«ШАЛОМ»: АСВАЕННЕ ЕЎРАПЕЙСКАЙ ПРАСТОРЫ

Артур Клінаў «Салома Empire»/ з удзелам Андрэя Вераб’ёва  / Бон, 2005

Артур Клінаў «Салома Empire»/ з удзелам Андрэя Вераб’ёва  / Бон, 2005

Артур Клінаў «Kunst» / з удзелам Андрэя Вераб’ёва / Остбэверн, Германія, 2005

Артур Клінаў «Kunst» / з удзелам Андрэя Вераб’ёва / Остбэверн, Германія, 2005

Артур Клінаў «Sweet Straw Life» / Марсэль, Францыя 2003

Артур Клінаў «Еўропа» / Эмдэн, Германія 2004

Артур Клінаў «Еўропа» / Эмдэн, Германія 2004

Артур Клінаў «Салома Empire»/ з удзелам Андрэя Вераб’ёва / Салонікі, 2011

Артур Клінаў «Sweet Straw Life» / Флісенген, Галандыя 2001

Артур Клінаў «Sweet Straw Life» / Флісенген, Галандыя 2001

Артур Клінаў «Sweet Straw Life» / Флісенген, Галандыя 2001

Артур Клінаў «Sweet Straw Life» / Шчэцын, Польша 2001

Артур Клінаў «Sweet Straw Life» / Шчэцын, Польша 2001

Артур Клінаў «Sweet Straw Life» / Шчэцын, Польша 2001

Артур Клінаў «Sweet Straw Life» / Познань, Польша 2002

Артур Клінаў «Sweet Straw Life» / Вільня, Літва  2002

Артур Клінаў «Патаемная вячэра» / Менск, Беларусь 2011

Друкуецца фрагментамі.

Яшчэ зусім нядаўна беларуская проза трывала асацыіравалася з вясковай тэмай, менавіта ў вёсцы адбывалася дзеянне большасці твораў Янкі Брыля, Івана Мележа, Івана Шамякіна (выключэннем былі толькі асобныя творы Міхася Стральцова). Напрыканцы ХХ ст. маладыя аўтары Адам Глобус, Уладзімір Сцяпан, Максім Клімковіч і інш. пачынаюць эстэтычнае асваенне гарадской прасторы. Характэрна, што перанясенне дзеяння мастацкіх твораў з вёскі ў горад спалучалася з пераходам ад рэалізму да постмадэрнізму.

Цікавай тэндэнцыяй у беларускай прозе пачатку ХХІ ст. з’яўляецца асваенне еўрапейскай геаграфічнай прасторы: дзеяння асобных празаічных твораў пераносіцца з блокаў Мінска ў кавярні Варшавы і клубы Берліна.

Выразным праяўленнем гэтай тэндэнцыі з’яўляецца новы раман Артура Клінава «Шалом» (2011).

(…)

Цяжка знайсці ў сучаснай беларускай літаратуры твор, які б так выразна і мэтанакіравана як «Шалом» узнімаў праблемы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, пошукаў Беларусі свайго месца ў Еўропе, успрымання беларусаў іншымі еўрапейскімі народамі. Цяжка знайсці ў беларускай літаратуры, тэкст настолькі прыдатны і «адкрыты» для даследавання тэхнікі апісання прасторы, літаратурнай тапаграфіі еўрапейскіх гарадоў, мастацкага адлюстравання апазіцыі «Усход-Захад» і іншых праяваў сучаснай геапалітыкі. Прычым, яшчэ раз падкрэслім, перад намі не культуралагічны трактат і не зборнік падарожных эсэ, а авантурны раман з каларытнымі героямі і дасціпным гумарам.

Адразу трэба прызнаць, што ідэя ўздзець на галаву героя кайзераўскую каску часоў першай сусветнай вайны і адправіць у лукашэнкаўскую Беларусь — надзвычай прадуктыўная для стварэння шматлікіх сюжэтных калізій і выпрабавання самых розных ідэалагем і стэрэатыпаў. Дзіўны ўчынак героя выклікае шмат пытанняў, у залежнасці ад сітуацыі па-рознаму тлумачыцца аўтарам і стварае шырокае поле для чытацкіх інтэрпрэтацый. Слова «шалом» у беларускай мове азначае старадаўні воінскі шлем, але ў той жа час можа разумецца і як габрэйскае «Мір табе!» Таму, шалом на галаве Андрэ — гэта абвяшчэнне вайны, але і знак міру, гэта выклік «звышчалавека» нікчэмнаму свету, але і прызнанне поўнай капітуляцыі перад светам, гэта выдатны, самы значны арт-праект героя, але і канчатковае адмаўленне ад мастацкіх праектаў, гэта прадуманая ідэалагічная дыверсія і ў той жа час звычайнае вар’яцтва, урэшце рэшт шалом — гэта поўны абсурд, туга ў квадраце, бессэнсоўнасць у кубе (с. 293).

Нават калі прыняць «ваенную версію» учынка героя (невыпадкова жанр твора вызначаны аўтарам як «ваенны раман»), узнікае пытанне:

што гэта за таямнічая вайна, куды рушыць у паход і з кім будзе змагацца беларускі мастак, уздзеўшы сабе на галавупрускую каску?

Найпрасцейшы адказ: Андрэ адпраўляецца на заваяванне свету, у паход за славай, ён? як і кожны мастак? вымушаны змагаццы за прызнанне, «легітымізацыю сваёй творчасці» (П. Бурдзьё). Альбо наадварот: Андрэ не збіраецца нікога заваёўваць, ён адзявае каску і забіраецца ў акопы, каб абараняць сваю мастакоўскую свабоду ад наступлення нікчэмнага, прадажнага свету. Ёсць алкагольны варыянт: Андрэ са сваімі сябрамі штовечар змагаюцца з шыхтамі чырвонага віна, залацістага піва, віскі, гарэлкі, настоек няпэўнага паходжання ды іншых выбуховых трункаў аж пакуль не палягуць на полі бою (у такой сітуацыі мець на галаве шалом вельмі зручна). Але найбольш цікавую інтэрпрэтацыю набывае шалом і вайна ў рамане Клінава ў катэгорыях геапалітыкі (у постмадэрністычным яе выданні): Андрэ збіраецца ўзяць удзел у вялікай бітве дзвюх цывілізацый, у рашаючым сутыкненні Усходу і Захаду.

(…)

Апазіцыя «Захад/Усход» выразна праяўляецца на працягу ўсяго рамана Артура Клінава і падаецца не толькі ў жартаўлівым ключы. Яскравым прыкладам адлюстравання постмадэрністычнай геапалітыкі з’яўляюцца апісанні гарадоў і краін, у якіх даводзіцца пабываць Андрэ. У свядомасці галоўнага героя адбываецца псіхалагічнае і эстэтычнае асваення сярэдне-еўрапейскай прасторы, трансфармацыя геапалітычных рэаліяў у культуралагічныя фантомы.

З гэтай перспектывы «Шалом» адкрываецца ў першую чаргу як «раман-падарожжа», а не як «ваенны раман», сюжэт твора тыпалагічна ўзыходзіць да «Адысеі», а не да «Іліяды» (паводле борхесаўскай класіфікацыі сюжэтаў).

І, сапраўды, раман распавядае пра вяртанне героя: з Бона ў Магілёў: праз Гановер, Берлін, Варшаву, Брэст і Мінск. Дзеянне твора адбываецца ў сямі пералічаных гарадах, якія маглі б даць назву сямі раздзелам твора, калі б аўтар з’яўляўся пісьменнікам-рэалістам і не вылучаўся буйнай фантазіяй. Але раман відавочна народжаны пад зоркай постмадэрнізму, мастацкая фантазія аўтара не ведае межаў — і таму не гарады, а спажытыя ў іх героем спіртныя напоі далі назвы раздзелам, уваскрашаючы дух незабыўнага Венечкі Ерафеева: «Чылійскае чырвонае», «Егермайстар», «Фінляндыя», «Крупнік», «Скарб Радзівілаў», «Белая Русь», «Крыжачок». Толькі назва апошняга, восьмага раздзела выбіваецца з «алкагольнага» стылю: «Ідал вярнуўся», але гэты раздзел выконвае ў рамане функцыю эпілога і да таго ж герой апынаецца ў выцвярэзніку, дзе здабыць чарговы алкагольны напой вельмі цяжка.

У рамане Клінава, паўстаюць маляўнічыя партрэты-апісанні сямі згаданых гарадоў. Рухаючыся з Захаду на Усход услед за героем чытач спазнае асаблівасці тапаграфіі, архітэктуры, атмасферы кожнага горада, даведваецца пра яго месца ў біяграфіі і сістэме каштоўнасцяў героя. Вобразы еўрапейскіх гарадоў паказаныя ў рамане «Шалом» праз прызму свядомасці чалавека адукаванага, творчага, надзвычай назіральнага, але што найбольш істотна — таго, які быў народжаны ў савецкую эпоху за «жалезнай заслонай», а цяпер вымушаны жыць на руінах сацыялізму.

Як з геаграфічнага, так і з кампазіцыйнага пункту гледжання лагічна было б пачаць экскурс па галерэі еўрапейскіх гарадоў, створаную Артурам Клінавым, з Бона, у якім распачынаецца дзеянне рамана. Але такі пачатак быў бы недаравальнай памылкай, бо з першых старонак рамана перад вачыма чытача ўзнікае вобраз іншага, улюбёнага горада героя — Парыжа. Парыж і Францыя выступаюць у рамане як недасяжная мара, як увасабленне ідэальнай, найбольш гарманічнай з мастацкага пункту гледжання прасторы для жыцця творчага чалавека: «Францыя… Цудоўная, прыгожая краіна, што вабіла яго з самога юнацтва. Парыскія кавярні, Эйфелева вежа, «Мулен Руж», пляц Пігаль, Ван Гог, Дэга, Тулюз-Лятрэк… (с. 8)

(…)

Напрыканцы ХХ ст. у беларускай літаратуры узнік шэраг тэкстаў, у якіх свядома разбураецца міф Парыжа як мастацкага цэнтра Сусвету і ўзора для наследавання, сцвярджаецца анталагічная роўнасць паміж вершамі Рыльке і песнямі палескай бабулькі, сусветнавядомымі нацюрмортамі Маціса і «цікеткамі» (малюнкамі кветак на драўляных дошчачках) нязнаных давыд-гарадоцкіх мастакоў.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк у эсэ «Стомленасць Парыжам» вандруючы па парыжскіх вулках і скверах услед за Гіёмам Апалінэрам, па-майстэрску ўплятае беларускія ўспаміны і асацыацыі ў габелен французскіх уражанняў і прыходзіць да жыццясцвярджальнай высновы, што «калі мы сапраўды адстаём ад сваіх суседзяў на сто, дзвесце ці нават на больш гадоў, калі мы часта прыстаём, стамляемся, басанож адольваючы дадзены гістарычны шлях, то адставанне нашае (я ўпэўнены!) вельмі блізкае да той відавочнай розніцы, якая некалі існавала паміж пакутнай хадою босых галілейскіх рыбакоў і зладжаным крокам абутых рымскіх легіянераў» .

Філосаф Валянцін Акудовіч у эсэ «Разбурыць Парыж», узяўшы ў якасці эпіграфа выказванне Дранько-Майсюка, а ў якасці інтэлектуальнага ўзбраення — працы Дэрыды, Льётара, Барта, Дэлёза, упэўнена абвясціў «усім занураным у паныласць беларусам што ў нас няма альтэрнатывы: альбо мы разбурым Парыж, альбо Парыж сваім цяжкім ценем разбурыць нас — дашчэнту». Парыж разумеўся як Сталіца вялікага еўрапейскага наратыву, як глабальны Сімулякр, што засланіў нашыя вочы ад белага свету, як сімвал лагацэнтрычнага мыслення, у катэгорыях якога Беларусь нязменна выглядала як незавершаны праект, краіна-аўтсайдэр, інтэлектуальная і культурная правінцыя. На думку Акудовіча, збаўцам беларусаў з-пад інтэлектуальнага прыгнёту Вялікага еўрапейскага напратыву, станецца Постмадэрн, прыход якога ў «родныя балоты» беларускі філосаф горача вітаў .

(…)

У адрозненні ад далёкага Парыжа, горада мар і летуценняў героя, нямецкі горад Бон прысутнічае ў «Шаломе» рэальна: тут Андрэ пражыў цэлы месяц на творчай стыпендыі, тут адбываецца дзеянне першага раздзела рамана. Але гэты рэальны горад уяўляецца герою не зусім сапраўдным ў параўнанні з той рэчаіснасцю, якую Андрэ пакінуў на радзіме: «Ён нагадваў яму вялікі ціхі санаторый, куды часам прыемна патрапіць, каб паправіць змучаную „Крыжачкамі“ і нягодамі жыцьця па той бок плоту нэрвовую сыстэму…» (с.20).

І зноў узнікае апазіцыя «Захад/Усход», у якой Захад асацыіруецца з мірным жыццём, тылам, санаторным лячэннем, а Ўсход — з вайной, акопамі, вошамі (аўтар рамана відавочна мае замілаванне да розных падвідаў гэтых насякомых).

(…)

З усіх партрэтаў-характарыстык гарадоў у рамане «Шалом» апісанне Берліна — найбольш разгорнутае і маляўнічае, адчуваецца архітэктурная адукацыя і мастакоўская назіральнасць Клінава. У апісанні каларытнага жыцця «калоніі хобітаў» у Тахелес — беларускіх мастакоў, асеўшых у Берліне — праяўляецца веданне рэаліяў і выдатнае пачуццё гумару аўтара (спісаны са Зміцера Вішнёва вобраз паэта і мастака Буяна — несумненна адзін з найлепшых у рамане).

Аднак не толькі назіральнае вока, але і розум, уяўленне актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні вобраза Берліна, густа ахутанага колішнімі ўражаннямі Андрэ ад знаёмства з нямецкай літаратурай і філасофіяй: «Гэта здавалася квінтэсэнцыяй прускага духу, тым, што несла ў сабе вобраз Нямеччыны, намаляваны ў яго ўяўленні яшчэ ў юнацтве, калі ён узахлёб чытаў Гётэ, Кляйста, Гофмана, іншых нямецкіх рамантыкаў ды спрабаваў пранікнуць у „Крытыку чыстага розуму“ Канта» (с. 83).

Вызначаючы сутнасць клінаўскага метаду апісання еўрапейскіх гарадоў, згадваеш выснову Валянціна Акудовіча з цытаванага ўжо эсэ «Разбурыць Парыж»: «…Чалавек спакваля развучыўся бачыць бытнае ў яго канкрэтна-рэальнай самоце, урэшце як і ўвогуле бачыць вокам. Ён ужо даўно толькі глядзіць вокам, а бачыць розумам. <…> Мы мерым тапаграфію рэальнасці не яе ўласнай мерай, а маштабамі, напрацаванымі ў „прасторы“ а-рэальнасці» .

(…)

Яшчэ адно праяўленне апазіцыі «Усход/Захад» у рамане Клінава — гэта процістаянне еўрапейскай і расійскай філасофіі ды культуры: Гофмана і Тургенева, Канта і Дастаеўскага, Маркса і Бярдзяева. Здаецца, і герой рамана, і яго аўтар цалкам падзяляюць знаны тэзіс Ігната Абдзіраловіча пра спецыфіку Беларусі як культурнай прасторы паміж: паміж Захадам і Усходам, паміж лацінскай і візантыйскай цывілізацыяй, паміж каталіцызмам і праваслаўем. Характэрна ў гэтым плане размова Інгрыд з Андрэ на вакзале ў Гановеры:

«— Ты адкуль? — пацікавілася тая, зразумеўшы па акцэнце, што ён ня немец.
— З Беларусі.
— А дзе гэта?
— На ўсходзе. Адразу за Польшчай.
— У Расеі?
— Паміж. На лініі фронту.
— Ааа! Чарнобыль! (с.62)»

Такім чынам, Беларусь — гэта лініі фронту.

Але і Польшча ва ўяўленні героя — памежная краіна, ужо не Усход, але не зусім і Захад. У адрозненні ад Андрэ ягоны польскі сябра Яцак хутка прыстасаваўся да законаў мастацкага рынку і зрабіў паспяховую кар’еру, малюючы сэксуальныя акты ў грамадскім транспарце. Творчасцю Яцка цікавяцца ўплывовыя куратаркі і найбуйнейшыя еўрапейскія галерэі, ён даўно выйшаў з брудных акопаў, стаўшы ці то шчаслівым пераможцам, ці то пераможаным у той вялікай вайне, якую ўсё яшчэ вымушаны весці Андрэ. З іншага боку, у Варшаве на кожным кроку сустракаюцца яшчэ сляды іншай вайны, выразна чуецца подых гісторыі: старая полька раіць герою зняць нямецкі шалом, бо ён можа выклікаць непрыемныя пачуцці ў яе суайчыннікаў, Палац Культуры і Навукі перадае гарачае прывітанне ад бацькі народаў Іосіфа Сталіна.

(…)

Нягледзячы на гаючае ўздзеянне старалітоўскага крупніка, у Варшаве з Андрэ адбываецца нервовы зрыў, і ён, сам таго не жадаючы, устройвае дэбош у мастэрні Яцэка, які гасцінна прыняў даўняга сябра і нават спрабаваў уладкаваць яго лёс, знаёмячы з уплывовымі куратаркамі мастацтва Адной з прычынаў зрыву з’яўляецца паблажліва-спачувальнае стаўленне куратарак да Андрэ як да прадстаўніка няшчаснай, краіны, дзе пануе «дыктацюр», а па гарадскіх вуліцах ходзяць мядзведзі, што перабраліся сюды з Масквы. З праяўленнямі такога стаўлення да яго радзімы герою даводзіцца сутыкацца на працягу ўсяго шляху з Бона да Брэста: Чарнобыль, дыктатура, бяда і нястача, гаротны народ, які цягнецца да імперскай Расіі замест таго каб гарнуцца да цывілізаванага Захаду.

Менавіта мастацкае выкрыццё заходніх стэрэатыпаў у дачыненні да беларусаў і паслухмянай гатоўнасці беларусаў адпавядаць гэтым стэрэатыпам, выкарыстоўваючы брэнд «няшчаснага народа» для карысных мэтаў, з’яўляецца важнейшай заслугай аўтара «Шалома».

Метафарычным увасабленнем падобнай сістэмы стэрэатыпаў і усталяваўшайся мадэлі ўзаемадносінаў еўрапейцаў з беларусамі становіцца параўнанне беларусаў з хобітамі , а таталітарнай улады — з Мордарам:

«Ён жа прадстаўляў маленькую, забытую Богам краіну, што прытулілася дзесьці пад плотам Эўропы. Усім, хто знаходзіўся з гэтага боку плоту, яна ўяўлялася нейкім страшным Мордарам з казак Толкіна, дзе ўладу захапілі оркі, якія зьдзекаваліся зь бедных хобітаў ды ўсяляк уціскалі іх грамадзянскія правы.

Каб дапамагчы няшчасным хобітам, іх час ад часу запрашалі ў Эўропу на які-небудзь сэмінар — растлумачыць, як перамагчы оркаў на выбарах і ператварыць Мордар у дэмакратыю хоббітаў, альбо на літаратурны фэстываль — паслухаць. як гучыць іхняя дзіўная архаічная мова, альбо, як цяпер, на скульптурны пленэр, каб пераканацца, што яны ўвогуле яшчэ існуюць і нават здольныя вырабляць творы мастацтва» (с. 10).

Праблема героя і аўтара рамана заключаецца ў тым, што іхні вобраз Беларусі мала чым адрозніваецца ад стэрэатыпных уяўленняў еўрапейцаў, створаны ён не насуперак, а як бы насустрач іхнім фобіям, жалям, спачуванням.

(…)

Артур Клінаў ў другой, «беларускай» частцы рамана малюе карціну бязрадасную і проста апакаліпсічную, ад якой упору звар’яцець не толькі герою, але і чытачу «Шалома». У Брэсце аўтар адпраўляе свайго героя ў брудную прывакзальную закусачную, дзе той выслухоўвае споведзь алкагалічкі Кацярыны, і даведваецца пра існаванне таннага пойла пад высакароднай назвай «Скарб Радзівілаў». Брэсцкая Кацярына — ці то рэальная асобы, ці то персанаж рамана Дастаеўскага — не ідзе, вядома, ні ў якае параўнанне з Інгрыд, істотай з гановерскага вакзала (таксама як «Скарб Радзівілаў» не ідзе ні ў якае параўнанне з «Егермайстарам»).

Архітэктурнаму вобліку Мінска аўтар прысвячае некалькі паэтычных абзацаў у стылі «Малой падарожнай кніжцы па Гораду Сонца», але асноўны змест «мінскага» раздзела складае падрабязнае апісанне візіта Андрэ ў віна-водачную краму і ўцёкаў героя ад нейкіх таямнічых тыпаў (хутчэй за ўсё, супрацоўнікаў КДБ). Якраз у дзень візіту героя ў сталіцы адбываецца несанкцыянаваны мітынг гандляроў на Кастрычніцкай плошчы, па вуліцах ездзяць калоны аўтобусаў з амапаўцамі і грузавікоў з жаўнерамі, у дварах чакаюць на арыштаваных дэманстрантаў вялізныя чорныя аўтазакі. Дыктацюр!

Вярнуўшыся ў родны Магілёў, Андрэ трапляе ў зону для мутантаў-выраджэнцаў, у недарэчныя районы панурых дамоў без усякага намёку на архітэктуру, з цёмнымі смярдзючымі пад’ездамі, з дабітымі ліфтамі, спісанымі непрыстойнымі словамі. Трэба аддаць належнае герою, ён усёроўна любіць свой родны горад, але не за рэшткі захаванага хараства (цудоўны від на Дняпро, напрыклад), а якраз за ягоную брыдоту: «Ва ўбостве няўдалага твору ён бачыў праўдзівы бок жыцьця. У ім было больш глыбіні, і шчырасьці, і дасканаласьці, чым у гарадах прыгожых, пышных, пампэзных. Бо ў гэтым, здавалася яму, і ляжала задума Бога, які сьвядома стварыў гэты сьвет няўдалым выродцам» (с. 243).

Можна бачыць у дысгарманічнасці вобліку роднага горада праяўленне волі Усявышняга, але калі шукаць вінаватых на зямлі, для героя няма сумнення, што да заняпаду Магілёва прычынілася Расія: «Калісьці — гадоў трыста таму — ён меў шарм эрапейскага гораду: мноства барочных касцёлаў, вежы замка, ратуша, вузкія вулачкі з дамамі пад высокімі чарапічнымі дахамі. Але потым прыйшлі сьвятаполкі, і горад захрос у шэрай правінцыйнай нудзе. Касьцёлы зьнесьлі, замак зруйнавалі, ратушу ўзарвалі, дамы перабудавалі, сьпічастыя дахі замянілі на плоскія, чарапіцу — на бляху, — адным словам, з квітнеючага горад стаў звычайным пазаштатным лузэрам, што згубіўся дзесьці на задворках Расейскай Імпэрыі» (с. 241).

(…)

У выніку герой «Шалома» насамрэч апынаецца у трагічнай сітуацыі: паміж, на лініі, а канкрэтна: пад мастом, які звязвае левы і правы берагі Дняпра, злучае Усход і Захад. Андрэ збіраецца ўзарваць гэты мост.

Узнікае пытанне: чаму? Толькі ў знак пратэсту? Ці, можа, гэта свядомы геапалітычны выбар героя?

Сяргей Кавалёў, Люблін

Цалкам артыкул пад назвай «Асваенне еўрапейскай прасторы ў рамане Артура Клінава «Шалом» (2011)» надрукаваны ў часопісе «Porównania» (Poznań, 2013) і кнізе Сяргея Кавалёва  «Пачвара ў рэліктавым лесе» (Менск, 2013).

У 2013 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Ad Marginem» выйшла расейскамоўная версія рамана «Шалом».

Фатаграфіі ©  Артур Клінаў.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology