Ганна Трубачова: «Культура паляпшае жыццё»

 

Ганна Трубачова

Кампанія «Будзьма беларусамі!», упэўненая у тым, што «Культура паляпшае жыццё», актыўна працягвае разбураць стэрэатып пра культуру як выключна сферу мастацтваў.

Найперш гэта мяркуецца рабіць праз вялікую серыю (40!) інтэрв’ю з выбітнымі беларусамі, кожны з якіх праз прызму ўласнай дзейнасці распавядае пра асаблівасці і праблемы культуры ў сваёй сферы дзейнасці. Гэтыя адметныя інтэрв’ю будуць з’яўляцца штосераду на сайце budzma.org.

Ганна Трубачова, журналіст, аўтар праекта:

«Звычайна кажуць пра культуру, маючы на ўвазе хутчэй мастацтва. „Ах, яны такія культурныя людзі: раз на тыдзень абавязкова ходзяць у тэатр!“ Ці дастаткова мець мноства кніг на паліцах або карцін на сценах, каб лічыцца культурным? Зразумела — не. І нават самага начытанага чалавека, які не паважае суразмоўцы ці, ужо прабачце, які не змывае за сабой у грамадскай прыбіральні, нельга назваць культурным.

У якім стане сучасная беларуская культура? Як мы паводзім сябе на дарогах, як камунікуем паміж сабой, як святкуем, шануем сталых і выхоўваем дзяцей, як, у рэшце, дамаўляемся пра сэкс? Як мы арганізуем сваё жыццё?

Ці ўмеем мы культурна піць і есці, клапаціцца пра сваё здароўе і адстойваць свае правы? Што мы ведаем пра культуру спажывання і атрымання грошай? Чым напоўненыя нашы сэрцы, галовы, душы і… кватэры? Адукацыя, духоўнасць, адносіны, як і побыт, характарызуюць ўзровень культуры чалавека.

Апошнія паўгода я даследавала гэтую тэму ў спецыяльным журналісцкім праекце кампаніі „Будзьма беларусамі!“. Сустрэлася з чатырма дзясяткамі суразмоўцаў, каб абмеркаваць асаблівасці культуры беларусаў. Былі лёгкія і нават пацешныя тэмы. Былі вельмі жорсткія і праблемныя, і ў нейкі момант мне нават пачало здавацца, што некаторыя недапушчальныя, дзікія рэчы, уласцівыя паводзінам беларусаў — гэта нармальна, што гэта і ёсць наша культура, наша дадзенасць, вынік пэўных гістарычных перадумоў і працы нашага менталітэту.

Лаянка на вуліцах, збітыя дзеці і жонкі, пенсіянеры, якія аддаюць апошнія грошы забулдыгам-дзецям, „чарніла“ ў падваротні пасля працы, безадказныя і безыніцыятыўныя работнікі, падманы ў гандлі, людзі з стомленымі тварамі, крадзеж на кожным кроку, панурасць мінакоў, „чарка ды скварка“ ў галовах — я была амаль перакананая, што гэта і ёсць наша культура. Ну, так, вось такая. Маўляў, што ж зробіш, вось у такім грамадстве жывем. Але раптам я зразумела, гэта не культура, гэта бескультур’е! І ад кожнага з нас паасобку залежыць, у якой атмасферы мы жывем усе разам».

Кожную сераду на сайце кампаніі вас чакае інтэрв’ю праекта: жорсткае, бескампраміснае, праблемнае, але вельмі цікавае. Кожны тыдзень — новы суразмоўца, новая тэма, новая прастора для разважанняў пра асаблівасці культуры беларусаў.

Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology