Фры-джаз альбом «Shetar dy Petar» Віктара Сямашка

 

Віктар Сямашка«Shetar dy Petar» / вокладка

 15 траўня беларускі нэтлейбл «Foundamental Network» выдаў незвычайны фры-джаз альбом «Shetar dy Petar» з дамешкам электронікі.

Альбом «Shetar dy Petar» запісаны беларускім музыкай імправізатарам Віктарам Сямашка разам з вядомым кантрабасістам Эрыкам Арловым-Шымкусам. Імправізацыя праходзіла ў мінскім арт-буфеце NewTon у траўні 2012 года. Гучаньне альбома напаўакустычнае-напаўэлектроннае: клярнэт, бас і пэркусія пераплеценыя з электроннымі лупамі, дэлэем і Korg Monotrone.

«Мне цяжка знайсьці тлумачэньне, як у нас з Эрыкам атрымалася тое, што атрымалася. Гэта, увогуле, быў першы наш выступ удвох. Варта прызнацца, што мы нічога не рыхтавалі, не рэпетавалі… Але галоўнае, што прысутнічала ўзаемная ўпэўненасьць. Адной сілай намеру можна зьвярнуць горы», — распавёў Віктар Сямашка.

Віктар Сямашка — беларускі паэт, музыка і радыёжурналіст. Cпэцыялізуецца на разнастайных духавых інструмэнтах і шукае сынтэз між фры-джазам, фальклёрам, акадэмічнай і электроннай музыкай. Асноўнае крэда — спантанная імправізацыя. Эрык Арлоў-Шымкус адзін з самых вядомых айчынных кантрабасістаў. Грае з гуртамі «Князь Мышкін» і «Вурай», ансамблем Classic-Avantgarde, з бардамі Віктарам Шалкевічам і Палінай Рэспублікай.

Слухаць і спампаваць альбом бясплатна: http://foundamental.net/label/viktar-siamashka/shetar-dy-petar/


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology