінскі

Фатаграфіі © Уладзімер Цэсьлер

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкулу выкарыстаньне аўтарскага візуальнага матэрыялу забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology